Вы тут

Ці можна назаўсёды вылечыць артэрыяльную гіпертэнзію?


Паводле даных СААЗ, гіпертанія маецца ў больш чым мільярда чалавек у свеце. Але лячэнне атрымлівае толькі кожны дзясяты гіпертонік, а 2/5 нават не ведаюць аб сваім дыягназе. Аб наступствах такой бестурботнасці, а таксама пра тое, ці можна вылечыць высокі ціск і ці ёсць ад яго ўніверсальны сродак, мы даведаліся ад спецыялістаў РНПЦ «Кардыялогія».


Фота: pixabay.com.

Колькі беларусаў мае высокі ціск?

Артэрыяльная гіпертанія застаецца адным з самых распаўсюджаных кардыялагічных захворванняў. Як расказала вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі РНПЦ «Кардыялогія» Марыя Лівенцава, даследаванне STEPS, якое праводзілася ў тым ліку і ў нашай краіне двойчы, паказала, што ў 2020-м яе мелі 30,8 % беларусаў (у 2016-м — 44,9 %). Адбылося пэўнае змяншэнне.

Таксама высветлілася, што сярэдняе значэнне артэрыяльнага ціску сярод тых, хто прымае антыгіпертэнзіўнае лячэнне, таксама знізілася. Калі ў 2016 годзе яго ўзровень быў каля 135/85 мм рт. сл., то ў 2020-м — менш за 130/82 мм рт. сл.

— І самая радасная навіна, што зменшылася доля асоб з павышаным артэрыяльным ціскам, якія не прымаюць антыгіпертэнзіўныя прэпараты. У 2016-м такіх асоб было 53,5 %, а ў 2020-м — 41,5 %. Гэта тое, чаго мы дабіваемся, бо дасягненне мэтавага ціску ніжэй за 140/90 мм рт. сл. зніжае рызыку ўскладненняў, звязаных з артэрыяльнай гіпертэнзіяй.

Адначасова ёсць і сумныя навіны: захваральнасць на артэрыяльную гіпертэнзію сярод беларусаў штогод павялічваецца. Калі ў 2009 годзе яна складала 9100 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, то ў 2021-м — ужо 13 452 чалавекі. Гэта звязана і з некаторымі выклікамі, перш за ўсё COVІD-19. Сярод ускладненняў пасля перанесенага COVІD-19 артэрыяльная гіпертэнзія лідзіруе. І, як прагназуюць спецыялісты, гэтай паталогіі яшчэ будзе шмат.

Летась у Беларусі было зарэгістравана больш за 2 мільёны 208 тысяч пацыентаў з артэрыяльнай гіпертэнзіяй.

— Самае непрыемнае, што ў структуры ўпершыню выяўленых выпадкаў захворвання на артэрыяльную гіпертэнзію большую частку займаюць ускладненыя формы, — адзначае Марыя Лівенцава. — Гэта наяўнасць ішэмічнай хваробы сэрца ці цэрэбраваскулярныя захворванні (ішэмічны ці гемарагічны інсульт, транзіторная ішэмічная атака). Колькасць памерлых ад ішэмічнай хваробы сэрца людзей, якія мелі ў сваім анамнезе артэрыяльную гіпертэнзію, складае больш за 84 %, а памерлых ад цэрэбраваскулярных паталогій — амаль 84 %.

Калі ціск нармалізаваўся, ці можна спыняць прыём лекаў?

Артэрыяльная гіпертэнзія патрабуе пастаяннага прыёму медыкаментаў.

— Дадзеная выснова была зроблена ў выніку вялікіх шматцэнтравых даследаванняў, якія пачаліся ў 70-я гады мінулага стагоддзя, — кажа вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі РНПЦ «Кардыялогія» Таццяна Нячэсава. —Удзельнічалі дзве групы, дзе адна прымала існуючыя прэпараты для зніжэння ціску, а іншая — плацэба, бо ў канцы 1970-х не было дакладных высноў: трэба лячыць павышаны ціск ці не? Дзякуючы даследаванням, у якіх удзельнічала больш за 20-30 тысяч пацыентаў, была атрымана адназначная выснова: лячэнне артэрыяльнай гіпертэнзіі дакладна прыводзіць да зніжэння колькасці выпадкаў парушэнняў мазгавога кровазвароту, інфаркту міякарда і смяротнасці. Былі створаны эфектыўныя прэпараты (іх пяць груп), якія мы маглі прызначаць.

Таццяна Нячэсава дадае: у той час здавалася, што эпідэмія артэрыяльнай гіпертаніі не перасягне ХХІ стагоддзе, але гэтыя чаканні аказаліся невыканальнымі. І прыводзіць лічбы, агучаныя на міжнародным кангрэсе кардыёлагаў, якія паказваюць, як змянілася сітуацыя па артэрыяльнай гіпертэнзіі з 1990-га да 2019-га. У аналіз былі ўключаны краіны Азіяцкага, Афрыканскага, Амерыканскага, Лацінаамерыканскага і Еўрапейскага рэгіёнаў. Высветлілася, што прымаюць прэпараты толькі 38 % мужчын і 47 % жанчын, а кантроль артэрыяльнага ціску ў 2019 годзе ажыццяўлялі ўсяго 23 % жанчын і 18 % мужчын. Тым часам СААЗ прыводзіць такі факт, што калі 70 % насельніцтва будзе кантраляваць ціск, гэта адтэрмінуе 39 мільёнаў смерцяў.

