Вы тут

На «Беларусь 3» адсвяткуюць юбілеі Папанава і Елізар'ева


Па-сапраўднаму таленавітых людзей любяць і памятаюць заўсёды. А ўсё таму, што іх светлы след ад створанага ў культуры застаецца і заўважны — як пры жыцці, так і пасля яго. Фільмы любімых акцёраў і рэжысёраў мы пераглядаем, кнігі любімых аўтараў перачытваем і ходзім на спектаклі, пастаўленыя па гэтых творах. Калі ж не атрымліваецца трапіць на «спатканне» з любімымі творцамі, то зрабіць гэта можна і ў тэлеэфіры. Так, у найбліжэйшыя дні на тэлеканале «Беларусь 3» нас чакае шэраг праграм, прэм'ер і мастацкіх кінастужак з нагоды юбілейных дат класікаў кіно, тэатра і літаратуры.


Напрыклад, 31 кастрычніка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння савецкага акцёра тэатра і кіно, народнага артыста СССР Анатоля Папанава.

З нагоды святочнай даты ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» пакажуць мастацкі фільм «Бацькі і дзяды» (1982 г) рэжысёра Юрыя Ягорава.

Лірычная камедыя распавядае нам гісторыю сям'і Лукавых праз узаемаадносіны трох яе пакаленняў — дзеда, сына і ўнука. Лукаў-старэйшы, хоць і без пяці хвілін на пенсіі, але чалавек энергічны і жыццялюбны. Ён мае дарослага сына, рашучую і актыўную нявестку і падрастаючага ўнука. З імі жыве ў адной кватэры, а яны ў сваю чаргу не перастаюць пераконваць нашага героя, што цяпер ён патрыярх, дзед, якому варта ўжо забыць пра мары, развагі і хоць нейкую там будучыню. Аднак Лукава-старэйшага такая перспектыва зусім не прываблівае. І ён вырашае ўсім паказаць, што хоць і мае сівізну ў валасах, але на сабе і сваім асабістым жыцці крыж ставіць яму яшчэ рана. Тут і пачынаецца дзейнасць мужчыны, каб давесці тым, хто побач, што калі ён захоча, то зможа ўсё... Нават ажаніцца.

У кінафільме Анатоль Папанаў зняўся ў галоўнай ролі. Кінастужку глядзіце 29 кастрычніка ў вячэрнім эфіры альбо 30 днём на сацыякультурным. А непасрэдна ў сам дзень нараджэння, у панядзелак, нас чакае паказ мастацкага фільма «Халоднае лета пяцьдзясят трэцяга...» (1987 г.), дзе Анатоль Папанаў таксама выконвае галоўную ролю.

Драма рэжысёра Аляксандра Прошкіна стала апошняй кінаработай вялікага артыста.

Згадаюць акцёра і на канале «Культура», дзе на наступным тыдні пакажуць чатырохсерыйны фільм «12 крэслаў» з яго ўдзелам. Там таксама пакажуць дакументальны фільм пра Анатоля Дзмітрыевіча «Больш чым каханне».

Акрамя гэтага, 30 кастрычніка будзе святкаваць сваё 75-годдзе беларускі балетмайстар, харэограф, педагог, народны артыст СССР Валянцін Елізар'еў. Згадаюць вялікага майстра ў праекце «Сучасны тэатр», дзе гаворка пойдзе пра балет «Рамэа і Джульета», а пасля ўбачым яго пастаноўку ў выкананні творчага калектыву Вялікага тэатра оперы і балета.

Яшчэ ўсе мы, вядома, ведаем, што сёлета святкуецца 140-годдзе класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Юбілеі вялікіх літаратараў адзначаюцца шэрагам мерапрыемстваў на працягу года.

На «Беларусь 3» у найбліжэйшую суботу гаворка пра народнага пісьменніка Якуба Коласа пойдзе ў аўтарскай праграме Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы», госцяй якой стане загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Вольга Наважылава. А з 1 да 4 лістапада ў эфіры сацыякультурнага ўбачым праект да юбілею класіка «Крочым за Коласам». У ім стваральнікі раскажуць пра тое, як працягваюць жыць творы пісьменніка ў тэатры, у кіно, чым натхняюць даследчыкаў, мастакоў, і раскрыюць невядомыя факты яго жыцця. Напрыклад, ці мог Колас хаваць вершы ў барадзе, навошта паэту былі два віды почыркаў, дзе сёлета адкрыюць да юбілею нефармальны помнік Якубу Коласу і шмат іншага.

У міжпраграмных роліках студэнты БДАМ прачытаюць любімыя вершы паэта. А навіны культуры пакажуць, як святкуюць юбілей песняра па ўсёй краіне.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».