Вы тут

Татуіроўка: жэст дзеля жэста?


Па статыстыцы, 50 % людзей, якія ўпрыгожылі сябе татуіроўкай, прымаюць меры па яе выдаленні на працягу 10 гадоў. Колькі тых, хто шкадуюць аб нанесенай татуіроўцы, але не робяць гэтыя працэдуры з прычыны даволі высокага іх кошту, дарэчы, значна вышэйшага, чым нанясенне тату нават у добрым салоне, на жаль, невядома.

Вядома, як і ўсякая мода, з часам татуіроўка можа страціць сваю папулярнасць. Насамрэч, ці можна чакаць, што любімыя джынсы, кашулю, сукенку ці чаравікі мы будзем насіць да канца сваіх дзён? Вядома ж, стылі, фасоны і колеры мяняюцца. Але татуіроўку не зменіш, як адзенне. Да таго ж тое, што мы лічым класным у 18 гадоў, у 30 гадоў можа такім ужо не здавацца.

Пра феномен і папулярнасць татуіровак у сучасным свеце з псіхалагічнага пункту погляду мы пагутарылі з псіхолагам вышэйшай катэгорыі Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Ганнай Салавей.


— Ганна Ігараўна, у апошняе дзесяцігоддзе татуіроўка тала вельмі масавай з'явай...

— Мода на татуіроўкі зусім не новая — гэта адзін са старажытных метадаў аздаблення свайго цела. Як і ўсякая мода, гэтая таксама схільная да прыліваў і адліваў. Сапраўды, за апошнія дзесяць гадоў яна ператварылася з табуіраванага элемента ў частку культуры і атрымала масавае ўвасабленне.

Адна з версій аб паходжанні гэтага тэрміна кажа аб тым, што на таіцянскай мове (астравы Палінезіі) «тату» азначае «пазначаць, маркіраваць». Гэтае слова прывёз у Еўропу мараплавец Джэймс Кук. Трэба адзначыць, што тры сусветныя рэлігіі (хрысціянства, мусульманства і іўдаізм) негатыўна ставяцца да працэсу татуіравання. Таму доўгі час дадзеная з'ява не мела шырокага распаўсюджання.

Аднак сучасная татуіроўка можа наносіцца не толькі з этнічна-рэлігійных ці крымінальных матываў, але і адлюстроўваць індывідуальнасць яе носьбіта, значныя падзеі, асабістыя перавагі, прыналежнасць да спартыўнага клуба, музычнай або палітычнай плыні, далучэнне да канкрэтнай нефармальнай групы і іншае.

Гісторыя татуіроўкі пачалася больш за пяць тысяч гадоў таму. У першабытным грамадстве татуіроўкі выкарыстоўвалі як сімвал прыналежнасці да роду, племені або для абазначэння сацыяльнага статусу. Па малюнку на скуры можна было зразумець, хто перад табой: воін ці паляўнічы, павадыр ці ізгой. Пазней татуіроўкі сталі выкарыстоўваць як абярэгі ці частку абраду, напрыклад пры пасвячэнні хлопчыка ў мужчыны.

Доўгі час татуіроўкамі валодалі толькі абраныя, асаблівыя людзі. Але ў 1891 годзе ўсё змянілася. Самюэль О'Рэйлі стварыў першую машынку для татуіроўкі, тады ж гэтая дзейнасць ператварылася ў бізнес і спосаб забавы.

— Аднак чаму менавіта сёння да яго звяртаюцца ўсё часцей?

— Татуіроўка ў сучасным свеце — гэта перш за ўсё выказванне. Тое, што людзі выкарыстоўваюць для гэтага такі неардынарны спосаб, азначае, што выказванні, якія можна зрабіць іншымі спосабамі, не падаюцца ім дастатковымі.

Відавочна, што ўзрасла сама патрэбнасць у выказванні. Цяпер нас з дзяцінства вучаць, што мы з'яўляемся нечым асаблівым і значным. І сёння многія не хочуць быць часткай аднастайнай масы, а наадварот, жадаюць вылучыцца, заявіць аб сабе. Татуіроўка з'яўляецца вельмі зручнай формай падобнай заявы. Не трэба нешта даказваць ці здзяйсняць, прыкладаць намаганні для таго, каб данесці зробленае ці інфармацыю аб тым, што ты зрабіў. Нарэшце, не трэба турбавацца аб захаванасці дасягнутага выніку. Татуіроўка заўсёды з табой, яна заўсёды даступная ўспрыманню навакольнымі.

