Вы тут

Вёску Астравок Уздзенскага раёна палілі 2 сакавіка 1944 года. Выжылі адзінкі


Вялікая Айчынная вайна пакінула страшныя сляды на беларускай зямлі. Яна дагэтуль нагадвае аб нашым горкім мінулым абеліскамі на месцы спаленых вёсак. У Беларусі фашысты прымянялі метад масавага зверскага знішчэння вёсак разам з жыхарамі, называючы гэтыя акты генацыду барацьбой з партызанамі.


Помнік загінулым жыхарам вёскі Астравок.

Адной з такіх трагічных старонак нашай гісторыі з'яўляецца знішчэнне вёскі Астравок Уздзенскага раёна разам з часткай яе жыхароў.

Крывавы след батальёна

Карная акцыя пачалася раніцай. Як гэта часта бывала, немцы хацелі зацемна захапіць ўсіх жыхароў вёскі. Стаяў вясенні дзень, 2 сакавіка 1944 года, яшчэ ляжаў снег. Карнікі прыйшлі ў вёску з Узды.

Сёння ўжо дакладна вядома, што Астравок знішчылі эсэсаўцы з асобага карнага батальёна, камандзірам якога быў оберштурмбанфюрэр СС Оскар Дзірлевангер. Дзе б ні з'явіліся эсэсаўцы Дзірлевангера, усюды яны неслі смерць і жах мірным жыхарам. Трэба сказаць, што першапачаткова асноўнай функцыяй гэтага батальёна была барацьба з партызанамі. На нашу бяду, батальён на пачатку 1942 года перавялі з Польшчы ў Беларусь і па першым часе ён знаходзіўся ў Магілёве. Там ён «адзначыўся» карнымі аперацыямі супраць партызан і знішчэннем мірнага насельніцтва.

15 чэрвеня 1942 года эсэсаўцы гэтага батальёна ў адзін дзень знішчылі вёску Боркі і шэсць прылеглых пасёлкаў у Кіраўскім раёне — у агні загінула больш як дзве тысячы жыхароў. У лютым 1943 года батальён удельнічаў у карнай аперацыі «Хорнунг» і пакінуў крывавы след на Палессі. У сакавіку 1943 года батальён перавялі ў Лагойск для барацьбы з партызанамі — шматлікія вёскі Лагойшчыны былі знішчаны менавіта гэтай зондэркамандай. 22 сакавіка 1943 года карнікі батальёна разам з паліцаямі з 118 паліцэйскага батальёна ўдзельнічалі ў знішчэнні Хатыні.

Пасля таго, як эсэсаўцы Дзірлевангера панеслі вялікія страты ў баях з Чырвонай Арміяй на фронце каля Дрэтуні Віцебскай вобласці, зімой 1944 года іх накіравалі ва Узду для папаўнення — і па колькасці салдат батальён вырас да палка. У яго склад уваходзілі нямецкія браканьеры і крымінальныя злачынцы, адабраныя ў турмах, канцлагерах Германіі і накіраваныя ў гэтае асобае падраздзяленне ў якасці штрафнікоў для перавыхавання. Разам з імі туды ўваходзілі і савецкія ваеннапалонныя, якія, не вытрымаўшы голаду, холаду і суровых умоў утрымання ў канцэнтрацыйных лагерах, перайшлі на бок ворага і ўдзельнічалі ў злачынных акцыях супраць свайго народа. Гэта пацвярджаюць і сведкі злачынстваў батальёна. Хоць карнікі і былі апрануты ў нямецкую форму, але размаўлялі не толькі па-нямецку. Эсэсаўцы карнага батальёна насілі на шапках эмблему чэрапа са скрыжаванымі касцямі. Паводзіны карнікаў, якія насілі такую эмблему, выклікалі ў людзей жах.

Па сведчанні гісторыкаў, эсэсаўцы стаялі ў вёсцы Зенькавічы, зусім недалека ад Узды. Сярод іх былі і салдаты ў зеленаватага колеру форме з чэрапамі на шапках. Займаліся марадзёрствам, гвалцілі мясцовых жанчын і дзяўчат. Частка жыхароў была пераселена ў іншыя вёскі, іх хаты занялі акупанты. Падчас адступлення гэтыя дамы, а значыць, палову вёскі, яны спалілі.

