Вы тут

Як там з цэнамі на сяле? Карэспандэнты «Звязды» высветлілі ў крамах рэгіёнаў разам з КДК і парламентарыямі


6 кастрычніка адбылася нарада Прэзідэнта з эканамічным блокам на тэму інфляцыі. Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся ўвесці забарону на павышэнне цэн у Беларусі, а затым падпісаў Дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасці росту цэн». Дакумент прыняты ў мэтах неадкладнага і жорсткага рэагавання на сітуацыю, якая склалася на спажывецкім рынку. Для абароны інтарэсаў грамадзян і арганізацый Беларусі, недапушчэння далейшага росту цэн, устанаўлення эфектыўнай сістэмы цанавога кантролю і забяспечанасці ўнутранага спажывецкага рынку таварамі Дырэктывай уводзіцца забарона на павышэнне цэн і абавязацельствы па безумоўным насычэнні ўнутранага рынку таварамі і паслугамі.


Штодзённы кантроль ва ўсіх раёнах

Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласці і ўпраўленнем Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці ва ўзаемадзеянні з пракуратурай, мясцовымі органамі ўлады, галоўным упраўленнем МАРГ па Віцебскай вобласці, праваахоўнымі органамі і прафсаюзамі аператыўна арганізавана сістэмная работа па забеспячэнні кантролю за захаваннем патрабаванняў Дырэктывы.

Вітрыны пад наглядам пракурора Антона Васілевіча.

На базе Камітэта 6 кастрычніка была створана абласная рабочая група па кантролі за ростам цэн, у склад якой увайшлі работнікі абласнога Камітэта дзяржаўнага кантролю і Дэпартамента фінансавых расследаванняў, пракуратуры, галоўнага ўпраўлення МАРГ па вобласці, аблвыканкама, абласнога аб'яднання прафсаюзаў. Сумесна з супрацоўнікамі органаў фінансавых расследаванняў у вытворцаў, імпрарцёраў, арганізацый гандлю і паслуг забяспечана фіксацыя цэн на 5-6 кастрычніка.

З мэтай штодзённага кантролю за ростам цэн ва ўсіх раёнах паўночнага рэгіёна сфарміраваны мабільныя рабочыя групы з ліку работнікаў райвыканкамаў з удзелам органаў унутраных спраў і прафсаюзаў, грамадскіх інспектараў Камітэта дзяржкантролю.

Штодзённа ў вобласці работнікамі дзяржкантролю, фінансавай міліцыі, дзяржаўных і праваахоўных органаў забяспечваецца ахоп звыш 300 аб'ектаў гандлю, паслуг і аптэк. На сённяшні дзень у Полацкім і Талачынскім раёнах, Віцебску, Оршы і Наваполацку выяўлена звыш дзесяці фактаў завышэння рознічных цэн.

Так, у гандлёвым аб'екце ў Віцебску да 2,5 раза былі завышаны гранічныя гандлёвыя надбаўкі на чатыры найменні прадукцыі: цукар, аўсяную кашу, крупы грэцкія і каўбасу варана-вэнджаную. Напрыклад, надбаўка на паўкілаграмовы пачак аўсянкі «Эсктра» склала больш за 74 працэнты замест 30. У выніку прадукцыя пакупнікам рэалізоўвалася па 1,3 рубля замест 0,96. Па словах вядучага дзяржаўнага інспектара Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Святланы Каралёвай, дадзены аб'ект правяралі яшчэ ў верасні. Былі адабраны 17 пазіцый тавараў, з іх па дзесяці ўстаноўлена завышэнне рознічных цэн. Пры правядзенні паўторных кантрольных мерапрыемстваў было высветлена, што па чатырох пазіцыях цэны не былі прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства.

Суб'екту ў такім выпадку пагражае адказнасць, у тым ліку — крымінальная.

— У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы пытанні выканання заканадаўства аб цэнаўтварэнні ў пракуратуры Віцебскай вобласці пастаўлены на асаблівы кантроль, — падкрэсліў пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласці Антон Васілевіч. — На пастаяннай аснове робіцца аналіз дзейнасці кантралюючых органаў і іншых суб'ектаў па пытаннях сферы. Пры выяўленні парушэнняў, якія прывялі да неабгрунтаванага павелічэння кошту рэалізаванай прадукцыі, ім даецца прынцыповая ацэнка, прымяняюцца меры пракурорскага рэагавання, у некаторых выпадках — да распачынання крымінальнай справы.

