Вы тут

Анжаліка Тузава: Адразу сказала дзецям: «Я — ваша мама»


«Я па вас сумую. Такой, як вы, больш няма...» — напісала ёй былая выхаванка, якая жыве цяпер у Італіі.

Дырэктар ДУА «Дзіцячы дом № 7 „Сем Я“ г. Мінска» Анжаліка Тузава ведае, што такое быць мамай для пяцідзесяці аднаго дзіцяці — столькі сёння ва ўстанове выхаванцаў. Далікатнай, гатовай падтрымаць, і патрабавальнай, калі неабходна. Якая клапоціцца, каб дом быў па-сапраўднаму ўтульным, светлым і прыгожым, а ля ганка раслі ружы.


— Для дзяцей стараемся і для тых, хто тут працуе, — кажа Анжаліка Тузава, паказваючы прасторныя пакоі з новай мэбляй, сучаснай бытавой тэхнікай. — Гэта месца павінна быць максімальна камфортным для ўсіх. Бо калі ты з вялікім жаданнем ідзеш на працу, у цябе з’яўляюцца ўсё новыя і новыя ідэі, як палепшыць жыццё нашых хлопчыкаў і дзяўчатак.

«Да самастойнага жыцця рыхтуем ужо цяпер»

— Пабывала ва ўтульных кватэрах, дзе жывуць выхаванцы. Такі тып уладкавання задумваўся ад пачатку?

— У свой час наш дзіцячы дом стаў эксперыментальным у плане сацыяльна-бытавога ўладкавання дзяцей. За кожнай кватэрай рашэннем адміністрацыі раёна было замацавана прадпрыемства, якое дапамагло абсталяваць жыллё ўсім неабходным. Цяпер такіх кватэр пяць, у кожнай — пярэдні пакой, гасцёўня з мяккай мэбляй і тэлеапаратурай. У кватэры пяць жылых пакояў, у кожным — па двое дзяцей. Усе маюць асабістую біялагічную прастору: спальнае і працоўнае месца, шафы. Ёсць сучасная кухня-сталовая з прыгожай мэбляй, халадзільнікам, электраплітой, там дзеці самі могуць сабе што-небудзь прыгатаваць.

— А такая неабходнасць ёсць?

— Не, у нашых дзяцей у сталовай пяціразовае харчаванне. Але мы ўжо цяпер рыхтуем іх да будучага самастойнага жыцця. Па выхадных — урокі дамаводства. Рабятам выдаюцца грошы, каб яны маглі купіць прадукты і з дапамогай выхавацеля нешта зварыць або спячы. Вучым карыстацца пральнай машынай і мыць бялізну ўручную. Ёсць швейная майстэрня. У бібліятэцы багаты выбар кніг. У кожнай кватэры — планшэт. Ёсць камп’ютарны клас. Планіроўка кватэр, унутранае аздабленне максімальна набліжаюць умовы да хатніх, дапамагаюць прывіць навыкі дамаводства, самаабслугоўвання.

— Вашым выхаванцам не будзе складана ў перыяд постінтэрнатнай адаптацыі…

— Калі дзеці сыходзяць ад нас, яшчэ два гады іх суправаджаем, яны могуць нават пражываць тут пры наяўнасці месцаў. Цяпер у нас жыве выпускніца Насця. Дзяўчына глуханямая, мы ўзялі яе на працу памочнікам выхавальніка, але ёй трэба працаўладкаванне на профільным прадпрыемстве, спецыяльнасць з навучаннем на вытворчасці. Зараз я займаюся яе далейшым лёсам. Дарэчы, выпускнікі сыходзяць ад нас не з пустымі рукамі. З дапамогай нашых сяброў збіраем ім самае неабходнае на першы час: кухонную пасуду, прадукты, пасцельную бялізну, падушкі, коўдры.

— Вучоба, падрыхтоўка да дарослага жыцця... А як жа адпачынак, падарожжы, творчасць?

— Нашы дзеці маюць вялікія магчымасці для гэтага. Мы стараемся, каб у іх было паўнацэннае шчаслівае дзяцінства. У нас працуюць харэаграфічная студыя «Грацыя», гурток мастацкай творчасці. Ёсць трэнажорная зала, спартыўныя секцыі. Дзеці ахвотна ўдзельнічаюць у гарадскіх фестывалях-конкурсах, у адным з іх — «Вясёлкавы карагод» — занялі 1 і 2 месцы. Возім выхаванцаў на экскурсіі, каб яны лепш ведалі нашу прыгожую краіну. Вось учора рабятам, якія бралі ўдзел у гарадскім спартыўным свяце, была падорана экскурсія па Мінску.

«У сем’і забіраюць нават складаных дзяцей»

— Колькі дзяцей усыноўлена сёлета?

— Тры дзіцяці. На працягу ўжо некаторага часу мы прымаем у нашу ўстанову дзяцей ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў, якія прызнаныя маючымі патрэбу ў дзяржабароне. І, вядома, такіх дзяцей нашмат прасцей уладкаваць у сям’ю: усынавіцелі часта хочуць маленькіх. У сваю чаргу, у такога дзіцяці больш шанцаў забыць мінулы негатыўны вопыт, у той час як старэйшыя дзеці прыходзяць да нас з псіхатраўмай, ім складаней адаптавацца ў новай сям’і.