Яшчэ адзін эпізод з удзелам эсэсаўцаў гэтага карнага падраздзялення адбыўся ў вёсцы Хароміцкія Уздзенскага раёна. 11 мая 1944 года эсэсаўцы Дзірлевангера акружылі вёску. Падчас карнай аперацыі ў той дзень загінулі начальнік разведкі партызанскай брыгады імя Ракасоўскага У. Ларын, яго ад'ютант Марат Казей, будучы Герой Савецкага Саюза, сувязныя Віктар Кухарэвіч і Таццяна Філіпчык з братам Георгіем. Тады ж расстралялі сям'ю мясцовага жыхара Іосіфа Ліхадзіеўскага з сямі чалавек — за тое, што ў іх знайшлі коней партызанскіх разведчыкаў. Астатніх жыхароў вёскі карнікі сабралі каля хлява з адкрытымі дзвярыма і сказалі, што за сувязь з партызанамі будзе знішчана ўся вёска. Але потым нямецкі афіцэр загадаў з кожнага двара сабраць па некалькі мяшкоў жыта, прадукты — такім чынам жыхары ўратаваліся, вёску карнікі не спалілі.

Дакументальнае сведчанне злачынства

У вёскі Астравок аказаўся зусім іншы — сумны — лёс. Няшмат з тых часоў засталося нямецкіх дакументаў, але загад па асобым палку Дзірлевангера ад 1 сакавіка 1944 года падчас карнай акцыі ў вёсцы Астравок захаваўся. З гэтага дакумента дакладна вядома, што Астравок знішчылі эсэсаўцы Дзірлевангера.

У ім сказана: «Вёска Астравок з'яўляецца відавочнай бандыцкай вёскай і на працягу 2.3. (2 сакавіка. — Заўв. «Зв.») ліквідуецца. Размешчаныя ў гарнізоне часці палка наступаюць на Астравок, канфіскуюць скаціну і сельгаспрадукты, эвакуіруюць працаздольных ва ўзросце ад 14 да 40 гадоў, ліквідуюць астаткі насельніцтва і спальваюць цалкам вёску».

Згодна з дакументам, першай роце была пастаўлена задача — канфіскаваць скаціну і сельгаспрадукты, вывезці працаздольнае насельніцтва, ліквідаваць вёску. Другая рота павінна была ахоўваць канфіскаваныя прадукты і скаціну падчас вывозу працаздольнага насельніцтва да месца пагрузкі іх на машыны. Трэцяя рота з'яўлялася рэзервам для наступлення. На чацвёртай ляжала адказнасць за ўтрыманне перапраў праз раку ў Сямёнавічы. Пятая рэзервовая рота ахоўвала Астравок на поўдні і захадзе пры адначасовым ачапленні вёскі часцямі роты. Чацвёртая рэзервовая рота пайшла ў кірунку вёскі Сямёнавічы і ўтрымлівала да падыходу наступных часцей пераправу праз раку Уса.

Прачытаўшы гэты дакумент, становіцца зразумелым, што прычына знішчэння Астраўка заключаецца ў словах «з'яўляецца відавочнай бандыцкай вёскай». Гэтага «аргумента» гітлераўцам было дастаткова, каб расправіцца з мірнымі грамадзянамі. «Бандытамі» для іх, як вынікае, з'яўляліся і жанчыны, і нават грудныя дзеці. Карнікі ехалі ў Астравок са злачынным загадам, у якім падрабязна напісалі, як знішчыць вёску з людзьмі і што каму пры гэтым рабіць. Пяць рот — каля пяцісот карнікаў — удзельнічала ў знішчэнні невялікай вёскі. У дакуменце ўказваецца, што ліквідаваць вёску загадвалася першай роце, якая складалася з немцаў-штрафнікоў і браканьераў.

У 1961 годзе праходзіла судовае расследаванне злачынстваў карнікаў з асобага батальёна Дзірлевангера. Свае паказанні давалі і жыхары знішчаных вёсак Уздзенскага раёна, якія выжылі. Цяпер гэтыя паказанні ўжо рассакрэчаны, захоўваюцца ў Нацыянальным архіве. З гэтых дакументаў вынікае, што прычын у гібелі вёскі некалькі. Відавочна, што немцы «далучылі» Астравок да партызанскіх вёсак не самі. Хтосьці даносіў ва Узду пра тое, што ў вёсцы часта бываюць партызаны і жыхары з імі звязаны. Вёска сапраўды знаходзілася ў партызанскй зоне, таму не плаціла нямецкай уладзе падаткаў — аб гэтым таксама было вядома ва Уздзе. Відаць, на падставе гэтых даносаў і прылічылі вёску да «бандыцкай».