Работнікамі фінансавай міліцыі ў гандлёвым аб'екце Наваполацка былі зафіксаваны факты рэалізацыі каўбасы сыравэнджанай па цане вышэйшай, чым была ў тым магазіне на 5 кастрычніка. Факту невыканання патрабаванняў Дырэктывы № 10 даецца крымінальна-прававая ацэнка.

У Камітэце дзяржаўнага кантролю вобласці, галоўным упраўленні МАРГ па Віцебскай вобласці, у райгарвыканкамах адкрыты «гарачыя лініі», на якія можа звярнуцца любы грамадзянін пры высвятленні прыкмет неабгрунтаванага павышэння цэн. З улікам наяўнасці ў Камітэце дзяржаўнага кантролю звестак аб цэнах на тавары ў гандлёвых сетках на 5 кастрычніка забяспечваецца аператыўная праверка прадстаўленай грамадзянамі інфармацыі.

Супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па Віцебскай вобласці пасля ўступлення ў сілу Дырэктывы Прэзідэнта № 10 праведзена звыш 30 маніторынгаў гандлёвых аб'ектаў. З пачатку 2022 года МАРГам сумесна з райгарвыканкамамі і Віцебскім аблвыканкамам выяўлена больш як сто фактаў парушэння гаспадарчымі суб'ектамі заканадаўства аб цэнах. Вінаватыя суб'екты былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, агульная сума штрафных санкцый склала больш за 80 тысяч рублёў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Віцебскія весткі»


А што ў вясковай краме? Высвятляла ў крамах Магілёўскага раёна карэспандэнт «Звязды» разам з парламентарыямі

Нашу каманду можна лічыць групай аператыўнага рэагавання. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання ад Магілёўскай вобласці Алег Дзячэнка адразу ж выказаў гатоўнасць паўдзельнічаць у маніторынгу і, у сваю чаргу, запрасіў свайго маладога калегу, настаўніка Міжысецкай сярэдняй школы, старшыню маладзёжнага парламента Магілёўскага раёна Андрэя Трэя.

«Родны кут» у аграгардку Мяжысеткі. Сенатар Алег Дзячэнка і прадстаўнік маладзёжнага парламента Андрэй Трэй цікавяцца асартыментам і фіксуюць цэны.

Гэты рэйд, як прызнаўся Андрэй, нешта накшталт майстар-класа, магчымасць атрымаць вопыт ад старэйшага калегі — тое, дзеля чаго, на яго погляд, і створаны Маладзёжны парламент. «Адна справа — чытаць даведкі, палажэнні і рэзалюцыі. І зусім іншае — на практыцы вучыцца», — адзначыў ён. Вырашана было аналізаваць цэны ў сельскіх крамах, а заадно паглядзець, як выконваюцца сацыяльныя стандарты на вёсцы.

— Згодна з Дырэктывай Прэзідэнта і пастановай Саўміна, на прадукты харчавання з 6 кастрычніка дзейнічае мараторый цэн, — інструктуе маладога калегу сенатар. — Паглядзім асартымент прадуктаў, зафіксуем цэны на сацыяльна значымыя тавары. Іх у пераліку 26. З гэтага будзем зыходзіць наступны раз: ёсць рост цэн або няма, зніклі з прылаўкаў гэтыя тавары або не. У вясковых крамах крышачку па-іншаму забяспечваюцца патрэбы насельніцтва. Але асартымент павінен быць не горшым за гарадскі.

Пачалі з аграгарадка Мяжысеткі, гандлёвага аб'екта раённай спажыўкааперацыі «Родны кут», што непадалёк ад ажыўленай трасы Магілёў—Бабруйск. Аграгарадок — негалосная сталіца міжнароднага птушынага холдынга «Сервалюкс». І хаця крама не ад холдынга, было чаканне, што разнастайнасць гэтага прадукту там будзе гарантаваная. І гэта было першае расчараванне: яек не знайшлося наогул. А палове дзясятай раніцы да крамы пад'ехала машына ад малочнага холдынга «Бабулін гладыш», прадаўцы адправіліся на разгрузку. Нас сустрэла загадчыца крамы Ала Паджарава. Паведаміла, што мы ўжо трэція кантралёры за апошнія тры дні. Перад намі цэны інспектавалі прадстаўнікі ад сельскага Савету і школы.

— Ці ёсць у вас рыба свежая? А ялавічына замарожаная? Няма? А сыры? — задае пытанні Алег Дзячэнка і робіць паметкі ў сваім спісе.

