Вы тут

Як дзякуючы Нестару Сакалоўскаму «Мы — беларусы» заспявалі паўсюдна


Выпадкаў, калі дастаткова адзінага твора ці кнігі, каб аўтар увайшоў у гісторыю, нямала. У беларускай літаратуры яскравы прыклад таму — Максім Багдановіч з яго «Вянком». Калі ж хто-небудзь меў дачыненне да двух твораў, здавалася б, вядомасць павінна быць яшчэ большая. Ды як сказаць... Хто не чуў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, многім падабаецца «Песня пра Нёман», больш вядомая па першым радку «Ой, бацька мой, Нёман». Аднак гэта тычыцца часцей за ўсё аўтарства слоў. На жаль, далёка не кожны ведае, што музыку ў абодвух выпадках напісаў кампазітар, хормайстар, фалькларыст Несцер Сакалоўскі. Сёлета, калі ўпершыню мы адзначаем не толькі Дзень дзяржаўнага герба і сцяга, але і дзяржаўнага гімна, самы час згадаць аўтара мелодыі, якая стала сімвалам нашай краіны.


Несцер Сакалоўскі. 1920 г.

«Бульба» лёс прадказала 

На свет ён з’явіўся 9 лістапада 1902 года ў сям’і малазямельных сялян Фёдара Адамавіча і Зінаіды Іванаўны Сакалоўскіх вёскі Вешкі. Тады гэта быў Барысаўскі павет, цяпер Докшыцкі раён. Да песні, музыкі далучыўся ў маленстве. Маці, у дзявоцтве Судніковіч, у нава¬коллі славілася пявунняй. Родны брат бацькі Міхаіл Адамавіч быў цудоўным скрыпачом-самавукам. Жылі б Сакалоўскія ў Вешках, ды надарылася бяда: хата іх згарэла з усім няхітрым набыткам. Помачы не было ад каго чакаць, таму падаліся ў Мінск. Гаспадар уладкаваўся дворнікам, а Зінаіда Іванаўна — прачкай. 

Сумаваў сын без песень. Бацькам з-за пастаяннага занятку было не да таго, каб клапаціцца аб яго будучыні. Таму толькі ў пятнаццацігадовым узросце пачаў вучыцца, паступіўшы ў Першую працоўную школу. Як жа ўзрадаваўся, што там вучылі і музычнай грамаце. Калі даведаўся, што ў школе ствараюцца гурткі мастацкай самадзейнасці, запісаўся ў адзін з іх. Не толькі спяваў, але і навучыўся іграць на балалайцы. Хутка стаў адным з самых актыўных школьных артыстаў. 

Аднак невядома яшчэ, як бы склаўся яго далейшы лёс, калі б не пазнаёміўся з Кастусём Пуроўскім — з цягам часу Канстанцін Васільевіч стаў вядомым дзеячам беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва. Розніца ва ўзросце ў восем гадоў не перашкодзіла ім пасябраваць. Хутка Несцер стаў сваім чалавекам і ў «Беларускай хатцы», дзе арганізоўвалі спектаклі і канцэрты члены Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. Канстанцін Пуроўскі спяваў у хоры пад кіраўніцтвам Уладзіміра Тэраўскага. Заахвоціў да спеваў і яго. А яшчэ праз некаторы час удвух паспрыялі папаўненню рэпертуару цікавым творам. 

Напаткалі неяк старую жанчыну, якая з вялікім задавальненнем спявала ўсім добра вядомую сёння «Бульбу». Слухалі як зачараваныя. А пасля, патлумачыўшы, чаму да яе такая ўвага, папрасілі сялянку праспяваць яшчэ раз. Потым зноў... Пакуль не запомнілі мелодыю, а словы, каб не забыць, занатавалі. Песня спадабалася і Уладзіміру Тэраўскаму. Яна адразу была ўключана ў рэпертуар хору. 

Выпадак з «Бульбай» стаў для Несцера Сакалоўскага важным творчым урокам. Упэўніўся: народная памяць — невычэрпная скарбонка, што захоўвае нямала арыгінальных песень. Іх неабходна своечасова запісаць, каб не зніклі бясследна. Гэтым правілам кіраваўся і ў творчым жыцці. Занатаваў ажно звыш 500 беларускіх народных пеень і мелодый. Атрымліваецца, што «Бульба» ў многім яго кампазітарскі лёс і прадказала. Ды гэта пазней. 

А «Правда» адзначыла 

Дыплом аб сярэдняй адукацыі атрымаў у 1921 годзе. Але чым канкрэтна заняцца, яшчэ не вызначыўся. Два гады выступаў з рознымі калектывамі, а ў 1923 годзе прызвалі ў Чырвоную Армію. Быў ротным запявалам, удзельнічаў у салдацкай мастацкай самадзейнасці, а хутка і ўзначаліў яе. Звольніўшыся праз тры гады ў запас, уладкаваўся ў Беларускі перасоўны драматычны тэатр Уладзіслава Галубка. Служачы акцёрам, неўзабаве стаў і хормайстрам. Паступіў на тэарэтыка-кампазіцыйнае аддзяленне тагачаснага Беларускага дзяржаўнага музычнага тэхнікума, цяперашні Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі. 

