Вы тут

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі адзначылі юбілей Валянціна Елізар’ева


На сцэне Вялікага тэатра Беларусі адзначылі юбілей народнага артыста СССР, мастацкага кіраўніка тэатра Валянціна Мікалаевіча Елізар’ева. Яго імя цесна звязана з гісторыяй беларускага балета. За гады плённай працы ў тэатры ім былі пастаўлены спектаклі найвышэйшага ўзроўню. Пастаноўкі майстра вартыя не толькі прыхільнасці мінскай публікі, але і сусветнага прызнання.


Сцэна «О фартуна!» з балета «Карміна Бурана».

Свята на сцэне

4 лістапада вялікая ўрачыстасць на сцэне роднага тэатра Валянціна Елізар’ева распачалася са сцэны «О фартуна!» з балета «Карміна Бурана». Артысты балетнай трупы і салісты хору Вялікага тэатра на чале з народнымі артыстамі Беларусі Ірынай Яромкінай і Ігарам Артамонавым нагадалі ўдзельнікам вечара аб слаўнай старонцы беларускага балета, што стала класікай.

У святочны вечар прагучала віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, якое зачытаў міністр культуры Анатоль Маркевіч: «Дзякуючы Вашай натхнёнай працы склалася сучасная беларуская балетная школа, яе дасягненні сталі знакавымі старонкамі летапісу Вялікага тэатра Беларусі. 

За гады адданага служэння мастацтву Вы дабіліся бліскучых творчых поспехаў. Вашы спектаклі з’яўляюцца сапраўднай легендай сцэны, а кожная пастаноўка перадае магію пластыкі чалавечага цела, закранае тонкія грані душы». 

Кіраўнік дзяржавы пажадаў Валянціну Елізар’еву моцнага здароўя, натхнення і невычэрпнай энергіі.

— Я маю гонар асабіста павіншаваць Валянціна Мікалевіча з 75-годдзем. Увесь ваш творчы шлях звязаны з тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь, якому вы адданы з 1973 года. Дзякуючы вашаму самаадданаму служэнню тэатру, мы можам быць упэўнены ў тым, што беларускі балет рухаецца ў правільным кірунку, — дадаў міністр культуры.

Народжаны ў Баку —  адданы Мінску

Будучы легендарны балетмайстар беларускай сцэны нарадзіўся 30 кастрычніка 1947 года ў сям’і ваеннага Мікалая Елізар’ева, які па службе ў той час знаходзіўся ў Баку. Сталіца Азербайджана пакінула ў сэрцы Валянціна Елізар’ева вялікі след і засталася цёплым успамінам, які ён пранёс праз усё жыццё.

Аб сваім захапленні танцамі харэограф выказваецца сціпла: «У той час  у двары ў хлопчыкаў і дзяўчат абавязкова павінна была быць нейкая актыўнасць. Пэўны гурток па-за школай. Вялікая група хадзіла ў харэаграфічны гурток у Дом афіцэраў. Так я абраў танцы». 

Выкладчыкам у гуртку быў Леў Ваганавіч Ляонаў, які акрамя таго загадваў балетнай трупай Азербайджанскага тэатра оперы і балета. Менавіта па рэкамендацыі настаўніка Валянцін Елізар’еў перавёўся ў 1964 годзе ў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча, клас Генадзя Сялюцкага. Скончыў вучылішча (цяпер Акадэмія рускага балета імя А. Я. Ваганавай) у 1967 годзе, аднак працаваць у тэатр  не пайшоў. Працягнуў вучобу. Паступіў на балетмайстарскае аддзяленне Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. А. Рымскага-Корсакава, курс народнага артыста РСФСР Ігара Бельскага. 

Адзін з асноўных прынцыпаў работы Бельскага — «ставіць дзе заўгодна і як мага больш». Кіруючыся запаветам майстра і настаўніка, малады харэограф у 1967—1968 гадах працаваў кіраўніком харэаграфічнага гуртка ДК імя 1-й Пяцігодкі ў Ленінградзе, а ў 1968—1970 загадваў студыяй танца Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Падчас вучобы адбылося яго знаёмства з будучай жонкай і паплечніцай Маргарытай Ізворска-Елізар’евай. Як адзначала ў сваёй кнізе «Феномен Валянціна Елізар’ева» журналістка Інеса Плескачэўская: «Майстар знайшоў сваю Маргарыту». 

У 1973 годзе Валянцін Елізар’еў скончыў навучанне. У планах быў пераезд у Балгарыю, аднак Міністэрства культуры СССР не дазволіла таленавітаму харэографу з’ехаць з краіны. Так, 26-гадовы выпускнік стаў галоўным балетмайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета Беларускай ССР. 

Мінск быў трэцім горадам, які завалодаў сэрцам майстра. Пасля сонечнага і духмянага Баку, пахмурнага і велічнага Ленінграда Мінск стаў яму родным. 

У асобных інтэрв’ю Валянцін Мікалаевіч падкрэслівае, што і адчувае сябе ўжо беларусам.

За гады працы ў Вялікім тэатры Беларусі маэстра паставіў балеты сусветнага ўзроўню. Пра мінскую трупу загаварылі, беларускі балет займеў уласны непаўторны твар.

У 1979 годзе ён стаў народным артыстам Беларусі, а ў 1985-м — народным артыстам СССР. З 1995 года — прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У 2000—2008 — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

«Няма нічога больш выразнага, чым чалавечае цела»

Кожны балет Валянціна Елізар’ева — вяха ў творчасці, абсалютнае адлюстраванне поглядаў маэстра на жыццё і свет.

«Кармэн-сюіта» Ж. Бізэ — Р. Шчадрына стала першым балетам, які Валянцін Елізар’еў паставіў на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Ужо ў самай першай вялікай пастаноўцы балетмайстар заклаў тыя рысы свайго стылю, якія мастацтвазнаўцы вывучаюць і сёння. 

