Вы тут

Завяршыўся творчы конкурс «Адзіная краіна — адзіны народ»


«Чырвонка. Чырвоная змена» абвяшчае аб завяршэнні нашага творчага конкурсу «Адзіная краіна — адзіны народ». Сёння мы публікуем апошнюю работу чарговага саіскальніка перамогі.


Нагадаем, праект быў абвешчаны ў Год гістарычнай памяці сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. У сакавіку маладзёжны дадатак распавёў аб умовах творчага конкурсу для юных і маладых аўтараў, а затым некалькі месяцаў мы змяшчалі на яго старонках найлепшыя, па меркаванні рэдакцыйнага журы, пробы пяра.

Удзельнікам праекта прапаноўвалася выказацца на тэму патрыятызму, захавання гістарычнай памяці, унёску цяперашняга пакалення ў развіццё маладзёжнай палітыкі ў краіне і г. д. Словам, было з чаго выбраць кірунак, чым актыўна і скарысталіся нашы канкурсанты. Падвядзенне вынікаў некалькі зацягнулася, бо, як мы ўжо паведамлялі, многія творчыя работы паступілі ў самы апошні момант да даты прыняцця проб пяра. Але, паверце, яно таго каштавала!

Азнаёміцца і ацаніць творчасць нашых юных і маладых аўтараў можна ў нумарах маладзёжнага дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена» за 4 жніўня, 8 і 29 верасня, 13 кастрычніка, а таксама на сайце «Звязды» ў раздзеле «Праекты».

Цяпер жа застаецца толькі паставіць апошнюю кропку — назваць імёны пераможцаў конкурсу. Што мы і зробім у найбліжэйшым выпуску маладзёжнага дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена». Пакуль захаваем інтрыгу, але паверце: тых, хто прайграў, дакладна не будзе! У любым выпадку, незалежна ад выбару рэдакцыйнага журы, нашы аўтары атрымалі досвед, парады і падтрымку ад прафесійных журналістаў, а таксама творчыя работы ў асабістыя партфоліа, якія былі апублікаваныя ў рэспубліканскай газеце. Пагадзіцеся, гэта ўжо нямала для цяперашніх школьнікаў, асабліва тых з іх, хто збіраецца абраць прафесію журналіста. Сачыце за вынікамі конкурсу! Усім аўтарам — перамогі!


Бачу мэту — не бачу перашкод, або Які ён, рыцар ІT-фронту

Як выглядае рыцар XXІ стагоддзя? Ён не апрануты ў латы, не трымае ў руках меч ці булаву. Рыцар XXІ стагоддзя ўзброены толькі ноўтбукам. Герой маёй гісторыі — праграміст з Мазыра, 16-гадовы Эльдар Мурадаў, які перасягнуў у сваім прафесіяналізме вопытных айцішнікаў. Уявіце: хлопец нават занесены ў Рэспубліканскі банк адоранай моладзі!

Эльдар такую кнігу «праглынае» за тыдзень!

Маё знаёмства з Эльдарам здарылася спантанна і без яго ўдзелу. Як і ўсе мае аднагодкі, я ў планавым парадку праходзіў медагляд у ваенкамаце. Ніякіх думак аб сферы высокіх тэхналогій і блізка не было: галава ж забіта толькі тым, каб хутчэй атрымаць вынік. Чарговы кабінет — на гэты раз правяралі на гатоўнасць да службы маё ментальнае здароўе. Менавіта ў гэтым памяшканні я ўпершыню пачуў пра хлопца, які выдатна разбіраецца ў праграмаванні.

Шчыра зацікавіўшыся, я даволі хутка знайшоў яго і запрасіў на размову. Ужо на наступны дзень дзверы цэнтра творчасці расчыніў Эльдар — аблічча беларускага ІT. Падцягнуты хлопец у круглых акулярах бадзёра распавядаў аб сваёй працы. Рыхтуйцеся да багацця тэрмінаў, будзем разбірацца.

Эльдар пачаў захапляцца праграмаваннем вельмі рана — ажно з другога класа: «Я хацеў паспрабаваць усё: стаць пажарным, касманаўтам, вайскоўцам. Займаўся нават боксам. Але потым нешта рэзка пстрыкнула, і я ўсвядоміў, што ўмоўным касманаўтам або пажарным стаць не атрымаецца. Шукаючы цікавыя тэмы, я прыйшоў да праграмавання».

З шостага класа простае захапленне кодам перарасло ў нешта сур'ёзнае. «У 11 гадоў вывучаў платформы і мовы для праграмавання. Неяк усё закруцілася, і зараз я Mіddle.NET інжынер-праграміст», — працягвае размову Эльдар. Для даведкі: у міжнароднай ІT-сферы, як і ў любой іншай, існуе падзел кваліфікацыі работнікаў. Калі коратка, то Mіddle — гэта такая ступень прафесіяналізму, калі праграміст здольны самастойна выконваць усе пастаўленыя задачы і спакойна працаваць у камандзе.

Эльдар мае мноства ўзнагарод рэспубліканскага і міжнароднага значэння, звязаных з праграмаваннем. Напрыклад, ён узяў дыплом ІІ ступені на навукова-практычнай канферэнцыі NCTC і дыплом І ступені канферэнцыі ГрДУ імя Янкі Купалы. Хлопец стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне Computer Scіence і прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

ІT-»воін» паўтара года займаўся ў школе праграмавання Robocode, вывучаў распрацоўку гульняў з выкладчыкам Сяргеем Васільевічам Краўчуком. Менавіта ў перыяд вучобы Эльдар вырас прафесійна. Сяргей Васільевіч падкрэсліў: «Эльдар — чалавек, які не пасуе з-за цяжкасцяў. «Бачу мэту, не бачу перашкод» — яго дэвіз. У будучыні, без перабольшанняў, Эльдар стане адным з найлепшых праграмістаў Беларусі. Нават зараз яго праекты цягнуць не на рэспубліканскі, а на міжнародны ўзровень».

