Вы тут

Лёгкае захворванне, якое нельга запускаць. Чым небяспечны насмарк?


Насмарк з'яўляецца самым распаўсюджаным захворваннем верхніх дыхальных шляхоў. Гэта звычайная з'ява пры вострых рэспіраторных вірусных захворваннях. Банальны насмарк або востры неспецыфічны рыніт складае вострае запаленне слізістай поласці носа.


Фактары, якія спрыяюць развіццю насмарку

Гэта пераахаладжэнне, зніжаная імунная ахова арганізма, кантакт з хворымі на вострыя вірусныя рэспіраторныя захворванні, такія як парагрып, грып, адэнавірус і іншае, а таксама ўнясенне ў насавую поласць патагенных мікраарганізмаў.

Як развіваецца захворванне?

Яно праходзіць тры стадыі:

  • І стадыя — рэфлекторная, калі назіраюцца першыя праявы (або стадыя сухога раздражнення). Яе працягласць некалькі гадзін. Адзначаецца расшырэнне сасудаў слізістай абалонкі носа, яе гіперэмія, сухасць. Паталагічнага выдзялення ў насавых хадах няма. Рэзка ўзнікае сверб, смыленне слізістай, казытанне ў носе, чханне. Часта назіраецца ўздым тэмпературы цела да 38 Со, галаўныя болі, агульная слабасць, млявасць, недамаганне.
  • ІІ стадыя — катаральная. Цягнецца некалькі гадзін ці сутак. Сасуды пачынаюць расшырацца, слізістая становіцца ацёчнай. Гэты фактар і шматлікія серозна-слізістыя выдзяленні з поласці носа выклікаюць цяжкасці насавога дыхання, парушэнне тэмбру голасу. Церпіць і нюхальная функцыя, што цягне за сабой парушэнне функцыі ўспрымання смаку. Магчымыя пачырваненне і ацёк слізістай і скуры пад носам з-за раздражняльнага ўздзеяння аміяку, які знаходзіцца ў вялікай колькасці ў серозна-слізістых выдзяленнях. Часам насмарк выклікае запаленне слізістай вачэй — кан'юктывіт, слёзацячэнне, шум і закладзенасць у вушах.
  • ІІІ стадыя — папраўка і аднаўленне функцыянальных здольнасцяў слізістай абалонкі носа, прыпадае на 4-5 дзень захворвання. У гэты час бурна размнажаецца патагенная і ўмоўна патагенная мікрафлора, узмацняюцца ахоўныя механізмы арганізма. У выдзяленнях з'яўляюцца лейкацыты, макрафагі, што клінічна праяўляецца зменай характару і колеру: спачатку вадкія і зусім празрыстыя, пасля становяцца гнойнымі, густымі і змяняюць колер на жоўта-зялёны. Знікаюць ацёчнасць і пачырваненне. Аб'ём выдзяленняў павольна зніжаецца, поласць носа вызваляецца ад слізі і аблягчаецца насавое дыханне.

Ці варта лячыць насмарк?

— Існуе шырока распаўсюджанае памылковае меркаванне сярод насельніцтва аб немэтазгоднасці лячэння вострага рыніту: лячы ці не лячы, ён сам за тыдзень пройдзе. Аднак часам пацыентам, якія кіруюцца такім сцверджаннем, даводзіцца сутыкацца з ускладненнямі банальнага насмарку ў выглядзе запалення каляносавых пазух і сярэдняга вуха, ніжэйшых дыхальных шляхоў — фарынгаларынга-трахеабранхіту, а таксама хранізацыяй вышэйпералічаных працэсаў, — тлумачыць урач-педыятр, загадчык 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й мінскай дзіцячай клінічнай паліклінікі Людміла Кіпцэвіч.

Пры своечасовым і правільным лячэнні захворванне доўжыцца ад 7 да 10-12 дзён.

Важна ведаць, да чаго можа прывесці парушэнне насавога дыхання на фоне частага насмарку ў дзіцячым узросце. Гэта парушэнне сну, хуткае ператамленне, зніжэнне памяці, парушэнне работы органаў дыхання і сардэчна-сасудзістай сістэмы, парушэнне працэсаў метабалізму, спыненне фізічнага і разумовага развіцця дзіцяці, дэфармацыя тварнага шкілета. Таму вельмі важна своечасова звярнуцца па дапамогу да педыятра або отарыналарынголага.

Лячэнне вострага рыніту на кожнай стадыі адрозніваецца.

На І стадыі захворвання яно ўключае адцягвальныя працэдуры (нажныя ванны, расціранне ног), патагонныя сродкі (гарбата з малінай, мёдам, ліпавым цветам), фітанцыды (удыханне здробненага часнаку, цыбулі), прызначэнне гарачкапаніжальных прэпаратаў, антыгістамінаў, прымяненне супрацьвірусных прэпаратаў (аксалінавая мазь, інтэрферон).

У ІІ стадыі варта прыняць меры, накіраваныя на памяншэнне эксудацыі. З такой мэтай працягваюць прыём антыгістамінных прэпаратаў, далучаюць пратарголавыя або коларголавыя кроплі ў нос, альбуцыд.

Як у ІІ, так і ў ІІІ стадыі неабходна дадаць да лячэння сасудазвужальныя кроплі ў нос або спрэі. Яны звужаюць сасуды, якія забяспечваюць крывёю слізістую носа. Гэта прыводзіць да памяншэння ацёчнасці і дапамагае нармалізаваць дыханне збольшага ці цалкам.

— Многія памылкова думаюць, што масляныя кроплі бяспечныя і іх можна ўжываць калі заўгодна. Але гэта не так. Па-першае, яны прымяняюцца толькі пры атрафічных насмарках (калі ў носе дзіцяці сухія скарыначкі). Па-другое, дзецям да 3 гадоў нельга ўжываць у нос прэпараты ментолу, бо яны могуць выклікаць ларынгаспазм і нават сутаргі, — папярэджвае ўрач.

У ІІІ стадыі выкарыстоўваюць мясцовыя антыбіётыкі ў выглядзе кропель або спрэяў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.