Вы тут

Аўтагоншчык павінен быць цярплівы і стрыманы


Драйв, хуткасць, крутыя павароты, руль у руках і педаль газу — асноўныя кампаненты прафесіі аўтагоншчыка, пра якую марыў у дзяцінстве кожны другі хлапчук. Але як зрабіць, каб тая дзіцячая мара перарасла ў прафесійную дзейнасць і прыносіла не толькі задавальненне, але і развіццё, расказаў нам адзін з найлепшых аўтагоншчыкаў краіны васямнаццацігадовы Аляксей Савін.


— Аляксей, як вы сталі аўтагоншчыкам, чаму?

— Гадоў шэсць-сем таму ў брата быў дзень нараджэння, і мы вырашылі пракаціцца на багі. У мяне неяк адразу пачало гэта атрымлівацца і выклікала цікавасць, таму ўжо на свой дзень нараджэння я вырашыў паўтарыць заезд, але, паколькі багі — зімовы від спорту, мой выбар спыніўся на картынгу. Трэнер, убачыўшы, што ў мяне ўсё атрымліваецца, прапанаваў пайсці ў гэты від спорту, а я пагадзіўся. Уласна той момант і стаў пераломным у маім жыцці і даў пачатак кар'еры аўтагоншчыка. Цяпер адначасова навучаюся ва Універсітэце фізічнай культуры на спецыяльнасці «Менеджмент у спорце».

— А як паставіліся бацькі да выбару? Усё ж такі гэта дастаткова небяспечны від спорту для падлетка...

— Станоўча, бо да гэтага я практычна нічым не захапляўся. Хоць было жаданне пачаць іграць на барабанах, нават думаў аб прафесійнай стральбе ў ціры, але тыя пачынанні не ажыццявіліся. І калі ў маё жыццё прыйшоў аўтаспорт, дык бацькі, бачачы, як мне ўсё падабаецца, цалкам мяне падтрымалі. Вядома яны разумеюць, што гэта небяспечны від спорту, але што тут зробіш. (Смяецца.) Бацька практычна заўсёды ездзіць са мной на спаборніцтвы, ён у гэтым плане мая абсалютная апора і падтрымка. А мама да гэтага часу калі на гонкі з намі і прыязджае, то стараецца самі заезды не глядзець, стаіць дзе-небудзь убаку, бо ёй страшна за ўсім назіраць, і толькі ў канцы ўжо даведваецца вынікі.

— Памятаеце свае першыя гонкі?

— Вядома! Гэта быў чэмпіянат Беларусі па картынгу ў Гомелі, мне тады было гадоў трынаццаць. Памятаю, што тады яшчэ пайшоў дождж, а на мокрых трасах мне да таго моманту не даводзілася ездзіць. Гэта быў мой першы вопыт кіравання ў дрэннае надвор'е і адразу на такіх адказных спаборніцтвах. Але вынік мяне вельмі парадаваў: нягледзячы на абставіны, я заняў другое месца. Гэта было вельмі нечакана для ўсіх і, найперш, для мяне. Менавіта ў той момант зразумеў, што гэта ўжо не проста дзіцячае захапленне, што ў мяне ўсё выдатна атрымліваецца, я хачу рухацца далей і надаваць аўтаспорту больш часу, сіл і ўвагі.

— Картынг для вас быў цяжкім напрамкам аўтаспорту?

— Не скажу, што ў мяне адразу ўсё пайшло гладка. Наогул, калі я толькі пачаў займацца, у хуткім часе закінуў трэніроўкі на цэлы год. Вярнуўся назад, калі зразумеў, што моцна засумаваў па гэтай справе і набраўся сілы. Усе трэнеры казалі, што замест мяне прыйшоў быццам бы новы чалавек, поўны сіл, імкнення і жадання. У апошні год, калі займаўся картынгам, адзначыў для сябе адну цяжкасць — фізічная сіла. Многія думаюць, што ў гэтым відзе спорту няма нічога складанага, проста націскай на педалі і паварочвай руль, але не, гэта так не працуе. Калі разглядаць картынг як аўтаспорт, а не разавае захапленне, то гэта вельмі вялікія фізічныя нагрузкі.

— Ці бывалі няўдачы?

— Якіх-небудзь значных няўдач або правалаў у мяне не было. Былі гонкі, калі прыязджалі і разумелі, што асаблівых вынікаў дасягнуць не атрымаецца, у асноўным гэта еўрапейскія спаборніцтвы, бо там зусім іншы ўзровень падрыхтоўкі пілотаў (так называюць аўтагоншчыкаў), каманд, машын, і нават трасы там іншыя. Быў у маёй кар'еры выпадак, калі я проста з'ехаў з дыстанцыі. Гэта было ў 2019 годзе, я ўжо даязджаў сезон картынгу і быў стапрацэнтным чэмпіёнам, мог нават не даязджаць, але ўсё ж вырашыў гэта зрабіць. Аднак у сярэдзіне гонкі ў мяне нешта адбылося з мышцамі шыі. Працягваць гонку ў такой сітуацыі магло быць небяспечна для жыцця.

