Вы тут

Эканамічны складнік інтэлектуальнай уласнасці


Стварыць адзіны еўразійскі таварны знак і адзіную еўразійскую карысную мадэль, а таксама сфарміраваць агульную судовую юрысдыкцыю ў сферы інтэлектуальнай уласнасці неабходна на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Гэтыя і іншыя выклікі часу і перспектывы развіцця «Інтэлектуальнай уласнасці ў сучасным свеце» абмяркоўвалі эксперты краін ЕАЭС на ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Мінску.


Адзіны знак ЕАЭС для васьмі краін

Еўразійская інтэграцыя ў сферы інтэлектуальнай уласнасці — выклік, які стаіць перад усімі краінамі рэгіёна. Асабліва абвастрыўся ён цяпер, калі адбываюцца даволі глабальныя змены ва ўсім свеце. Відавочна, што гэты інструмент мяняецца, эвалюцыянуе, прадстаўляе новыя магчымасці, адміраюць некія старыя нормы, мяркуе Рыгор ІЎЛІЕЎ, прэзідэнт Еўразійскага патэнтнага ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі:

— Вельмі важна, што на канферэнцыі ў Беларусі гэтыя пытанні абмяркоўваюцца спецыялістамі з розных еўразійскіх краін. Нам неабходны новыя аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. А ў сферы інтэлектуальнай уласнасці павінны быць не мытныя бар’еры, а надзейная абарона, калі кожны суб’ект будзе ўпэўнена адчуваць сябе на ўсёй тэрыторыі ЕАЭС.

Неабходнасць стварэння адзінага еўразійскага таварнага знака абмяркоўвалася ўжо неаднаразова, аднак пакуль дамовіцца не ўдаецца. Эксперты лічаць, што тут трэба зрабіць такую ж практыку, якая прымяняецца да вынаходніцтваў яшчэ з 1994 года, калі была падпісана Канвенцыя па вынаходніцтвах. Наяўнасць такога знака дапаможа вынаходнікам і вытворцам тавараў, якія выкарыстоўваюць інструменты інтэлектуальнай уласнасці, адчуваць сябе абароненымі. Ён будзе азначаць дзелавую рэпутацыю, што тавар, які праходзіць пад такім знакам, валодае пэўнымі якасцямі і характарыстыкамі, падкрэсліў прэзідэнт патэнтнага ведамства:

— Цяпер, каб у васьмі краінах нашай арганізацыі абараніць сябе з дапамогай таварнага знака, трэба падаць восем заявак у восем краін (Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан, Кіргізія, Азербайджан, Таджыкістан і Туркменістан), прайсці восем экспертыз, заплаціць восем пошлін. Аднак перамяшчэнне тавараў павінна быць вольным. Са з’яўленнем адзінага знака вытворца тавару будзе падаваць адну заяўку ў адну арганізацыю і пры гэтым будзе абаронены на тэрыторыі васьмі дзяржаў.

Спрашчэнне ўмоў для заяўнікаў

У кошт прадукцыі ўсё часцей уваходзіць паняцце інтэлектуальных затрат на яе выраб, і інтэлектуальная ўласнасць становіцца важным складнікам эканомікі ведаў. Таму высілкі ў развіцці нацыянальнай інавацыйнай сістэмы, у тым ліку інтэлектуальнай уласнасці, былі скіраваны на лічбавізацыю, расказаў Сяргей ШЛЫЧКОЎ, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, які і займаецца абаронай аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

— Развіццё сферы інтэлектуальнай уласнасці ў Беларусі — бурны і маштабны напрамак. У нашай рабоце мы скіраваны на дэбюракратызацыю і спрашчэнне некаторых працэдур, змяншэнне патэнтнай пошліны за абарону сваёй інтэлектуальнай уласнасці за мяжой. З 1 кастрычніка, напрыклад, запрацавала магчымасць падачы праз інтэрнэт электронных заявак на аб’екты прамысловай уласнасці: вынаходніцтвы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры, таварныя знакі. Укараненне такой магчымасці павінна станоўча адбіцца на актыўнасці заяўнікаў, найперш нацыянальных.

Летась Беларусь далучылася да Жэнеўскага акта Гаагскага пагаднення аб міжнароднай рэгістрацыі прамысловых узораў, а сёлета — да Пратакола аб абароне прамысловых узораў Еўразійскай патэнтнай канвенцыі. Дзякуючы гэтаму заяўнікі могуць атрымаць еўразійскі патэнт, які дзейнічае на тэрыторыі краін — удзельніц канвенцыі.

Найбольш часта сустрэчы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці адбываюцца, пэўна, паміж Беларуссю і Расіяй, заўважыў Юрый ЗУБАЎ, кіраўнік Федэральнай службы па інтэлектуальнай уласнасці «Распатэнт» (Расія):

— Цэнтр інтэлектуальнай уласнасці — наш галоўны партнёр на еўразійскай прасторы. Пытанні, якія мы абмяркоўваем падчас двухбаковых сустрэч, вельмі разнастайныя. Гэта і камерцыялізацыя інтэлектуальных правоў, і патэнтная актыўнасць (як сфарміраваць цікавасць да патэнтавання і прасоўваць навуковыя распрацоўкі). У межах тэхналагічнага парадку дня існуе дамоўленасць аб абмене назапашанымі ведамі, вопытам і распрацоўкамі ў галіне лічбавых рашэнняў. А з улікам існуючага палітычнага становішча супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй стала яшчэ больш шчыльным, і інтэлектуальны саюз разглядаецца як стратэгічны.

Міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ:

— Шэраг навукова-тэхналагічных паркаў і малых інавацыйных прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць у Мінадукацыі, з’яўляюцца ядром кіравання інтэлектуальнай уласнасцю. Каля 20 % ад усіх патэнтаў у краіне абаронены арганізацыямі, якія падначалены Мінадукацыі. Таму важнай задачай з’яўляецца атрыманне эканамічнага эфекту ад распрацовак, то-бок камерцыялізацыя вынікаў аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».