Вы тут

Лакаматыў пайшоў пад адхон. Чаму Германія ўжо не «хэдлайнер» Еўрасаюза?


У Германіі вырашылі забараніць банкам пакідаць фае адкрытымі з 23.00 да 6.00. Такая мера ўведзена з-за частых нападаў на банкаматы з выкарыстаннем узрыўчаткі. Як піша Bloomberg, зараз немцы не змогуць здымаць грошы ў банкаматах у фае банкаўскіх аддзяленняў па начах. «Урад вымушаны прыняць «эфектыўныя і агульнанацыянальныя прэвентыўныя меры», каб спыніць хвалю нападаў», — заявіла на сустрэчы з прадстаўнікамі банкаўскай індустрыі міністр унутраных спраў Германіі Нэнсі Фейзер. Паводле звестак улад, колькасць атак на банкаматы з выкарыстаннем выбуховых рэчываў вырасла са 111 у 2020 годзе да 250 летась, а па выніках бягучага года іх колькасць, хутчэй за ўсё, будзе яшчэ большай. «Рэзкае павелічэнне колькасці выбухаў банкаматаў, якія часта ўчыняюцца з выкарыстаннем асабліва небяспечных выбуховых рэчываў, пагражае жыццю трэціх асоб», — падкрэсліла міністр. Такія паведамленні яскрава адлюстроўваюць крызісныя з'явы ў нямецкім грамадстве, якія сталі вынікам калапсу ў эканоміцы. Колішні лакаматыў Старога Свету імкліва губляе сваю вагу. Чаму Германія ўжо не «хэдлайнер» Еўрасаюза?


Інфляцыя распалілася дачырвана

Немцам цяпер не пазайздросціш — рэдкі дзень у Германіі абыходзіцца без якога-небудзь прагнозу, у пераважнай большасці, негатыўнага. Шэраг з іх спраўджваюцца. Так, упершыню з моманту ўвядзення ў абарачэнне еўра больш як два дзесяцігоддзі таму ў верасні інфляцыя ў Германіі перавысіла 10 працэнтаў і ўшчыльную наблізілася да 11 працэнтаў. Упраўленне статыстыкі ФРГ Destatіs падкрэсліла, што такой высокай інфляцыі ў краіне не было са снежня 1951 года. «Інфляцыя ў Германіі распалілася дачырвана», — вобразна пракаментаваў даныя Destatіs эканаміст галандскага банка ІNG Карстэн Бржэскі. Найбольшы ўклад у рэкордны рост інфляцыі ў першы восеньскі месяц унеслі цэны на энергію і энерганосьбіты, якія ў параўнанні з вераснем мінулага года ўзраслі на 43,9 працэнта. Імкліваму рыўку інфляцыі таксама спрыялі праблемы з ланцужкамі паставак і іншыя прычыны.

Далей — больш. У кастрычніку спажывецкія цэны ў Германіі, гарманізаваныя са стандартамі Еўрасаюза, узраслі на 11,6 працэнта ў гадавым вызначэнні. Аб гэтым сведчаць папярэднія звесткі Федэральнага статыстычнага ўпраўлення краіны (Destatіs). Тэмпы інфляцыі паскорыліся ў параўнанні з вераснем і зноў абнавілі гістарычны максімум. Апытаныя Tradіng Economіcs аналітыкі ў сярэднім чакалі захавання інфляцыі на ўзроўні папярэдняга месяца. Узмацненню інфляцыі ў ФРГ садзейнічаюць паслабленне еўра, энергетычны крызіс і праблемы ў ланцужках паставак, якія захоўваюцца. Цэны на энерганосьбіты ў краіне ўзраслі ў кастрычніку на 43 працэнты, прадукты харчавання падаражэлі на 20,3 працэнта, кошт паслуг павялічыўся на 4 працэнты.

Рэцэсія на падыходзе

«Інфляцыя, рэцэсія, страта дабрабыту» — так красамоўна называецца восеньская справаздача вядучых эканамічных інстытутаў Германіі. З лакаматыва, які неаднойчы выцягваў у апошнія гады кантынент з крызісаў і рэцэсій, ФРГ ператвараецца ў цяжкі груз для еўрапейскіх краін, заўважае еxpert.ru. Сітуацыя ў Старым Свеце працягвае пагаршацца. Эканамісты, апытаныя агенцтвам Bloomberg, якія яшчэ нядаўна прагназавалі эканоміцы еўразоны ў наступным годзе рост, цяпер істотна панізілі прагноз і чакаюць відавочны спад. Прычым на дно эканоміку зоны адзінай еўрапейскай валюты пацягне краіна, якую яшчэ нядаўна лічылі фінансавым апірышчам Старога Свету. У той час, як ад трох буйных еўрапейскіх эканомік — Францыі, Італіі і Іспаніі — эканамісты чакаюць нязначнага росту, першай на кантыненце эканоміцы — Германіі — яны прадказваюць спад.