— Так, бачу каўбасны сыр, плаўлены, «Славянскі». І ўсё? Іншай наменклатуры няма? — удакладняе той, хто правярае.

— Ну, быў яшчэ «Пашахонскі», але прадалі, — спрабуе пашырыць бедны асартымент загадчыца.

Глядзім, як справы з дзіцячым харчаваннем: сухіх сумесяў няма, кансерваў абмежаваны выбар. Адчуваюцца ў краме перабоі з садавіной і гароднінай. На дне амаль пустых скрынь некалькі «сумных» буракоў, крыху паболей морквы, тры вялікія цыбуліны. «А чаму так?» — цікавіцца сенатар. «Сёння ўсё прывязуць, — запэўнівае супрацоўніца крамы. — У нас па чацвяргах і панядзелках завоз». — «А калі чалавек прыйдзе зараз, каб купіць?» — «Дык хутка машына прыедзе, — аргументуе загадчыца. — У нас жа вясковая крама. Ва ўсіх ёсць агароды. Чэргі за бульбай не ўтвараюцца».

Яна дэманструе кнігу заказаў, запэўнівае, што ўсе заяўкі ад насельніцтва выконваюцца, пакрыўджаных няма. «Вось на 25 верасня заказвала дзесяць кілаграмаў капусты,» — паказвае яна запіс.

— Выбару прадуктаў у вас няма, — падсумоўвае сенатар. — У вас жа крама на трасе. Любы заедзе і паглядзіць. Трэба пашыраць асартымент па свежай гародніне і садавіне. Трэба, каб і яблыкі былі, і грушы, і вінаград.

Андрэй Трэй цалкам згодны. Ён малады спецыяліст, атрымаў у аграгарадку арэндную кватэру, агарода ў яго няма. Жыве, як кажуць, з крамы.

— На ўсе Мяжысеткі дзве крамы ад райспажыўкааперацыі, плюс «Пяцёрачка» і маленькая мясная лаўка, — малюе агульную карціну па населеным пункце старшыня Маладзёжнага парламента. — У аграгарадку жыве прыкладна 2300 жыхароў. Практычна ўсе крамы знаходзяцца каля шматпавярховікаў. А вось прыватны сектар, які на аддаленні, абдзелены.

Наступны гандлёвы аб'ект знаходзіцца па дарозе ў аграгарадок Глухская Сяліба на мяжы Магілёўскага і Быхаўскага раёнаў, таксама з сеткі «Родны кут» і таксама прыдарожны.

Прадавец Жанна Бароўская прызнаецца, што мы першыя, хто робіць у іх маніторынг. Толькі з райспажыўкааперацыі прыязджалі, перапісалі цэны, каб зафіксаваць. Дастаткова беглага агляду, каб заўважыць, што асартымент тут на парадак шырэйшы. Нядрэнны выбар замарожанай рыбы, дзіцячага харчавання, лепш выглядаюць буракі, цыбуля, ёсць і яйкі. Сёння яшчэ тавар падвязуць, абяцае суразмоўніца. Тут таксама панядзелак — дзень прывозу.

Большасць пакупнікоў — прыезджыя. У пацвярджэнне гэтых слоў у краму заходзіць жанчына. Купляе марозіва і мінеральную ваду. Кажа, што яе любімы фруктовы лёд падаражэў за два апошнія месяцы ў два разы. І «Дарыда» таксама. Раней каштавала менш за рубель, зараз болей чым два. Лічыць, што прыпыніць рост цэн было правільным рашэннем. «Яны да 6 кастрычніка і так паспелі вырасці, а вось зарплаты не, — наракае пакупніца. — Я працую ў Магілёве на вытворчасці, 700 рублёў зарплата, мужа няма, на ўтрыманні сын-студэнт, які атрымлівае 70 рублёў стыпендыі. Вельмі складана выжываць. Пра адзенне наогул маўчу. Спадзяёмся на лепшае».

— Па асартыменце нядрэнна, — робіць вывад Алег Дзячэнка. — Трэба было б дадаткова зрабіць аналіз, чаму так мінеральная вада «Дарыда» ў цане вырасла. А напой «Сняжок» гэтага ж вытворцы каштуе тут тры рублі. Спадзяюся, што цэнавы мараторый прывядзе вытворцаў да прытомнасці і яны будуць больш добрасумленна падыходзіць да пытання цэнаўтварэння.