Татуіроўка — візуальны аб'ект. І сёння міжволі ідзе пераразмеркаванне інфармацыі на карысць каналаў камунікацыі, арыентаваных на зрок. Перадачы падлягаюць выявы, а не словы. Выявы ж разлічаныя на іх эмацыянальную апрацоўку. Сучасны чалавек усё больш рухаецца ў бок эмацыянальнасці, а рацыянальнае губляе былое значэнне.

— Відавочнае і значнае павелічэнне колькасці жаночых татуіровак. З чым тое звязана?

— Некаторыя мужчыны, з якімі я абмяркоўвала гэтую тэму, лічаць, што татуіроўка з'яўляецца маркёрам магчымых псіхалагічных праблем. І калі якія-небудзь ластаўка ці матылёк могуць успрымацца яшчэ нейтральна, то дэталёва прапрацаваная інфернальная карціна на перадплеччы, спіне ці сцягне палохаюць. Акрамя таго, мужчыны часта кажуць, што жаночая татуіроўка ўспрымаецца як «бруд».

Становішча мужчыны ў сучасным свеце, па сутнасці, не змянілася. Ён як выходзіў на барацьбу з асяроддзем, так можа гэта рабіць і сёння. Змянілася тое, што раней за мужчынам, як правіла, была сям'я, а цяпер можа не быць нікога, і ўвесь яго канфлікт з асяроддзем выкліканы рэалізацыяй толькі яго ўласных інтарэсаў. Але пры гэтым спосаб яго дзеянняў у цэлым захоўваецца, яму ўсё знаёмае і ён пачуваецца ўпэўнена.

З жанчынай усё крыху па-іншаму. Мадэль яе светабудовы зведала больш істотныя змены. Прыгожыя цэтлікі, павешаныя на гэты працэс — эмансіпацыя, барацьба за правы, — не могуць схаваць недасканаласці новага становішча: яна павінна імітаваць мужчыну, фізіялагічна і псіхалагічна не будучы ім. Адсюль няўпэўненасць і павышанае эмацыянальнае напружанне. Жанчыне даводзіцца прыкладаць дадатковыя намаганні, каб заставацца ў рамках новага вобраза, не даючы сабе вярнуцца да ранейшай, традыцыйнай мадэлі.

У гэтыя намаганні ўваходзяць і тату: імі жанчына дэманструе самадастатковасць, сцвярджаючы, што яна валодае неабходным узроўнем свабоды, каб распараджацца сабой па ўласным жаданні.

Калі паслухаць саміх дзяўчат, можна вылучыць некалькі асноўных матываў нанясення татуіроўкі. Некаторыя робяць гэта для самавыяўлення. Іншыя сцвярджаюць, што «маюць права» рабіць са сваім целам што заўгодна. Вядома, уплывае і мода на тату. Як існуе і матыў аздаблення цела. Аднак на гэтыя выклікі можна было б адказаць і інакш. Чаму ж выбіраецца адказ менавіта ў выглядзе тату? Ці не таму, што іншыя адказы аказаліся менш даступныя?

Увогуле, з культуралагічнага пункту гледжання варта адзначыць, што татуіроўка прысутнічае ў дастаткова прымітыўных культурах. А колькасць людзей, гатовых задавольвацца прымітыўнай культурай, на жаль, расце.

Калі чалавек сутнасна пасіўны, ён дзейнічае з найменшымі выдаткамі энергіі. Самарэалізацыя ў выглядзе тату стала масавай менавіта таму, што гэты спосаб патрабуе найменшых намаганняў пры дасягненні відавочнага для ўсіх выніку. Тым людзям, якія гатовыя духоўна працаваць, татуіроўка не патрэбная. Іх рэалізацыя будзе і без таго поўнай, у ёй проста не застанецца месца для жэстаў дзеля жэста, да якіх адносіцца і тату.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.