Я адразу зразумеў: тэрмін «праграміст» — вельмі абстрактны. Эльдар дапамог разабрацца ў пытанні: «Класіфікацыя праграмістаў даволі вялікая. Ты можаш быць, напрыклад, вэб-распрацоўшчыкам, можаш пайсці ў распрацоўку гульняў, штучнага інтэлекту і іншае. Гэта значыць, існуе вельмі шмат напрамкаў і ўсе яны з'яўляюцца праграмаваннем».

Рыцар ХХІ стагоддзя падзяліўся з намі і сваімі далейшымі планамі: «Паступаць буду ў БДУІР на спецыяльнасць «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання». Цяпер ён вучыцца ў мінскай гімназіі, дзе выкладаюць і дацэнты ФПМІ БДУ.

На пытанне аб неабходнасці вышэйшай адукацыі ці курсаў у ІT-сферы Эльдар адказаў рашуча: «вышка» абавязковая, калі ёсць магчымасць яе атрымаць. Курсы — не заўсёды панацэя. Справа ў тым, што праграмаванне — цэлая навука: алгарытмізацыя, архітэктура, структуры даных і гэтак далей. Не ведаючы хаця б адной з гэтых частак, можна сутыкнуцца з цяжкасцямі ў рабоце. Ёсць школы праграмавання, напрыклад Robocode, якія даюць выдатную базу ва ўсіх гэтых напрамках. Аднак табе давядзецца шмат чаго вучыць і самому, а гэтак жа шмат практыкавацца».

Маладыя людзі сапраўды захоплены ІT-сферай. Каб адказаць на хвалюючыя іх пытанні, мы правялі карысны бліц з нашым суразмоўнікам.

— Я часта чуў такое сцвярджэнне, што праграмістаў і так шмат, канкурэнцыя высокая і нікуды не прабіцца. Ці гэта так?

— Ведаеш, на гэта ў мяне ёсць зваротнае сцвярджэнне — чым больш праграмістаў, тым менш праграмістаў. Справа ў тым, што гэтая сфера даволі маладая, вельмі шмат у ёй навічкоў. Сярод сотні знаходзіцца ўсяго адзін дасведчаны праграміст. На фоне гэтай вялізнай масы людзей ён вылучаецца. Для прафесіяналаў багацце людзей — толькі плюс.

— Праца ў студыі ці дома?

— У студыі. Калі ў мяне будзе такі выбар, я адназначна абяру студыю. Бракуе стасункаў ўжывую з іншымі распрацоўшчыкамі.

— Ці ёсць у ІT-сферы такое творчае паняцце, як «натхненне»?

— Так. Натхненне — вельмі дзіўная штука. Часам ты не можаш заснуць, бо прыйшла новая ідэя. Адразу кажаш сам сабе нешта накшталт: «Я не засну зараз, дзе мой ноут?», а часам гадзінамі сядзіш і не разумееш, што яшчэ трэба зрабіць. Фантазія ў такія моманты ўвогуле «адпачывае».

— Што з эмацыянальным выгараннем?

— Вядома, ёсць, як і ў любой іншай прафесіі. Выгаранне — гэта праблема, якая, магчыма, будзе цябе пераследаваць. Таму што ў цябе можа нешта не атрымацца, і ты будзеш вінаваціць сябе ў тым, што ведаеш недастаткова нават у тых момантах, калі проста крыху «затупіў», гэта толькі адзін з прыкладаў прычын выгарання.

— Што падабаецца ў працы?

— Гэта не манатонны занятак. Ты кожны дзень робіш тое, што не рабіў учора (за выключэннем некаторых праектаў). Адзін дасведчаны праграміст сказаў: «Як толькі праца ператвараецца ў руціну, ты пачынаеш яе ненавідзець і выгараць».

— Дай параду праграмістам-пачаткоўцам.

— Няма нічога немагчымага. А калі нешта здаецца такім, значыць, ты нешта робіш няправільна.

...Прыемна бачыць, што ў нашай краіне ёсць такія хлопцы, як Эльдар — разумныя, працавітыя і сучасныя. Менавіта яны будуюць нашу светлую сучаснасць і будучыню, паказваюць усяму свету, што Беларусь — гэта краіна для жыцця, краіна высокіх тэхналогій!

Аляксандр ВЕСЯЛОЎ, вучань 11 класа СШ № 11 г. Мазыра.


Пра аўтара

Аляксандр чацвёрты год займаецца ў клубе «Юны журналіст» Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Мае вопыт напісання публіцыстычных матэрыялаў для розных газет, часопісаў і інтэрнэт-выданняў. Дарэчы, першым рэспубліканскім выданнем, у якім ён апублікаваўся, была менавіта «Чырвонка. Чырвоная змена».

— Мару аб прафесіі журналіста і планую паступаць у Маскоўскую ВНУ «Вышэйшая Школа Эканомікі». Самай значнай узнагародай у маім партфоліа з'яўляецца дыплом першай ступені Злёту юных журналістаў і блогераў у намінацыі «Друкаваныя СМІ», — падзяліўся 16-гадовы
аўтар.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.