Вы тут

Не думайце пра белую малпу… І прычым тут інтэрнэт-сэрвісы


Кажуць, на гэтым тыдні нейкі парад зацьменняў, таму ўсё ідзе не па плане, самаадчуванне так сабе, людзі лёгка паддаюцца ўплыву розных цёмных сіл, а гэтыя самыя сілы якраз і актывізуюцца... Магчыма, менавіта гэты самы парад паўплываў на тое, што ў адзін дзень мяне па тэлефоне двойчы хацелі развесці на грошы. Адразу скажу, што не ўдалося, бо — «плавалі — ведаем». Але выпадкі настолькі паказальныя, што сто дваццаць шосты раз аб іх напішу. З мэтай, так бы мовіць, прафілактыкі.


Першы званок быў незвычайны ўжо ад пачатку. Не на вайбер, як гэта звычайна робяць махляры-»банкіры», а на сотавы нумар. Праўда, званок быў не з беларускага нумара, хаця з першага погляду можна было гэтага і не зразумець — замест «+375» высвецілася «+331». (Вось прызнайцеся шчыра: вы б звярнулі на гэта ўвагу?) Тэлефон званіў настойліва — увесь той час, пакуль я на камп'ютары высвятляла, якой краіны гэта код. Аказалася — Францыі. Божа мой, мне звоняць з самой Францыі! Зняўшы трубку, сказала «алё», стараючыся, каб яно гучала як можна больш па-французску. «Алена, добры дзень. Вас турбуюць са службы бяспекі «Прыёрбанка», — на чыстай рускай мове сказаў «француз». Стараючыся не разрагатацца ўголас, я цярпліва выслухала, што да майго рахунку ў банку (якога, заўважу, у мяне ніколі не было), дабраліся махляры, і таму трэба як мага хутчэй гэты рахунак абараніць. Для гэтага неабходна зусім няшмат — паведаміць інфармацыю з карткі (якой таксама ў мяне, зразумела, няма)... «Я зараз дастану картку і ўсё вам прадыктую, толькі можна пытанне?» — «Якое?» (малады чалавек быў лісліва-ветлівы, бо яшчэ не разумеў, што яму нічога не свеціць). «Як ваш банк абышоў санкцыі і адкрыў філіял у Францыі? Вы ж адтуль тэлефануеце, праўда?..» У адказ — напружанае маўчанне і літаральна праз некалькі секунд абанент адключыўся. Да гэтага эпізоду засталося толькі дадаць, што ў спісе прынятых выклікаў нумара не аказалася. Карацей, калі б павялася на развод, доказнай базы, нават такой хліпкай, як нумар, з якога званілі, не было б.

Эпізод другі. З нумарам усё было прасцей — ён беларускі і ў памяці тэлефона захаваўся. Праўда, цяпер па ім не дазваніцца — увесь час або занята, або апарат абанента недаступны. Дзяўчына з прыемным голасам, назваўшы мяне па імені, бойка пачала расказваць, што, паколькі я заказвала тавар у іх інтэрнэт-краме (дакладна магу сказаць: не заказвала), а ў іх юбілей, я апынулася ў ліку кліентаў-шчасліўчыкаў, якія выйгралі ў выпадковай латарэі падарунак. «Вам яго на той жа адрас адпраўляць?» (і называе мой адрас). «Пачакайце, вы мне лепш спачатку скажыце, колькі мне гэта будзе каштаваць?» «Ніколькі, — нават пакрыўдзілася дзяўчо. — Гэта ж падарунак. Але гэта яшчэ не ўсё. Для вас мы падрыхтавалі чатыры падарункавыя боксы са зніжкай 70 працэнтаў!» «Боксы» гучалі заманліва: хлебапечка, нейкія супер-стэрэанавушнікі, кухонны камбайн і нават вертыкальны пыласос. «Алена, які з боксаў вы выбіраеце?» Мы калісьці на псіхалогіі вучылі, што, калі да чалавека падчас размовы часта звяртацца па імені, ён больш будзе вам давяраць. Але гэта фамільярнасць ужо пачала раздражняць. Да таго ж, ведаючы па досведзе (праводзіла ўжо эксперымент, нават пісала пра гэта), што ў выніку ў «боксе» акажацца штосьці вельмі нізкай якасці па завоблачнай цане, я ветліва сказала дзяўчыне, што нічога з цуду-тэхнікі мне не патрэбна. «Тады... тады... — дзяўчо ліхаманкава шукала выйсце, — тады можа вас зацікавіць яшчэ вайфай-камера!» — «Ну, і навошта, па-вашаму, яна мне патрэбна?» — «Ну, калі ў вас ёсць прыватны дом, вы можаце на адлегласці назіраць, што там адбываецца...» — «Дом у мяне ёсць, але там няма інтэрнэту...» — «Зразумела. Тады выбачайце, да пабачэння» — «Э, а як жа мой падарунак?» У адказ — цішыня. Абанент адключыўся...