Сведкі расказвалі, што ў той дзень, калі палілі вёску, разам з немцамі ў Астраўку быў мясцовы паліцай, які служыў пры жандармерыі ва Уздзе і ведаў усіх мясцовых людзей. Кожны дзень па вёсках, на граніцы партызанскай зоны, праязжалі разведчыкі на конях — назіралі за перамяшчэннямі немцаў. У той дзень карнікі таксама бачылі дваіх партызан, стралялі, аднаго з іх паранілі. Было гэта акурат каля Астраўка. Магчыма, гэта таксама стала адной з прычын трагедыі.

Падышоўшы да вёскі, карнікі пачалі яе акружаць. Некаторыя мясцовыя жыхары, убачыўшы гэта, паспелі ўцячы. Іншыя, хоць таксама мелі магчымасць збегчы, засталіся ў сваіх хатах — баяліся, што дамы без іх гаспадароў спаляць: фашысты заўсёды казалі аб тым, каб людзі не ўцякалі ў лес, бо пустыя хаты спаляць, а тых, хто акажацца дома, чапаць не будуць. Ні аднаго слова праўды ў гэтых словах...

Ішла чорная паласа дыму

Пра тое, што адбывалася з самага ранку ў Астраўку, расказваў жыхар Узды Уладзімір Аляксандравіч Казей, які падчас акупацыі жыў у гэтай вёсцы: «Раніцай, дзесьці а шостай гадзіне, адкрылася страляніна з аўтаматаў і кулямётаў каля вёскі Букавічы. Аказалася, у Букавічах былі партызаны, разведчыкі, якія там заначавалі. Убачыўшы немцаў, двое разведчыкаў паехалі каля рэчкі на Падсадскія, а адзін накіраваўся ў Астравок. Не даязжаючы прыкладна ста метраў да вёскі, немцы забілі пад ім каня — па гэтым партызане і была страляніна. Партызан, відаць, быў паранены, але здолеў дабегчы да Астраўка і схавацца ў хляве жыхара Жураўлёва. Потым пабаяўся, што там яго знойдуць, і перайшоў у гумно, якое стаяла наводшыбе. Гумно належала жыхару па прозвішчы Кісель. Там было шмат саломы, і ён закапаўся ў ёй да самай зямлі. Немцы яго шукалі, сляды прывялі ў гумно. Штыкамі паролі ўсю салому, але яго не знайшлі. Потым узялі вату з коўдры, запалілі і кінулі ў салому. Агню не было, толькі дыму шмат — партызану не было чым дыхаць. Ён вылез, дастаў падпаленую коўдру, кінуў на ток і патушыў, сам зноў закапаўся ў салому і там сядзеў».

Зафіксаваны прозвішчы 57 ахвяр фашысцкага генацыду. Сведкі кажуць, што іх было больш.

Калі пачалася страляніна, да сям'і Казеяў прыбег дзядзька Палікарп, брат гаспадыні, пастукаў у акно і паведаміў: «Валодзя! Немцы! Немцы ідуць!» Уладзімір Казей хутка апрануўся і разам з дзядзькам пабег у напрамку вёскі Падсадскія, адкуль з лесу назіралі, што будзе далей. Яны бачылі, як пачалі з хлявоў выводзіць кароў, людзей выганялі з хат і вялі ў канец вёскі ў напрамку Узды. Потым факеламі пачалі падпальваць дамы і хлявы — з двух бакоў вуліцы ўзнялося полымя.

«Калі немцы ўсіх сагналі каля дарогі, то перад тым, як загнаць людзей у гумно, чатыры або пяць сем'яў адпусцілі, — успамінаў Уладзімір Казей. — Немец, рыжы такі, прачытаў прозвішчы гэтых сем'яў. Немцы стаялі з двух бакоў, а пасярэдзіне прапускалі людзей гэтых. Мама мая там стаяла і тры сястры — яны крычалі і плакалі. Яны таксама вырашылі ісці з дзецьмі за гэтымі людзьмі: падумалі, можа, немец прапусціць, а не заверне назад. І дзед з імі пайшоў. Іх не спынілі. Дзед прайшоў метраў трыста, там быў камень каля дарогі, ён пасядзеў і вярнуўся назад — не мог ісці. Яго загналі ў крайнюю хату: там жанчына была хворая, не падымалася з ложка. У гэтай хаце іх расстралялі і спалілі. Астатніх сагналі ў адно гумно. У людзей стралялі — шмат гільзаў было на таку. Гумно потым спалілі».

Уладзімір Казей бачыў, як палілі яго родную вёску.

Калі карнікі пакінулі вёску, Валодзя з дзядькам прыйшлі ў Астравок. Хаты гарэлі — блізка нельга было падыйсці. Адно гумно засталося і варыўня не згарэла, з яе потым хатку сабе і зрабілі. Падышлі да гумна ў канцы вёскі, дзе людзей палілі. Адтуль чорная паласа дыму ішла — людзі яшчэ гарэлі... Як успамінаў сведка, немагчыма было дыхаць, забівала дух. Выратаваць людзей ужо было немагчыма — усе былі мёртвыя.