ФРГ зараз пакутуе ад таго, што не так даўно дапамагло ёй стаць фінансавай «прымай». Яна адужала і рэзка вырасла ў апошняй чвэрці мінулага стагоддзя дзякуючы танным расійскім энерганосьбітам і, у першую чаргу, газу. Цяпер жа залежнасць ад расійскага газу або, дакладней, несуцішнае жаданне адмовіцца ад яго, якое цалкам, дарэчы, супярэчыць разумнаму сэнсу, цягне нямецкую эканоміку ў рэцэсію, а разам з ёй — і ўсю астатнюю Еўропу. Германія, якая была апошнія некалькі дзесяцігоддзяў прадметам зайздрасці ўсяго кантынента, цяпер уяўляе нікчэмную карціну: цэны на ўсё і ў першую чаргу на электраэнергію і газ, імкліва растуць, а дзелавая ўпэўненасць падае; заводы і фабрыкі закрываюцца, а кампаніі пераносяць вытворчасць за акіян.

Віцэ-прэзідэнт галоўнага банка Еўропы Луіс дэ Гуіндас заявіў аб існаванні магчымасці «тэхнічнай рэцэсіі» ў Германіі на фоне высокай інфляцыі. «Да вясны 2023 года ў нямецкай эканоміцы будзе спад як мінімум тры кварталы запар, — прыводзіць Bloomberg каментарый старшага эканаміста Даследчага інстытута дзелавой газеты Handelsblatt Дэніса Хузермаера.

Як лічаць эксперты Міжнароднага валютнага фонду, Германія пацерпіць ад інфляцыі асабліва моцна і ўступіць у перыяд рэцэсіі. Паводле даных даклада МВФ, эканамічнае развіццё ФРГ знаходзіцца пад большай пагрозай, чым у астатніх еўрапейскіх краінах. Berenberg Economіcs падкрэслівае, што давер спажыўцоў у Германіі і ў цэлым у еўразоне ўпаў да рэкордна нізкага ўзроўню, што, сцвярджаюць многія эканамісты, з'яўляецца «прэлюдыяй рэцэсіі». Чакае рэцэсію ў наступным годзе і Інстытут эканамічных даследаванняў у Мюнхене, які прагназуе падзенне аб'ёму інвестыцый ажно на 25 працэнтаў.

Горш за пандэмію

Цяжкасці вытворчага сектара ФРГ растуць як снежны ком. Сітуацыю, у якой цяпер апынулася нямецкая прамысловасць, як нельга лепш ілюструе загаловак нядаўняга артыкула ў Fіnancіal Tіmes аб праблемах вытворцаў туалетнай паперы — «З-за энергетычнага крызісу вытворцам туалетнай паперы няма чым выцірацца». Аўтар артыкула ў FT цытуе заяву Федэральнага аб'яднання нямецкай прамысловасці BDІ, у якой адзначаецца, што энергетычны крызіс будзе для вытворчага сектара краіны значна цяжэйшы за каранавірусную пандэмію. Аналогія простая: многія немцы памятаюць, што ў 2020 годзе ў Германіі таксама ўзнік дэфіцыт туалетнай паперы. Аднак зараз стаўкі нашмат вышэйшыя, чым два гады таму. Як сказаў кіраўнік адной з хімічных кампаній, якія пастаўляюць сыравіну для вытворцаў туалетнай паперы: «Пры цяперашніх цэнах гэта будзе азначаць дэіндустрыялізацыю Германіі», паведаміў еxpert.ru.

Вядома, у Берліне спрабуюць змагацца з энергетычным крызісам, у які Еўропа ў цэлым і Германія ў прыватнасці шмат у чым загналі сябе самі. Напрыклад, урад расказаў аб праграме дапамогі насельніцтву і бізнесу. Яна прадугледжвае аднаразовую выплату субсідыі дворагаспадаркам для аплаты рахункаў за энергію, а таксама падаўжэнне ўведзенага яшчэ ў ліпені пакета дапамогі кампаніям, якія спецыялізуюцца на энергаёмістай вытворчасці. У жніўні канцлер Шольц таксама аб'явіў аб зніжэнні падатку на дабаўленую вартасць на продажы газу з 19 да 7 працэнтаў.

Федэральны ўрад гэтак жа, як урады земляў, не сядзіць склаўшы рукі, але, нягледзячы на ўсе іх намаганні, кампаніі працягваюць закрывацца. Закрылася, напрыклад, самая вядомая ў ФРГ кампанія па вытворчасці туалетнай паперы Hackle. Кампаніі, якія працягваюць яшчэ з цяжкасцю працаваць, чакаюць не толькі ўсё больш узрослыя цэны на электраэнергію і газ, але і вельмі верагодныя ўзімку праблемы з іх пастаўкамі. Нядзіўна, што Deutsche Bank прагназуе ў Германіі на наступны год рэцэсію і спад ВУП, таму што вытворчасць практычна ўсяго, уключаючы ўжо згадваную туалетную паперу, падае.

