Вы тут

«Я выбрала гэты шлях невыпадкова»


Яна ніколі не лічыла, колькім дзецям дапамагла прыйсці ў жыццё, але ведае, што іх вельмі шмат: тых, каго трымала на руках у час родаў, і тых, чый доўгачаканы прыход у гэты свет стаў магчымы дзякуючы яе майстэрству доктара. 


Марыя Сігізмундаўна Вярбіцкая — урач акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ. У 1988 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны медінстытут. Працавала ў Барысаўскім раддоме, у 7-й клінічнай бальніцы г. Мінска. З 2001 года — на кафедры акушэрства і гінекалогіі Мінскага медуніверсітэта. Апублікавала больш за 80 навуковых работ. Член БНПГА «Асацыяцыя акушэраў-гінеколагаў і неанатолагаў».

«Калі чалавек абраў прафесію па прызванні, ён не сыдзе з яе»

— Ваша сфера — аператыўнае акушэрства і гінекалогія, гэта значыць, Вы працуеце ў сітуацыях складаных, часта экстрэмальных... А сваю першую аперацыю памятаеце?

— Вядома. Інтэрнатура ў Барысаўскім радзільным доме, 1988 год. Аперацыя паўторнага кесарава сячэння. Гэта цяпер жанчыны ў Беларусі могуць нараджаць самі і пасля кесарава сячэння, а ў той час былі іншыя падыходы і тэхнічнае забеспячэнне. Дзіця нарадзілася цудоўнае, мама ачуняла!

Маім асістэнтам на той аперацыі была загадчыца родавага аддзялення Барысаўскага раддома — мая мама Валянціна Вітольдаўна Вярбіцкая. Ад гэтага было вельмі складана. Гэта дома яна была мама, а на працы — старэйшы вопытны доктар і кіраўнік. Яна вельмі многа мне дала на першых этапах майго станаўлення як акушэра-гінеколага.

— Можна не пытацца, як Вы прыйшлі ў прафесію…

— Наша прафесійная дынастыя пачалася з мамы, з майго старэйшага брата, цяпер дацэнта кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ Вячаслава Вярбіцкага. Так што ў складаных прафесійных сітуацыях мне было да каго звярнуцца па параду. Дарэчы, падчас Вялікай Айчыннай вайны мая бабуля аказвала дапамогу парадзіхам. Без медыцынскай адукацыі ў тых цяжкіх умовах ёй удавалася ратаваць нованароджаных нават з асфіксіяй.

— Эмацыйнае напружанне і адказнасць за аперацыйным сталом велізарныя, а Вы — мама дваіх дзяцей. Ніколі не хацелася перайсці на больш спакойную працу?

— Мае блізкія прызвычаіліся да таго, што дапамога пацыентам можа спатрэбіцца і па выхадных, і ў вячэрні час. Раней былі начныя дзяжурствы, цяпер супрацоўнікі нашай кафедры па графіку дапамагаюць у складаных выпадках па ўсёй краіне. Так што цалкам прысвяціць выхадныя сям’і ці хобі атрымліваецца не заўсёды.

Але калі чалавек абраў прафесію па прызванні, ён не сыдзе з яе. Я перакананая, што выбрала гэты шлях невыпадкова. Удавалася выношваць цяжарнасці, якія ў папярэдніх пяці-сямі выпадках заканчваліся няўдала. Я проста рабіла тое, што ўмею, і ўсё атрымлівалася.

«Цяжарнасць трэба планаваць нават у 20 гадоў»

— Чаму пры сучасных медыцыне і тактыцы вядзення цяжарнасці ўсё яшчэ здараюцца ўскладненні ў родах?

— Магчыма, сваю ролю адыграла экалогія. Але важна разумець, што за апошнія 20 гадоў беларускія акушэры навучыліся аказваць дапамогу ў тых выпадках, у якіх пры ранейшым узроўні медыцыны жанчыны не маглі і марыць мець дзяцей. Эндакрынныя паталогіі, пухліны... сёння нават жанчыны з трансплантацыяй органаў могуць нарадзіць! Але роды такой жанчыны не будуць тыповымі і фізіялагічнымі. У складаных выпадках на дапамогу гінеколагам прыходзяць анестэзіёлагі, дактары іншых спецыяльнасцяў. Мы дабіваемся поспеху і ставім перад сабой яшчэ больш высокую планку, бо дзякуючы дасягнутаму ўзроўню медыцынскай дапамогі перад намі з’яўляюцца новыя задачы.

— Сучасныя беларускі ўсё часцей арыентуюцца на ідэал сацыяльнай паспяховасці — адукацыя, кар’ера, дабрабыт. Па статыстыцы, першае дзіця нашы жанчыны нараджаюць у сярэднім у 29 гадоў. Што варта ведаць, плануючы цяжарнасць у 30 гадоў і пазней?

— Узрост, безумоўна, важны, але, на мой погляд, перш за ўсё важная падрыхтоўка да цяжарнасці. Планаваць цяжарнасць жанчына мусіць і ў 29, і нават у 20 гадоў. Наведаць доктара і атрымаць поўную інфармацыю пра сваё здароўе, рызыкі, што могуць узнікнуць. Часам жанчына шукае адказы на свае пытанні ў інтэрнэце, гэта няправільна, бо інтэрнэт не ведае яе індывідуальных асаблівасцяў. Пытанні лепш задаць свайму доктару, абавязкова здаць комплекс аналізаў.

