Вы тут

Меркаванне экспертаў: неасэнсаванае чытанне вядзе да эмацыянальнай неінтэлектуальнасці


Ці можна навучыць дзяцей творчасці на школьных уроках, калі даваць ім стандартныя заданні? Якія тэндэнцыі павінны ўлічваць педагогі, што выкладаюць у школе беларускую мову і літаратуру? Ці можна захапіць сучасных дзяцей чытаннем? Што такое чытацкая адукаванасць? Да чаго рыхтавацца адзінаццацікласнікам, якім давядзецца ўпершыню здаваць беларускую мову на цэнтралізаваным экзамене? Гэтыя і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў круглага стала, арганізаванага Нацыянальным інстытутам адукацыі ў рамках Тыдня роднай мовы. Далучыцца да дыскусіі маглі настаўнікі, выкладчыкі, студэнты, аспіранты і навукоўцы.


Новы фармат выпускнога экзамену

Як заўважыла намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце, доктар педагагічных навук, дацэнт Вольга ЗЕЛЯНКО, новы навучальны год распачаўся з добрых навін: у 10-х і 11-х класах павялічылася колькасць гадзін на вывучэнне прадметаў «Беларуская мова» і «Руская мова»: на базавым узроўні адведзена 53 гадзіны ў год замест 35. З улікам запланаванага на 2023 год цэнтралізаванага экзамену па адной з дзяржаўных моў у выпускнікоў будзе больш магчымасцяў падрыхтавацца да экзаменацыйнага выпрабавання на школьных уроках.

Але відавочна, што новы фармат уступнай кампаніі ўсіх трывожыць. Пытанні, як менавіта будуць праходзіць выпускныя экзамены за курс школы і ўступныя іспыты ў ВНУ, разглядаюцца сёння на найвышэйшым узроўні.

— На працягу другой паловы верасня амаль штодня праходзілі абмеркаванні з рэгіёнамі, высвятлялася пазіцыя педагагічнай грамадскасці адносна фармату экзаменацыйнай кампаніі. Абмяркоўвалася некалькі мадэляў, — паведаміла Вольга Зелянко. — Першая мадэль мае на ўвазе здачу двух цэнтралізаваных экзаменаў пасля заканчэння 11 класа, якія з’яўляюцца адначасова і выпускнымі экзаменамі, і ўступнымі іспытамі ў ВНУ: адзін з іх — па дзяржаўнай мове на выбар, другі — па матэматыцы. Балы, атрыманыя на цэнтралізаваным экзамене, будуць пераводзіцца па дзесяцібальнай шкале ў адзнаку, якая пойдзе ў атэстат. Далей вучань, які плануе працягнуць навучанне ў ВНУ, зможа здаць яшчэ некалькі прадметаў на ЦТ.

Другая мадэль — адзінаццацікласнікі здаюць два цэнтралізаваныя экзамены: першы па адной з дзяржаўных моў на выбар, а другі — неабавязкова матэматыка, гэта будзе адзін з профільных прадметаў для абранай спецыяльнасці. Дапусцім, калі выпускнік паступае ў медуніверсітэт, то ён можа здаваць на цэнтралізаваным экзамене біялогію ці хімію і прад’явіць у прыёмную камісію атрыманы на цэнтралізаваным экзамене сертыфікат. А другі профільны прадмет ён ужо будзе здаваць непасрэдна ў ВНУ экзаменацыйнай камісіі. Фармат экзамену будзе вызначацца самім універсітэтам. У другой мадэлі прадугледжваецца афармленне характарыстыкі на вучня, якая раскрывае выпускніка як асобу. Характарыстыку будзе зацвярджаць педагагічны савет установы адукацыі.

Абмяркоўвалася таксама і трэцяя мадэль. Выпускнік здае тры цэнтралізаваныя экзамены. Адзін — па дзяржаўнай мове і два — па выбары вучня. Напрыклад, гэта могуць быць беларуская ці руская мова, хімія і біялогія пры паступленні на медыцынскія спецыяльнасці.

