Вы тут

Беларускі рубель вярнуў сваю стабільнасць


Раней у любой крызіснай сітуацыі долар і еўра істотна раслі, і ў цэлым курс так званай свабодна канверсійнай валюты лічыўся ледзь ці не самым наглядным індыкатарам сітуацыі ў эканоміцы. Цяпер мы жывём у новай рэальнасці, калі складана адназначна адказаць на пытанне — на якую валюту лепш рабіць стаўкі і як захаваць зберажэнні, пакуль рынак «штарміць»?

Многія людзі сёння заклапочаныя пытаннем, дзе, як і ў чым захоўваць свае зберажэнні, бо турбулентнасць на фінансавым рынку беспрэцэдэнтная і наўрад ці паддаецца прагнозам.


На жаль, не існуе дастаткова надзейных агульнадаступных варыянтаў засцярогі зберажэнняў насельніцтва, лічаць фінансавыя аналітыкі. Практычна ўсе звыклыя інструменты інвеставання, уключаючы дзяржаўныя аблігацыі, нерухомасць, каштоўныя металы, могуць праявіць сябе самым непрадказальным і нават непрыемным чынам, але...

Раней параўноўваць захоўванне наяўных долараў і беларускіх рублёў не мела сэнсу. Усім было вядома, што курс рубля да долара за год зніжаўся мінімум на 8—15 %, таму казаць аб доўгатэрміновым захоўванні рубля і зусім не даводзілася. Так было да жніўня 2020 года, калі наша валюта значна патаннела (да 2,64 рубля за долар) літаральна за месяц. Але самае цікавае, як успрымаўся наш рубель на працягу апошніх двух гадоў. Сёлета ў лютым і сакавіку беларуская валюта апускалася нават значна ніжэй (да 3,15 рубля за долар). Але, як аказалася, гэта быў не эканамічна вывераны курс, а курс «на эмоцыях». Досыць хутка беларускі рубель вярнуў страчаную стабільнасць, а ў апошні час працягвае ўпэўнена ўмацоўвацца да долара і еўра.

Долар і еўра нікому не патрэбныя?

На валютным рынку цяпер складваецца анамальная сітуацыя, абумоўленая больш геапалітычнымі, чым эканамічнымі прычынамі. Змяняецца структура плацежнага і гандлёвага балансу. Скарачэнне імпарту і антысанкцыйныя меры на валютным рынку нашай вялікай суседкі выклікалі абвал попыту на долар і ў нас. Схема «разлікаў за газ у рублях», на якой настойваюць улады Расіі, па сутнасці, азначае, што заходнія кампаніі вымушаныя пералічваць еўра на спецрахункі, дзе яны будуць канвертавацца ў расійскія рублі. Фактычна гэта мае на ўвазе 100 % абавязковы продаж валюты.

Пры высокіх цэнах на сыравіну расійскі валютны рынак атрымлівае велізарны прыток долараў і еўра, што забяспечвае ўмацаванне расійскага рубля. І беларускі рубель пасля кароткачасовага спаду ўмацаваўся да долара і еўра, але ўпаў адносна расійскага рубля.

Эксперты фінансавага рынку лічаць, што калі беларуская эканоміка здолее канчаткова пераарыентавацца на Усход, то патрэба ў доларах і еўра для разлікаў з замежнымі пастаўшчыкамі скароціцца.

Яшчэ адна асаблівасць згаданай новай рэальнасці — зніжэнне курса долара і еўра не перашкаджала цэнам расці (нават на прадукты харчавання). Гэты загадкавы парадокс заўважыў кіраўнік нашай дзяржавы, пасля чаго Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вырашыла навесці парадак у сферы цэнаўтварэння. Цяпер на цэны будзе больш уплываць курс расійскага рубля і цэлы шэраг іншых фактараў.

Да аўтара гэтых радкоў у апошні час звяртаюцца нашы падпісчыкі з пытаннем, якую валюту купляць — долар ці еўра? Мой адказ, што выбіраць трэба беларускі рубель, іх не задавальняе. У такім выпадку паспрабуем прааналізаваць два варыянты.

Блізкая да нашай краіны валюта — еўра. Што з ёй? У 2022 годзе еўра пабіў гістарычны мінімум у адносінах да долара. Еўра — паўнавартасная валюта, курс якой залежыць ад таго, наколькі людзі вераць у эканоміку краіны (у дадзеным выпадку рэгіёна). Гэта непасрэдна звязана з эканамічнымі паказчыкамі.

З-за энергетычнага крызісу ў Еўропе высокая інфляцыя, узрасла пагроза для розных галін эканомікі. Апошняе негатыўна адбіваецца на веры людзей у будучыню еўра. На жаль, заканчэнне негатыўных з'яў пакуль складана прагназаваць, напрыклад, ужо цяпер відаць, што ёсць праблемы з сельскагаспадарчай прадукцыяй — і таму еўра становіцца менш каштоўным.