Вельмі парадавала і асартыментам, і цэнамі «Зніжачка» ў аграгарадку Новыя Глухі ад прыватнага прадпрыемства «НазарэвічСтандарт». Уладальнік — прадпрымальнік з Быхава Станіслаў Назарэвіч. Прадавачка дэманструе вялікія спісы з таварам, дзе зафіксаваны апошнія цэны. Адной замарожанай рыбы — вочы разбягаюцца: гарбуша, камбала, навага, мінтай, леманема, скумбрыя, салака. Вялікі выбар гарбаты, кавы. Сыроў, акрамя «Славянскага» і каўбаснага: «Сулугуні», «Губернскі», «Гаўда». Капуста, бананы, вінаград, вялікі выбар дзіцячага харчавання. Вельмі зручная і прыгожая выкладка тавару. І пакупнікоў хапае.

— Да нас прыязджаюць пакупнікі з суседніх вёсак: Глухская Сяліба, Чорны Бор, — кажа прадавец.

Пенсіянерка прыйшла купіць малака і хлеба. Кажа, што каўбаса пры яе 400 рублях пенсіі — далікатэс. Расказвае, што населены пункт вялікі, народу шмат. З забеспячэннем прадуктаў праблем няма. Акрамя крам, яшчэ і аўталаўка двойчы на тыдзень прыязджае.

— Вось што перашкаджае «Роднаму куту» так загружаць свае крамы? — разважае сенатар. — Асартымент тут вялікі. Цэны таннейшыя. Тая ж «Дарыда» каштуе рубель 35 капеек, а не два, як у папярэдняй краме. Прыватнік забяспечвае мясцовых жыхароў таварамі народнага спажывання лепей, чым крамы спажыўкааперацыі. Ім ёсць з каго браць прыклад.

У самым аддаленым аграгардку Магілёўскага раёна Семукачы заходзім у невялічкую краму ад прыватнага прадпрыемства «АптАўтаЛагістык». Вялікая — ад райспажыўкааперацыі — зачыненая на выхадны дзень. У прыватніка асартымент невялікі, але неабходныя прадукты ёсць: мука, тварог, смятана, алей, сметанковае масла, гарэлка.

— На каўбасы цэны нават знізіліся, — каментуе прадавачка. — «Пятрухаўскія» каўбасы былі па сем дваццаць, а сталі па шэсць шэсцьдзясят шэсць. Рашэнне з цэнамі прынятае правільнае. Мы на падхваце ў сельпоўскіх крамах, таму асартымент надта не пашыраем. Затое працуем без перапынку і выхадных.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Магілёўскі раён.


«Рэжым цішыні» для цаны… Але не для сігналаў па ёй

З мінулых выхадных гамяльчане актыўна ўключыліся ў маштабны маніторынг цэн. У Гомелі пачала працаваць тэлефонная лінія па выкананні мараторыя на павышэнне цэн. У цэлым па вобласці падобныя «гарачыя тэлефоны» для прыняцця паведамленняў аб фактах росту цэн на тавары і паслуг і створаны пры райвыканкамах. Акрамя таго, у кожным раёне для кантролю за сітуацыяй сфарміраваны маніторынгавыя групы, у тым ліку мабільныя — для рэагавання на тэрміновыя сігналы аб невыкананні цанавога рэжыму.

У складзе маніторынгавых груп пры райвыканкамах — традыцыйна кіраўнікі раённых аб'яднанняў прафсаюзаў. Перад імі пастаўлена задача аказаць дапамогу адказным структурам у вывучэнні цэн у гандлёвых аб'ектах на тэрыторыі сваіх раёнаў. Не спыняюць прафсаюзы і ўжо наладжаны штомесячны маніторынг цэн па 89 найменнях харчовых і прамысловых тавараў. На кантролі — традыцыйна і асартымент сацыяльна «вострых» прадуктаў і прамтавараў.

— Зафіксаваны нязначны рост цэн на малако рознай тлустасці, кефір, каўбасу вараную і іншыя прадукты, — агучыла інфармацыю старшыня Гомельскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Ларыса Леглік па выніках пазачарговага маніторынгу. — Мы звяртаем увагу на ўзровень цэн непасрэдна пасля ўступлення ў сілу Дырэктывы Прэзідэнта № 10. Таксама параўноўваем змяненне цаны з моманту апошняга штомесячнага маніторынгу. У Гомельскім раёне ён прайшоў 20 верасня.

Пазапланавы маніторынг цэн у Гомельскім раёне прафсаюзны лідар правяла ў гандлёвых аб'ектах прыватнай і дзяржаўнай формаў уласнасці на тэрыторыі Чонкаўскага сельскага Савета. Аграгарадок Чонкі — адзін з самых густанаселеных у раёне. Пакупніцкі попыт на тавары крамаў у сельсавеце вельмі высокі.