Сёння ў Міністэрстве адукацыі аналізуюць інфармацыю, атрыманую з розных дыялогавых пляцовак, вывучаюць меркаванні настаўнікаў, кіраўнікоў школ, спецыялістаў ВНУ. З упэўненасцю можна сцвярджаць адно: цэнтралізаванаму экзамену па беларускай (рускай) мове ў фармаце тэставай работы быць! Тэст будзе ўтрымліваць частку А і частку В. Колькасць заданняў адкрытага тыпу, дзе навучэнец павінен даць кароткі адказ, а не выбраць з прапанаваных яму варыянтаў, будзе павялічвацца. Але часткі С, якая ёсць у Адзіным дзяржаўным экзамене ў Расіі, дзе трэба даць разгорнуты адказ, напісаць эсэ, сфармуляваць сваю думку, у нашых тэстах пакуль не будзе. Прынамсі ў 2023 годзе часткі С дакладна не будзе на цэнтралізаваным экзамене.

Тэксты — усюды

Наколькі хутка школа рэагуе на зменлівы свет? Ці запатрабаваныя веды, што даюцца на ўроках, у рэальным жыцці? Як расстаўляць прыярытэты ў адукацыі? Адказы на гэтыя пытанні шукаюць ва ўсіх краінах свету.

Здавалася б, банальнае пытанне — чаму павінны навучаць у школе? Самы відавочны адказ — канешне, ведам. Вучань павінен засвоіць пэўны набор правілаў мовы, гістарычных фактаў, фізічных законаў, матэматычных формул і гэтак далей — нібыта ўсё лагічна. Але, насамрэч, гэта ўчарашні дзень: сёння нашмат важнейшае ўменне вырашаць рэальныя жыццёвыя задачы і самастойна працаваць з інфармацыяй, выкарыстоўваць яе, напрыклад, каб сфармуляваць свой пункт погляду ў спрэчцы, зразумець газетны артыкул, раскрыць рэкламныя маніпуляцыі і г. д.

— Мы не можам навучыць дзяцей быць творчымі, даючы ім стандартныя практыкаванні. Не можам навучыць супрацоўнічаць і працаваць у камандзе, калі на працягу ўсёй вучобы яны выступаюць як адзіночкі, якія спаборнічаюць адзін з адным, — разважае галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна ВАЛОЧКА. — Мы не можам сфарміраваць у сваіх выхаванцаў здольнасць бесперапынна вучыцца, калі з першых дзён вучобы пазбаўляем іх самастойнасці ў выбары траекторыі развіцця і калі сварымся і караем іх за памылкі. Не можам навучыць суперажыванню і не сфарміруем эмацыянальны інтэлект, калі эмацыянальная сфера выключана з адукацыі...

Сёння функцыянальна пісьменны вучань з’яўляецца індыкатарам якасці адукацыі. Усе пагаджаюцца, што адных толькі акадэмічных ведаў у жыцці недастаткова, таму акцэнт ссоўваецца на ўменне выкарыстоўваць атрыманыя веды для вырашэння рознага тыпу задач у канкрэтных жыццёвых сітуацыях, на развіццё творчага пачатку, крытычнага аналізу.

Функцыянальная адукаванасць, у сваю чаргу, аб’ядноўвае чытацкую, матэматычную, прыродазнаўчанавуковую, фінансавую і інфармацыйна-камунікацыйную. Але чытацкая адукаванасць з’яўляецца базавай для ўсіх астатніх, пад ёй маецца на ўвазе здольнасць чалавека разумець і выкарыстоўваць пісьмовыя тэксты, разважаць пра іх і займацца чытаннем для таго, каб дасягаць сваіх мэт, пашыраць свае веды і магчымасці ўдзелу ў сацыяльным жыцці.

Тэксты суправаджаюць нас усюды. Электроннае пісьмо, рэклама, інфармацыя на маркіроўцы прадукту, памятка для спажыўца, інструкцыя, схемы, графікі, дыяграмы — гэта ўсё таксама тэкст... Таму важна ўмець працаваць з любым тэкстам, адсартоўваць галоўную і другасную інфармацыю, разумець, якіх мэт спрабуе дасягнуць аўтар. Напрыклад, падчас міжнародных даследаванняў чытацкай адукаванасці могуць прапаноўвацца тэксты, якія ўтрымліваюць два розныя пункты гледжання, але аб’яднаны ў адно цэлае. Задача ўдзельнікаў — убачыць гэтыя супрацьлеглыя меркаванні.