Падчас цяжарнасці важны пастаянны шчыры кантакт з доктарам. Некаторыя жанчыны ў гэты перыяд не адчуваюць асаблівых турбот, але не заўсёды дзіця можа даць зразумець маме, што нешта не так. Менавіта доктар своечасова заўважыць праблемы.

— Кожная жанчына ведае, што гінеколага трэба наведваць раз на год. Ці робіць яна гэта — іншае пытанне. Маўляў, аналізы год таму былі добрыя, нічога не баліць, значыць, і да доктара няма чаго хадзіць…

— Наведваць гінеколага мінімум раз у год неабходна любой здаровай жанчыне. Многія захворванні на першых этапах сябе нічым не праяўляюць. Пацыентка знікае на некалькі гадоў і прыходзіць тады, калі нешта непакоіць ці з’яўляюцца праблемы з боку іншых органаў. Напрыклад, кружыцца галава, а крывацёк падчас цыкла моцны. Жанчына ідзе да тэрапеўта ці да неўролага, а ісці трэба да гінеколага. Калі прыходзіць своечасова, можна абысціся без ускладненняў.

Міфы пра жаночае здароўе

— З якімі міфамі Вам даводзілася сутыкацца як доктару? Выкажу здагадку: «Балючыя месячныя — гэта норма», «Гарманальныя таблеткі — зло»…

— А яшчэ: «У мяне няма мужа, месячных даўно няма, дзеці выраслі. Навошта ісці да гінеколага?». Насамрэч жанчыне ў постменапаўзе часам патрабуецца больш пільная ўвага доктара, чым у рэпрадуктыўным узросце з рэгулярным цыклам. У жанчын 50+ даводзіцца вырашаць пытанні з касцёва-сустаўнай сістэмай, кардыялагічныя і інш.

Сёння пацыенткі даволі часта звяртаюцца з альгаменарэяй (балючымі месячнымі), мы ім паспяхова дапамагаем. Што да гарманальных таблетак, за 20 гадоў іх дазіроўка знізілася ў дзясяткі разоў. Гэта ўжо не тыя аральныя кантрацэптывы, якія былі ў 90-х. Пры некаторых гінекалагічных захворваннях (напрыклад, эндаметрыёз) без гарманальнай тэрапіі не абысціся. Кансерватыўнае лячэнне лепш за самую добрую аперацыю, а гарманальныя прэпараты часам дазваляюць пазбегнуць апошняй.

— Што павінна насцярожыць жанчыну ў яе самаадчуванні?

— Любая змена ў стане арганізма. Сімптаматыка гінекалагічных захворванняў вядомая — выдзяленні, змены з боку менструальнага цыкла, болі, лакалізаваныя ўнізе жывата. Парушэнні функцый мачавога пузыра і прамой кішкі таксама могуць сведчыць аб гінекалагічных захворваннях, як і любыя праблемы ў інтымным жыцці жанчыны.

«Сабакамі захапілася са студэнцтва»

— Вы — навуковец, доктар, мама. А яшчэ — вядомы ў краіне эксперт па многіх пародах сабак. Як здарылася, што Вы прафесійна захапіліся братамі нашымі меншымі?

— Сабакі ў нас дома былі заўсёды. Мусіць, калі выхоўваешся ў асяроддзі сацыяльнай спагады, непазбежна ў хаце з’яўляюцца жывёлы. І тут адыграла ролю захапленне майго старэйшага брата кіналогіяй. Ён жа не толькі акушэр-гінеколаг, але і суддзя міжнароднага класа па экстэр’еры сабак, вядомы ў Беларусі і за яе межамі эксперт па нямецкай аўчарцы. Са студэнцтва я часта суправаджала яго на выставы, спаборніцтвы. Ну і захапілася сама, асабліва сабакай чыхуахуа.

— Якая Ваша любімая парода — нямецкая аўчарка або чыхуахуа?

— У сэрцы жывуць абедзве. Наогул, я люблю сабак усіх парод. Выязджаю на выставы як эксперт, бывала ў Кітаі, Індыі, Партугаліі, часта бываю ў Расіі. У кожнай краіне ёсць асаблівасці правядзення конкурсаў, але стандарты — адзіныя.

— А дома сабаку трымаеце?

— Вядома. Доктар жа суперажывае болю сваіх пацыентаў, носіць яго ў сабе. А чатырохногі сябар пазбаўляе ад эмацыйнага напружання, здымае стомленасць, забірае сабе чалавечы боль…

— Вашы дочкі працягнулі медыцынскую дынастыю?

— Старэйшая, Юлія — урач-псіхіятр, псіхатэрапеўт, працуе ў тым ліку з цяжарнымі і пасляродавымі жанчынамі, аўтар навуковых артыкулаў. А малодшая дачка Марыя вучыцца на ветэрынара. Так атрымалася, што дзяўчаты падзялілі паміж сабой маю прафесію і маё хобі.

Алена ВАЛЕР’ЕВА 

Фота Юліі РАМАНЬКОВАЙ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.