На нарадзе па пытаннях фарміравання Усебеларускага народнага сходу і змянення выбарчага заканадаўства Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам была пастаўлена задача — не пазней за сакавік 2023 года прыняць Закон «Аб Усебеларускім народным сходзе». У бліжэйшы час неабходна вызначыць парадак фарміравання і дзейнасці новага органа ўлады, які будзе прымаць важныя рашэнні, стане апорай для дзяржаўных органаў.
Аналагаў такога законапраекта няма ва ўсёй міжнароднай практыцы: Усебеларускі народны сход — унікальны орган, які характэрны толькі для нашай краіны. У чым яго місія, пагаварылі са старшынёй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алегам РАМАНАВЫМ.
— Алег Аляксандравіч, Усебеларускі народны сход — унікальны нацыянальны прававы вопыт, які не мае аналагаў у свеце. На ваш погляд, у чым яго асноўная, ключавая, функцыя?
— Я б вылучыў некалькі з іх. Па-першае, тое, што мы на новым этапе гістарычнага развіцця ўзнаўляем значны вопыт, які існаваў у нашай гісторыі. Гэта вопыт вечавых сходаў — напрыклад, Полацка і іншых старажытнарускіх гарадоў — і вырашэння пытанняў, якія важныя для кожнага чалавека. Таксама гэта вопыт земскіх сабораў. Ён сябе вельмі пазітыўна зарэкамендаваў у нашай гісторыі. Потым адбылася адмова ад гэтых палітычных інстытутаў па прычыне ўскладнення грамадства. Магчыма, былі пэўныя іншыя прычыны. Аднак сёння мы бачым, што такога роду формы ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца значымымі, перспектыўнымі, атрымліваюць новае дыханне і новую актуальнасць. Гэты орган — Усебеларускі народны сход — дае магчымасць пачуць бачанне меркаванняў людзей з розных рэгіёнаў нашай краіны, якія сабраны ў адным месцы, могуць абмяркоўваць любыя значныя пытанні нашай дзяржавы. Другая важная функцыя — стабілізуючая. Гэта функцыя ўмацавання палітычнай сістэмы, надання большай вагі і большага значэння тым рашэнням, якія будуць прымацца. Усебеларускі народны сход будзе прымаць і зацвярджаць самыя значныя дакументы, якія вызначаюць развіццё нашай краіны.
— Размова ідзе пра 1200 тысяч дэлегатаў, якія прадставяць новы орган улады. Як будзе ажыццяўляцца іх адбор?
— Дэлегаты будуць фарміравацца трыма спосабамі. Па-першае, гэта дэлегаты, якія займаюць пэўныя пасады ў палітычнай, грамадскай сістэме нашай краіны і якія, зыходзячы з займаемай пасады, будуць дэлегатамі УНС: гэта Прэзідэнт, прэм’ер-міністр, члены ўрада, кіраўнікі выканаўчых камітэтаў рознага ўзроўню (абласнога, гарадскога, раённага), суддзі (Канстытуцыйнага, Вярхоўнага судоў). Іх удзел абсалютна неабходны — яны будуць прадстаўляць дзяржаву. Другая крыніца вылучэння дэлегатаў — гэта Саветы дэпутатаў. Са сваіх шэрагаў яны будуць вылучаць дэлегатаў на Усебеларускі народны сход ад горада Мінска, абласцей, раёнаў і гарадоў нашай краіны. Такім чынам, дэлегатамі стануць тыя людзі, якіх яны ж і выбралі на выбарах у мясцовыя саветы. І трэцяя крыніца вылучэння дэлегатаў — суб’екты грамадзянскай супольнасці, якія маюць найбольшую вагу ў нашай краіне, зарэкамендавалі сябе як канструктыўныя грамадскія сілы. Яны таксама будуць накіроўваць сваіх членаў, актывістаў на Усебеларускі народны сход. Сукупна гэта складзе каля 1200 чалавек.
— Чаму УНС неабходны Беларусі і беларусам?
— Мы атрымалі ўнікальны гістарычны вопыт работы Усебеларускага народнага сходу ў ранейшыя гады, пачынаючы з 1996 года. Гэта найвышэйшы орган прамой дэмакратыі. Гэта ўзмацненне ролі народа ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Гэта новы канал сувязі паміж дзяржавай і грамадзянінам, дзяржавай і асобай. Усё гэта неабходна для складанай палітычнай сістэмы нашай краіны, для яе паспяховага развіцця з аднаго боку, з іншага — для забеспячэння яе стабільнасці і ўпэўненага руху ў будучыню.
— Да сакавіка 2023 года, калі павінен быць прыняты законапраект, засталося не так шмат часу. Ці паспееце?
— Зразумела. Законапраект знаходзіцца ў высокай стадыі гатоўнасці. Асноўныя канцэптуальныя палажэнні ў цэлым узгоднены ўсімі зацікаўленымі бакамі. Цяпер мы правядзём шырокае грамадскае абмеркаванне законапраекта, і парламент ва ўстаноўленыя тэрміны разгледзіць і прыме дадзены праект закона — у выніку ён набудзе сваю юрыдычную сілу.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».
«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».
Падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.