Як заўважыла Ганна Валочка, адна з задач моўнай адукацыі — навучыць карыстацца мовай у розных сітуацыях, але камунікатыўная кампетэнцыя з’яўляецца метапрадметнай. Дарэчы, метапрадметныя вынікі былі ўключаны ў новыя Нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, уведзеныя ў педагагічную практыку ў 2022/2023 навучальным годзе. Абноўленыя нормы прадугледжваюць ацэнку не толькі прадметных адукацыйных вынікаў (ведаў, уменняў, навыкаў, спосабаў дзейнасці), але і метапрадметных (напрыклад, умення крытычна ацэньваць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц, узважана яе інтэрпрэтаваць і выкарыстоўваць; умення інтэграваць веды з розных прадметных абласцей для вырашэння практычных задач). Будзе ацэньвацца самастойнае знаходжанне вучнем інфармацыі, прад’яўленай у вывучаным матэрыяле ў няяўным выглядзе (атрыманне дадатковай інфармацыі з табліцы, схемы, малюнка...)

Ганна Валочка рэкамендавала педагогам звярнуць увагу на серыю дапаможнікаў «Кампетэнтнасны падыход», падрыхтаваную у Нацыянальным інстытуце адукацыі. Іх змест адлюстроўвае вядучыя сусветныя тэндэнцыі ў адукацыі, улічвае патрабаванні абноўленых навучальных праграм. Заданні арыентаваны на прадукцыйную творчую работу, у ходзе якой фарміруюцца не толькі прадметныя, але таксама метапрадметныя і асобасныя кампетэнцыі.

Эмацыянальная неінтэлектуальнасць

— Чытаць мы ўсе умеем, але ці ўсе разумеем, што чытаем? Дарэчы, а ці ведаеце вы, жыхары якіх краін выдаткоўваюць на чытанне найбольш часу? — звярнуўся да ўдзельнікаў круглага стала начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вячаслаў КАРАТКЕВІЧ. — Паводле міжнароднага даследавання, узначальвае гэты спіс Індыя: яе жыхары выдаткоўваюць на чытанне 10 гадзін 42 хвіліны ў тыдзень. Далей ідуць Таіланд (9 гадзін 24 хвіліны), Кітай ( 8 гадзін), Філіпіны (7 гадзін 36 хвілін), Егіпет (7 гадзін 30 хвілін), Чэхія (7 гадзін 24 хвіліны). Найбліжэйшыя нашы суседзі, якія прымалі ўдзел у даследаванні, — Расія (7 гадзін 6 хвілін) і Польшча (6 гадзін 30 хвілін). А ўнізе размясціліся такія высокаразвітыя краіны, як Тайвань (5 гадзін), Японія (4 гадзіны 6 хвілін) і Паўднёвая Карэя (3 гадзіны 6 хвілін).

Даследчыкі канстатуюць, што ў прынцыпе чытанне сёння адыходзіць на другі план і прайграе іншым спосабам баўлення часу. Увагу захапілі тэлебачанне і інтэрнэт. Ёсць і такое меркаванне, што чытанне больш актуальнае для краін з менш развітой эканомікай. Але ёсць і іншая думка: тыя ж японскія даследчыкі кажуць, што чытанне кніг вядзе да развіцця галаўнога мозгу і дапамагае чалавеку адаптавацца ў свеце.

Вячаслаў Караткевіч расказаў, што ў 2021–2022 навучальным годзе ў Беларусі праводзілася даследаванне эмацыянальных навыкаў.

— Атрыманыя вынікі асабіста мяне засмучаюць, — канстатаваў ён. — Толькі 48 працэнтаў вучняў 9-х і 11-х класаў добра разумеюць і кіруюць сваімі эмоцыямі і толькі 12 працэнтаў разумеюць і кіруюць эмоцыямі іншых людзей. Але мы — не ўнікальныя, аналагічныя тэндэнцыі назіраюцца і ў іншых краінах. Сур’ёзныя міжнародныя даследаванні сведчаць, што непапулярнасць чытання як баўлення часу і чытанне толькі дзеля чытання — так званае неасэнсаванае чытанне — вядуць да эмацыянальнай неінтэлектуальнасці, да таго, што чалавек збядняе свой унутраны свет. І вось мы падыходзім да такой цікавай рэчы, як асэнсаванае чытанне: гэта такі від чытання, які накіраваны на разуменне тым, хто чытае, сэнсавага зместу тэксту. На жаль, нашы даследаванні сведчаць, што часта вучні не ўмеюць вылучаць інфармацыю, якая прадстаўлена ў тэксце ў няяўным выглядзе. 