Да іх падышла мясцовая жанчына, якую звалі Марфа, — ёй таксама ўдалося выратавацца. Далучыўся і паранены партызан, які хаваўся ў адным з гумнаў. Некалькі сем'яў, якія знаходзіліся ў партызанскім атрадзе, прыехалі на падводах. «Узялі посцілкі чатыры чалавекі за рагі, насілі і акуратна складвалі ўсіх абгарэлых у яму, — расказваў Уладзімір Казей. — Яма там была, дзе захоўвалі бульбу, вычысцілі яе да пяску. У гэтай яме іх і пахавалі. На трэці дзень партызаны даведаліся, што сям'я мая была накіраваная ва Узду, таму выратавалася. Потым мы сустрэліся ўсе: раздзетыя, галодныя, але жывыя...»

Вось што расказвала адна з яго сясцёр Соф'я Аляксандраўна Пармон (у дзявоцтве Казей) 1933 года нараджэння, якая цудам пакінула гумно за некалькі хвілін, як яго падпалілі: «Калі нас туды сагналі, усе сталі на калені. Дзеці малыя крычаць — пачалі прасіцца выпусціць іх. Некаторых адпускалі. Мама папыталася ў аднаго, каб адпусціў з дзецьмі і яе, так ён стукнуў ёй у грудзі прыкладам. А тады бачым, што некаторыя нашы жыхары пайшлі па дарозе — іх адпусцілі. Мы звярнуліся да другога, ён махнуў рукой — паказаў, куды ісці — і мы пайшлі».

«У натоўпе — жанчыны, дзеці і старыя»

Як усё адбывалася ў той страшны сакавіцкі дзень у Астраўку, расказваюць сведкі трагедыі, якія знаходзіліся ў ачэпленай карнікамі вёсцы. Вось што паведаміла ў 1961 годзе на судовым працэсе над эсэсаўцамі Вольга Іларыёнаўна Казей (у дзявоцтве Пармон), 1912 года нараджэння: «Прыкладна ў 8—9 гадзін раніцы мы з мужам заўважылі, што шэраг нашых аднавяскоўцаў сыходзіць з вёскі ў бок суседняй вёскі Падсадскія, дзе размяшчаліся ў той час партызаны. Мой муж выйшаў на вуліцу і, вярнуўшыся ў хату, сказаў, што з боку гарадскога пасёлка Узда да нас рухаюцца тры калоны немцаў. Прычым дзве калоны ачапляюць вёску з двух бакоў, а трэцяя ідзе непасрэдна сюды. Муж прапанаваў мне ўцякаць: мы ведалі, што немцы забіралі многіх людзей і адпраўлялі на працу ў Германію. Аднак нават нягледзячы на гэта, я не пагадзілася, бо мела дваіх малалетніх дзяцей, уцячы з якімі не магла. Муж пайшоў з вёскі адзін. У хаце засталіся я з дваімі дзецьмі і старыя — бацькі мужа. Неўзабаве карнікі ачапілі вёску і сталі хадзіць па хатах. Яны выганялі са двароў скаціну, забіралі найбольш каштоўнае з маёмасці, а людзей зганялі да гумна, якое да арганізацыі калгаса належала Марфе Іванаўне Вайцэховіч, а пасля было калгаснай уласнасцю. Да мяне ў хату ўвайшлі два карнікі: адзін — немец, другі — рускі. Яны загадалі мне і старым ісці на край вёскі — да гумна. Я ўзяла дваіх дзяцей і бацьку мужа, Кандрата Казея, і пайшла, куды загадалі карнікі. Маці майго мужа, Марыя Казей, 78-гадовая жанчына, з хаты не пайшла. Выходзячы з дома, я бачыла, што іншыя карнікі выганялі з нашай адрыны скаціну, астатнія займаліся рабаваннем хатняй маёмасці. Па іншых хатах таксама хадзілі карнікі, забіралі маёмасць і скаціну, а людзей гналі да гумна. Калі я падышла туды з дзецьмі і старым, то там ужо было шмат маіх аднавяскоўцаў: старых, жанчын з дзецьмі і некалькі працаздольных. У асноўным у натоўпе, сагнаным карнікамі, былі жанчыны, дзеці і старыя. Карнікі акружылі нас шчыльным кальцом і сталі заганяць у адрыну. Бачачы, што нас збіраюцца знішчыць, я стала плакаць і прасіць аднаго з іх выпусціць мяне з акружанага натоўпу. Невядомы карнік дазволіў мне з дзецьмі і бацькам мужа, а таксама яшчэ некалькім жанчынам з дзецьмі выйсці з натоўпу — мы пайшлі ў напрамку гарпаселка Узда. Адыйшоўшы прыкладна адзін кіламетр ад вёскі, я пачула гукі стрэлаў, якія даносіліся з Астраўка, крыкі і стогны людзей, а таксама ўбачыла, што гарэла адрына, у якую былі сагнаныя людзі. Гарэла ўся вёска...»

