Вы тут

Адкрылася першая выстаўка-форум ІT-акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі». Расказваем пра галоўныя IT-трэнды


13 кастрычніка акадэмічная супольнасць упершыню адзначыла Дзень Нацыянальнай акадэміі навук. І менавіта да гэтага свята было прымеркаванае адкрыццё першай выстаўкі-форуму ІT-акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі».


Як расказаў журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, менавіта 13 кастрычніка 1928 года была прынята пастанова Цэнтральнага выканаўчага камітэта і Савета народных камісараў БССР аб рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук. Таму пачынаючы з гэтага года рашэннем Бюро Прэзідыума НАН у акадэмічных вучоных будзе сваё карпаратыўнае свята. Яшчэ адна нагода, каб звярнуцца да гісторыі, расказаць пра дасягненні навуковых школ, прыгадаць славутых вучоных і пахваліцца дасягненнямі тых, хто робіць акадэмічную навуку сёння…

— Спадзяёмся, што выстаўка «Штучны інтэлект», якая праводзіцца сёлета ўпершыню, стане традыцыйнай і будзе нашым новым брэндам, — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. — Мы паставілі мэту — зверыць нашы пазіцыі, вызначыць, якія распрацоўкі сёння ёсць у Беларусі ў галіне штучнага інтэлекту і куды нам рушыць далей. Гэта менавіта той напрамак, які найбольш бурна развіваецца ў свеце.

Вынікі сваіх навуковых даследаванняў прадставілі на выстаўцы 32 арганізацыі розных сфер дзейнасці і форм уласнасці: навукова-даследчыя арганізацыі, вышэйшыя навучальныя ўстановы, вытворчыя прадпрыемствы, якія займаюцца даследаваннямі ў сферы прымянення метадаў штучнага інтэлекту. Іх тэматыка самая разнастайная: ад сельскай гаспадаркі да інтэлектуальнай сістэмы аховы здароўя…

— Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу зрабіць Беларусь ІT-краінай, і мы ў гэтым кантэксце цяпер шчыруем. Актыўна распрацоўваем праграму развіцця мікраэлектронікі, хутка прадставім яе ўраду. Акадэмія навук узяла на сябе навуковае забеспячэнне гэтага напрамку. Вельмі актуальны сёння кірунак — развіццё беспілотнага транспарту. Таксама ў трэндзе разумныя сістэмы — у сферы аховы здароўя і адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, «разумныя гарады». На выставе прадстаўлена больш за 100 праектаў. Гэта не проста ідэі або фундаментальныя даследаванні, а канкрэтныя практычныя распрацоўкі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў многіх галінах і на прадпрыемствах, — дадаў Уладзімір Гусакоў.

Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі прэзентаваў на выстаўцы дзесяць уласных праектаў. Сярод іх — нейрасеткавы праграмны комплекс для падтрымкі прыняцця рашэнняў пры дыягностыцы захворванняў лёгкіх на аснове рэнтгенаўскіх і тамаграфічных здымкаў, сістэма камп’ютарнага мадэлявання патэнцыйных лекавых прэпаратаў супраць COVІD-19, цалкам уласны праект антрапаморфнага робата NEWMAN і шэраг іншых, не менш цікавых, навукаёмістых і практычна карысных распрацовак.

«Беларуская супольнасць штучнага інтэлекту займае лідзіруючыя пазіцыі ў свеце, — заяўляе генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Круглікаў. — Калі ўзяць інтэлектуальную сістэму аховы здароўя, інтэлектуальную апрацоўку здымкаў з высокай дакладнасцю, то супрацоўнікі НАН уваходзяць у ТОП-10 найлепшых вытворцаў. Нашы брэнды ведаюць і нашымі распрацоўкамі карыстаюцца ва ўсім свеце. Па інтэлектуальнай сістэме аховы здароўя мы першыя сярод краін СНД. Выстава была арганізаваная для таго, каб аб’яднаць намаганні вучоных, выкладчыкаў, інжынераў-канструктараў і праграмістаў для ўкаранення сістэм штучнага інтэлекту ў Беларусі. Каб гэтыя сістэмы працавалі без збояў і прыносілі карысць, трэба вызначыць правілы гульні і планамерна ўкараняць у рамках лічбавага развіцця краіны ў цэлым.

Як заўважыў Сяргей Круглікаў, штучны інтэлект становіцца новым фактарам, які вызначае вектары грамадскага развіцця. Яго прымяненне пашыраецца ва ўсіх сферах. У сувязі з гэтым актывізавалася дзейнасць урадаў, міжнародных арганізацый, транснацыянальных карпарацый, а таксама грамадзянскай супольнасці па фармуляванні глабальных норм і правіл у пытаннях распрацоўкі, укаранення і выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту. Якія этычныя дылемы нясе развіццё штучнага інтэлекту? Ці будуць дадзеныя тэхналогіі садзейнічаць грамадскаму прагрэсу? У сувязі з беспрэцэдэнтнымі магчымасцямі ўплыву сістэм штучнага інтэлекту на чалавека і іх істотным адрозненнем ад традыцыйных інфармацыйных сістэм наступствы прынятых правілаў будуць мець глабальны характар ??як для эканомікі, так і для грамадства. Вельмі актуальным бачыцца актыўнае супрацоўніцтва не толькі паміж навукоўцамі ў розных галінах, але і паміж навукоўцамі, выкладчыкамі і інжынерамі-практыкамі, якія маглі б «абкатваць» досвед, інтэграваць яго і выкарыстоўваць у наступных распрацоўках.

— Любая новая тэхналогія праходзіць пэўныя стадыі. Тое ж адбываецца і са штучным інтэлектам, — падзяліўся сваім бачаннем праблемы дырэктар Адміністрацыі ПВТ Усевалад Янчэўскі. — Яшчэ некалькі гадоў таму чаго толькі мы не чулі пра штучны інтэлект: што ён заменіць людзей і невядома, як да яго ставіцца: гэта дабро або небяспека для чалавецтва. Але сёння ў любой сферы ўжо ёсць элементы штучнага інтэлекту. Мяркую, што перыяд гучных фраз і сенсацыйнасці праходзіць, а надыходзіць час канкрэтных эфектыўных тэхналагічных рашэнняў…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.