А вось што паказала міжнароднае даследаванне чытацкай адукаванасці 15-гадовых беларускіх падлеткаў: са знаходжаннем інфармацыі спраўляюцца з іх амаль 65 працэнтаў, з разуменнем сэнсу — ужо толькі 62 працэнты, а ацэньваць і асэнсоўваць прачытанае могуць толькі 53 працэнты. Такім чынам, толькі палова навучэнцаў здольныя да ацэнкі і асэнсавання тэксту. Узнікае заканамернае пытанне: што з гэтым рабіць?

Вячаслаў Караткевіч звяртае ўвагу, што кнігі, якія прапануюцца школьнікам для чытання, павінны быць абсалютна розныя: у катэгорыю «сур’ёзнае чытанне» можа трапіць толькі 40 працэнтаў кніг, яшчэ 40 працэнтаў — гэта лёгкая, забаўляльная літаратура, каб дарослыя не адбілі цікавасці да чытання. І 20 працэнтаў — гэта паэтычныя творы, якія развіваюць эмацыянальныя навыкі, бо паэзія скіравана на фарміраванне эмацыянальнага інтэлекту.

Для таго, каб далучыць дзяцей да чытання, вельмі важнае значэнне мае прыклад бацькоў і сумеснае чытанне. Нават проста наяўнасць у сям’і бібліятэкі ўжо ўзнімае рэйтынг вучня. У даследаванні РІSА гэты фактар напрамую звязаны з паспяховасцю вучня абсалютна па ўсіх відах адукаванасці: матэматычнай, прыродазнаўчанавуковай і чытацкай.

— Важна, каб кніга была блізкая дзіцяці, яно павінна знаходзіць у кнізе адказы, якія яму патрэбныя тут і цяпер, — падкрэслівае Вячаслаў Караткевіч. — Напрыклад, калі ў вучня ёсць праблемы з аднагодкамі, важна прапанаваць яму кнігу, у якой падказваюцца мадэлі паводзін. Не заўсёды вучань можа напрамую параіцца з дарослымі, затое ён зможа ўбачыць адказы на свае пытанні ў мастацкім творы. Гэта будзе эфектыўны спосаб вырашэння яго ўласных унутраных праблем.

Калі мы кажам пра падлеткаў, то іх часта цікавяць прыгоды, фантастыка і жахі. Мяне часта крытыкуюць за тое, што я прапаную для чытання коміксы і жахі. Але колькі б мы ні разважалі, што гэта трэцясортная літаратура, яна не перастане іх цікавіць. Затое ў нашых сілах накіраваць гэты працэс у патрэбнае нам рэчышча. Можна практыкаваць пераказ да самага напружанага моманту. Паверце, я правяраў гэты спосаб зацікавіць у далейшым прачытанні твору на самых розных аўдыторыях — ад дашкольнікаў да дарослых людзей . Ён вельмі эфектыўны...

Не менш эфектыўны спосаб — стварэнне або прагляд буктрэйлера. У шостым класе ў праграму для дадатковага чытання ўключана кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» — гэта кніга-падарожжа, гульня, квэст. Чытачам належыць самім выбраць, адкуль пачаць падарожжа і куды перамяшчацца. На ўсім шляху неабходна збіраць артэфакты, каб атрымаць узнагароду, якая чакае ў фінале. Адметнасць кнігі-квэсту ў тым, што чытач становіцца адным з галоўных герояў і ў пошуках Вялікай Каштоўнасці праходзіць прыгодніцкім шляхам праз самыя незвычайныя і загадкавыя мясціны. На вокладцы гэтай кнігі змяшчаецца QR-код, які адсылае маленькага чытача да відэароліка, а той, у сваю чаргу, заклікае ў казку... Такое спалучэнне сучасных тэхналогій з традыцыйным чытаннем дапамагае не прайсці міма беларускамоўнай кніжкі.

Яшчэ адзін спосаб далучэння да асэнсаванага чытання — праектная дзейнасць і праекты, звязаныя з літаратурай.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».