Вы тут

Чаму дзеці ўцякаюць з дому і што рабіць, калі гэта адбылося


«Знік хлопчык! Вочы блакітныя, рост метр дваццаць. Таго, хто знайшоў, чакае прэмія — веласіпед». Усе памятаюць вельмі самастойнага дашкольніка дзядзьку Фёдара з мультфільма «Трое з Прастаквашына»: ён пакрыўдзіўся на бацькоў, якія не захацелі прытуліць гаваркога ката, і сышоў з дому. Разам з катом. У рэальным жыцці дзеці таксама ўцякаюць з дому. Для бацькоў гэта шок і нечаканасць. Аднак псіхолагі сцвярджаюць, што ўцёкі ніколі не адбываюцца на роўным месцы — на гэта ёсць прычыны.


Страх пакарання

Калі вы думаеце, што праблема сыходу з дому датычыцца толькі падлеткаў, чые бацькі злоўжываюць алкаголем і фізічным пакараннем, вы моцна памыляецеся. Гэта можа адбыцца ў любой, нават самай, на першы погляд, паспяховай і ўзорнай сям'і. Прычын сыходу вельмі шмат. Бывае, дзецям проста хочацца пажыць дарослым жыццём, адчуць сябе самастойнымі. Часта ў перыяд падлеткавага бунту яны ўцякаюць з сябрамі за кампанію. Згадайце, як лёгка рашыліся на пабег з дому тры юныя героі з фільма «Каралі лета». Ім хацелася правесці канікулы ў лесе, падалей ад бацькоўскога кантролю, і яны зусім не думалі пра рэакцыю дарослых на іх учынак. «Гэтак жа і дзве непаўнагадовыя мінчанкі перапісваліся ў сацыяльных сетках з маладым чалавекам, які пражываў у Расіі і, не папярэдзіўшы бацькоў, паехалі да яго пагасціць, — прыводзіць прыклад начальнік аддзела арганізацыі работы Інспекцыі па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі МУС Аляксандр БЛІЗНЮК. — Мы ішлі за імі па пятах да самага Санкт-Пецярбургу. Знайшлі шукальніц прыгод па месцы жыхарства таго хлопца. Прычым абедзве дзяўчынкі са станоўчых і даволі забяспечаных сем'яў, ім рэгулярна выдзялялі грошы на кішэнныя выдаткі. Падлеткам жа проста захацелася новых адчуванняў».

Часам прычынай сыходу становіцца неспрыяльная абстаноўка ў сям'і. Герой фільма Андрэя Звягінцава «Без любові» 12-гадовы Алёша не вытрымлівае пастаянных сварак паміж мамай і татам, якія збіраюцца развесціся, але не могуць вырашыць, з кім пакінуць сына, і ўцякае з дому. На жаль, устанаўліваюцца і такія факты, калі прычынай сыходу становяцца ў тым ліку і гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару з боку блізкага акружэння дзіцяці. «Падобная сітуацыя здарылася, калі я сама была падлеткам, — распавядае дзіцячы псіхолаг Людміла ГУБСКАЯ. — З дому ўцякла 15-гадовая дачка мамінай супрацоўніцы. Колькі сябе памятаю, тую сям'ю пастаянна ставілі ў прыклад. Таму я вельмі здзівілася, не разумела, як можна захацець сысці з такой добрай сям'і. А потым высветлілася, што нічога добрага там не было. Дзяўчынку дамагаўся айчым. Яна спрабавала пагаварыць аб гэтым з маці. Але тая, уладкоўваючы сваё асабістае жыццё, не звярнула ўвагі на стан дачкі».

