Вы тут

Расповеды пра розных жанчын Беларусі пад адной вокладкай


БелТА выдала адметную публіцыстычную кнігу вядомай у краіне журналісткі, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Аліны Грышкевіч «Лёсы жанчын — лёс адзінай Беларусі». Пад адной вокладкай сабраны расповеды пра розных асоб, у кожнай з якіх свая вядомасць у грамадска-палітычным, сацыяльным, культурна-асветніцкім жыцці краіны.


Адкрывае кнігу гутарка са Cтаршынёю Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай — «Жыццёвыя каштоўнасці, матчыны ўрокі і прыярытэты». Тым, хто прыходзіць у жыццё, робіць свае першыя крокі ў прафесіі альбо яшчэ толькі разважае, у якую ВНУ паступіць, варта асабліва ўважліва прачытаць адказы аўтарытэтнага палітыка і жанчыны, якая сваімі працоўнымі здзяйсненнямі даказала наяўнасць у нашай краіне шырокіх, роўных магчымасцяў для ўсіх, хто не шкадуе сіл у працы і за пункт адліку выбірае шчырае служэнне народу і краіне. Вось якімі пытаннем і адказам завяршаецца гутарка з Наталляй Качанавай: «— Назавіце, калі ласка, тры самыя важныя, з Вашага пункту гледжання, паняцці ў жыцці».

«Мір, спакой і любоў. Чым старэйшая станаўлюся, тым больш разумею: галоўнае — каб на зямлі, дзе ты жывеш, былі мір і спакой. І, вядома ж, важная любоў: трэба любіць дзяцей, родных, блізкіх. Любіць справу, якой займаешся, людзей, з якімі сустракаешся... Але без міру нічога гэтага не будзе».

Журналістка змагла выбраць гераінь сваіх інтэрв'ю і нарысаў так, каб паказаць нашу краіну праз лёсы яркіх жанчын, кожная з якіх не толькі прайшла праз розныя няпростыя выпрабаванні, але ў кожным лёсе — частка партрэта нашай роднай Беларусі. Як і ў лёсе жыхарак нарачанскай вёскі Шкленікова Марыі Купрэвіч і Таццяны Чарняўскай. Пра іх і ўбачанае, перажытае імі, Аліна Грышкевіч расказвае ў нарысе «Дагэтуль у памяці папялішча і крыкі. Як склаліся лёсы жывых сведак нацысцкай расправы над Нараччу». Уражваюць, прымушаюць задумацца над даўнімі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і старонкі, прысвечаныя жыхарцы Гродна Валянціне Баранавай, — «Пайшла па блаце на фронт, брала Прагу. Гісторыя суперпазітыўнай

98-гадовай сібірачкі з Гродна». Увогуле, у кнізе шмат дзе прысутнічае Вялікая Айчынная вайна: і ў расповедзе пра Наталлю Ільніцкую («Як паспяховая бізнес-лэдзі з Брэста захоўвае памяць пра герояў вайны»), і ў нарысе пра галоўнага захавальніка фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, кандыдата сацыялагічных навук Васіліну Міцкевіч («Сямейная дынастыя даўжынёй паўтара стагоддзя: пра музу Якуба Коласа і лёс яго праўнучак»).

«Роды з «каронай» і перакур цаною ў жыццё. Вядомы ўрач з Віцебска пра работу і асабістае» — Аліна Грышкевіч расказвае пра самаахвярную службу медыцыне, службу ў імя здароўя чалавека намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Віцебскага абласнога клінічнага радзільнага дома Людмілу Адамаўну Рослік.

Кніга «Лёсы жанчын — лёс адзінай Беларусі», якая выдадзена пры падтрымцы Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама ва ўзаемадзеяннні з Таварыствам дружбы «Беларусь — Кітай», Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, прыйшла да чытача адразу на чатырох мовах — беларускай, рускай, англійскай і кітайскай. Несумненна, выданне ўбачаць, прачытаюць і ў іншых краінах свету. І гэта дазволіць адчуць, зразумець сутнасць многіх складнікаў у будаўніцтве нашай краіне, зразумець значэнне і ролю жанчыны ў фарміраванні лёсу нашай Айчыны, вызначэнні яе духоўных, маральных прыярытэтаў.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?