Вы тут

«Мы можам прапанаваць лячэнне на сусветным узроўні»


Кожная жанчына мусіць прытрымлівацца анкалагічнай гігіены — пасля 50 гадоў праходзіць мамаграфічны кантроль. Нярэдка гэта дазваляе выявіць рак малочнай залозы на ранніх стадыях і, адпаведна, вылечыць яго. Як вядома, пры анкалагічных хваробах чым раней адбываецца ўмяшанне, тым лепшы эфект. На жаль, каля 17—19 % жанчын з ракам малочнай залозы звяртаюцца да ўрачоў на запушчаных стадыях, калі дапамагчы ўжо немагчыма. Пра гэта нагадалі спецыялісты падчас круглага стала, прымеркаванага да Сусветнага месячніка барацьбы супраць раку малочнай залозы.


Познія звароты і страх

— Наш боль — гэта познія звароты і страх. Трэба перамагчы стэрэатып аб тым, што рак — гэта смяротная хвароба, і калі яна здарылася, то жыццё змянілася раз і назаўжды, — адзначыла старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі рэканструкцыйна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Наталля Казлоўская.

Па словах спецыяліста, у арсенале беларускіх анколагаў ёсць шмат новых прэпаратаў, у тым ліку таргетных, якія з'явіліся за апошнія пяць гадоў.

— Мы можам прапанаваць лячэнне на сусветным узроўні. У нас няма дэфіцыту ў леках або ў аказанні рэканструкцыйнай дапамогі. Варыянтаў шмат, кожнай пацыентцы мы можам прапанаваць практычна індывідуалізаванае лячэнне, але ад пацыентак мы чакаем своечасовага звароту, — дадала анколаг-мамолаг.

У прыватнасці, яна расказала аб айчыннай распрацоўцы з удзелам амерыканскіх калег — прэпараце «Еленаген».

— Гэта імунавакцына, якая патэнцыруе дзеянне анкапрэпаратаў. Ужо можам сказаць, што з выкарыстаннем дадзенай вакцыны пры лячэнні раку яечнікаў мы дасягнулі значных вынікаў, — сказала прадстаўніца РНПЦ. — Па раку малочнай залозы пакуль збіраем даныя. Адзначу, што «Еленаген» мы прымяняем пры самай цяжкай форме раку малочнай залозы, і калі дасягнем пэўных вынікаў, гэта будзе прарыў.

Наталля Казлоўская ўдакладніла, што прэпарат «Еленаген» ужо даступны для кожнай беларускі, якая мае паказанні да яго прымянення.

Хоспіс — не дарога ў адзін канец

Пацыенткі не толькі на чацвёртай стадыі хваробы, але і на больш ранніх, асабліва пасля хіміятэрапіі, могуць звяртацца і атрымліваць дапамогу ў хоспісе. Пра яго дзейнасць расказала галоўны ўрач сталічнай бальніцы паліятыўнага догляду «Хоспіс» Наталля Наркевіч.

Яна адзначыла, што паліятыўная дапамога — адна з самых маладых у нашай краіне і ў адпаведным законе была замацавана ў 2014 годзе. Сталічны хоспіс пачаў дзейнічаць раней — з 2005 года. Пры гэтым галоўны ўрач звярнула ўвагу, што пастаянна даводзіцца разбураць стэрэатыпы.

— Паліятыўная дапамога — гэта не толькі дапамога еnd оf lіfе (у канцы жыцця). Цяпер ва ўсім свеце кажуць пра паліятыўны падыход: гэта як можна больш ранняе ўключэнне спецыялістаў пры пастаноўцы дыягназу невылечнага захворвання. Хоспіс — гэта не дарога ў адзін канец. Гэта такая ж бальнічная ўстанова, як і іншыя. Тут падбіраеца лячэнне, карэктуецца і пацыент выпісваецца дадому. У ідэале пацыент мусіць знаходзіцца дома ў атачэнні сваіх блізкіх.

У хоспісе працуюць з пацыентамі не толькі на апошняй стадыі анкалагічнага захворвання, але і на больш ранніх. Палова з іх мае болевыя сімптомы і іншыя ўскладненні, асабліва пасля хіміятэрапіі.

— Мы дапамагаем карэкціраваць болевы сіндром. Гэта важна зрабіць, як толькі ён пачаў узнікаць. Калі болевы сіндром ужо мае 8-10 балаў па дзесяцібальнай шкале, усе нашы намаганні накіраваны на тое, каб яго зняць. Часам на гэта сыходзіць некалькі дзён. Калі ў пацыента няма болю, млоснасці, ірвоты, ён нармальна выспаўся і паеў, і адносіны да хваробы мяняюцца, — расказвае Наталля Наркевіч.

Ёсць магчымасць у хоспісе аказаць і псіхалагічную дапамогу, прычым кантактуюць тут не толькі з пацыентам, але і з яго блізкімі.

Паліятыўныя бальніцы маюцца ва ўсіх рэгіёнах. Дзесьці, як у Гродзенскай вобласці, яны дзейнічаюць на базе гарадскіх бальніц, у Магілёўскай і Віцебскай абласцях — на базе анкадыспансераў. У Брэсцкай вобласці хоспіс працуе як юрыдычная асоба.

— Паліятыўная дапамога — планавая, мы працуем па запыце. Паліклінікі і стацыянары мусяць інфармаваць нас, што маецца такі пацыент, і мы аказваем дапамогу. І толькі кансіліум урачоў вырашае, што пацыенту не паказана спецыяльнае лячэнне і ён пераводзіцца на сімптаматычную тэрапію. Важна не запускаць свой цяжкі стан. Якасць жыцця, колькі б яго ні засталося, заўсёды можна палепшыць, — рэзюмавала Наталля Наркевіч.

