Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Сёння ў мяне не проста субота, а яшчэ і першы дзень водпуску. Дарэчы, першага водпуску на новай рабоце.


Але калі вы думаеце, што адзін тыдзень водпуску (на большае я пакуль не напрацаваў) — гэта недастаткова, скажу так: адзін тыдзень водпуску ў кампаніі з пяццю дзецьмі — усё роўна што пяць тыдняў водпуску з адным дзіцем.

Гэта чыстая матэматыка, а матэматыка ніколі не хлусіць, бо дакладная навука. Так што не сумнявайцеся: за адзін тыдзень я адпачну так, што потым буду год працаваць, як тата Карла, — абы зноў не адправілі адпачываць.

Зрэшты, да гэтага часу яшчэ трэба дажыць. А пакуль, як я ўжо сказаў, водпуск.

* * *

Сёння рэальна нейкі дзень анекдотаў — вось што значыць амаль тыдзень не бачыўся з дзецьмі.

Вера:

— Тата, калі ты ўжо збрыеш бараду?

— А што такое?

— Ты так на дзядулю падобны.

Толькі я хацеў пакрыўдзіцца, мне на рукі ўскочыла Ксюша:

— Няпраўда, ён не падобны на дзядулю! (І ласкава гладзіць мяне па барадзе.)

Я пераможна гляджу на Веру, і тут Ксенія дадае:

— Ён падобны на бабулю!

І ўсе пачынаюць смяяцца.

А я, калі па праўдзе, так і не зразумеў, быў гэта з іх боку экспромт або мяне спецыяльна загналі ў пастку.

Зрэшты, не крыўдую, бо, як ні парадаксальна, я і праўда падобны на бабулю.

P. S. Бабуля, пацвердзі.

* * *

Малодшая дачка — маме:

— Мама, я чула ў фільме вельмі дрэннае слова!

— Якое?

— Я гучна не магу такое сказаць.

Мама заінтрыгавана:

— Ну скажы на вушка.

Ксенія (шэптам):

— Галаву з плячэй!

Пасмяяліся з гэта «дрэннага слова» і спыталі, дзе яна яго пачула.

Ксенія, зрабіўшы круглыя вочы:

— Там у фільме быў дракон, ён казаў: «Галаву з плячэй!» і потым усім «отрублял» галаву.

Так, фільм, безумоўна, жудасны, пытанняў няма. Але вось вам яшчэ адно добрае слова: «отрублять».

* * *

Малодшая дачка прыбегла ў слязах:

— Тата, Вера кажа, што калі я вырасту, то буду жыць з чужым дзядзькам і ў нас будуць дзеці.

Перш чым штосьці тлумачыць, паспрабаваў паглядзець на гэту сітуацыю вачыма трохгадовага дзіцяці. І павінен прызнаць, што перспектыва ўвогуле так сабе.

Супакоіў яе, сказаўшы, што з чужым дзядзькам ёй дакладна жыць не давядзецца, а наконт дзяцей яна вырашыць сама, калі вырасце.

P. S. Можа, і добра, што я ў сям'і рос адзін. Гэта ж колькіх жахаў мне ўдалося пазбегнуць!

* * *

З малодшай дачкой едзем у ліфце: я з рэчамі, яна на бегавеле. Выйшаў першы, раптам чую ззаду крык: «Тата, стой!»

Паварочваюся, гляджу: яна не можа бегавел з ліфта выцягнуць.

Дапамог ёй і кажу:

— Ксенія, ану скажы тату: «Тата, як ты мог пакінуць трохгадовае дзіця адно ў ліфце, ды яшчэ і з бегавелам? Ты хіба не ведаеш, што з ліфта спачатку дзеці выходзяць, а потым дарослыя?»

Ксенія паглядзела на мяне сур'ёзнымі вачыма і сказала:

— Тата, ты проста лапух.

(То-бок усё тое ж, што сказаў я, толькі больш ёміста.)

Увогуле, прыемна, калі твае дзеці ўмеюць дакладна выказаць сутнасць пытання, не расплываючыся думкай па дрэве.

Асабліва калі гэта сутнасць настолькі ўсім відавочная.

* * *

Тэлефаную сыну на «Тэлеграм»:

— Прывітанне, Арсеній, ты дзе?

— З метро падымаюся.

— З якога метро?

— З Маскоўскага, з якога яшчэ.

— Калі дабярэшся да інтэрната,
напішы маме.

— Ок.

Тут жа прыбягаюць двайняткі:

— Тата, Арсеній хутка дадому вернецца?

— Не, не хутка, а што?

— Давай з яго пакоя шведскі куток зробім?

Як кажуць, без каментарыяў.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.