На час заканчэння вучобы (1931) і прыпадае пачатак яго актыўнай кампазітарскай дзейнасці. Калі дакладна, сказаць немагчыма. Шмат якія матэрыялы згадана¬га перыяду згарэлі ў час бамбёжкі Мінска гітлераўцамі. На шчасце, захаваліся некаторыя выданні твораў Несцера Фёдаравіча. У 1931 годзе асобнай кніжачкай выйшла песня «Бальшавіцкая сяўба», у 1933-м — «Чырвонаармейская» і «Разгон не стрымаць». У 1934 годзе з’явіліся «8 песень для пачатковай школы». Падобныя творы адпавядалі таму, што хвалявала савецкае грамадства. Асобныя пісаліся як водгук аўтараў на пабачанае. Пры¬намсі, «Сяўба ў калгасе» з’явілася пасля наведвання Несцерам Сакалоўскім і пісьменнікам Алесем Якімовічам вя¬домай на той час сельскагаспадарчай арцелі «Перамога». 

Вольга Ігнатаўна Сакалоўская (Ляговіч), жонка кампазітара.

У некалькіх калгасах у ваколіцах Мінска Несцер Фёдаравіч стварыў аматарскія хары. Найбольшага поспеху дасягнуў калектыў з вёскі Рогава тагачаснага Заслаўскага раёна. Самадзейныя артысты ў ліпені 1936 года нават трапілі ў Маскву на Усесаюзную алімпіяду харавой творчасці. Разам з 29 прафесійнымі і самадзейнымі калектывамі з усяго Савецкага Саюза. І толькі дзевяць з іх выступалі перад кіраўнікамі пар¬тыі і ўрада. Газета «Правда» асабліва вылучыла хор пад кіраўніцтвам Несцера Сакалоўскага і адзін калектыў з Украіны. 

З душой, прагнай прыгожага 

Новы этап у творчай дзейнасці Несцера Фёдаравіча пачаўся ў 1937 годзе пасля стварэння Дзяржаўнага ансамбля песні і танца Беларускай ССР. З’явіўся ўнікальны калектыў па прапагандзе найлепшых узораў вакальнага, інструментальнага і харэаграфічнага мастацтва беларускага народа. Кіраўнікамі ансамбля сталі вядомыя дзеячы, талент якіх раскрыўся ў гэтых галінах дзейнас¬ці: Ісак Любан, Несцер Сакалоўскі і Канстанцін Алексютовіч. Несцера Фёдаравіча прызначылі хормайстрам. 

Усе трое былі ўлюбёны ў нацыянальны фальклор, а прапаганду яго ўспрымалі адной з найважнейшых спраў свайго жыцця. З’явілася магчымасць не толькі належным чынам папулярызаваць яго, але і спрыяць, каб выдатныя самадзейныя выканаўцы ўліліся ў прафесійнае мастацтва. У выніку ў ансамбль былі залічаны такія пазней вядомыя беларускія артысты, як Т. Аўрамчык, П. Акулёнак, С. Лыскавец, Д. Чарапнін... 

Несцер Сакалоўскі, захапляючыся беларускай народна-песеннай творчасцю, з павагай і разуменнем ставіўся і да фальклору іншых народаў, якія жылі на Беларусі. Яшчэ ў хоры Уладзіміра Тэраўскага спяваў не толькі беларускія, але і рускія, украінскія песні. Па-ранейшаму не губляў выпадку, каб запісаць цікавую мелодыю. Адбывалася ж гэта, як відаць з успамінаў Ісака Любана, у розных абставінах. 

Ісак Ісакавіч прыгадваў такі выпадак. Неяк яны ўдвух кіраваліся з Бабруйска ў адзін з мясцовых калгасаў. Яўрэй-балагол нечакана заспяваў. Несцер Фёдаравіч, які сядзеў моўчкі, ажно наструніўся і пачаў падпяваць. Гэта атрымлівалася з цяжкасцю, бо слоў не ведаў. Ды і мелодыя была незнаёмая. Прасіў балагола ў некаторых выпадках паўтарыць яе. І старанна падхопліваў. Твар яго ў гэты момант свяціўся. Нібыта больш нічога ў свеце не існавала, апроч гэтай песні. 

Паштовая марка, выпушчаная да стагоддзя кампазітара.

Любоў да фальклору прывяла да таго, што ў апрацоўках Несцера Сакалоўскага слухачы пазнаёміліся з многімі народнымі песнямі, цікавасць да асобных не аслабла і сёння. Па-ранейшаму атрымліваеш задавальненне, калі чуеш «А ў полі каліна», «Салавейка», «Лён» і іншыя. У свой час высока ацаніў майстэрства Дзяржаўнага ансамбля песні і танца Беларускай ССР і Уладзімір Захараў, які ўзначальваў славуты хор імя Пятніцкага. 