На мой погляд, і сама па сабе структура ЕС вельмі праблемная, ёсць унутраныя і эканамічныя, і палітычныя супярэчнасці. Пры ўмове, што краіны Еўрасаюза будуць больш супрацоўнічаць паміж сабой і змогуць пераадолець крызісныя наступствы, еўра можа быць стабільнай валютай. Але... занадта там шмат падводных камянёў.

З доларам наогул усё досыць складана. У Расіі ў апошні час прапануюць цалкам адмовіцца ад выкарыстання дадзенай валюты. Ды і ў нас яе апошнім часам неяк недалюбліваюць. Эксперты тлумачаць, што замежная валюта для распаўсюджвання яе ў абароце павінна валодаць стабільным курсам, ліквіднасцю, а таксама не павінна быць загараджальнага валютнага кантролю ў краіне — эмітэнце валюты.

Тут узнікае галоўнае пытанне — для чаго гэтую валюту набываюць звычайныя людзі? Для інвестыцый? За апошнія гады долар не падрос, а працэнты па валютных дэпазітах у разы меншыя, чым даходнасць рублёвых укладаў.

Сярод валют на замену долару і еўра можна назваць кітайскі юань і дырхам (валюта ААЭ), а таксама шэраг іншых валют «больш дробных рынкаў». Сёння нашу ўвагу ўсё больш прыцягвае юань. І хоць нядаўна назіралася яго даволі доўгае падзенне, ёсць нават гульцы рынку, якія прапануюць дэпазіты ў кітайскай валюце. І гэта, верагодна, стане модным.

Пры ўсёй моцы кітайскай эканомікі, юань рэгулюецца нярыначнымі метадамі. Я вельмі паважаю такі падыход: кітайцы мяняюць курс у залежнасці ад таго, трэба стымуляваць імпарт або экспарт. А захоўваць грошы ў валюце, якая падстрахоўваецца адміністрацыйнымі рашэннямі і мае цэлы шэраг абмежаванняў па перамяшчэнні капіталу, заўсёды рызыкоўна.

Золата і каштоўныя паперы — не для простых людзей

Напрыклад, каштоўныя камяні і металы. Яны надзейныя і прыбытковыя толькі ў доўгатэрміновай перспектыве — 15—20 гадоў. Золата і брыльянты — добры спосаб захоўвання і прымнажэння багацця — для тых, у каго хапае цярпення і рэсурсаў. Напрыклад, залатыя зліткі, набытыя ў нулявыя гады, далі за 20 гадоў вельмі нядрэнную прыбытковасць нават з улікам інфляцыі і змен валютных курсаў. Але тым, хто жыве «ад авансу да палучкі», такія інвестыцыі не падыдуць.

Зрэшты, на гэтым рынку таксама часта бываюць перыяды высокай валатыльнасці, таму няма гарантый, што цэны не ўпадуць менавіта тады, калі вам неабходна будзе абярнуць свае скарбы ў наяўнасць.

Каштоўныя паперы сёння сталі рызыкоўнымі абсалютна ўсе. Рызыку можна знізіць пры добра дыверсіфікаваным партфелі акцый надзейных сусветных кампаній, скажам, высокатэхналагічных, энергетычных, харчовых, транспартных. У доўгатэрміновай перспектыве такі партфель прынясе добрую выгаду. Але для таго і раней былі патрэбныя час і значныя сродкі, а таксама пэўныя веды. Цяпер укласціся ў такія інструменты стала складана, а вярнуць грошы назад — яшчэ складаней. Да таго ж многія замежныя фінансавыя кампаніі проста адмаўляюцца працаваць з беларускімі інвестарамі.

Тыя, хто гатовы рызыкнуць, могуць звярнуцца да такіх укладанняў, як аблігацыі беларускіх кампаній або токены. Пакуль у нас вельмі рэдка назіраліся дэфолты па аблігацыях — летась іх было ўсяго дзесяць, гэта значыць 0,01 % усіх выпускаў. Але магчыма, што ў далейшым будзе значна больш. Трэба адзначыць, даходнасць аблігацый з улікам інфляцыі і валютных ваганняў таксама пад пытаннем.

Прывабна выглядае ўкладанне зберажэнняў у такія «ахоўныя» валюты, як швейцарскія франкі, японскія ены, нарвежскія кроны, аўстралійскія і канадскія долары. Але ў нашы неспакойныя часы і яны не абароненыя ад ваганняў. Наогул сёння наўрад ці існуюць інструменты, здольныя засцерагчы ад страт, і тым больш — павялічыць невялікія зберажэнні. Асабліва не варта рабіць рызыкоўныя ўкладанні на фінансавых рынках, у якіх вы не арыентуецеся.

Я зрабіў усё проста — паклаў грошы у беларускі банк, вядома, у нацыянальнай валюце.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».