— Вы ж ужо не займаецеся картынгам?

— Так, цяпер я ўдзельнічаю ў кальцавых гонках. Пераход у гэты напрамак адбыўся ў прамежку паміж 2019-2020 гадамі. Я гартаў «Інстаграм» і ўбачыў у аднаго знаёмага афішу гонак у Расіі на LADA Granta. Гэта называецца кузаўнымі гонкамі, на вялікіх машынах, іх крыху перарабляюць і дапускаюць да заездаў на трасы, якія дасягаюць даўжыні ў пяць кіламетраў. Мяне гэта зацікавіла. У прынцыпе адразу пачало атрымлівацца, мне нават прапанавалі прыняць удзел у чэмпіянаце Расіі па кальцавых гонках, і я пагадзіўся. Першы раз аказаўся сярэднім па выніках, але другая гонка прынесла адразу другое месца, гэта зноў жа многіх прывяло ў шок. Многія спартсмены з пяцігадовым вопытам не маглі дабіцца такіх вынікаў, а ў мяне прайшоў зусім кароткі перыяд і адразу прызавое месца.

— На момант гэтых гонак вы ж былі яшчэ непаўналетнім...

— Аўтаспорт зусім ніяк не звязаны з паўналеццем або атрыманнем правоў. Нават у «Формуле-1» Макс Ферстапен выступаў у адзінаццаць гадоў. Асноўную базу кіравання мне далі заняткі картынгам. А для спартыўных спаборніцтваў на вялікіх машынах я навучыўся ездзіць гадоў у дванаццаць на трэкавых гонках. Мой трэнер па картынгу стварыў клас «Легенды СССР», там усе ездзяць на «ладах», «пяцёрках», там жа я набіраўся вопыту і нават выступаў.

— Не думалі вярнуцца назад у картынг?

— Цяпер я ўдзельнічаю толькі ў кальцавых гонках. Стаў першым у гісторыі беларускага аўтаспорту, хто падпісаў кантракт з камандай Yuka ADV Pro Racіng Team. Гэта адбылося даволі спантанна. Мы шукалі якіх-небудзь спонсараў, каб было больш магчымасцяў для майго развіцця як аўтагоншчыка, але не атрымлівалася знайсці, і ў адзін момант яны самі мне патэлефанавалі. Паколькі я не да канца разбіраюся ва ўсіх юрыдычных тонкасцях, папрасіў пагаварыць з імі свайго галоўнага памочніка — бацьку. Пасля іх размовы мы сустрэліся з камандай у Маскве і ўсё ўзгаднілі.

— Як праходзяць спаборніцтвы і як да іх рыхтуецеся?

— Як правіла яны адбываюцца на працягу чатырох дзён. Чацвер — афіцыйная трэніроўка, пятніца — трэніроўка і кваліфікацыя: даецца пятнаццаць хвілін, усе машыны аднаго класа ездзяць па трасе, хто хутчэй прыедзе, той «вышэй» стартуе ў гонцы, што дае пэўную перавагу падчас заезду. Трэці дзень — гэта першая гонка, часта нават без трэніровак, а чацвёрты — другая гонка, таму што класаў (катэгорый аўтамабіляў) шмат і ў адзін дзень усе не змяшчаюцца.

— Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, каб стаць аўтагоншчыкам?

— У першую чаргу ён павінен быць цярплівым і стрыманым. Бо пасля першай трэніроўкі ты не станеш чэмпіёнам, да ўсяго трэба ісці павольна і паступова, аддаючы сваёй мэце шмат часу, сіл і іншых укладанняў. А стрыманасць спатрэбіцца непасрэдна на саміх гонках. Любы спорт, тым больш аўтаспорт, справа вельмі непрадказальная, ніколі не ведаеш, што можа адбыцца, але ў любой сітуацыі трэба мець халодную галаву і хутка вырашаць праблему. Ну і, натуральна, павінна быць жаданне займацца аўтаспортам, трэба любіць і жыць гэтай справай.

— Многія называюць вас лепшым аўтагоншчыкам Беларусі, згодны з гэтым выказваннем?

— Не вельмі прыгожа так пра сябе казаць, але ў цэлым так, згодны. Я пілот універсальны: магу прымаць удзел у гонках на картынгу, на іншых аўтамабілях і на матацыкле, бо ў шаснаццаць гадоў атрымаў правы на яго ваджэнне, мяне нават запрашалі ў мотаспорт. Да таго ж пераможныя вынікі з гонак гавораць самі за сябе. Асабіста я больш за ўсё ганаруся перамогай у картынгу 2016 года ў Латвіі, там я заняў першае месца, таксама лічу важным дасягненнем першае месца ў шостым этапе расійскіх кальцавых гонак, якія праходзілі ў 2020 годзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. І, думаю, гэта толькі пачатак.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены героем

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.