Чаму варта ніколі не здавацца?

Гісторыі людзей, якія перанеслі рак і пражылі пасля таго 15—20 гадоў, апісала журналіст, лаўрэат «Залатой літары» ў намінацыі «Найлепшы праект рэгіянальных СМІ» з праектам «Ніколі не здавайся», былы галоўны рэдактар газеты «Астравецкая праўда» Ніна Рыбік. У 2015 годзе яна захварэла сама, а праз пяць гадоў здарыўся рэцыдыў.

— Вядома, узнікала пытанне, як пра гэта пісаць і ці пісаць наогул. Ва ўсіх стан шоку, калі жанчыны даведваюцца пра дыягназ. Колькі б ты пра гэта ні чытаў, спачатку не верыш, што гэта магло здарыцца з табой, — дзеліцца Ніна Рыбік. — Вельмі важна, хто побач у такі час. Мне пашанцавала з суседкамі па палаце. У той час вельмі дапамагла кніга
«Дар'і Данцовай «Я вельмі хачу жыць: мой асабісты вопыт». Яна ў той момант дапамагла зразумець, што з ракам жывуць, і нават зарабляюць вялікія грошы.

Ніна Рыбік звярнула ўвагу, што людзям не хапае інфармацыі, як паводзіць сябе з тымі, хто хварэе на рак, — суперажываць, шкадаваць, падтрымліваць?

— Асабіста мне хацелася, каб са мной размаўлялі так, як са звычайным чалавекам, які мае праблемы, а не глядзелі як на пракажоную, — дзеліцца журналіст.

Яна пачала запісваць гісторыі жанчын, у асноўным з ракам малочнай залозы, з якімі знаёмілася пад кабінетам раённага анколага. Тыя, каму прапаноўвала расказаць пра свой досвед, пераважна пагаджаліся. Так з'явіўся праект «Ніколі не здавайся», галоўная мэта якога — распавесці, як жыць са сваім захворваннем.

А пражыць з ім можна некалькі дзесяцігоддзяў. І менавіта пра такія гісторыі людзі ведаюць няшмат:

— Неяк раённы анколаг сказаў мне: вось у мяне стаіць медыцынская картка жанчыны, у якой было чатыры лакалізацыі раку, усе яны прааперыраваны. Яна жыве пасля тых умяшанняў ужо 20 гадоў, але пра гэта мала хто ведае, бо ў нашым грамадстве гаварыць пра гэта не прынята, рак лічыцца смяротнай хваробай.

Перамагчы стэрэатып аб тым, што рак — смяротнае захворванне, Ніна Рыбік пастаралася і са сваім другім праектам «Анколаг і я», куды, акрамя асабістага вопыту барацьбы, увайшлі размовы з анколагамі і статыстычныя даныя.

Самы распаўсюджаны від раку

Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, рак малочнай залозы з'яўляецца найбольш распаўсюджаным відам раку: у 2020 годзе было зарэгістравана звыш 2,2 мільёна выпадкаў гэтага захворвання.

Урачы не стамляюцца паўтараць аб неабходнасці прафілактычнага абследавання, бо на ранняй стадыі рак малочнай залозы паспяхова лечыцца. За апошнія 40 гадоў у лячэнні гэтага захворвання дасягнуты значны прагрэс і смяротнасць скарацілася на
40 працэнтаў.

Што павінна насцярожыць?

  • З'яўленне любога зацвярдзення каля саска або ў іншай частцы малочнай залозы.
  • Змена контураў малочнай залозы (павелічэнне або памяншэнне).
  • Уцягнутасць саска «ўнутр».
  • Павелічэнне лімфатычных вузлоў пад пахай.
  • Выдзяленні з малочнай залозы.
  • Любое пачырваненне або змена колеру малочнай залозы.
  • З'яўленне незвычайнага прышчыка, язвачкі каля саска або арэолы.

Калі хоць бы адзін з вышэйпералічаных сімптомаў з'явіўся, трэба звярнуцца да ўрача. Зусім не абавязкова, што ў вас будзе рак, але ставіць якія-небудзь дыягназы можа толькі ўрач. Акрамя таго, калі ён западозрыць нешта сур'ёзнае, вас абавязкова накіруюць на дадатковыя абследаванні, такія, як біяпсія, УГД, мамаграфія і іншыя.

Да якога ўрача звярнуцца для першапачатковага абследавання?

1. Урач-гінеколаг. 2. Урач-мамолаг. 3. Урач УГД.

Як выявіць праблему?

Вось некалькі простых галоўных правілаў, якія дазволяць своечасова выявіць праблему:

  • Кожны раз пасля душу прамацвайце грудзі на прадмет якіх-небудзь змен. Гэта павінна ўвайсці ў звычку — як чысціць зубы.
  • Калі выявілі які-небудзь вузельчык, зацвярдзенне, утварэнне, любую дэфармацыю контуру або скуры малочнай залозы, павелічэнне лімфатычных вузлоў пад пахай, абавязкова адразу звярніцеся да ўрача.
  • Калі былі выпадкі раку малочнай залозы ў сям'і, не карыстайцеся супрацьзачаткавымі або любымі іншымі гарманальнымі таблеткамі, а таксама крэмамі для павелічэння грудзей на аснове любых фітаэстрагенаў.
  • Не загарайце на сонцы або ў салярыі топлес.
  • Пазбягайце траўмаў грудзей. Калі вы стукнуліся грудзьмі і ўтварылася гематома, звярніцеся да ўрача па кансультацыю.
  • Як правіла, рак грудзей на ранніх стадыях не баліць, не трывожыць жанчын. Але менавіта лячэнне на ранніх стадыях забяспечвае поўнае выздараўленне. Таму вельмі важна адразу звярнуцца да ўрача.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».