— У прыватнай краме з 20 верасня да 7 кастрычніка адзначаны нязначны рост цэн на дзіцячае харчаванне. Калі параўноўваць з данымі маніторынгу ў студзені гэтага года, то ўзраслі цэны амаль па ўсіх таварах з пераліку ў крамах і дзяржаўнай, і прыватнай формаў уласнасці. Па адной, па дзве капейкі, але адчувальным гэта становіцца, калі павышэнне адбываецца на працягу некалькіх месяцаў, — звярнула ўвагу Ларыса Леглік.

Падчас пазапланавага маніторынгу старшыня райаб'яднання прафсаюзаў зарэгістравала адсутнасць некаторых тавараў. Другі месяц, як знікла з вітрын курыца-тушка. На момант візіту кантралёра адсутнічалі на прылаўках некаторыя найменні круп, макаронных вырабаў. «Гэтыя прадукты ёсць на складзе, проста былі раскуплены», — тлумачылі прадаўцы гандлёвых пунктаў.

Прафсаюзны кантроль не абышоў увагай і цэны на пладова-агароднінную прадукцыю. На такі тавар, як паказвае практыка, часцей за ўсё мяняецца цана. Факт, але яна не змянілася з моманту апошняга маніторынгу.

Важны пункт прафсаюзнага цанавога кантролю — кошт дзіцячага харчавання.

— Калі 400 грамаў сухога малочнага дзіцячага харчавання ў студзені каштавалі 5,89 рубля, то 20 верасня — 6,6 рубля за 300 грамаў. Гэта сумесі айчыннай вытворчасці. Падобная сітуацыя з дзіцячымі мяснымі кансервамі. Ёсць маркетынгавыя хітрасці ў кошце і вазе чаю, сыроў, некаторых малочных прадуктаў, — пракаментавала прафсаюзная актывістка.

Па такім жа алгарытме цанавога кантролю працуюць прафсаюзныя лідары ў кожным раёне вобласці. Усе даныя, сабраныя падчас маніторынгу, прафсаюзы раёнаў перадаюць у аддзелы эканомікі райвыканкамаў і аддзел сацыяльна-эканамічных адносін Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў. Атрыманая інфармацыя аператыўна апрацоўваецца на ўзроўні вобласці і перадаецца на рэспубліканскі.

Сваю актыўнасць падчас маніторынгу цэн у крамах праяўляюць і пакупнікі: перадаюць словы падтрымкі пазіцыі Прэзідэнта ў пытанні кантролю за цэнамі.

— Пастаянныя пакупнікі, асабліва пенсіянеры, часта абураюцца падаражаннем прадуктаў. Так што я лічу: забарона на павышэнне цэн — вельмі правільнае рашэнне, якое пойдзе на карысць людзям, — падзялілася думкамі Святлана Дадыгіна.

Важна пачуць і меркаванне аб цэнах на тавары на прылаўках і ад саміх прадаўцоў. Загадчыца прыватнай крамы ў пасёлку Чонкі, напрыклад, агучыла праблему частай змены цаны, асабліва на сезонныя прадукты, самімі пастаўшчыкамі.

— Маніторынгі даюць дакладнае разуменне таго, што праблема цэнаўтварэння нашмат глыбейшая, чым цэннікі ў вітрынах. Цэнаўтварэнне, рынак і гандаль залежаць ад прыстойнасці і сумленнасці кожнага пастаўшчыка, вытворцы, рэалізатара. Толькі калі суб'екты гандлю будуць сумленна ставіцца і выконваць сваю работу, будзе парадак, — падзялілася сваім бачаннем сітуацыі старшыня Гомельскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Ларыса Леглік.

Яна пацвердзіла, што ўзнята пытанне вельмі своечасова. Актыўны водгук на тэму кошту прадуктаў першай неабходнасці прафсаюзы адзначаюць у працоўных калектывах у раёнах.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Рубель з граша паходзіць

У вёсцы Коладна Камянецкага раёна краму закрылі два гады таму. Аўтакрама Камянецкага райспажыўтаварыства прыходзіць у вёску два разы на тыдзень — па аўторках і пятніцах. Тут ён робіць два прыпынкі: на ўездзе і на скрыжаванні каля зачыненага на замок былога магазіна. На гэтым, другім, прыпынку ў мінулы аўторак краму на колах чакалі пяць пакупнікоў.