Сучасныя дзеці ўцякаюць з дому даволі рана — пачынаючы з 12 год. Асноўная прычына сыходу — няма кантакту з бацькамі, страх пакарання. Напрыклад,
мама і тата ў канфліктнай сітуацыі, не разбіраючыся, становяцца на бок настаўніка. Альбо калі на дзіця моцна сварацца за сапсаваныя ці згубленыя рэчы — тыда яно можа ўцячы проста таму што разбіла тэлефон. «Часам падлеткі не вяртаюцца дамоў, атрымаўшы дрэнную адзнаку ці здзейсніўшы штосьці супрацьпраўнае ў школе, бо баяцца пакарання, — працягвае Аляксандр Блізнюк. — Вось апошні прыклад. У адным з абласных цэнтраў падлетак пакурыў у школе. Пра гэта даведаліся настаўнікі. Хлопец пабаяўся пакарання і не вярнуўся дамоў. Спецыяльна пакінуў мабільны тэлефон у гандлёвым цэнтры, каб яго не знайшлі. Начаваў у пад'ездзе, на гарышчы. Затрымалі яго за 30 кіламетраў ад абласнога цэнтра, дзе ён спрабаваў купіць білет, каб паехаць далей вандраваць у Мінск».

«Маме варта быць больш гнуткай»

— Што рабіць, калі падлетак не вярнуўся дадому са школы?

— Перш за ўсё трэба звязацца з настаўнікам ці кіраўніком гуртка, секцыі, якія ён звычайна наведвае пасля ўрокаў, — кажа Аляксандр БЛІЗНЮК. — Абавязкова трэба абзваніць сяброў дзіцяці. Але для гэтага трэба ведаць, з кім сын ці дачка звычайна кантактуе. На жаль, на практыцы далёка не ўсе бацькі валодаюць такой інфармацыяй. Не ведаюць яны, і ў якіх сацсетках зарэгістраваны падлетак і тым больш з кім ён там і пра што перапісваецца. Калі бацькі абзванілі сваякоў, знаёмых, і ніякай інфармацыі не атрымалі, трэба паведаміць аб знікненні дзіцяці па нумары 102. На гэта паведамленне адразу ж прыедзе супрацоўнік міліцыі. Да размовы варта падрыхтавацца: скласці спіс месцаў, цікавых дзіцяці, знайсці самы свежы фотаздымак, пажадана ў тым адзенні, у якім ён сышоў. Наша нацыянальнае заканадаўства ў частцы вышуку грамадзян, якія прапалі без вестак, з'яўляецца адным з перадавых. У некаторых краінах, нават у суседніх, для таго, каб міліцыя пачала пошукі павінна прайсці трое сутак. У нас такі часовы прамежак не ўстаноўлены. Лічу, гэта правільна. Бо чым раней пачаць шукаць, тым больш шанцаў, што з дзіцем нічога не адбудзецца. Горад поўны небяспекі. Дзіцяці трэба есці — значыць, магчыма, яму прыйдзецца красці ў крамах. Каб сагрэцца і пераначаваць, падлетак пойдзе ў пад'езды, падвалы, дзе можа сустрэць людзей, якія ўяўляюць для яго небяспеку. Дзіця могуць уцягнуць у незаконны абарот наркотыкаў, яно можа стаць ахвярай злачынстваў. У прыватнасці, была сітуацыя, калі непаўналетнія дзяўчынкі самавольна сышлі з дома, каталіся на электрычках, і асацыяльныя грамадзяне «пашкадавалі» іх, пачаставалі півам ды цыгарэтамі. А потым запрасілі да сябе ў прытон, дзе датычна іх здзейснілі гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару. Дзяўчаты гэта спрабавалі схаваць, не расказвалі. Але па іх паводзінах адчувалася, што адбылося штосьці экстраардынарнае. Пасля размовы з псіхолагам у спецыяльным пакоі дружалюбным дзецям, гэтыя факты пацвердзіліся. Удалося дэталёва ўстанавіць абставіны і прыцягнуць да адказнасці асоб, якія здзейснілі злачынства ў адносінах гэтых дзяцей.

— Як хутка ўдаецца знайсці «бегуноў»?

— Ад літаральна адразу да сутак-двух і больш. Усё залежыць ад сітуацыі. Часам проста ў падлетка разраджаецца мабільны тэлефон, ён сядзеў у сябра дома і не прыкмеціў, што ўжо даволі позна.