Перад самай вайной Несцеру Фёдаравічу даручылі стварыць Палескі ансамбль песні і танца. Паклапаціўся не толькі аб належным падборы артыстаў, але і аб цікавым і разнастайным рэпертуары. Звярнуўся да паэтаў Петруся Броўкі, Артура Вольскага, Міхася Машары. Прыцягнуў да супрацоўніцтва і шэраг кампазітараў, у тым ліку Рыго¬ра Пукста, з якім падтрымліваў цесныя кантакты. 

Новы час — новыя песні 

Калі фашысты акупавалі Беларусь, апынуўся ў горадзе Алатыр, што ў Чувашыі. Некаторы час працаваў на заводзе, а пасля быў мабілізаваны і трапіў у гвардзейскую часць. Але служба працягвалася нядоўга. Многія дзеячы культуры, мастацтва, літаратуры хутка былі адазваны з часцей, каб займацца творчай працай. 

У 1943 годзе Несцер Фёдаравіч стаў мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца, які тады знаходзіўся ў Заволжжы. Калі пачало¬ся вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яго выклікалі ў Нова-Беліцу, дзе размяшчалася кіраўніцтва Беларусі, і прызначылі начальнікам аддзела мастацкай самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтва Беларускага ўрада. 

У суровы і складаны час напісаў нямала твораў, якія заклікалі да барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, уздымалі дух савецкага народа. Але разумеў, што прыйдзе час, калі зноў будуць запатрабаваны песні высокай духоўнай напоўненасці, прасякнутыя тонкім лірызмам, а ў неабходных выпадках — пафасам, што выяўляе сам дух народны. Так былі напісаны «Песня пра Нёман», «Сюіта на тэмы беларускіх народных песень», куды арганічна ўпляліся матывы такіх выдатных твораў, як «Ой, каліна, маліна», «Зайшоў, зайшоў бел малойчык», «Ой сын едзе», «А каб я тое знала» і «Хмарыцца — дождж будзе». І, канешне ж, «Мы — беларусы» — плён творчага супрацоўніцтва Несцера Фёда¬равіча з паэтам і драматургам Міхасём Клімковічам. 

«Мы — беларусы» заспявалі адразу 

Напісалася песня «Мы — беларусы» на схіле вайны, у 1944 годзе. І адразу звярнула на сябе ўвагу дзякуючы таму, што змест яе быў блізкі памкненням беларускага народа. Яна выяўляла тое, што было ў сэрцах людзей, жыло ў іх душах, сведчыла аб братняй дружбе беларусаў і рускіх — двух славянскіх народаў. 

Калі «Песня пра Нёман» стала народнай толькі цягам часу, дык «Мы — беларусы» адразу. Яе заспявалі паўсюдна, бо была ўключана ў рэпертуар многіх калектываў. Хутка стала вядома і далёка за межамі Беларусі. Цікавае наконт гэтага сведчанне кіраўніка Азярышчанскага народнага хору Таццяны Лапацінай, якая некалі пісала: «Наш хор атрымлівае дзясяткі пісем з усіх канцоў Савецкага саюза з просьбай даслаць нашы песні... Я накіравала «Мы — беларусы»». 

Таму невыпадкова, што, калі паўстала пытанне аб Дзяржаўным гімне БССР, выбар спынілі менавіта на песні Несцера Сакалоўскага і Міхася Клімковіча. 24 верасня 1955 года яна ўпершыню прагучала ў сваёй новай ролі. На жаль, Несцер Фёдаравіч парадавацца гэтаму не змог: яго не стала 16 лістапада 1950-га. 

Заўчасна пайшоў з жыцця, бо не мог пахваліцца моцным здароўем, а пасля вайны яно пачало пагаршацца. Таму вымушаны быў пакінуць вучобу ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, але з працай у Дзяржаўным выдавецтве БССР, дзе ўзначальваў рэдакцыю музычнай літаратуры, не развітаўся. Дзякуючы яму пабачылі свет многія зборнікі твораў беларускіх кампазітараў, рыхтаваліся спеўнікі, адрасаваныя аматарам музыкі, выдаваліся вядомыя арыі, апрацоўкі народных песень. 

Як вядома, 3 студзеня 2002 года быў абвешчаны конкурс на новы Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Пасля падвядзення вынікаў вырашылі музыку пакінуць ранейшай. А лепшым прызналі тэкст, прадстаўлены паэтам Уладзімірам Карызнам, які перапрацаваў верш, напісаны раней Міхасём Клімковічам. 


На магіле Несцера Сакалоўскага — помнік-сімвал. На высокім пастаменце знаходзіцца скульптура мужчыны з густою барадой і не менш густымі валасамі, якія ўскудлаціў вецер. Увасабляе яна бацьку Нёмана, так цудоўна апетага Несцерам Фёдаравічам, а Нёман жа — гэта таксама сімвал Беларусі, адным з самых выдатных сыноў якой і быў Несцер Фёдаравіч Сакалоўскі. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.