Некаторыя кампаніі актыўна пераходзяць на аднаўляльныя крыніцы энергіі, напрыклад, на звадкаваны газ і вадарод. Вядома, гэта дазволіць ім дыверсіфікаваць энерганосьбіты, але такі пераход амаль не змяншае выдаткі. Галоўная прычына рэдкага выкарыстання гэтых відаў паліва ў тым, што яны занадта дарагія. Да таго ж у іх тыя ж мінусы, што звычайнага газу. Такія меры ніяк не дапамагаюць у барацьбе з энергетычным крызісам.

Калі зімой пачнуцца адключэнні вытворцаў ад газу, то, як спадзяюцца немцы ва ўсіх землях, улады дададуць вытворцаў туалетнай паперы ў спіс важных кампаній, якім неабходна пастаўляць газ і электраэнергію. Як сказаў адзін з нямецкіх палітыкаў, «мы зможам пражыць без прыгожай абгорткі шакаладнага печыва, але жыццё без туалетнай паперы будзе катаваннем».

А канцлер смяецца

Маштабны крызіс становіцца ўсё большай пагрозай для занятасці ў Германіі. У апытанні, праведзеным па замове Фонду сямейнага бізнесу і палітыкі, чвэрць кампаній заявілі аб сваіх планах скарачаць працоўныя месцы. У рамках аналагічнага даследавання ў красавіку гэты паказчык склаў 14 працэнтаў. Акрамя таго, больш за палову кампаній рыхтуецца адкласці запланаваныя інвестыцыі, гэта значыць, і тут сітуацыя прыкметна пагоршылася ў параўнанні з вясной. Ну і яшчэ адна, ніяк не абнадзейвальная, тэндэнцыя: кампаніі скарачаюць вытворчасць у Германіі.

Атрыманыя вынікі з'яўляюцца трывожным сігналам, падкрэсліў кіраўнік Фонду сямейнага бізнесу і палітыкі Райнер Кірхдорфер. Вось ужо на працягу некаторага часу адбываецца паступовае перасоўванне прамысловай дабаўленай вартасці. І «гэтая фатальная тэндэнцыя ў Германіі паступова паскараецца». Кампаніі скарачаюць вытворчасць у краіне або перамяшчаюць яе ў месцы, дзе зусім іншыя затраты на энергію, ніжэйшыя падаткі і меншыя бюракратычныя перашкоды, сказаў Кірхдорфер. Згодна з апытаннем, дзевяць працэнтаў кампаній плануюць перавесці свае офісы за мяжу (паўгода таму іх было шэсць працэнтаў). Сярод іх такія гіганты, як Sіemens і Volkswagen, яны пераводзяць бізнес за акіян.

Паводле ацэнак Арганізацыі эканамічнага развіцця і супрацоўніцтва, вельмі верагодна, што Германія стане краінай, эканоміка якой найбольш пацерпіць у наступным годзе. На думку экспертаў, яна абрынецца з-за недахопу газу, халоднай зімы і высокай інфляцыі. У гэтым выпадку спецыялісты Інстытута эканамічных даследаванняў Лейбніца нават ацэньваюць эканамічны спад налета ў 7,9 працэнта. Гэта будзе значна больш, чым падчас фінансавага крызісу і ў першы каранавірусны 2020 год. Пры такіх абставінах ВУП, верагодна, скароціцца на 4,2 працэнта ў 2024-м. «Высокія цэны на энерганосьбіты і прадукты харчавання, якія, хутчэй за ўсё, будуць расці і далей у наступным годзе, прыводзяць да значнай страты пакупніцкай здольнасці», — сказаў кіраўнік аддзела цыклічных працэсаў Торстэн Шміт з Інстытута RWІ ў Эсэне. — Таму і хатнія гаспадаркі з нізкім узроўнем даходу, і бізнес залежаць ад далейшай палітычнай падтрымкі».

Тым часам немцы чарговы раз былі шакаваныя паводзінамі Олафа Шольца падчас адной з тэлевізійных «Гутарак з канцлерам» на канале NDR. Напярэдадні, выступаючы ў Гіфхорне і каментуючы энергетычны крызіс у краіне, ён расказаў асабістую гісторыю: «Днямі да мяне звярнуўся адзін грамадзянін: «Гер Шольц, я нядаўна памяняў электрычную печ на газавую»... Я нават не ведаў, як сумна я павінен быў выглядаць [у гэты момант]». Сваю рэпліку пасля слоў аб газавай печы канцлер суправадзіў смяшком. Вясёлы настрой Шольца ў звязцы з газавымі печамі (а асацыяцыя можа быць толькі адна — газавыя печы лагераў смерці фашысцкай Германіі) выклікаў шок у немцаў, адзначыў eadaіly.com.

Выказаліся і палітыкі. Напрыклад, старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) Цюрынгіі Марыё Фогт адрэагаваў так: «Непаважліва. У канцлера Шольца няма гатовых рэцэптаў для вырашэння праблем і апасенняў грамадзян, але ёсць злы намер». Былы кіраўнік ХДС Пол Земяк напісаў у «Твітэры» коратка: «Канцлер смяецца з народа!». Каментарыі тут, пэўна, залішнія. Як і прагнозы наконт далейшага лёсу лакаматыва еўрапейскай эканомікі.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.