Вы тут

На дэпутацкім кантролі. Як прадпрыемствы Мазырскага раёна супрацьстаяць санкцыям


Практыку прымянення заканадаўства ў сферы знешнеэканамічнай дзейнасці і вытворчасць ва ўмовах заходніх санкцый на прыкладзе работы прадпрыемстваў Гомельскай вобласці прааналізавалі дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах. Парламентарыі правялі выязное пасяджэнне на тэрыторыі Мазырскага раёна.


Піламатэрыялы для Кітая

Важна зразумець, як ва ўмовах санкцыйнага ціску адчувае сябе рэальны сектар эканомікі, якія бар'еры ёсць у айчынных вытворцаў для нармальнага функцыянавання, выпрацаваць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства для супрацьдзеяння заходнім санкцыям. Асноўныя задачы выязнога пасяджэння парламентарыяў акрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Андрэй Савіных.

Першым аб'ектам рабочага візіту стаў Мазырскі доследны лясгас. Два гады таму на прадпрыемстве была адкрыта новая вытворчасць — завод па выпуску пелет, пабудаваны за ўласныя і крэдытныя сродкі. Узвялі новую вытворчасць у рэкордныя тэрміны. Каб не было праблем з адгрузкай, пабудавалі тупіковую чыгуначную лінію. Амаль уся прадукцыя завода — гадавая магутнасць яе — 36 тысяч тон паліўных гранул — ішла на экспарт.

— Мы пераарыентаваліся на Расію, Кітай, Азербайджан. Прапрацоўваем шляхі паставак ва Узбекістан. Прадукцыя наша запатрабаваная і абавязкова знойдзе свайго пакупніка, — не сумняваецца дырэктар Мазырскага доследнага лясгаса Аляксандр Ціток.

У сувязі з санкцыямі прыйшлося значна перагледзець лагістыку паставак прадукцыі. У выніку — кантракты на піламатэрыялы і пелеты для расійскага рынку, з якім раней па такіх пазіцыях мазыране не працавалі.

Піламатэрыялы з Мазыра актыўна пачаў купляць і Кітай. На дадзеную краіну прыходзіцца 40 % ад усяго аб'ёму экспартных паставак прадпрыемства. Сёння Мазырскі доследны лясгас актыўна прапрацоўвае магчымасць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу. У планах — вытворчасць каркаснага жылля.

— Санкцыі ў нас у галовах, — упэўнены кіраўнік лясгаса. — Спыняцца нельга. Нават пры закупцы тэхнікі сёння ёсць выбар сярод айчынных вытворцаў. Гэта сведчыць аб дальнабачнасці палітыкі кіраўніка дзяржавы па падтрымцы ўласнай вытворчасці.

Гістарычны момант для нафтавікоў

Яшчэ адным пунктам візіту парламентарыяў у рэгіён стаў Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. На прадпрыемстве цяпер рэалізуецца найбуйнейшы і найважнейшы для ўсёй краіны інвестыцыйны праект — будаўніцтва комплексу па гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў. Прыезд дэпутатаў супаў з гістарычным момантам у жыцці мазырскіх нафтавікоў — стартам першых пускавых аперацый на новым комплексе. Гэта дзявяты падобны аб'ект у свеце і сапраўдны працоўны подзвіг калектыву — так ахарактарызаваў праект генеральны дырэктар ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» Віталь Паўлаў.

Акрамя стварэння 430 рабочых месцаў, новы комплекс дазволіць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90 %, а таксама значна павялічыць выпуск дызельнага паліва.

Куды едзе «малочка»

Курс на пераадоленне складанасцяў, звязаных з санкцыямі, і далейшае развіццё ўзяло і камунальнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Мазырскія малочныя прадукты». «Малочка» адсюль пастаўляецца на рынкі 37 краін. Асноўны экспартны партнёр — Расійская Федэрацыя. Але мазыран добра ведаюць і спажыўцы на азіяцкім рынку, а таксама ў Казахстане, Грузіі і Азербайджане. Сёлета партыі мазырскай прадукцыі адправілі ў Сінгапур. Самы запатрабаваны экспартны прадукт — сухое малако. Тут яго выпускаюць 10 тон у суткі.

На прадпрыемстве працягваецца тэхнічнае перааснашчэнне па трох асноўных напрамках: участкі натуральнамалочнай прадукцыі, перапрацоўкі вяршкоў і інжынерных сістэм прадпрыемства.

Каб вырашыць праблему, яе трэба сфармуляваць

Вынікі рабочага візіту на Гомельшчыну члены Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах падвялі на сустрэчы з кіраўніцтвам Мазырскага райвыканкама. Як было адзначана, штогод на тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемстваў раёна інвестуецца каля 450 мільёнаў рублёў. З пачатку года на Мазыршчыне створана 40 новых прадпрыемстваў, 12 з іх — у вытворчай сферы.

Фокус дзяржаўнага кіравання павінен быць скіраваны на падтрымку вытворцаў, выказаў сваё меркаванне старшыня Пастаяннай камісіі Андрэй Савіных. На яго думку, парламентарыі могуць дапамагчы на заканадаўчым узроўні вырашыць праблемы, якія перашкаджаюць прадпрыемствам развівацца ва ўмовах санкцыйнага ціску, пры актыўным дыялогу вытворцаў з урадам і выканаўчымі ўладамі.

— Сёння мы жывём у вельмі складаны час, калі глабальная эканоміка саступае месца рэгіяналізацыі, свет пераходзіць у фармат існавання макрарэгіёнаў. Гэта будзе азначаць стварэнне новых тэхналагічных звёнаў, таму вельмі важна працаваць над стварэннем тэхналагічных зон, кластараў, якія будуць поўнасцю забяспечваць дзейнасць айчынных прадпрыемстваў, пачынаючы ад паставак сыравіны, камплектуючых да збыту і тэхналагічных рашэнняў. Не ўсе пытанні можна вырашыць адразу, але гэта тэндэнцыя, якую мы павінны заахвочваць, падтрымліваць і на заканадаўчым узроўні, і на ўзроўні фінансавання, — падкрэсліў Андрэй Савіных.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».