Вы тут

Разумная ўпакоўка, кручэнне Венеры і парады для моцнага сну


Простыя спосабы атрымаць лягчэйшыя варыянты сняданку

Дыетолаг Ліза Янг назвала пяць найлепшых страў з яек для тых, хто худзее. Яе словы прыводзіць Eat Thіs, Not That!


Па словах дыетолага, можна прыгатаваць фрытату — італьянскую страву з яек з сезоннай гароднінай. Яна рэкамендуе дадаваць у яе спаржу, цыбулю, чырвоны салодкі перац і шпінат. Гэтыя прадукты ўтрымліваюць клятчатку і пажыўныя рэчывы, якія спрыяюць пахудзенню, зараджаюць энергіяй і даюць пачуццё сытасці на працягу дня.

Янг асобна згадвае фрытату, прыгатаваную з чырвоным перцам і сырам. Каб зрабіць яе яшчэ больш карыснай, лепш не класці ў страву бекон і іншыя мясныя прадукты, сцвярджае яна. Гэтая парада адносіцца і да іншых страў з яйкаў. «Чым больш гародніны, тым лепш. Чым менш апрацаванага мяса, тым лепш», — тлумачыць дыетолаг.

Яшчэ адна карысная страва з яек — гэта вегетарыянскі амлет з чорнай фасоллю. Па словах Янг, ён багаты бялком, які дазваляе доўгі час адчуваць сябе сытым. У сваю чаргу, фасоля багатая растваральнай клятчаткай, якая пераварваецца павольней і ў канчатковым выніку таксама спрыяе насычэнню. Каб прыгатаваць яго, Янг рэкамендуе загарнуць у амлет начынне з перамяшаных у кухонным камбайне чорнай фасолі, соку лайма, кмену і некалькіх порцый вострай падліўкі.

Чацвёртая страва, на якую варта звярнуць увагу, — гэта, на думку дыетолага, яйкі з грыбамі і шпінатам. Яна сцвярджае, што яе можна прыгатаваць усяго за дзесяць хвілін, пры гэтым кубак гатовага шпінату змяшчае чатыры грамы клятчаткі, а вітамін D у грыбах карысны для кантролю вагі. «Шпінат і грыбы вельмі багатыя на пажыўныя рэчывы і нізкакаларыйныя», — тлумачыць Янг.

Для лягчэйшага варыянта сняданку дыетолаг раіць узбіць некалькі яечных бялкоў, змяшаць са шпінатам, памідорамі, соллю і цыбуляй. За восем хвілін, паводле слоў Янг, атрымаецца сытная ежа.


Аб свежасці малака — па індыкатары на ўпакоўцы

Новая распрацоўка расійскіх вучоных дасць магчымасць вызначаць свежасць гэтага і іншых прадуктаў харчавання па колеры індыкатара на ўпакоўцы. Пра гэта распавёў эксперт працоўнай групы Нацыянальнай тэхналагічнай ініцыятывы (НТІ) FoodNet Міхаіл Чарны.

«Гаворка ідзе пра шматслойныя адчувальныя плёнкі, якія можна інтэграваць у любую ўпакоўку — у пластыкавую, тэтрапак, у коркі шкляной тары. Пакупнік зможа па колеры індыкатара вызначыць, напрыклад, ці не скісла малако», — растлумачыў ён у гутарцы з ТАСС.

Чарны ўдакладніў, што тэсціраванне новай упакоўкі пачнецца ўжо сёлета. Таксама эксперт НТІ паведаміў аб рабоце над тэхналогіямі, якія дазволілі б даведвацца, ці змянялася мінусавая тэмпература замарожаных прадуктаў на працягу ўсяго перыяду захоўвання, ці падвяргаўся прадукт паўторнай замарозцы.

Мяркуецца, што ўзоры падобнай «разумнай» упакоўкі будуць укараняць у 2024 годзе.


Агучана прычына павольнай хуткасці кручэння Венера

Гэта зрабілі амерыканскія навукоўцы з Каліфарнійскага ўніверсітэта. Высновы апісаны ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Nature Astronomy.

На думку супрацоўнікаў універсітэта, гравітацыя такога вялікага аб'екта ў космасе, як планета, здольная прадухіляць кручэнне меншага аб'екта, гэта з'ява называецца гравітацыйная блакіроўка. Таму, лічаць спецыялісты, варта звярнуць асаблівую ўвагу на атмасферу Венеры.

Усяго Венеры для поўнага абароту неабходна 243 дні, гэта самая павольная планета Сонечнай сістэмы. Вельмі хуткія вятры істотна запавольваюць кручэнне планеты, а таксама аслабляюць гравітацыйнае прыцягненне Сонца. Такое павольнае кручэнне абумоўлівае клімат Венеры, сярэдняя тэмпература якой дасягае каля 462 градусаў Цэльсія.

Больш стараннае вывучэнне гравітацыйнай блакіроўкі Венеры мае важнае значэнне ў далейшых даследаваннях экзапланет, на якія нацэлены будучыя місіі НАСА.


Вучоныя даказалі здольнасць сабак плакаць ад шчасця

У сабак павялічваецца выпрацоўка слёз пры станоўчых эмоцыях, напрыклад, калі яны сустракаюць гаспадара пасля доўгага расстання. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні ветэрынараў з Універсітэта Азабу ў Японіі.

