Вы тут

Беларускі «Фенікс» на чарнаморскім узбярэжжы


Як нашы важатыя скаралі сэрцы расійскіх дзяцей.

«Умей паглядзець на сябе вачыма дзіцяці. Даражы даверам і беражы дзіцячыя тайны. Галоўнай каштоўнасцю для важатага з'яўляецца жыццё дзіцяці. Не дзіця — для важатага, а важаты — для дзіцяці. Не спяшайся абвінавачваць. Умей дараваць чужыя памылкі. Навучыся ўсё бачыць і штосьці не заўважаць. Калі даў слова — трымай. Шчырасць — гэта вартасць важатага. Паважай чужое меркаванне, але памятай пра сваё. Самасцвярджайся толькі за кошт павагі з боку навакольных. Шануй і прытрымлівайся традыцый свайго атрада і паважай традыцыі іншых. Прыслухоўвайся да парад навакольных. Крытыкуеш — прапануй, а прапаноўваючы — дзейнічай. Не ўмееш падпарадкоўвацца — не смей патрабаваць. Не асуджай, а абмяркоўвай. Самаўдасканальвайся і дапамагай іншым гэта рабіць. Не патрабуй ад іншых таго, чаго не можаш зрабіць сам. Паважай у дзіцяці чалавека...» Усяго маральна-этычны кодэкс важатага студэнцкага педагагічнага атрада «Фенікс» імя героя Савецкага Саюза Аляксандра Азончыка ўтрымлівае 28 пунктаў. Атрад быў створаны ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава два гады таму.


«Фенікс» і яшэ 20 педатрадаў сталі ўдзельнікамі Рэспубліканскага злёту педагагічных атрадаў, які сабраў пад Мінскам больш за 300 чалавек. Праграма маштабнага форуму была насычана разнапланавымі актыўнасцямі. Старт быў дадзены на плошчы Перамогі ў Мінску. У гэты ж дзень на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта адбылася панэльная дыскусія «Студэнцкія педагагічныя атрады: гісторыя і сучаснасць». Затым байцы педатрадаў раз'ехаліся па сталічных установах сярэдняй адукацыі для ўдзелу ў рэспубліканскім праекце «Школа актыўнага грамадзяніна».

Адна з інтэрактыўных пляцовак «Выбіраем педатрад!» была арганізавана на базе сталічнай 20-й гімназіі. Гэта месца было абрана для сустрэчы зусім невыпадкова. Справа ў тым, што ў 1990-я гады на базе тады яшчэ 176-й школы ўжо дзейнічалі педагагічныя класы. Пазней тут была ўтворана і дзейнічала некалькі гадоў інфармацыйна-педагагічная гімназія. А ў 2014 годзе менавіта з гэтай установы распачалося адраджэнне ў нашай краіне педагагічных класаў. Сёння 20-я гімназія мае статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. 10-я і 11-я гімназічныя класы маюць педагагічную накіраванасць. Прыкладна 80 працэнтаў навучэнцаў педагагічных груп абіраюць пасля заканчэння гімназіі педагагічныя спецыяльнасці. Шмат выпускнікоў вяртаюцца ў педкалектыў ужо ў якасці настаўнікаў. На момант адраджэння педагагічных класаў у калектыве працавалі дзесяць педагогаў, якія раней скончылі гэту ўстанову. Ёсць такія і сёння...

Цікава, што ў педатрадзе «Фенікс» Віцебскага дзяржуніверсітэта «чыстых педагогаў» зусім няшмат, пра што цяжка здагадацца. Калі яны дзеляцца сваім досведам, у хлопцаў і дзяўчат літаральна гараць вочы... Напрыклад, Алена ПАЛЕСНІКАВА — будучы юрыст, навучаецца цяпер у магістратуры. Лічыцца «ветэранам» атрада, бо адпрацавала два летнія працоўныя семестры па чатыры лагерныя змены кожны. Камандзір атрада Дар'я КАЗАЧЭНКА і камісар атрада Кацярына ФОФАНАВА — будучыя праграмісты, навучаюцца на факультэце матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій. Яны ў атрадзе таксама з моманту яго стварэння. Дарэчы, Дар'я ўсяго за адзін працоўны семестр вырасла са статусу выхавальніка-стажора да выхавальніка-настаўніка, даказаўшы ўсім, што не толькі вопытныя важатыя могуць мець такі высокі статус, але і навічок.

Шчыра кажучы, не ўсім даецца шанц папрацаваць у такім месцы, як Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня», і правесці лета на марскім узбярэжжы ў Краснадарскім краі. А менавіта там летам 2021 года «Фенікс» атрымаў першае «баявое хрышчэнне». «Арляня» — маштабная тэрыторыя магчымасцяў. За адну змену (21 дзень) яго выхаванцы пражываюць надзвычай насычанае жыццё, успаміны пра якое праносяць праз гады. А цяпер часткай іх успамінаў будуць і важатыя з Беларусі, якія ўжо два гады запар (з сярэдзіны мая і да канца жніўня) арганізоўваюць для іх сапраўднае свята. Напрамак атрада дзеці выбіраюць самі, у залежнасці ад мэты, з якой едуць у «Арляня». Гэта можа быць, напрыклад, турысцкі атрад, дзе яны спачатку вывучаюць тэорыю, а потым прымяняюць атрыманыя веды і навыкі ў сапраўдным паходзе. Ці творчы напрамак...