Мужчыны праяўляюць, акрамя галантнасці (жанчын нязменна прапускаюць наперад), на гэты раз залішнюю сціпласць і наадрэз адмаўляюцца фатаграфавацца альбо даваць інтэрв'ю. А жанчыны дзеляцца меркаваннямі з нагоды росту цэн.

— Цэны растуць аб'ектыўна, гэты працэс мае эканамічны характар, — гаворыць Зінаіда Нікіцюк, якая да пенсіі працавала фінансістам у сістэме грамадскага харчавання. — Мы гэта разумеем, але ж для нас, пенсіянераў, кожны рубель на ўліку. Пасля выхаду на пенсію пераехалі з мужам у вёску на пастаяннае жыхарства. Да аўтакрамы хаджу кожны тыдзень. Назіраем, як цэны паступова, але настойліва паўзлі ўверх апошнім часам. З кожным разам асноўныя тавары даражэлі прыкладна на капейку. Здавалася б, непрыкметна, а калі ўзяць у разлік месяц, тры месяцы, паўгода — дык рост атрымаецца істотны. Важна, каб павышэнне цэн у будучым адпавядала росту рэальных даходаў, у нашым выпадку — пенсій.

Лідзія Гурская адзначае, што галоўнае цяпер, каб усё было спакойна, каб мірнае неба бачылі кожны дзень над сваёй галавой, і ўсе пагаджаюцца. Жанчыны згадваюць, што ў мінулую пятніцу хлеб быў па 1 рублі 31 капейцы, а гэта на адну капейку больш, чым у папярэдні прыезд. І малако падаражэла на капейку. Пад'язджае машына, найперш цікавімся ў прадаўца тым, якая цяпер абстаноўка з цэнамі.

— Усё засталося па-ранейшаму, — аб'яўляе Алена Бялюк. — ні на капейку нічога не падаражэла.

Алена Сцяпанаўна абслугоўвае 14-15 вёсак за дзень, работа ў яе нялёгкая. Машына даволі высокая, шмат тавару знаходзіцца ў скрынях знізу, кожную адзінку даводзіцца падняць сагнуўшыся і падаць пакупніку, такім жа чынам узяць грошы і выдаць рэшту.

— Наша Алена ўважлівая, добрая, — дзеліцца меркаваннем Лідзія Асіпук. — Але ж плошча яе «гандлёвай залы», мякка кажучы, абмежаваная. Калі прывязе на заказ каму-небудзь пральны парашок, ёй давядзецца адсоўваць вялікія скрыні з капустай, іншай агароднінай, каб падаць пакупку. Калі праводзілі сходы, нам абяцалі, што ўсё будзе ў продажы, усё прывязуць пад заказ. І што мы бачым? За лета ні разу марожанага не з'елі, бо яго няма куды размясціць у гэтай машыне. Марожанае разам з рыбай ці мяснымі паўфабрыкатамі па санітарных нормах нельга змяшчаць, а іншага месца проста няма. Ды і рыбу мы купляем гады ў рады, бо з месцам у гэтай машыне праблема.

А калі быў магазін, там было ўсё, і марожанага некалькі відаў, і гаспадарчая група тавараў, што важна. А то мая суседка кажа, што сёння ранкам у яе зламалася зубная шчотка. Купіць яе няма дзе, за любой драбязой трэба ехаць у Высокае, пасёлак за дзесяць кіламетраў. Але ж не ва ўсіх ёсць асабісты транспарт, ды і заправіш яго, як вядома, не вадой. І што б там ні гаварылі, як ні агітавалі, стацыянарны магазін лепш за аўтакраму. А то зрабіў пакупкі, прыйшоў дадому, агледзеўся, што не купіў солі, ды, як той казаў, цягнік сышоў, у сэнсе машына. Альбо, напрыклад, робіш загатоўкі, а вечкаў не хапіла, падбег у краму ды купіў, а цяпер няма куды, будзеш пазычаць.

Зінаіда Нікіцюк дапаўняе суседку, што даўно пара аснасціць аўтакрамы тэрміналамі. Не заўсёды выпадае быць у горадзе, каб зняць пенсію з карткі, а так, бывае, грошы ўжо паступілі, а ты не разлічышся.

І ўсе пагаджаюцца, што галоўнае — мір і спакой, ну і кантроль за цэнамі ў маштабах краіны не перашкодзіць. А яшчэ сумленнасць тых, хто стаіць за цэнаўтварэннем на любыя тавары.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».