Вы тут

Як утвараецца і дзе здабываецца мінеральная вада ў Беларусі


Натуральнай мінеральнай вадой лічыцца напой, здабыты з афіцыйна зарэгістраваных крыніц, а такіх радовішчаў у Беларусі 246 (самыя буйныя — у Нарачы, Рагачове, Бабруйску, Ждановічах, Ушачах, Горвалі, Летцах, Наваельні, Белым Беразе і возеры Белае) і мае вялікі запас прыродных мінералаў і мікраэлементаў. Газіраваная ж вада — насычаны вуглякіслым газам напой, аднак яна не з'яўляецца мінеральнай, хоць у ёй і могуць утрымлівацца мінералы і мікраэлементы. Аднак яны дадаюцца туды штучна, таму не засвойваюцца арганізмам, сведчаць эксперты Інстытута геалогіі.


Фота: pixabay.com

Для піцця і басейнаў

Спецыялісты кажуць, што ў мінеральную ператварылася дажджавая вада, якая прасочвалася пад зямлю скрозь слаі горных парод. Пры гэтым яна растварала соль, кальцый, магній, калій, хлор і серу, якія забірала з сабой. Так і з'явілася прыродная мінералка. Унікальнасць айчыннай мінеральнай вады ў шырокім дыяпазоне лячэбных параметраў: мінералізацыя ад 1 і менш да 35 г/дм3. Вада з высокім утрыманнем мінеральных рэчываў актыўна прымяняецца ў бальнеатэрапіі. Карысная яна для тых, хто мае захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарату, неўралагічныя і страўнікавыя праблемы.

— Аднясенне мінеральных водаў да лячэбных адбываецца на падставе бальнеалагічнага заключэння аб іх складзе і лячэбным прызначэнні, якое выдаецца ўпаўнаважаным органам Міністэрства аховы здароўя, — падзяліўся Анатоль Сільчанка, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (ЦНДІКВВР). — А выбар і асваенне радовішчаў падземных мінеральных водаў адбываецца згодна з ТКП 17.04-20-2010 Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Нетры. Правілы распрацоўкі і аховы радовішчаў падземных мінеральных лячэбных водаў. Па агульных характарыстыках мінералізацыі вада падзяляецца на ваду малой, сярэдняй і высокай мінералізацыі, расольныя воды і моцныя расолы.

Для лячэння ваду п'юць (напой павінен быць 38-40 градусаў і ўжывацца невялікімі порцыямі — па 100—200 мл тройчы на дзень) або прымаюць мінеральныя ванны ў санаторыях. Злоўжываць мінаралкай няварта, бо праз вялікую насычанасць соллю напой можа даць адваротны эфект, так што лячыцца такой вадой неабходна пад назіраннем урача, кажуць медыкі. Здаровым людзям лепш ужываць звычайную сталовую мінеральную ваду, якая прадаецца ў крамах.

Абмежаванне на здабычу і забарона на страту

Здабываюць мінеральную ваду са свідравін глыбінёй ад 150 да 1500 метраў. Штодня дастаткова атрымліваць 200—500 м3. Па сваім складзе прыродная мінералка падзяляецца на шэсць гідрагеахімічных класаў: гідракарбанатна-хларыдныя, гідракарбанатна-сульфатныя, сульфатныя, сульфатна-хларыдныя, хларыдныя, хларыдна-сульфатныя. Геалагічная разнастайнасць айчыннай мінералкі таксама дадае ёй унікальнасці. У Беларусі сустракаюцца рэдкія разнавіднасці: ёдныя, бромныя, борныя, жалезістыя, крамяністыя воды і воды з высокім утрыманнем арганічных рэчываў, падкрэсліваюць эксперты.

Самая багатая па запасах гэтага напою ў краіне вобласць — Віцебская, а здабываюць мінералкі больш за ўсё на Гомельшчыне. Пры гэтым своеасаблівай мінеральнай сталіцай лічыцца Мінск, а мінеральны запас краіны ацэньваецца ў 62134,27 м3/сут.

— Водападрыхтоўка здабытых мінеральных лячэбных водаў перад ужываннем, як правіла, патрабуецца толькі для зніжэння мутнасці вады або змяншэння яе засмечанасці суспензіраванымі рэчывамі з прычыны дэфектаў водазаборных свідравін, — растлумачыў спецыяліст.

Усе радовішчы мінералкі, што распрацоўваюцца, неабходна засцерагаць ад магчымага забруджвання і вычарпання. Для гэтага ўстанаўліваецца акруга і зоны санітарнай аховы, у межах якіх забаронены ўсякія работы, якія забруджваюць глебу, ваду і паветра ды наносяць урон лясам.

Мінеральная вада здабываецца ў парадку спецыяльнага водакарыстання, а перавышэнне вызначаных нормаў яе здабычы не дапускаецца.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?