— Важаты ў «Арляняці» — заўсёды надзейная апора. Ён пачынае свой дзень з усмешак дзяцей і заканчвае яго цёплымі дзіцячымі абдымкамі перад сном, — расказваюць пра сябе байцы «Фенікса». — Важаты — той чалавек, які з'яўляецца маральным арыенцірам, ведае адказы на мноства пытанняў ці тое, дзе можна знайсці адказ. І ўвогуле, ён проста сябра, які гатовы дапамагчы, калі штосьці пайшло не так. Важаты не проста вядзе дзяцей з кропкі «А» ў кропку «Б», ён той, хто можа зрабіць згуртаваным атрад, які будзе дзейнічаць як адзін механізм. У гэтым годзе мы працавалі з шостай да дзявятай змены ў лагеры «Камсамольскі». Байкі (матацыклы), танцы, песні, здымкі «Ералаша» — вось што акружала нас на працягу 100 дзён.

— Я, напрыклад, пасля гэтага лета магу даць фору любому аматару матацыклаў, бо правяла тры месяцы ў кампаніі байкераў, якія дзеля забавы збіраюць матацыклы на хуткасць, — усміхаецца Кацярына Фофанава.

«Каця менавіта той чалавек, які можа пачаць смяяцца з нясмешнага жарту і прымусіць смяяцца ўсіх астатніх», — кажуць пра дзяўчыну яе сябры. Дарэчы, за час «цаліны» (на слэнгу студатрадаўцаў гэта месца работы і пражывання атрада. — Аўт.) з важатымі адбывалася шмат цікавых гісторый. Напэўна, даволі складана падрыхтавацца да сустрэчы з лунацікам? Адна з важатых сустрэла такое дзіця ноччу і моцна перапужалася, пасля чаго... дзіця прачнулася. Дзеці хавалі ад важатых чыпсы і іншыя забароненыя прадукты. Рабілі «дашырак» з дапамогай гарачай вады з-пад крана...

Сваімі гісторыямі важатыя падзяліліся са старшакласнікамі 20-й гімназіі. Прапанавалі ім стаць байцамі педатрада, паўдзельнічаць у конкурсе і даказаць, што менавіта яны — найлепшыя. Усе гімназісты былі падзелены на групы. Кожная атрымала сваё заданне. Напрыклад, трэба было прадставіць дасягненні беларускіх студэнцкіх атрадаў у крэатыўнай форме, стварыць крэатыўны ролік для TіkTok з сімволікай беларускіх студэнцкіх атрадаў, скласці план-сцэнарый святкавання новага года ў атрадзе…

— Адметная рыса студатрада — гэта дружалюбная, а часам нават сямейная абстаноўка, — працягвалі рэкламаваць байцы «Фенікса» студатрадаўскі рух сярод гімназістаў. — Студэнцкія атрады даюць унікальную магчымасць самарэалізавацца і паспрабаваць сябе ў розных напрамках дзейнасці. Вось і мы скарысталіся шанцам, на пэўны час сталі педагогамі. Цяпер, паспрабаваўшы сябе ў ролі выхавальніка, можам сказаць, што выхавальнікам нельга стаць — ім трэба нарадзіцца... Нельга навучыцца аддаваць сябе дзецям, навучыцца прачынацца раніцай дзеля іх. З гэтым трэба нарадзіцца. Гэтым трэба гарэць...

Хлопцы і дзяўчаты канстатуюць, што Рэспубліканскія злёты студатрадаў для кожнага байца — не проста нагода паказаць сябе, але і магчымасць сустрэцца з сябрамі. А для кагосьці яшчэ і нагода атрымаць класны мерч (атрыбутыка і сімволіка студатрадаў — асобная тэма). Зусім хутка ў нашай краіне стартуе патрыятычная акцыя «Зімовы маршрут», арганізатарам якой выступае Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ. Шлях байцоў зводных студатрадаў будзе пралягаць праз невялікія гарады і пасёлкі, дзе студэнты арганізуюць шэраг прафарыентацыйных інтэрактываў, тэматычных заняткаў, канцэртных і сацыяльна значных праграм, дапамагаюць у расчыстцы ад снегу помнікаў і абеліскаў, аказваюць шэфскую дапамогу па гаспадарцы ветэранам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і проста адзінокім пажылым.

Байцы «Фенікса» кажуць: «Наш атрад — гэта маленькая сям'я, з якой мы дасягаем агульных мэт, мар і перамог, пераадольваем страхі і перашкоды і становімся лепшымі. Мы шануем кожнага члена нашай каманды, таму імкнёмся клапаціцца адзін пра аднаго. Ва ўсіх важатых існуе павер'е, што жыццё падзяляецца на «да» і «пасля» «Арляняці». Для многіх з нас гэта ўжо не легенда, а праўда жыцця. І нам усім вельмі хочацца зноў туды вярнуцца...»


Аляксандр ПРОХАРАЎ, другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ:

«Гэты год для студатрадаўскага руху склаўся вельмі ўдала. Усяго сёлета ў складзе 441 студэнцкага педатраду былі працаўладкаваны 5667 чалавек. Мы добра папрацавалі, як на тэрыторыі нашай краіны, так і за мяжой — у Расійскай Федэрацыі. Атрымліваем адтуль толькі станоўчыя водгукі аб працы нашых хлопцаў і дзяўчат. Больш за тое, у нас падпісаны пагадненні з Расійскімі студэнцкімі атрадамі, мы абменьваемся вопытам, і на наш форум прыехалі найлепшыя расійскія студатрады. Педагог — не толькі ганаровае званне, але і вялікая адказнасць, бо менавіта ў яго руках самае дарагое — нашы дзеці. І ад таго, якія ўстаноўкі будуць дадзены, якія жыццёвыя арыенціры, духоўна-маральныя каштоўнасці закладваюцца ў маладога чалавека, залежыць будучыня нашай краіны. Рэспубліканскі злёт аб'яднаў найлепшыя студэнцкія педагагічныя атрады краіны. У моладзі гараць вочы, яны чакалі гэты злёт і сур'ёзна да яго рыхтаваліся...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?