Вы тут

Аб санкцыях, таксічных доларах і еўра, крэдытаванні і інфляцыі


Рабочы тыдзень у Палацы Незалежнасці пачаўся з абмеркавання сітуацыі ў банкаўскай сферы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура. У рабочай сустрэчы таксама прынялі ўдзел першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч і памочнік Прэзідэнта Валерый Бельскі. Кіраўнік дзяржавы адразу акэсліў асноўныя пытанні, якія «сёння на слыху і хвалюць дзяржаву ў цэлым».


Санкцыі, валюта і даступнасць крэдытаў

Першы з іх — санкцыі. «Уведзены беспрэцэдэнтныя санкцыі. Год фактычна прапрацавалі ў гэтым рэжыме. Трэба аддаць належнае і эканоміцы, і асабліва банкаўскай сістэме — мы вытрымалі гэтыя санкцыі. Але як я казаў, супакойвацца ні ў якім разе нельга», — адзначыў Прэзідэнт. Ён запытаў, як банкаўская сістэма рэагавала на беспрэцэдэнтны агрэсіўны санкцыйны ціск? Як была мабілізавана банкаўская сістэма?

Другое вельмі важнае пытанне, якое, па словах кіраўніка дзяржавы, мы, здаецца, пераадольваем — меры па забеспячэнні разлікаў суб’ектаў гаспадарання па знешнегандлёвых аперацыях. «Бо сітуацыя ў гэтым плане ўскладнілася. І тут не ад нас залежыць. Тут больш залежыць ад нашых партнёраў, замежных банкаў. Тым не менш, быццам бы спраўляемся. Але ёсць асобныя моманты, я гэта адчуваю, бываючы на канкрэтных прадпрыемствах, калі яны просяць аб дапамозе. Таму хацелася б пачуць адказы і на пытанні, як мы тут спраўляемся», — акрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Трэцім пытаннем на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы сталі экспартна-імпартныя аперацыі. Прэзідэнт заўважыў, што 75 працэнтаў і больш разлікаў у свеце ажыццяўляецца з выкарыстаннем долара і еўра. Гэтыя валюты ён назваў «таксічнымі» для нас. 

 

«Рэальны сектар эканомікі — агульная праблема, адвечная праблема. Нацыянальны банк спрабуе праводзіць больш жорсткую палітыку. Урад, суб’екты гаспадарання, каб яна была мякчэйшая», — сказаў беларускі лідар. Пытанне даступнасці крэдытаў кіраўнік дзяржавы назваў цэнтральным пытаннем. Гэта датычыцца падтрымкі рэальнага сектара эканомікі. Гэта тэма таксама была вынесена на парадак дня рабочай сустрэчы. 

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час Беларусь была ініцыятарам пэўных навацый у развіцці банкаўскай сістэмы. Гэта сістэмы Белкарт, ЕРІП, сістэма перадачы фінансавай інфармацыі, сэрвісы імгненных плацяжоў. Ён пацікавіўся, як сёння ідуць справы ў гэтай сферы. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на міжнароднае супрацоўніцтва: «Зразумела, што будучыня за Азіяй і парадак дня сусветнага развіцця сёння задае Азія. Гэты напрамак трэба трымаць у фокусе ўвагі. Як у нас развіваецца сітуацыя ў супрацоўніцтве з азіяцкімі банкамі, з азіяцкімі эканамічнымі суб’ектамі? Якія робяцца крокі Нацыянальным банкам у сувязі з перабудовай усёй сусветнай гаспадаркі на Азію? Пытанне ў часе. Ці не прапускаем мы тут час».

Наступнае пытанне — інтэграцыйныя праекты з Расійскай Федэрацыяй. Аляксандр Лукашэнка запытаў, ці ўсё тут выконваецца ў адпаведнасці з дамоўленасцямі. 

Важным пытаннем рабочай сустрэчы стала інфляцыя. Прэзідэнт падкрэсліў, што інфляцыя шмат у чым залежыць ад Нацыянальнага банка. Але не ва ўсім. «Па буквары эканамічным або фінансавым — гэта пытанне Нацыянальнага банка. Інфляцыя — гэта рост цэн, інфляцыя гэта пытанне ўсіх узроўняў улады краіны. Вядома, Нацыянальны банк тут традыцыйна вызначальная структура. Не будзем ад гэтага адмаўляцца», — адзанчыў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ацэнкай Нацыянальным банкам сітуацыі з інфляцыяй. І назваў адзіны крытэрый: «Крытэрый адзін — не толькі буквар эканамічны (які мы ўсе вывучалі), але і ад жыцця. Усе дасведчаныя людзі». 

З няпростай сітуацыяй годна справіліся

У сваім дакладзе Павел Каллаўр расказаў, што мабілізацыя банкаўскай сістэмы мела пад сабой некалькіх ключавых задач. Першая — адаптацыя самой банкаўскай сістэмы да новых рэалій. А другая — забяспечыць фінансавую стабільнасць на рынках і пры гэтым дапамагчы адаптавацца да новых рэалій нашым прадпрыемствам, рэальнаму сектару эканомікі. «Вось, уласна кажучы па двух гэтых каналах мы працавалі. Калі была сітуацыя рэальна складаная мы хаваць не будзем, мы літаральна адзін раз на тыдзень абмяркоўвалі, вызначаліся, што можа і што павінна рабіць банкаўская сістэма. І такім чынам з той няпростай сітуацыяй я лічу, вельмі годна справіліся», — адзначыў старшыня праўлення Нацбанка.