— Сёння ў нашай краіне фармацэўтычныя прэпараты прадстаўлены ў такім аб'ёме, што кожнаму пацыенту мы можам падабраць найбольш эфектыўны. Самае галоўнае — высокая прыхільнасць да лячэння. Дапускаецца адна распаўсюджаная памылка: ціск пры неўскладненай гіпертаніі можна знізіць хутка, і калі людзі дасягаюць мэтавага ўзроўню — ніжэй 140/90, а пры добрай пераноснасці і 130/80, яны лічаць, што сваё захворванне перамаглі. Але гэта не пнеўманія, калі здымак добры, хрыпаў няма, значыць, вылечыўся. Пнеўманія — вострае захворванне, а артэрыяльная гіпертэнзія — хранічнае, — падкрэслівае Таццяна Нячэсава.

Вучоныя даказалі: калі пацыент не лечыцца, рызыка сур'ёзных сардэчна-сасудзістых ускладненняў складае 48 %. Калі лечыцца нерэгулярна — 35 %. Калі вы палячыліся, а потым кінулі прыём прэпаратаў, то наносіце такую ж шкоду свайму арганізму, быццам бы не лячыліся ніколі. Таму артэрыяльная гіпертэнзія патрабуе пастаяннага прыёму прэпаратаў пад кантролем урача і самакантролем артэрыяльнага ціску.

Ці можна назаўсёды вылечыць артэрыяльную гіпертэнзію?

— Яшчэ няма ніводнага вучонага ці доктара, які б сказаў, што вось я вылечыў вялікую групу пацыентаў. На жаль, калі мы адмяняем гіпатэнзіўныя прэпараты, высокі ціск вяртаецца. І вельмі часта гэта з'яўляецца прычынай гіпертанічных крызаў. Гэта не азначае, што калі вам прызначылі прэпарат у пэўнай дазіроўцы, вы будзеце ўсё жыццё яго прымаць. Калі ціск змяншаецца, мы змяншаем дозу гіпатэнзіўных прэпаратаў. А яшчэ лепш, калі гэта замацавана зменай спосабу жыцця. Вы знаходзіцеся на невялікіх дозах прэпарату, але працягваеце яго прымаць, — удакладняе Таццяна Нячэсава.

Ці можа лад жыцця зменшыць ціск?

Гэта сапраўды так. Калі прыбраць неспрыяльныя фактары, ціск можа нармалізавацца, але рабіць тое варта як мага раней. Да фактараў рызыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі адносяцца нездаровае харчаванне, недахоп фізічнай актыўнасці, злоўжыванне алкаголем і тытунём. Яшчэ адзін фактар — празмернае ўжыванне солі. Яе змяншэнне ў апрацаваных харчовых прадуктах, а таксама зніжэнне і замена гідрагенізаваных тлушчаў на поліненасычаныя тлушчы адыгрывае вялікую ролю ў прафілактыцы.

Дарэчы, калі абмежаваць ужыванне солі, амаль 40 мільёнаў смерцяў у свеце, паводле даных СААЗ, будзе адтэрмінавана.

Таму для кожнага, хто не хоча «зарабіць» артэрыяльную гіпертэнзію, важна памятаць простыя правілы. Абмяжоўваць соль да пяці грамаў у суткі і менш, адмовіцца ад курэння, абмежаваць алкаголь,рэгулярна мець аэробныя фізічныя нагрузкі каля 150 мінут у тыдзень сярэдняй інтэнсіўнасці ці 75 мінут высокай інтэнсіўнасці. У рацыёне мусіць прысутнічаць значная колькасць свежай гародніны і фруктаў, рыбы, арэхаў, поліненасычаных тлустых кіслот у выглядзе аліўкавага алею, таксама варта знізіць ужыванне чырвонага мяса. Важна сачыць за індэксам масы цела, які не павінен перавышаць 20-25 кг на кв. м. У мужчын талія мусіць быць менш за 94 см, у жанчын — менш за 80.

Ці неабходна з высокім ціскам пазбягаць фізічных нагрузак і стрэсу?

— Варта раздзяляць фізічныя і псіхаэмацыянальныя нагрузкі, — кажа Марыя Лівенцава. — Псіхаэмацыянальныя нагрузкі — гэта дрэнна, яны могуць выклікаць як кароткачасовае павышэнне артэрыяльнага ціску, так і фарміраванне ачага ўзбуджэння ў цэнтральнай нервовай сістэме, які будзе садзейнічаць прагрэсіраванню артэрыяльнай гіпертэнзіі, калі яна ўжо ёсць. Такіх нагрузак па магчымасці варта пазбегнуць.

