Вы тут

Беларусь адзначыла 140 год з дня нараджэння Якуба Коласа


Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка, педагога і вучонага, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.


«Геній яго паэтычнага таленту раскрыўся на зломе эпох, калі ў пачатку ХХ стагоддзя адбываўся пошук нацыянальнай ідэнтычнасці і шляхоў далейшага развіцця нашага народа. Шэдэўры класіка выявілі самыя тонкія грані беларускай душы, паднялі на вяршыні мастацтва Роднае слова, сталі заклікам і запаветам суайчыннікам аб Святым абавязку самаадданага служэння Радзіме», — гаворыцца ў віншаванні

Прэзідэнт падкрэсліў, што коласаўскае слова пра шчырую любоў да роднага краю, неабходнасць абараняць бацькоўскі парог, памятаць гісторыю і свае карані і сёння ўражвае актуальнасцю і выступае духоўнай асновай сучаснага грамадства.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ўрачыстае мерапрыемства падорыць прыхільнікам літаратуры яркія і незабыўныя эмоцыі, а зварот да невычэрпнай спадчыны паэта натхніць да новых творчых адкрыццяў, будзе спрыяць мастацкаму асэнсаванню гісторыі і культуры, прывіваць падрастаючаму пакаленню традыцыйныя каштоўнасці беларусаў.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім удзельнікам мерапрыемства моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.


Гучнае слова класіка: На плошчы Якуба Коласа ў Мінску адбылася цырымонія ўскладання кветак у гонар песняра

На працягу двух дзён прыхільнікі айчыннай літаратуры адзначаюць адно са сваіх галоўных святаў — Каласавіны. У год 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа свята набывае асаблівы сэнс. Мерапрыемстваў запланавана шмат: адкрыццё помніка пісьменніку ў Стоўбцах, літаратурна-музычныя святы на мемарыяльных сядзібах і навуковая канферэнцыя.

Святочныя дні распачаліся з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак ля помніка народнаму песняру. Удзельнікамі мерапрыемства сталі сваякі класіка, пісьменнікі, паэты, супрацоўнікі музяў, а таксама навучэнцы мінскіх школ. З віншавальнымі словамі да гасцей звярнуўся міністр культуры Анатоль МАРКЕВІЧ:

— Жыццё Якуба Коласа— гэта яркая старонка ў гісторыі беларускай літаратуры, 50 гадоў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч плённа працаваў на ніве нацыянальнай культуры, паслядоўна і мэтанакіравана змагаўся за адраджэнне свайго краю і аддаў сваё жыццё, каб беларусы ніколі не зведалі таго часу, калі безыменным быў край і народ не ведаў свайго імя. Дзейнасць Якуба Коласа высока ацэнена нашчадкамі. Імем Коласа названы вуліцы, плошчы, школы і бібліятэкі. У сталіцы і на малой радзіме песняра шматлікіх наведвальнікаў сустракаюць музеі. Творчасць Якуба Коласа ўвасоблена ў музычным, тэатральным, кінематаграфічным мастацтве. І сёння зычнае слова класіка гучыць у шматлікіх краінах свету, а яго творы перакладзены на больш чым 40 замежных моў. Шаноўныя сябры, няхай і надалей творы Якуба Коласа натхняюць нас на пабудову моцнай і квітнеючай дзяржавы, распавядаюць аб прыгажосці беларускай зямлі.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ адзначыў, што творы класіка, яго вершы і публіцыстыка — гэта грунт жыцця, радасці і трываласці:

— Прыхінуўшыся да яго літаратурных скарбаў, мы становімся багацейшымі шматкроць. Сёння час, калі сацыяльныя сеткі выводзяць нас у іншыя прасторы, магчыма, касмічныя, безумоўна недасягальныя яшчэ дзесяцігоддзі назад. І мне бачыцца, што велічыня такіх мастакоў слова і найперш народнага песняра Якуба Коласа, гэта трывалая нітачка нашай сувязі ў стагоддзях, у часе, у прасторы. Чытайце, шануйце Коласа, вывучайце яго жыццёвы шлях - і вы станеце шматкроць багацейшымі, зможаце быць сапраўднымі абаронцамі жыцця, лёсу беларусаў і нашай краіны.

Адным з галоўных месцаў, дзе захавалася не толькі спадчына паэта, але і ягоны дух, з’яўляецца Дзяржнаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Падчас цырымоніі дырэктар музея Ірына МАЦЯС выказала падзяку ўсім, хто дапамагаў ствараць юбілейны год у гонар песняра:

— Класікі жывуць вечна ў сваіх творах, і калі мы будзем іх перачытваць, яны будуць  жыць у нашых сэрцах, дапамогуць развіць беларускую культуру і нашу родную Беларусь.

Арына КАРПОВІЧ,

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Падрабязны фотарэпартаж з цырымоніі ўскладання кветак ля помніка народнаму песняру можна паглядзець тут.


У Стоўбцах адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Якубу Коласу

У год 140-годдзя з дня нараджэння песняра жыхары Стоўбцаў атрымалі вялікі падарунак — помнік Якубу Коласу. Скульптура ўвасабляе паэта ў народным, вясковым адзенні. Ён быццам прысеў адпачыць на хвілінку, а на яго твары можна заўважыць усмешку. 

Пасля правядзення рэспубліканскага конкурсу эскізных праектаў, на які прадставілі каля 20 работ, былі вызначаны аўтары помніка. Над рэалізацыяй творчага праекта працаваў творчы калектыў у складзе скульптараў: заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага мастака Івана Міско, Сяргея Логвіна, Уладзіміра Піпіна, а таксама архітэктараў Уладзіміра Архангельскага і Аляксандра Кобрусева. 

Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўзялі першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын, а таксама вучні ўстаноў адукацыі раёна. 

Аляксандр Турчын звярнуўся да жыхароў Стоўбцаў з віншавальнымі словамі:

— Сёння цудоўная нагода, каб сустрэцца на Стаўбцоўскай зямлі: мы святкуем 140-годдзе з дня нараджэння нашага вялікага земляка, паэта, празаіка, публіцыста Якуба Коласа. Яго ўклад ў літаратурны скарб нашай краіны складана пераацаніць, таму што ўсе мы, калі вучыліся ў школе, праз яго творы ўпітвалі любоў да Беларусі. Выказваю шчырыя словы падзякі ўсім жыхарам Стаўбцоўкага раёна, якія прынялі ўдзел у стварэнні гэтага помніка.. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА


Падрабязны фотарэпартаж з цырымоніі адкрыцця помніка можна паглядзець тут.


Святочныя мерапрыемствы пад назвай «О, Беларусь, ты — сэрца і душа!», прымеркаваныя да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, працягнуцца 4 лістапада.

У 10.30 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на XXXVI навуковую канферэнцыю «Каласавіны 2022», у якой прымуць удзел навукоўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сталічных і абласных вышэйшых навучальных устаноў, музеяў і архіваў.

У 15.00 у доме-музеі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі «Інскрыпты Якуба Коласа», а ў 16.00 на святочным вечары «Да сонца коласам узняцца...» прагучаць вершы і песні на словы Якуба Коласа ў выкананні артыстаў народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».