Вы тут

Бачыць унутраным зрокам… Дар’я Дарошка пра жыццёвы і творчы шлях


Таццяна Чараухіна вядома ў Гомелі і далёка за яго межамі пад псеўданімам Дар’я Дарошка. Знаёмы з ёй і чытачы «ЛіМа» па паэтычных публікацыях. Лірычная гераіня Дар’і — датклівая, тонкая, кранальная, чулая асоба. Гледзячы на фота паэтэсы, дзе яна — маладая і прыгожая — у вялікіх цёмных акулярах, — міжволі падумаеш: гэты аксесуар — даніна модзе... Насамрэч Дар’я страціла зрок, але гэта не стала перашкодай для творчасці. Сёння размова пра тое, што, як бы ні складваўся лёс, заўжды можна ўзняцца над няпростымі абставінамі...


— Дар’я, раскажыце, як захапленне тэатрам прыйшло ў ваша жыццё.

— З дзяцінства любіла глядзець фільмы, тэлеспектаклі, слухаць радыёспектаклі — паступова ўзнікла жаданне і самой паспрабаваць сябе ў акцёрскім майстэрстве, адчуць, што гэта такое — быць на сцэне. Маці прывяла мяне ў гарадскі цэнтр культуры — мне тады было 8 гадоў. Трохі выступала там, потым — у іншых тэатральных гуртках. З трынаццаці гадоў наведвала драмтэатры — па чатыры-пяць разоў глядзела кожную пастаноўку. Увесь рэпертуар ведала на памяць, многія моманты прадбачыла. Былі і любімыя акцёры. Але паступаць вучыцца на актрысу не насмелілася — пайшла ў медыцыну. Адпрацаваўшы колькі часу медыцынскай сястрой, паступіла на філфак... Ды ўвесь час лавіла сябе на тым, што жаданне тое даўняе «свярбіць», не знікае. У рэшце рэшт пагрукалася ў тэатр лялек: прайшла кастынг і стала там працаваць, што працягвалася некалькі гадоў, але здароўе станавілася ўсё горш і горш... Давялося звольніцца. Уладкавалася ў бібліятэку — працаваць там было прасцей... Цяпер займаюся толькі самадзейнасцю. Працягваю наведваць гарадскія тэатры — у асноўным, слухаю пастаноўкі. Уяўлення хапае, каб усё гэта «ўбачыць» унутраным зрокам. Пра многае здагадваюся. Людзей гэта здзіўляе: маўляў, так яно і было!

— А што, на вашу думку, галоўнае ў прафесіі акцёра?

— Для мяне гэтая прафесія адна з самых цікавых. Зразумела, што такое быць акцёрам, толькі пасля сарака гадоў, ужо будучы невідушчай. Рэч у тым, што дагэтуль цяга была напаўсоннай, напалову апантанай. Ды ўрэшце прыйшло адкрыццё: на сцэне ты творыш усім сабой, наколькі можаш, усёй сваёй прыродай, арганікай. Найгалоўнейшае — наколькі дакладна табе ўдаецца перадаць тое, што хоча рэжысёр, тое, што ты сама хочаш і адчуваеш. То-бок, не толькі адчуць, але і перадаць. Каб гэта не толькі ўбачылі, але і адчулі ўсёй душой гледачы — узровень зусім іншы. 

Сцэна са спектакля «Споведзь на мяжы трылера». Фота з сайта wmeste.by

— А якая ваша гераіня? Драматычная ці больш камедыйная?

— Хаця я і працавала ў тэатры лялек, адчуваю сябе драматычнай актрысай. Вельмі люблю глыбокія псіхалагічныя ролі. У нечым нават трагедыйныя. У мяне ў спектаклі «Споведзь на мяжы трылера» ў тэатры «Інклюзіён» была роля трагічнай жанчыны: яна страціла розум, калі аслепла. Пайшла нават на забойствы, была нарка- і алказалежнай, а напрыканцы загінула... То-бок, уся гэтая гісторыя вядзе да высновы, што не трэба пакідаць чалавека сам-насам, калі з ім здараецца нешта кепскае. Люблю такія ролі... Яны дапамагаюць мне.

— Ці згодны вы з тым, што кожная жанчына ў паўсядзённым жыцці павінна быць хаця б трошачкі актрысай?

— Яно так і ёсць! Дый не толькі жанчына — мужчына таксама! А дзесьці і жывёлы: якія ўмільныя вочкі яны часам робяць, каб атрымаць ласунак! Гэта ў нашай прыродзе. У чымсьці мы як малпачкі (смяецца. — Заўв. рэд.).

— Ці дапамагае тэатр пераадолець складаныя абставіны?

— Гэта жыццё, як яно ёсць. Дзе ёсць і мая слепата, і тэатр, і вершы — вось так яно і ідзе. А справіцца з гэтым найперш дапамагаюць мой муж (у суаўтарстве з мужам, паэтам Уладзімірам Чараухіным, у Дар’і выйшлі тры зборнікі: «Не наступайце птушцы на крыло», «Альтанка» і «Маяк». — Заўв. рэд.), сябры і бацькі. Маё светаадчуванне: я сама, мае вершы, мой тэатр, мае сны, маё ўяўленне.

— Чым займаецеся цяпер?

— «Інклюзіён» паўтара года як у мінулым. Цяпер я — сярод здаровых людзей, прывучаю іх да сябе. Гэта народны тэатр «ДК «Фэст»». У мяне ролі ў звычайных спектаклях.

Вокладка кнігі «Птицы сновидений»

— Можна яшчэ на завяршэнне колькі слоў пра гісторыю вашага псеўданіма — Дар’я Дарошка? 

— Гадоў дзесяць таму зразумела, што хачу псеўданім. Паэты — людзі вельмі ўражлівыя, ранімыя. І калі цябе крытыкуюць і называюць тваім уласным імем, — гэта балюча. А калі я чытаю, напрыклад, што «спадарыня Дар’я напісала так і так, па сутнасці, яна здзейсніла паэтычнае самагубства», гэта ўжо не крыўдзіць... З дзяцінства падабалася імя Дар’я, нават кніжка была ў маленстве — «Пра нашу Дашу» — з выявай прыгожай дзяўчынкі з яблычкам у руцэ на вокладцы. Пыталася ў маці: чаму пра нашу Дашу, а не пра нашу Танюшу?  А Дарошка — дзявочае прозвішча.

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».