А вось з фізічнымі нагрузкамі іншая гісторыя. Дынамічныя фізічныя нагрузкі — хадзьба, язда на веласіпедзе, плаванне — для пацыента з артэрыяльнай гіпертэнзіяй вельмі карысныя. Яны садзейнічаюць расшырэнню перыферычных сасудаў, зніжэнню іх супраціўлення, а значыць, зніжэнню артэрыяльнага ціску. Існаваў нават метад велатрэніровак, калі яна пачыналася з высокім ціскам, а праз 20 хвілін правільнай нагрузкі ціск дасягаў нармальных лічбаў.

— Што датычыцца статычных нагрузак, то для пацыента з гіпертаніяй яны некарысныя, бо адным з фактараў рызыкі развіцця ўскладнення пры гіпертаніі з'яўляецца гіпертрафія (павелічэнне) левага жалудачка. А любыя статычныя нагрузкі садзейнічаюць павелічэнню нашай сардэчнай мышцы ў аб'ёме. Вялікае сэрца добрае толькі ў паэзіі, а ў нашых пацыентаў — не, — кажа Марыя Лівенцава.

Хто ў групе рызыкі?

Як адзначаюць спецыялісты, у Еўропе рэдка можна знайсці чалавека, у сям'і якога не было б хворых на артэрыяльную гіпертэнзію ў сувязі з яе шырокай распаўсюджанасцю. Генетычны фактар, безумоўна, адыгрывае сваю ролю, але перадаецца схільнасць да артэрыяльнай гіпертэнзіі, а не яна сама. Больш уплывае нездаровы лад жыцця. Людзі, якія ўжываюць шмат солі, мала рухаюцца, злоўжываюць алкаголем і тытунём, планамерна крочаць да артэрыяльнай гіпертэнзіі і яе ўскладненняў.

— Побач са ступенню артэрыяльнай гіпертэнзіі стаць і рызыка — там лічбы 2, 3, 4. Гэта рызыка развіцця сур'ёзных сардэчна-сасудзістых ускладненняў на працягу 10 гадоў. Вы можаце мець невысокую ступень, напрыклад першую, а рызыку — 4. У такім выпадку не варта сябе супакойваць, што ціск 146 — не вельмі высокі. Рызыка 4 сведчыць, што вам неабходна інтэнсіўна займацца сваім здароўем, у тым ліку медыкаментозным лячэннем, — тлумачыць Таццяна Нячэсава.

Ці ёсць універсальныя лекі?

У інтэрнэце іх шмат, жартуюць спецыялісты і дадаюць, што не варта давяраць такім парадам. У арсенале медыкаў ёсць эфектыўныя сродкі. Сёння фармпрамысловасць стварае камбінаваныя сродкі: вы прымаеце адну таблетку, а ў ёй тры лекавыя сродкі, якія дзейнічаюць на розныя механізмы павышэння артэрыяльнага ціску. Але самы ўніверсальны сродак — не захварэць, а для гэтага варта думаць пра здароўе з маладосці.

— Усе мамы і таты мусяць ведаць: ваша задача сачыць за тым, што калі ў дзіцяці і пачне павышацца артэрыяльны ціск, то каб гэта адбылося як мага пазней. Па-першае, назірайце за тым, чым вы яго корміце. Соль не толькі ў сальніцы, гэта гатовыя прадукты, чыпсы, арэшкі. Калі дзіця з маленства прывыкае да салёнага, у яго павышаецца парог солевай адчувальнасці, і вы фарміруеце няправільныя смакавыя перавагі. Па-другое, мы назіраем, што нашы падлеткі рана маюць павышаныя лічбы артэрыяльнага ціску, звязаныя з ужываннем напояў з вялікім утрыманнем фруктозы. Павышаецца ўзровень мачавой кіслаты, узнікае гіперурыкемія, якая ў падлеткаў прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску. Трэці момант — атлусценне. Такія дзеці маюць павышаны ўзровень халестэрыну. Наступны фактар — атмасфера ў сям'і і калектыве. Стрэс нікуды не падзенецца, але нельга ствараць напружаную сітуацыю вакол сябе, у сям'і, варта прывучацца кантактаваць добразычліва, не выклікаць узрыўных сітуацый, не спаганяць свой дрэнны настрой на акружэнне. Звярніце ўвагу, у колькі дзеці засынаюць. Мелатанін выпрацоўваецца да 12 гадзін ночы. Нізкі яго ўзровень — гэта не толькі павышэнне ўзроўню артэрыяльнага ціску, гэта і рызыка анкалагічных хвароб, і іншых захворванняў. Сядзенне за камп'ютарам да ночы — крок да артэрыяльнай гіпертэнзіі і не толькі, — рэзюмуе Таццяна Нячэсава.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.