На гэта Прэзідэнт заўважыў, што справіліся, не толькі дзякуючы прафесіяналізму банкаўскіх працаўнікоў. Па яго словах, былі і знешнія фактары, якія вымушалі актыўна дзейнічаць і знаходзіць шляхі вырашэння праблем. «Не ўсе ж мы такія вялікія аказаліся. Напэўна, у свеце адбывалася не толькі негатыўнае. Але і нейкі негатыў па-мойму дапамог нам справіцца», — адзначыў ён. 

Павел Каллаўр заўважыў, што ніхто паасобку выніку не дасягае. Па яго словах, вынік у эканоміцы ёсць, калі ёсць агульная мэтанакіраваная скаардынаваная праца ўрада, Нацыянальнага банка, банкаўскай сістэмы, усіх іншых інстытутаў.

«Я намякаў больш на знешнія фактары», — адзначыў Прэзідэнт.

Галоўным знешнім фактарам, на якія намякаў кіраўнік дзяржавы, Павел Калаур назваў пераразмеркаванне гандлёвых патокаў. 

«Намёк зразумеў, я гэта меў на ўвазе». — адзначыў беларускі лідар. 

Каментарый у тэму 

«Адказную палітыку мы будзем праводзіць і надалей»

Пасля даклада ў Прэзідэнта Павел Калаур сустрэўся з журналістамі. Размову пачалі з «адвечнай праблемы» — рэальнага сектара эканомікі і даступнасці крэыдтаў. Гэта пытанне пастаянна знаходзіцца ў полі зроку і ўрада, і Нацыянальнага банка. І яно абмяркоўвлася з кіраўніком дзяржавы. Павел Калаур падкрэсліў, што перад Нацыянальным банкам стаяла задача, забяспечыўшы сваю ўстойлівасць, падтрымаць рэальны сектар эканомікі ў тым ліку і праз даступнасць крэдыту. «Не менш важная задача — гэта яшчэ забяспечыць суправаджэнне знешнегандлёвых і ўнутраных здзелак. Што мы маем на гэты момант? Трэба адзначыць, што сёлета эканоміка працуе са станоўчым плацежным балансам і прадпрыемствы, краіна атрымалі за 9 месяцаў 2.1 мільярда дадатковай выручкі, якая прадпрыемствамі была выкарыстана часткова для пагашэння знешніх крэдыторскай запазычанасці, часткова для пагашэння крэдытаў беларускіх банкаў у замежнай валюце. Склалася нядрэнная рэнтабельнасць у рэальным сектары эканомікі, недзе на чыстай аснове 12,5 мільярдаў рублёў прыбытку. І гэта таксама дазволіла прадпрыемствам вырашаць свае праблемы самастойна. Такім чынам, мы маем вельмі пазітыўную сітуацыю, калі плацежаздольны попыт, асабліва ў беларускіх рублях, задавальняецца банкаўскай сістэмай, а крэдыты ў замежнай валюце скарацілі, што, уласна кажучы, вельмі пазітыўна. З пункту гледжання выкарыстання або доступу да крэдытаў пытанняў у плацежаздольных прадпрыемстваў няма», — расказаў Павел Калаур. Ён падкрэсліў, што сітуацыя патрабавала, каб былі павялічаны працэнтныя стаўкі па дэпазітах. Адпаведна, па крэдытах гэта важна, каб захоўваўся ашчадны працэс. Банкаўскай сістэмай гэта было забяспечана. 

Што да інфляцыі, то старшыня праўлення Нацыянальнага банка, расказаў, што прымаюцца ўсе меры, каб інфляцыя зніжалася. «Прагнозы аптымістычныя, мы чакаем, што мы прайшлі пік высокай інфляцыі і паступова будзе запавольвацца. Адпаведна будзе працягнуты працэс зніжэння ставак па крэдытах. Ды і ўсё гэта ў сукупнасці стварае нармальныя ўмовы для рэальнага сектара эканомікі па даступнасці крэдытаў», — адзначыў ён.

Кажучы пра стратэгію Нацыянальнага банка на бліжэйшы час, Павел Каллаўр падкрэсліў, што Нацыянальны банк, іншыя банкі і ў цэлым банкаўская сістэмы паводзяць сябе прафесійнага і вельмі адказна: «І гэта вы можна ацаніць і па тых выніках, якія мы маем, ў частцы грашова-крэдытнага рынку і валютнага рынку. І як я ўжо адзначаў, дапамогі прадпрыемствам па адаптацыі да няпростых умоваў. Безумоўна, гэтую адказную палітыку мы будзем праводзіць і надалей, забяспечваючы і цэнавую стабільнасць, і фінансавую стабільнасць і тым самым садзейнічаючы эканамічнаму развіццю краіны і ў выніку росту дабрабыту нашых людзей».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.