Вы тут

Ці дапамогуць не захварэць вітаміны? Як вылечыць грып і COVІD-19, запыталі ў спецыялістаў БелМАПА


Спецыялісты адзначаюць, што ў апошнія тыдні ў Беларусі назіраецца ўстойлівае зніжэнне захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Вірусы грыпу ў краіне пакуль не выяўляюцца, а выпадкі каранавіруснай інфекцыі нячастыя. Пры гэтым навука не стаіць на месцы. Скарбонка ведаў аб тым жа COVІD-19 папаўняецца, і з'яўляюцца ўсё новыя метады лячэння і прафілактыкі, якія, хочацца спадзявацца, дазволяць перамагчы дадзеную інфекцыю. Пра іх расказалі выкладчыкі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.


Фота: pixabay.com

Вірусаў грыпу пакуль няма, каранавіруса — адзінкавыя выпадкі

Сітуацыя з рэспіраторнымі захворваннямі цяпер дастаткова аптымістычная, адзначае дацэнт кафедры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук Аксана Тонка. Дазорнае эпідэмічнае сачэнне апошніх тыдняў паказвае, што назіраецца ўстойлівае зніжэнне захваральнасці. У структуры захварэлых гэтай восенню пераважаюць дзеці, яны складаюць 60 %.

Па выніках лабараторных даследаванняў выяўлена цыркуляцыя негрыпозных рэспіраторных вірусаў. У прыватнасці, вірусаў парагрыпу, адэнавірусаў, рэспіраторна-сінцытыяльнага віруса, рынавірусаў, мета- і пнеўмавірусаў. Вірусы грыпу ў Беларусі пакуль не выяўлены.

— Аднак трэба памятаць, што працягваецца цыркуляцыя каранавіруснай інфекцыі. Мы працягваем выяўляць РНК каранавіруса. Вядома, на сёння працэнт станоўчых вынікаў у лабараторных умовах невысокі, гэта літаральна адзінкавыя выпадкі. Таксама мы бачым, што ў дзень у лабараторыі дастаўляецца невялікая колькасць проб, — кажа Аксана Тонка.

Прышчэпка ад грыпу — раз на год, ад COVІD-19 — кожныя паўгода

Спецыяліст нагадала, што працягваецца бустарная вакцынацыя супраць COVІD-19, а таксама пачалася кампанія вакцынацыі супраць грыпу. Ад апошняга ў сёлетнім сезоне прапанаваны дзве вакцыны: трохвалентная «Грыпол Плюс» расійскай вытворчасці і чатырохвалентная «Ваксігрып Тэтра» французскай вытворчасці. Першай прышчапляюць бясплатна, другой — за кошт небюджэтных сродкаў. Вакцыны ўтрымліваюць актуальныя ў гэтым сезоне рэкамендаваныя СААЗ штамы, прышчапляць можна нават дзяцей, пачынаючы з шасцімесячнага ўзросту.

— У першую чаргу мы настойваем і прапануем вакцынавацца людзям з груп рызыкі. Гэта маленькія дзеці, дзеці, якія наведваюць арганізаваныя калектывы, знаходзяцца ў закрытых калектывах, дзеці і дарослыя, якія маюць хранічныя і спадарожныя хваробы, людзі, якія маюць высокую рызыку заражэння — медработнікі, людзі, якія забяспечваюць бяспеку ў дзяржаве, а таксама людзі старэйшыя, за 65 гадоў. Канец кастрычніка — пачатак лістапада — самы час, каб сфарміраваць імунітэт і засцерагчы сябе ў бягучым сезоне ад грыпу, — дадала Аксана Тонка.

Поўны курс вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі ў нашай краіне завяршыла 6,5 мільёна чалавек, гэта каля 71 % насельніцтва. Дарэчы, СААЗ рэкамендуе дасягнуць 70-працэнтнага ахопу вакцынацыяй. Многія зрабілі і бустарныя прышчэпкі.

— Арыентавацца варта на тое, што супраць COVІD-19 трэба прайсці курс вакцынацыі з дзвюх прышчэпак, затым кожныя паўгода рабіць бустарную прышчэпку. Ад грыпу варта прышчапляцца штогод, бо кожны год вакцыны мяняюцца і іх дзеяння хапае дзесьці на 12 месяцаў, — тлумачыць Аксана Тонка. — Калі ў вас на сёння падышоў час шасці месяцаў ці прайшло больш за чатыры з папярэдняй вакцынацыі, ёсць магчымасць, прыйшоўшы ў паліклініку, адначасова зрабіць вакцынацыю як ад грыпу, так і ад каранавіруснай інфекцыі. Прышчэпкі робяць у адзін час, у розныя рукі, рознымі шпрыцамі, таму непакоіцца аб наступствах не варта. Калі перажываеце, можна зрабіць іх з інтэрвалам у тыдзень-два.

Ці эфектыўныя тэсты на COVІD-19, зробленыя дома?