Я пішу пра гэта так падрабязна і не першы раз не дзеля таго, каб пахваліцца, як тролю тых, хто шукае лёгкіх і часцей за ўсё незаконных грошай. Проста пра гэта трэба пісаць і гаварыць пастаянна, бо махляры кожны раз выдумляюць штосьці новае, а беларусы ўвогуле людзі даверлівыя. І неяк жа няёмка казаць чалавеку нават па тэлефоне, што ён — махляр, праўда? Тым больш што чалавек вельмі ветліва клапоціцца аб абароне вашых грошай або прапануе вам нейкі надзвычай патрэбны тавар па незвычайна выгаднай цане. Але любы падобны званок будзе з непрыемнымі наступствамі не для кагосьці — для вас, і за сваю няёмкасць вы будзеце расплачвацца не чыімісьці — сваімі грашыма. Толькі так — без варыянтаў. І вінаватых хутчэй за ўсё не будзе, акрамя вас саміх. Адзіны пазітыўны момант — пра вас напішуць у зводках здарэнняў або, калі пашанцуе, пакажуць па тэлевізары як чарговую ахвяру махляроў. А яно вам трэба?

Тут яшчэ адзін важны момант. Дураць (ці спрабуюць абдурыць) не толькі бабуль, якім па дамашнім тэлефоне расказваюць пра ўнучку, што трапіла ў аварыю. У абодвух апісаных вышэй выпадках не абышлося без яго вялікасці інтэрнэту — аднекуль жа ведаюць мой адрас, нумар, імя. Адкуль? Ды вельмі проста. Калі мы заказваем штосьці праз сеціва — няважна што: піцу або білет на самалёт — мы ж пакідаем свае даныя. А дзе гарантыя, што яны будуць захоўвацца там, куды мы іх адправілі? Праўда, адносна нядаўна з'явіўся ў заказах такі пункт, як згода заказчыка на апрацоўку яго персанальных даных. Але ўся фішка ў тым, што калі ты не згодны — не паставіў «птушачку» ў пэўнай клетачцы — заказ не аформіцца. Так што атрымліваецца без варыянтаў: або ты карыстаешся ўсімі дабротамі прагрэсу і заўсёды павінен быць маральна гатовы да таго, што табе пазвоняць па тваім асабістым нумары са «службы бяспекі банка», назавуць цябе па імені і паспрабуюць выцягнуць у цябе грошы, або ты ўвогуле забываешся аб такім паняцці, як інтэрнэт-сервіс. Але хто на апошняе, акрамя згаданых бабуль, сёння пагодзіцца?

Ёсць такі псіхалагічны прыём: калі чалавеку сказаць, каб ён не думаў пра белую малпу, ён абавязкова будзе пра яе думаць. Хаця, калі б не сказалі, ніколі б у жыцці не падумаў. Дык вось: не думайце, што вас могуць абдурыць. Не думайце. Не думайце...

А раптам камусьці дапаможа?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.