Вы тут

Убачыць палітру цікавага самавыяўлення мастакоў Беларусі


Па добрай традыцыі днямі ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» прайшло адкрыццё V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў «Дэкарт-22». У экспазіцыі можна ўбачыць сучасныя тэкстыль, кераміку, шкло, батык, метал, створаныя за апошнія тры гады. Напярэдадні адкрыцця прадстаўнікі Міністэрства культуры, мастакі, скульптары і спецыялісты музейных устаноў сустрэліся, каб пагаварыць на тэму «Сучаснае беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: эстэтычнае выхаванне, імідж і прэзентацыя Беларусі ў свеце».


— Апошнія гады асаблівая ўвага аддаецца адраджэнню і развіццю нацыянальных традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, розных відаў народных рамёстваў, аб'яднанняў носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны і перадачы іх вопыту і ўменняў маладому пакаленню, фарміраванню нацыянальнага брэнда, — адзначыў кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда. — Неабходна паслядоўна вырашаць задачы папулярызацыі нацыянальных відаў народных мастацкіх рамёстваў і на іх аснове фарміраваць брэнд.

У якасці прыкладу прадстаўнік міністэрства згадаў Іванаўскую школу бондарства, якая сёння ўжо стала брэндам рэгіёна. Увогуле, калі казаць пра галіну дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў нашай краіне, сёння ў краіне існуе 104 Дамы рамёстваў, на базе якіх ствараюцца і іншыя клубныя аб'яднанні. Працуе 1880 аматарскіх калектываў і студый дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва (з іх 1665 для дзяцей). Гэтыя клубныя фарміраванні аб'ядноўваюць 16 334 удзельнікаў, у тым ліку 14 167 дзяцей. Найменне «народна-ўзорны» прысвоена 72-м такім калектывам, а пяць калектываў носяць званне «заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Для нагляднасці Іван Іванавіч таксама распавёў, што ў 2021 годзе спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь папоўнілі 18 аб'ектаў, у ліку якіх 11 нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека. Беларускія аб'екты, уключаныя ў спіс ЮНЕСКА, становяцца ўсё больш вядомымі і пазнавальнымі на міжнародным узроўні. Так, у штаб-кватэру ЮНЕСКА ў 2021 годзе была накіравана намінацыя «Саломапляценне Беларусі. Мастацтва, рамяство і ўменне» для ўключэння ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, і ў снежні бягучага года запланаваны разгляд дадзенай намінацыі.

Што датычыцца фестывалю дэкаратыўнага мастацтва, то яго насычаная праграма дазваляе ўжывую пазнаёміцца з тым, як сёння выказваюцца, шукаюць сябе творцы розных кірункаў. Як адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч, вельмі важна ўлічваць, што любое мастацтва — тэкстылю, керамікі, металу — заўсёды паходзіць з народнага, якое з'яўляецца крыніцай натхнення.

— Тое, што ў нас такая ўвага аддаецца традыцыйным рамёствам — дазваляе мастакам трансфармаваць сваё разуменне дэкаратыўнага мастацтва. І гэта добрая жывая сувязь паміж пакаленнямі і паміж пластамі народнага і прафесійнага мастацтва, — адзначыла Наталля Васілеўна. — Наша трыенале дэкаратыўнага мастацтва мае ўжо сваю гісторыю. Сёлета праект, паяднаюцца як рэчы традыцыйныя і тыя, дзе мастакі выкарыстоўвалі новыя і нечаканыя матэрыялы.

Убачыць палітру цікавага самавыяўлення як прафесійных мастакоў Мінска і рэгіёнаў, так і студэнтаў, можна ў Палацы мастацтваў і на шэрагу іншых выставачных пляцовак сталіцы.

— Акрамя агульнай экспазіцыі Трыенале ў Палацы мастацтваў, у нас паралельна будзе праходзіць яшчэ некалькі тэкстыльных праектаў. Адзін з іх мы распачалі ўжо на пачатку бягучага года. Гэта праект міні-тэкстылю, які мы праводзім другі раз, апрабаваўшы такі фармат на мінулым Трыенале. Фармат міні-тэкстылю вядомы ва ўсім свеце. У нашым праекце будуць прадстаўлены работы ў тэкстыльных матэрыялах і тэхніках, абмежаваныя па памеры (20 на 20 ці 30 на 30 сантыметраў). Такі памер работы дазваляе мастаку апрабаваць мабільна новыя матэрыялы, нейкую сваю ідэю, — дзеліцца мастак па тэкстылю, старшыня секцыі тэкстылю Беларускага саюза мастакоў Вольга Рэднікіна. — Мы, калі думалі над тэмай выстаўкі, палічылі, што будзе цікава паказаць тэкстыль праз сінтэз абсалютна розных тэхнік і матэрыялаў. Работы нашых удзельнікаў зроблены з выкарыстаннем шкла, пластыку, сінтэтычных валокнаў і г. д. Яны часта выходзяць у прастору, у аб'ём, але ўсе праяўляюць сябе як тэкстыль, хоць часам і вельмі нечакана.

Так, у гарадской галерэі Шчамялёва можна завітаць на персанальную выстаўку яго дачкі, мастачкі Маргарыты Шчамялёвай «Лічбы», якая працуе ў тэхніцы класічнага габелену і мае свой пазнавальны стыль.

А калі хочацца атрымаць асалоду ад скульптурнай керамікі, то з 16 лістапада завітайце на выстаўку Terracota ў Арт-гасцёўню «Высокае месца». Пасля 23 лістапада адкрыецца выстаўка эксперыментальнай керамікі ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

Прыгожым фінальным акордам стане «Калядная казка» Веры Блінцовай і Любові Кірылавай, што з 29 лістапада разгорнецца ў галерэі «Мастацтва» Беларускага саюза мастакоў. Абедзве мастачкі працуюць у тэхніцы тэкстыльнай мазаікі, і дадзены праект — добрая магчымасць пазнаёміцца з яе цікавай аўтарскай інтэрпрэтацыяй.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Аб спорце, сакрэтах замужжа, выхаванні дзяцей, прыгажосці і здаровых звычках ў інтэрв’ю. 

Культура

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак можа быць прыкладам у тым, як ствараць свой лёс.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​