Вы тут

У першых прымаразках ночы. Пра ахвяраванне і... ахвяр?


У маленькім інтэрнатаўскім пакоі гадзіннік на сцяне, рытмічна адмерваючы секунды, паказваў ужо на палову трэцяй ночы. Суседзі таксама не спалі — зноў высвятлялі адносіны. За тонкай, нібыта фанернай, сцяной было чуваць, як плакала Тамара.


Яны ніколі не сварыліся крыкам, што для рабочага інтэрната было вельмі нехарактэрна. Але ад гэтых спакойных, занадта спакойных інтанацый, нават калі не разбіраць слоў, веяла такім холадам і неразуменнем, што і за сцяной станавілася вусцішна. Асабліва гэта стала адчувацца доўгімі асеннімі вечарамі, калі іхнія манатонныя спрэчкі сталі пастаянным акампанементам да ветру і шуму дажджу за акном.

Яны, як і я, былі ў гэтым рабочым інтэрнаце чужакамі, — атрымалі пакой, дамовіўшыся з кіраўніцтвам таго прадпрыемства. Да іх у нашым блоку жылі Людка з Васем і маленькім Цімкам. Спачатку выпіваў адзін Вася, і тады Людка і Цімка беглі хавацца на маіх дзевяці метрах — мяне іх бацька і муж нават у п'яным выглядзе чамусьці пабойваўся. Пасля да Васі ў застоллях пачала далучацца Людка, і тады ўжо трохгадовы Цімка ціхенька скробся ў мае дзверы... Зразумела, хутка яго бесталковых бацькоў звольнілі з працы і пазбавілі правоў на малога. Цімку забралі ў прытулак, п'яніцы з'ехалі ў невядомым кірунку, а я насцярожана чакала новых суседзяў.

Тамара і Алег былі вельмі прыгожай немаладой ужо — абаім гадоў пад сорак — парай. Абодва працавалі ў нейкім акадэмічным інстытуце, звязаным ці то з фізікай, ці то з радыеэлектронікай. Напачатку падалося — у суседнім пакоі нібы анёл праляцеў: ні табе шумных гулянак, ні дзіцячага плачу, ні біцця посуду. Кожны вечар было чуваць, як яны аб нечым дыскутуюць (вучоныя людзі, што з іх возьмеш, думалася). Пакуль аднойчы я не пачула, як Тамара ціха плача. І тады я стала не тое што падслухоўваць — прыслухоўвацца. Сцены, напэўна, у тым інтэрнаце былі і праўда фанерныя...

Усё было як у дрэнным фільме — яна пісала за яго дысертацыю. Кожны вечар ён перачытваў напісанае за дзень і, не выбіраючы выразаў, халодным спакойным голасам яе крытыкаваў. Вось тут магла б зрабіць лепш, вось тут — што за фраза, тут — што за прыклад і ўвогуле — дзе твае мазгі? Яна ціха пярэчыла, спрабавала апраўдацца, а ён працягваў яе дзяўбсці: праўду казала мама, што ты дурніца з дурніц, і рукі не з таго месца, і галава зусім не варыць. Заставалася б на сваім хутары, свінням хвасты круціла б — больш карысці было б... Раніцай можна было назіраць, як ён, выходзячы на працу, галантна адчыняе перад ёй дзверы, клапатліва трымае пад локцік. Ідэальная сям'я...

У тую восеньскую ноч ён яе папракаў асабліва «шчыра» — яшчэ і вячэра падалася нясмачнай. І назаўтра, сустрэўшыся з ёй на агульнай кухні (якраз больш нікога там не было), я не вытрымала і, выбачыўшыся, спытала: «Як вы можаце такое трываць?» «Вы яшчэ маладая, мала што разумееце, — спакойна адказала яна. — Ён дзеля столькім ахвяраваў...» І на прапахлай кіслай капустай кухні яна коратка расказала, як тады падалося, ну вельмі банальную гісторыю.

Яна сапраўды вырасла на хутары. Хадзіла ў вясковую школу за пяць кіламетраў. А там, у той маленькай драўлянай школе — настаўнік фізікі. Малады, апантаны нейкай сваёй ідэяй — у той час такія трапляліся нават у вясковай школе. І яна — улюбілася. Не ў яго, а, дзякуючы яму, у фізіку. І здольнасці нейкія былі ад прыроды. Пачала ездзіць на алімпіяды, яе заўважылі сталічныя выкладчыкі. Казалі: абавязкова паступай, абяцалі вялікую навуковую кар'еру... І ўсё спачатку так і атрымлівалася: і паступіла ў сталіцы без блату, і інтэрнат атрымала, і поспехі ў вучобе былі. Але тут з'явіўся ён. На год старэйшы, унук вядомага вучонага. Залатая моладзь — апранаўся, як дэндзі, жыў у кватэры ля ГУМа. У вучобе зорак з неба не хапаў, але выкладчыкі былі многія калегі дзеда, таму з курса на курс цягнулі... Калі звярнуў увагу на яе — спачатку не паверыла, што такое магчыма. Калі знаёміў з маці — нават вочы баялася падняць на будучую свякроў. А тая тут жа дала зразумець, што яны ёй такую вялікую ласку робяць, у сям'ю прымаючы. І пастаянна, кожны дзень аб гэтым ёй нагадвала, яшчэ і расказваючы, які ў яе геніяльны сын і якая яна сама няўклюда... І дзяцей у іх з Алегам не было, таму што мама сказала: рана, маўляў, яшчэ, я з вашымі чадамі нянькацца не буду. А пасля, як хацелі, дык ужо і не атрымалася... «Дык чым жа ён ахвяраваў?» — не вытрывала нарэшце я. «Мы паўгода таму ад мамы з'ехалі сюды. Алег сказаў, што хопіць, што за пятнаццаць гадоў яна яму ўсю кроў выпіла...»

Цікавасці да іх начных размоў у мяне больш не было. Наступала зіма, і пад іх манатонныя спрэчкі ды пад ціканне гадзінніка нават хутчэй і ўтульней засыналася... А вясной яны з'ехалі. Пабудавалі аднапакаёўку дзесьці ва Уруччы. На іх месца засялілася новая сям'я, з якой нават толкам пазнаёміцца не паспелі — у мяне было сваё наваселле.

Я б і не прыгадала той гісторыі, афарбаванай дзесьці глыбока ў памяці ў восеньска-халодныя колеры, калі б не апынулася ўчора пад калонамі Акадэміі навук, дзе прызначыла адну сустрэчу. Чакаючы знаёмага, пачула, як хтосьці запытальна кліча мяне па імені. Азірнулася — Тамара. Пасівелая, пастарэлая, але прыгожая і дагледжаная, як раней. «Як вы?» — спытала ў яе. «Дзякуй, добра. Чакаю вось Алега, у яго пасяджэнне нейкае». «А вы самі дзе цяпер?»

«А я ўжо дзясяты год дома. Нядаўна вось на пенсію афіцыйна пайшла. Сачу за гаспадаркай, Алегу ў рабоце дапамагаю — штосьці напісаць, дзесьці падправіць... Усё ў нас добра.»

Дрэнныя сюжэты бываюць не толькі ў другасортным кіно. Ці, можа, гэта я чагосьці ў жыцці не разумею?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.