Сёння дыягностыка каранавіруснай інфекцыі магчымая ў хатніх умовах. У аптэчнай сетцы маюцца тэст-сістэмы розных вытворцаў. У першую чаргу, гэта тэсты на наяўнасць антыгена SARS-COV-2. Як сцвярджаюць спецыялісты, іх эфектыўнасць нядрэнная. Пры гэтым нагадваюць: калі пры падазрэнні на захворванне тэсціраванне ў хатніх умовах дало адмоўны рэзультат, варта ўсведамляць, што ні адзін тэст не валодае 100-працэнтнай адчувальнасцю. Таму пры захаванні клінічнай сімптаматыкі, з'яўленні новых, больш цяжкіх сімптомаў лепш звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Акрамя таго, вельмі важна праводзіць тэст у першыя гадзіны і дні захворвання, калі вірусная нагрузка найбольшая. Чым больш дзён прайшло ад пачатку захворвання, тым менш віруса ў рэспіраторных шляхах і тым меншая імавернасць, што экспрэс-тэсты спрацуюць.

Што новага ў лячэнні?

Калі яшчэ 20—25 гадоў таму лячэнне вірусаў зводзілася да сімптаматычнага, накіраванага на праявы захворвання ў канкрэтнага пацыента, то сёння ў арсенале ўрачоў усё неабходнае для ўздзеяння на сам вірус грыпу, каранавірус і іншыя. Такія прэпараты маюцца і ў аптэках. Яны не даюць вірусу размнажацца ў арганізме і наносіць урон органам і сістэмам. Адзіная важная ўмова — лячэнне мусіць пачынацца своечасова.

— Нашы пацыенты любяць пачакаць, а раптам пройдзе само, у такой сітуацыі мерапрыемствы па этыятропнай (супрацьвіруснай, — «Зв.») тэрапіі будуць запозненымі і бессэнсоўнымі, — кажа старшы выкладчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА Дзмітрый Падута. — Шэраг лекавых сродкаў супраць каранавіруснай інфекцыі, якія маюцца ў аптэчнай сетцы, прымяняецца толькі ў першыя пяць дзён, па грыпу — у першыя пяць-дзесяць дзён.

З іншага боку, тлумачыць спецыяліст, гэта не адмяняе і сімптаматычнай тэрапіі — прымянення гарачкапаніжальных, гарачага піцця, пасцельнага рэжыму, але пры ўмове прымянення супрацьвірусных прэпаратаў пералічанае спатрэбіцца ў меншай ступені.

— Мерапрыемствы па этыятропнай тэрапіі пры грыпе і каранавірусе найперш паказаны ў групах рызыкі — людзям, старэйшым за 60-65 гадоў, пацыентам з сур'ёзнымі хранічнымі хваробамі сардэчна-сасудзістай, лёгачнай сістэмы, дзецям і цяжарным жанчынам. У іх ёсць рызыка больш цяжкага ходу хваробы і абвастрэння тых праблем, якія былі і раней, — тлумачыць Дзмітрый Падута.

Ці абнаўляюцца рэкамендацыі па лячэнні COVІD-19?

Рэгламенты аказання дапамогі па меры назапашвання новых ведаў дастаткова рэгулярна абнаўляюцца. У Беларусі яны мяняліся некалькі разоў, апошні раз — мінулым летам.

— Пакуль няма падстаў мяняць рэгламент, бо ён адпавядае ўсім сусветным падыходам, у тым ліку і вядучых эканамічна развітых краін. Мы стараемся сачыць, па якіх стандартах працуюць калегі з іншых краін, і нашы рэкамендацыі адпавядаюць і эпідэмічнай абстаноўцы, і тым варыянтам віруса, якія цыркулююць, — адзначае Дзмітрый Падута.

Праз які час вакцынавацца, калі перахварэў?

Можа быць шмат варыянтаў, і іх лепш абмеркаваць са сваім урачом. У цэлым проціпаказаннем да вакцынацыі супраць грыпу з'яўляецца востры перыяд і стан гарачкі. Калі пацыент паправіўся, супрацьпаказанняў няма. Перанесенае раней захворванне (у тым ліку грып, каранавірусная інфекцыя) не з'яўляюцца супрацьпаказаннямі да вакцынацыі. Пры гэтым неабавязкова рабіць тэст на антыцелы, іх наяўнасць ці адсутнасць не азначае наяўнасці ці адсутнасці імунітэту.

Ці дапамогуць не захварэць вітаміны?

Лепш зрабіць свой рацыён разнастайным, дадаўшы ў яго больш гародніны і фруктаў. Не варта гнацца за экзатычнымі відамі, бо наш метабалізм больш настроены на мясцовыя прадукты, лічыць Дзмітрый Падута. Калі ж вы жадаеце прымаць вітаміны, то лепш выбіраць мультывітамінныя комплексы на свой густ і кашалёк.

— Калі вы захварэлі, то павінны ўсведамляць, што можаце быць небяспечнымі для навакольных. На працягу 7-10 дзён у залежнасці ад выразнасці клінічных сімптомаў варта старацца пазбягаць кантактаў, асабліва з асобамі з груп рызыкі, — нагадвае Аксана Тонка. — Для прафілактыкі рэкамендуюцца здаровае харчаванне, свежае паветра, заняткі фізкультурай. Падчас пандэміі COVІD-19 было даказана, што гэта ўплывае не толькі на наш фізічны, але і на псіхічны стан. Прычым такія мерапрыемствы больш карысныя, чым кантактаванне з сябрамі і наведванне вечарынак.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».