Мы вельмі рады, калі дзяцей усынаўляюць. Прычым забіраюць у сем’і нават складаных дзяцей! Я спадзяюся, што Еве, асаблівай дзяўчынцы, якая жыве ў нас, таксама знойдзецца сям’я. Вось нядаўна забралі даволі праблемнае дзіця. Мы заўсёды распавядаем патэнцыйным усынавіцелям аб здароўі, псіхатыпе іх будучага сына ці дачкі, каб потым не было нечаканасцяў. У нас ёсць дзеці, якіх вярнулі пасля ўсынаўлення, для іх гэта вельмі цяжкі вопыт.

— Чаму вяртаюць усыноўленых дзяцей?

— Калі дзеці дасягаюць падлеткавага ўзросту, могуць пачацца канфліктныя сітуацыі ў сям’і. Хлопчыка, цяпер ужо выпускніка, вярнулі менавіта з гэтай прычыны. Хоць, на наш погляд, гэта самае звычайнае дзіця. Расце ў нас яшчэ адзін малы, якога вярнулі: у адзінокай мамы рэзка пагоршылася здароўе. Сітуацыі бываюць розныя. Важна ўсё ўзважыць перад тым, як рашыцца на ўсынаўленне, каб да першай траўмы, звязанай з біялагічнай сям’ёй, у дзіцяці не дадавалася другая.

А вось радасная лічба — 16 дзяцей вернута сёлета ў біялагічныя сем’і. Спадзяемся, што назаўжды. Што для бацькоў гэта быў урок. Цяпер яны будуць ведаць: дзяржава ўважліва сочыць за тым, каб дзецям у сям’і было добра.

«Гэта праца 24 на 7, калі ставіцца да яе з душой»

— Як здарылася, што Вы сталі дырэктарам дзіцячага дома?

— У мяне заўсёды было вялікае жаданне дапамагаць дзецям-сіротам. Я прыйшла сюды ў 2013 годзе і адразу адчула, што знайшла сябе. Калі мяне прадстаўлялі выхаванцам, сказала: «Дзеці, я — ваша мама. Мае дзверы заўсёды для вас адчыненыя. З любымі праблемамі — я чакаю вас».

— Штораніцы Вы прыходзіце на працу, і Вас сустракае пяцьдзясят пар дзіцячых вачэй — вясёлых, сумных, насцярожаных... Нешта змянілася ў Вас за амаль дзесяць гадоў?

— Першы час я была занадта мяккай, усіх дужа шкадавала. Потым зразумела, што гэта не зусім добра для маіх выхаванцаў, бо некаторыя дзеці з катэгорыі сірот бываюць, на жаль, настроены па-спажывецку. Такім дзецям трэба тлумачыць: дзяржава робіць для вас вельмі шмат, а ваша задача — вырасці добрым чалавекам, грамадзянінам. Магчыма, вы не ўсе зможаце скончыць універсітэты, але стаць добрым чалавекам — у сілах кожнага. Канешне, бываюць розныя сітуацыі, складаныя дзеці, бяссонныя ночы з-за іх... Дапамагае тое, што я вельмі люблю сваю працу. Сумую па ёй у адпачынку, у выхадныя тэлефаную калегам, каб спытаць, як справы. Гэта праца 24 на 7, калі ставіцца да яе з душой.

— Сувязь з былымі выпускнікамі падтрымліваеце?

— Ёсць дзеці, якія даўно пакінулі дзіцячы дом, але працягваюць мне пісаць, тэлефанаваць. Каля чатырох гадоў таму італьянская сям’я ўдачарыла дзяўчынку. Мы з ёй увесь час перапісваемся, яна распавядае свае навіны, высылае фатаграфіі. Напісала мне: «Я па вас сумую. Такой, як вы, больш няма...». Нядаўна тэлефанавала яшчэ адна выпускніца —— яна цяпер вучыцца ў медвучылішчы і хацела зайсці, пабачыцца. Прыйдзе — пагаворым, пап’ем чаю. Часам прыходзяць з жаданнем нешта зрабіць для дзяцей; адзін былы дзетдомавец зладзіў для іх канцэрт. Заўсёды знаходжу час на такія сустрэчы.

— А як праводзіце выхадныя?

— У мяне дарослы сын, у яго ўжо ёсць дачка, яна ходзіць у дзіцячы садок. Кожную нядзелю сын з сям’ёй прыязджае да мяне на абед. Па традыцыі, нядзеля — мамін дзень.

— Давайце памарым пра той дзень, калі Вы... застанецеся без працы: у дзіцячым доме не будзе ніводнага дзіцяці, усіх забяруць у сем’і. Такое магчыма?

— На жаль, наўрад ці. Ёсць дзеці, якім не ўдаецца знайсці сям’ю. Ім мы ствараем умовы для камфортнага жыцця тут. А бываюць дзеці, якія не жадаюць сыходзіць адсюль. У іх была глыбокая псіхалагічная траўма ў мінулым, тут яны адчулі сябе добра і не жадаюць нашу вялікую, дружную сям’ю мяняць на новую.

— Што ў такіх выпадках робіце?

— Слухаем дзіця. Прапануем даросламу аформіць патранат, пазнаёміцца лепей. Бывае, што так усё і застаецца на ўзроўні патранату, дзіцяці гэтага дастаткова. А бывае, з часам дзіця гатова прыняць новую сям’ю. Ва ўсякім разе, я вельмі хачу, каб як мага больш дзяцей знайшлі сем’і і былі там шчаслівыя!

Алена БРАВА

Фота аўтара

Дркууецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».