Са слоў жанчыны, 2 сакавіка 1944 года карнікі знішчылі вёску Астравок цалкам: спалілі 71 жылы дом, будынак школы і ўсе грамадскія калгасныя пабудовы. У гумне расстралялі і спалілі 68 чалавек, сярод якіх у асноўным былі старыя, жанчыны і дзеці. Усіх загінулых мірных жыхароў пасля пахавалі ў брацкай магіле недалёка ад месца іх знішчэння. Цяпер на гэтым месцы стаіць помнік.

Соф’я Пармон пакінула гумно за некалькі хвілін да таго, як яно было падпалена.

«Плот не згарэў — абняла яго і заплакала»

Цудам засталася ў жывых яшчэ адна жыхарка вёскі, Ніна Барысаўна Міхайлоўская (у дзявоцтве Груша), 1934 года нараджэння. Гэты жудасны дзень, калі палілі Астравок, назаўжды застаўся ў яе памяці: «Мы жылі ўпяцёх: мама (Марыя яе звалі), тата і трое дзяцей. У канцы вёскі жыў наш сваяк, стрыечны брат бацькі. Мама папрасіла занесці яму малака. У мяне быў такі добры збаночак. Я ўзяла малака і панесла яму, а ён сядзіць лапці падшывае. Тут мой тата прыбягае да яго і кажа: «Чаго ты сядзіш — ужо немцы ў Астраўку». Яны пабеглі ў хвойнік, а я з гэтым збаночкам іду, і немцы мне насустрач. Спынілі і пытаюць па-руску, дзе была. Я сказала, што ў дзядзькі. Адпусцілі, і я пайшла дахаты. Суседку (Ахламіха мы яе звалі), гляджу, б'юць прыкладамі. Аказалася вось з-за чаго. Прайшоў сняжок, а гэта баба сваёй карове, якая стаяла ў канцы вёскі, цэбар везла з сечкай. Якраз трапіла паміж палазоў санак кроў — дагэтуль немцы тут партызана паранілі. Яны і падумалі, што тая партызана параненага везла — з-за гэтага і білі».

Як і ўсіх, сям'ю Ніны Міхайлоўскай таксама выгналі з хаты і пагналі да гумна. «Мы стаялі, а яны дасталі сшытак, паперу і чыталі: каму — на Узду, а каму — у гумно, — згадвала сведка. — Згодна са спісам, нам трэба было ў гумно. Там немцаў шмат стаяла з аўтаматамі, але яны потым адышлі. Некаторыя засталіся, мама казала, што гэта ўкраінцы. Яны нам паказалі рукой, каб ішлі на Узду. Так мы і выжылі. Адышлі недалёка і бачым, што гарыць вёска. Калі вярнуліся, прыйшлі сюды, толькі галавешкі былі ад хаты. Плот не згарэў — абняла яго і заплакала. Засталася ад вёскі адна хата і два гумны. Людзі, якія выйшлі, разышліся па навакольных вёсках. Потым сабраліся і пахавалі косці загінулых. Адзін чалавек кажух разаслаў і дзяцей накрыў — потым па адзежы іх пазнавалі. Кагосьці ў хаце забівалі, хто не мог хадзіць, і палілі. Памятаю, сталі ўсе на калені — і старыя бабкі, і дзеці — усе прасіліся адпусціць іх...»

Амаль усю вайну жыхары вёскі Астравок пражылі ў сваіх хатах. Калі ў полымі загінула і вёска, і большасць яе жыхароў, да вызвалення заставаліся лічаныя месяцы. Пасля вайны населены пункт адрадзіўся. Сёння на ўскрайку вёскі, каля таго месца, дзе былі спалены людзі, стаіць помнік. На чорным граніце выбіты прозвішчы 57 ахвяр фашысцкага генацыду, таксама там пахаваны 11 невядомых. У памятныя дні каля помніка збіраюцца людзі, каб ушанаваць памяць сваіх загінулых аднасяльчан.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

Фота аўтара

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.