Пазбаўленне ад лішняга, у тым ліку герояў, колераў, рухаў, пераўтварэнне балета ў прытчу, лаканічны аповед аб вечным, — цалкам новы погляд на добра вядомую гісторыю. 

Прадстаўлены ў 1974 годзе балет «Кармэн-сюіта» стаў адкрыццём для мінскай публікі, якая і чакала такога харэографа — маладога, энергічнага, са своеасаблівым разуменнем тэатральнага мастацтва. Прыняла Елізар’ева і балетная трупа. 

Менавіта праца над першым балетам для Беларусі звяла лёсы двух творцаў — Валянціна Елізар’ева і Яўгена Лысіка. Апошні быў сцэнографам Львоўскага тэатра оперы і балета і прыехаў у Беларусь па запрашэнні галоўнага дырыжора Яраслава Вашчака, які працаваў дагэтуль у Львове.

Валянцін Елізар’еў на сцэне Вялікага тэатра.

Старэйшы за харэографа на 17 гадоў мастак меў своеасаблівы погляд на жыццё. Убачыць у мастацтве жыццё, велічнасць і боскасць Яўген Лысік дапамог і маладому балетмайстру. Разам яны яшчэ паставяць балеты «Стварэнне свету», «Ціль Уленшпігель», «Спартак» і «Шчаўкунок». 

Балет «Стварэнне свету» А. Пятрова, прадстаўлены ў 1976 годзе, стаў у кар’еры харэографа адным з тых, што здарыўся насуперак усяму. У сярэдзіне 1970-х уявіць у Савецкім Саюзе Бога на сцэне было немагчыма. І, тым не менш, крэдыт даверу Елізар’еву быў такі вялікі, што балет з’явіўся. 

З пастаноўкай звязана і яшчэ адна гісторыя. У тым жа годзе адбыліся гастролі беларускага тэатра ў Варшаве. Пасля «Стварэння свету» да Ва-
лянціна Мікалевіча падышоў чалавек у кардынальскай сутане і сказаў: «Дзякую вам за Бога». Гэта быў Караль Вайтыла, які пазней стане папам рымскім Іаанам Паўлам II.

Пастаўленыя Елізар’евым «Ціль Уленшпігель» Я. Глебава (1978) і «Спартак» А. Хачатурана (1980) — дзве легенды, якія апавядаюць аб мужнасці, добрым і злым, аб вечнай барацьбе. Сам балетмайстар прызнаецца, што любіць жанчын у балеце, але нельга не адзначыць асаблівую і яскравую маскуліннасць Спартака і Ціля, што чытаюцца праз  іх каханне да жанчын.

У 1983 годзе мінская сцэна ўбачыла перасэнсаванне вядомай кантаты «Карміна Бурана». Вакальна-харэаграфічны спектакль быў пастаўлены балетмайстрам упершыню ў СССР на аснове кантаты нямецкага кампазітара Карла Орфа. Унікальную і запамінальную сцэнаграфію да балета стварыў Эрнст Гейдэбрэхт, які пасля вяртання Яўгена Лысіка ў Львоў стаў галоўным мастаком Вялікага тэатра Беларусі.

«Балеро» М. Равеля (1984), «Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага (1985), «Вясна свяшчэнная» І. Стравінскага (1986), «Рамэа і Джульета» С. Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Л. Мінкуса (1989) — кожны новы балет Валянцін Елізар’еў ствараў у імя мастацтва.

У 1996 годзе за харэаграфію і пастаноўку балета «Рагнеда» («Страсці») ён быў удастоены звання «Найлепшы харэограф года» і прэміі Benois de la Danse Міжнароднай асацыяцыі танца.

Творчая дзейнасць балетмайстра спрыяла сусветнаму прызнанню беларускага балета. Людміла Бржазоўская, Юрый Траян, Уладзімір Іваноў, Інеса Душкевіч, Таццяна Шэметавец — зоркі беларускага балета, якія атрымалі асаблівую агранку і гартаванне, трапіўшы ў арбіту таленту Валянціна Елізар’ева. 

Вакол сусвету Елізар’ева

Падчас святочнага канцэрта ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Ганны Маторнай гледачы мелі магчымасць убачыць на сцэне зорак беларускага балета. Народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна і Антон Краўчанка выканалі адажыа з балета «Спартак». Людміла Хітрова прадэманстравала Рускі танец з балета «Лебядзінае возера». На юбілей беларускага балетмайстра прыехалі шматлікія госці з тэатраў па ўсім свеце, каб асабіста павіншаваць Валянціна Елізар’ева. 

Удзельнікі ўрачыстасці ўбачылі выступленні народнага артыста Расіі Мікалая Цыскарыдзэ і Анжаліны Варанцовай (Міхайлаўскі тэатр), Алесі Расланавай і Міхаіла Яўгенава («Крамлеўскі балет»), Любові Андрэевай і Ігара Субоціна (Тэатр Барыса Эйфмана), Шугылу Адэпхан і Еркіна Рахматулаева («Астана Опера») і інш. Сольныя выступленні прадставілі Ксенія Аўсянік (Дзяржаўны балет Берліна) і Аляксандр Магілёў, кіраўнік Рускай кампаніі сучаснага танца «ЭТО». Аркестрам кіравалі Мікалай Калядка і Уладзімір Авадок.

Далучыўся да выступоўцаў і сам юбіляр. Падчас сцэн з балета «Шчаўкунок» Валянцін Елізар’еў прымераў капялюш Драсельмеера і атрымаў авацыі ўдзячых гледачоў і верных прыхільнікаў.

Яна ЦЭГЛА

Фота Ірыны МАЛАХАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.