Ёсць катэгорыя непаўналетніх, якія пастаянна сыходзяць з дому. Як правіла, гэта падлеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія патрабуюць вызначанай медыцынскай і псіхалагічнай карэкцыі.

Яшчэ адзін не зусім тыповы выпадак адкрытага сыходу з дому прывяла сямейны псіхолаг Таццяна ШАРАНДА. «Да мяне прыйшла мама — кіраўнік дастаткова буйной кампаніі. Яна сказала, што не можа наладзіць адносіны са сваім сынам. Пасля размовы з ёй у мяне ўжо было адчуванне, што моцная мама ўстанаўлівае свае правілы ўнутры сям'і. Муж — спакойны, не супраціўляецца. А вось старэйшы сын пратэстуе. Я папрасіла прывесці хлопчыка. На той момант яму было гадоў 12. Я была прыемна здзіўлена: шырокі кругагляд, прыгожы стыль маўлення — у мяне было такое адчуванне, што я размаўляю з дарослым самадастатковым чалавекам. Неяк мама мне пазваніла ўся ў слязах, папрасіла ўгаварыць сына не кідаць дзявяты клас, бо ён проста адмовіўся хадзіць у гімназію. Пасля размовы хлопец пагадзіўся, што варта хаця б атрымаць атэстат, але, як толькі здаў экзамены, паехаў у раённы гарадок. Там жыла яго бабуля. Мама прасіла, каб я яго ўгаварыла вярнуцца назад. Для яе быў важны статус: як гэта — прамяняць прэстыжную гімнізію на звычайную школу маленькага гарадка? Пасля 11 класаў хлопец не вярнуўся ў Мінск, паехаў вучыцца ў Расію. Гэтым летам ён заходзіў да мяне ў кабінет. Сёння ён добра зарабляе, забяспечвае не толькі сябе, але і дапамагае бабулі. А вось у адносінах да мамы засталася крыўда. Ён прызнаўся, што калі б застаўся ў Мінску пад маміным ціскам, то хутчэй за ўсё ў форме пратэсту кудысьці сышоў бы. Маме варта быць больш гнуткай, не патрабаваць «толькі так і ніяк інакш». Гэта тая катэгорыя падлеткаў, з якой можна дамаўляцца. Мама ж прывыкла ў сваёй арганізацыі жорстка ўстанаўліваць правілы, якія ўсе бясспрэчна выконваюць. Яна перанесла сваю мадэль узаемаадносінаў на працы дадому. Пратэст сына — гэта быў сігнал, што надышоў час перастаць успрымаць дзіця як сваю ўласнасць. Але яна, на жаль, ім не скарысталася».

Парады бацькам

1) У бацькоў з дзецьмі павінны быць хоць нейкія агульныя інтарэсы. Гэта могуць быць сумесныя прагляды фільмаў, паходы. Калі дзіця займаецца спортам, то трэба прыходзіць на яго спаборніцтвы. Калі малюе, наведваць выставы, якія яму цікавыя. Неабавязкова ўнікаць у дэталі, але быць у курсе і паказваць сваю зацікаўленасць трэба абавязкова. Важна цікавіцца, чым жыве дзіця, якія думкі ў яго галаве, штодня знаходзіць час для шчырых размоў. Не лічыце дзіцячыя праблемы малаважнымі, не абясцэньвайце іх пачуцці.

2) Дарослыя абавязкова павінны ведаць усіх сяброў і знаёмых свайго дзіцяці, а таксама пажадана і іх бацькоў. Прычым варта зрабіць першы крок, каб пазнаёміцца з імі. Можна запрасіць новых знаёмых сына ці дачкі ў госці, папрасіць пакінуць тэлефон для сувязі. Тады, можна будзе прадухіліць сыход. Бо дзеці, як правіла, дзеляцца з блізкімі сябрамі сваімі намерамі.