Упершыню навукоўцы заўважылі слёзы на вачах сабакі падчас кармлення шчанюкоў. Яны выказалі здагадку, што гэта звязана з гармонам аксітацынам і праявай станоўчых эмоцый.

Ветэрынары правялі эксперымент, паназіраўшы за сустрэчай сабакі з гаспадаром. У ходзе даследавання яны высветлілі, што аб'ём слёзнай вадкасці жывёлы павялічваецца, калі яна сустракае знаёмага чалавека. Пры сустрэчы з незнаёмцам аб'ём слёз застаецца нязменным. Затым навукоўцы самастойна павысілі ўзровень аксітацыну ў сабак, што таксама прывяло да з'яўлення слёз.

Ветэрынары правялі трэці эксперымент, падчас якога прасілі людзей ацаніць фатаграфіі сабак са слязамі на вачах і без іх. Аказалася, што фота са слязамі выклікаюць больш эмоцый. На аснове гэтых вынікаў навукоўцы зрабілі выснову, што слёзы дапамагаюць сабакам устанавіць больш цесную сувязь з людзьмі.


На Галапагоскіх астравах выяўлены новы від чарапах

Навукоўцы знайшлі на самым старым востраве архіпелага Сан-Крыстобаль новы від гіганцкіх чарапах. Аб гэтым паведаміла іспанскае выданне El Paіs.

Сёння на востраве жывуць 8 тысяч асобін чарапах. Магчыма, яны з'яўляюцца прадстаўнікамі менавіта новага віду, а не Chelonoіdіs chathamensіs (падвід галапагоскай чарапахі), як лічылася раней.

Як адзначае El Paіs, навукоўцы ўпершыню наблізіліся да новага біялагічнага адкрыцця ў 2019 годзе. Тады эксперты правялі перапіс асобін чарапах у Сан-Крыстобалі. Яны ўзялі ўзоры тканак і крыві жывёл і правялі генетычныя тэсты. Вынікі не адпавядалі зыходным даным, якія былі атрыманы ў 1906 годзе Каліфарнійскай акадэміяй навук аб відах чарапах на востраве, вывучаных па шкілетах у пячорах.

«З дапамогай гэтых аналізаў была зроблена выснова, што від, які знаходзіцца ў Сан-Крыстобалі, яшчэ не ідэнтыфікаваны ці яшчэ не быў змешчаны ў таксон (група ў класіфікацыі)», — сказаў адзін з даследчыкаў Дэні Руэда.

Паводле яго слоў, чарапахі прыбярэжнай зоны Сан-Крыстобаль мелі іншы панцыр, чым чарапахі ў вільготнай зоне, астанкі якіх былі прааналізаваны экспертамі ў мінулым стагоддзі.

Галапагоскія астравы з 1978 года лічацца прыроднай спадчынай чалавецтва. Архіпелаг мае па меншай меры пяць дзеючых вулканаў на 138 тысяч квадратных кіламетраў марскога запаведніка і амаль 8 тысяч квадратных кіламетраў наземнага парку.


Навукоўцы далі парады для доўгага і моцнага сну

Занятак прагрэсіўнай мышачнай рэлаксацыяй дапаможа чалавеку палепшыць сон і павялічыць яго карысць. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы Каліфарнійскага і Прынстанскага ўніверсітэтаў па выніках даследавання.

У эксперыменце прынялі ўдзел 50 чалавек. Ім прапанавалі дзённы сон. Перад ім палова з іх слухала дзесяціхвілінны запіс для занятку прагрэсіўнай мышачнай рэлаксацыяй, пры гэтым напружваючы і паслабляючы вялікія групы мышцаў. Іншая дзесяць хвілін слухала музыку Вольфганга Амадэя Моцарта.

«Тыя, хто займаўся прагрэсіўнай мышачнай рэлаксацыяй, у сне паказалі больш высокую рытмічную актыўнасць правага паўшар'я мозгу, што назіраецца ў добра адпачыўшых людзей. Па сутнасці, прагрэсіўная рэлаксацыя перад сном падтрымала некаторыя аднаўленчыя запатрабаванні, пра якія звычайна клапоціцца сон. Заняткі прагрэсіўнай мышачнай рэлаксацыяй могуць зрабіць яго больш глыбокім», — прыводзіць выданне слова вядучага доктара даследавання Кэтрын Сайман.

Яна патлумачыла, што дзякуючы дзеянню дадзенай тэхнікі падчас сну лепш аднаўляюцца іншыя функцыі, такія як памяць ці эмацыйнае здароўе. Сайман падкрэсліла, што відэа і аўдыя, у якіх тлумачыцца, як правільна выкарыстоўваць прагрэсіўную рэлаксацыю, можна знайсці ў інтэрнэце.

Прагрэсіўная мышачная рэлаксацыя заснавана на фізіялагічным факце: пасля перыяду моцнага напружання любая мышца аўтаматычна глыбока расслабляецца. Такім чынам, каб дамагчыся глыбокай рэлаксацыі ўсіх шкілетных мышцаў, іх трэба адначасова ці паслядоўна моцна напружваць.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.