Вы тут

Паназіралі за зборам журавін на найбольшай плантацыі ў Еўропе


У самым разгары збор ураджаю на незвычайных палетках адкрытага акцыянернага таварыства «Палескія журавіны». Гэтыя ягады нездарма называюць чырвоным золатам Палесся. Багатую на вітаміны і мікраэлементы прадукцыю ўжо чакаюць айчынныя і замежныя спажыўцы. Прадпрыемства знаходзіцца ля вёскі Селішча Пінскага раёна. Журавіны тут вырошчваюць на плошчы, якая перавышае 80 гектараў. Гэта, дарэчы, найбольшая плантацыя ў Еўропе. 


Тут зусім не балоцістыя мясціны, як мяркуюць недасведчаныя людзі. Пасля правядзення меліярацыі зямля ўяўляе сабой звычайныя сельгасугоддзі. Журавіны растуць участкамі, агароджанымі невялікімі землянымі насыпамі. Гэтыя ўчасткі-грады называюць чэкамі. Працаўнікі гаспадаркі клапоцяцца пра ягады круглы год, расліны падкормліваюць, абараняюць ад пустазелля. Па чэках ходзяць тэхніка і людзі. 

Адзіная асаблівасць журвінавых палеткаў заключаецца ў тым, што яны акружаны па перыметры каналамі. І вось калі прыходзіць пара збіраць ураджай, узровень вады рэгулююць шлюзамі. Вада паступова паднімаецца і залівае плантацыі. Гэта робіцца толькі для таго, каб зрабіць магчымым механізаваны збор ягад. У поле выходзяць трактары. Спецыяльным механізмам, які аддалена нагадвае лопасці млына, яны боўтаюць ваду, узбагачаюць яе паветрам. Пасля гэтага ягады ўсплываюць на паверхню. Потым работнікі заходзяць у ваду і зганяюць уручную ягады пантонамі да транспарцёраў. Далей тэхніка збірае і загружае ягады ў транспарцёр. Сабраны ўраджай вязуць на сарціроўку, каб потым адправіць журавіны на замарозку альбо рэалізацыю ў свежым выглядзе. 

Насамрэч гэты відовішчны працэс даволі цяжкі і складаны, спалучэнне ручной і механічнай часткі работы павінна быць дакладным, а механіка працаваць без збояў. 

Частка ягад у «Палескіх журавінах» збіраецца ўручную. На збор запрашаюць сезонных работнікаў. Для людзей гэта добрая нагода папоўніць бюджэт, для прадпрыемства — выгада. Журавіны, якія сабраны сухім спосабам, цэняцца вышэй, ідуць на экспарт. 

Яна СВЕТАВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.