3) У падлетка павінна быць свая прастора. Бо сёння патрэба ў адзіноце прызнаецца як базавая. Калі сям'я не можа дазволіць сабе выдзеліць асобны пакой для кожнага дзіцяці, павінны быць устаноўлены хоць перагародкі, можна дамовіцца пра асабісты куток ці пра час, на працягу якога малога не будуць турбаваць. Калі ён дзеліць пакой з бацькамі, братамі і сёстрамі, то павінен быць упэўнены, што яго асабістымі рэчамі не будуць карыстацца без яго згоды.


Дзіцячы псіхолаг Людміла Губская: «Не ляскайце дзвярыма...»

«Уцёк — гэта не тое, што адбываецца ў здаровай сям'і са здаровымі адносінамі. Гэта, як правіла, крык аб дапамозе, просьба падлетка альбо змякчыць дамашні рэжым, альбо змірыцца з тым, што ён не геній, альбо паважаць права на выбар сяброў...

 

Сумна, калі ў сям'і камунікацыя будуецца па прынцыпе «ляснуў дзвярыма». Тата раззлаваўся — і сышоў у гараж. Мама таксама, замест таго, каб спакойна высветліць адносіны, у істэрыцы грымае дзвярыма. Дзеці, падыходзячы да падлеткавага ўзросту, хутчэй за ўсё будуць выказваць пратэст і нязгоду гэтак жа. Не канструктыўна ў дыялогу, просьбах, а дэструктыўна — ляскаць дзвярыма і сыходзіць у свой пакой. Калі яны ведаюць, што гэта прастора таксама парушаецца і няма магчымасці ў адзіноце перажыць эмоцыі, яны могуць сысці з дому, на ноч гледзячы.

Да працяглых сыходаў дзеці, як правіла, рыхтуюцца, адкладаюць грошы, збіраюць рэчы. Падчас сварак могуць кідаць правакайныя фразы: «Ды вы будзеце толькі шчаслівыя, калі я сыду». Гэта заўсёды прыкметна, але бацькі чамусьці не хочуць гэтага бачыць. Таму адказнасць за сыход з дому нясуць абодва бакі: той, хто сышоў — 50 %, і тыя, ад каго сышоў, — 50 %.

Часта дзеці сыходзяць, бо баяцца пакарання. А потым не хочуць вяртацца дадому, з-за таго, што разумеюць: пакаранне будзе яшчэ большым. Атрымліваецца замкнёнае кола. Не варта сустракаць «бегуноў» скандалам. Бо падлетак не вынесе з крыкаў ніякай інфармацыі, у памяці застанецца толькі крыўда і ён будзе перакананы ў тым, што правільна зрабіў, калі ўцёк. Больш за тое, гэта можа паслужыць штуршком да таго, што ён сыдзе зноў, прычым усур'ёз і надоўга. Але, разам з тым, бацькі не павінны падаўляць свае эмоцыі. Проста прыняць падлетка назад з радасцю, не сказаўшы пра свае перажыванні, таксама не варыянт: дзіця павінна ведаць пра непакой бацькоў. Рэакцыя на вяртанне павінна быць адэкватнай прычыне ўцёку. Калі дзіця баялаўся прыйсці дадому, бо атрымала дрэнную адзнаку, канечне, першае, што яно павінна пачуць: «Няважна, што ў цябе там з матэматыкай, ты можаш нам пра гэта сказаць. Мы цябе любім і падтрымаем, нягледзячы ні на што». Выхаванне не павінна зводзіцца толькі да пакарання. Тым больш фізічнага. Бо пагрозамі і пакараннямі даверлівыя адносіны з дзіцем не выбудуеш.

У мяне дыпломная работа была якраз па сіндрому сыходу і бадзяжніцтва дзяцей-падлеткаў. Што мяне вельмі ўразіла: адзін з даследчыкаў, які спецыялізаўваўся на гэтай тэме, пісаў пра тое, што працягласць груднога выкормлівання ў такіх дзяцей была максімум тыдзень. У аснове ўцёкаў заўсёды ляжыць адсутнасць блізкіх адносін, душэўнай цеплыні. Падлетку важна не столькі тое, што да яго адчуваюць, а тое, як яму гэта дэманструюць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».