Вы тут

Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл: Адносіны з Беларуссю заслугоўваюць самага высокага даверу


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прыняцці даверчых грамат назваў Бразілію адным з найбольш значных для нашай краіны партнёраў у Лацінскай Амерыцы. Беларускі лідар выказаў перакананне, што дзяржавы не спыняцца на дасягнутых выніках і прадоўжаць паслядоўнае пашырэнне ўсяго спектра двухбаковых кантактаў, у тым ліку ў гарнаруднай галіне, металургіі, нафтахіміі і іншых галінах. Як развіваецца беларуска-бразільскае супрацоўніцтва, наколькі магчымае наша ўзаемадзеянне на пляцоўцы БРІКС, калі сустрэнуцца Аляксандр Лукашэнка і Лула да Сілва, у эксклюзіўным інтэрв'ю газеце «Звязда» распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл.


«Узаемадзеянне прыносіць вялікую радасць»

— Спадар пасол, гэты год асаблівы, нашы краіны адзначылі знамянальную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Бразіліяй. Чаго ўдалося дасягнуць за мінулы час?

— Я ацэньваю супрацоўніцтва нашых краін на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў як вельмі станоўчае, улічваючы наяўнасць як у Бразіліа, так і тут, у Мінску, дыпламатычных прадстаўніцтваў. Яны, дарэчы, з'явіліся пасля 2010-га дзякуючы дамоўленасці Аляксандра Лукашэнкі і Лулы да Сілва (які ў той час быў прэзідэнтам Бразіліі і нядаўна зноў выйграў выбары кіраўніка дзяржавы і хутка распачне свой трэці тэрмін на гэтай пасадзе. — М. Л.). Пасольствы імкнуцца пашырыць і паглыбіць супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне паміж нашымі краінамі. Для Бразіліі ўзаемадзеянне з Беларуссю прыносіць вялікую радасць, мы прыкладаем максімальныя намаганні для таго, каб дыялог паміж нашымі краінамі быў больш цесным і ўзаемавыгадным. За апошнія некалькі гадоў удалося істотна ўмацаваць сувязі ў такіх важных сферах, як палітычная, эканамічная і культурная. Але найважнейшае тое, што нават у часы цяжкасцяў абедзве краіны накіраваны на пошук сумесных рашэнняў для іх пераадолення. Вы павінны ведаць, што Бразілія — гэта тая краіна, якая заўсёды гатовая працягнуць руку дапамогі Беларусі. Я пераканаўся, што адносіны з вашай краінай заслугоўваюць самага высокага даверу. Тут сур'ёзныя прадпрымальнікі, высокі ўзровень кваліфікацыі спецыялістаў. Гэта вялікі, надзейны партнёр, і мы тое цэнім.

— Наколькі паспяхова на фоне даволі няпростай міжнароднай абстаноўкі, звязанай з санкцыйнымі абмежаваннямі, эпідэмічнай сітуацыяй, развіваецца сёлета беларуска-бразільскае супрацоўніцтва? Як вы ахарактарызуеце дынаміку двухбаковага ўзаемадзеяння на дадзеным этапе? Чым цікавая Бразіліі наша краіна?

— У двухбаковых адносінах пераважаюць камерцыйныя, гандлёва-эканамічныя пытанні. Цяпер я аддаю асаблівую ўвагу тэме ўгнаенняў. Бразілія з'яўляецца буйным імпарцёрам калію з Беларусі, гэты прадукт адыграе ключавую ролю ў зладжанай рабоце бразільскага аграбізнесу. Сёння шмат гавораць аб глабальнай харчовай бяспецы. У сусветнай сельскагаспадарчай вытворчасці ўдзельнічаюць розныя краіны, але без свабоднага гандлю і без угнаенняў сістэма дрэнна працуе.

Яшчэ адна важная тэма — авіяцыя. Бразілія традыцыйна з'яўляецца экспарцёрам пасажырскіх самалётаў для кампаніі «Белавія». І мы разлічваем на захаванне нашай прысутнасці ў Беларусі ў будучыні. Ёсць таксама шмат магчымасцяў для пашырэння гандлю. Новыя прадукты і паслугі могуць быць з вялікай цікавасцю сустрэты на мясцовым рынку. Я маю на ўвазе, у прыватнасці, харчовы сектар і пастаўкі кавы высокай якасці, садавіны, алейных культур. Бачу таксама вялікія магчымасці на рынку тэкстылю, фармацэўтычнай прадукцыі, запчастак, металургіі і інфармацыйных тэхналогій.

«Свет не павінен быць аднапалярным»

— У Бразіліі актыўна развіваецца аграпрамысловы комплекс, па шэрагу пазіцый краіна — у ліку вядучых сусветных экспарцёраў. Як вырашаюцца пытанні, звязаныя з пастаўкамі беларускіх угнаенняў, сельскагаспадарчай тэхнікі на бразільскі рынак?

— Для Бразіліі заўжды было надзвычай важна мець уласную незалежную знешнюю палітыку. Мы імкнёмся будаваць добрыя ўзаемаадносіны з усімі краінамі і паважаем пазіцыю наконт таго, што свет не павінен быць аднапалярным. Мусяць быць розныя цэнтры ўплыву для раўнавагі міжнародных адносін. Бразілія ніколі не працуе супраць кагосьці, заўсёды працуе толькі на агульную карысць — за развіццё дыялогу, умацаванне міру. Санкцыі контрпрадукцыйныя, яны раздзяляюць краіны. Цяпер як ніколі так патрэбны дыялог. Не варта забываць аб тым, што дыпламатычныя адносіны павінны быць пабудаваны на дыялогу. Мэта стварэння такіх буйных
аб'яднанняў, як ЕС, МЕРКАСУР, — адзінства, а не раз'яднанне.

Абмежаванні, якія нам навязваюць, наносяць урон прадпрыемствам як у Бразіліі, так і ў Беларусі. Часта буйныя дзяржавы забываюць аб наступствах санкцый для астатніх краін. Абмежаванні закранаюць глабальныя тэмы, сярод якіх сусветная бяспека, у тым ліку харчовая. Парушаецца эканамічная стабільнасць краін, павялічваюцца цэны.

Санкцыі не толькі стрымліваюць гандлёвы паток, а і перамяшчэнне людзей паміж нашымі краінамі. У нас ёсць магчымасць арганізоўваць прамыя рэйсы паміж Мінскам і Бразіліа. Аднак з-за санкцый кошт пералётаў узляцеў настолькі, што стаў недаступным для большасці людзей.

Бразілія, як і Беларусь, спрабуе абысці санкцыі, якія прынятыя ў аднабаковым парадку і негатыўным чынам адбіваюцца на нашых краінах. Можна сказаць, што дадзенае пытанне вырашаецца, але, на жаль, не так хутка, як хацелася б. Мы шукаем як фінансавыя, так і лагістычныя альтэрнатывы. Бразільскі ўрад прыклаў вялікія намаганні, каб скаардынаваць дзеянні сваёй дыпламатычнай службы не толькі ў Мінску, але і ў іншых ключавых краінах для вырашэння такога пытання. Я кажу пра вядомую «дыпламатыю ўгнаенняў».

Лічу, што Беларусь магла б таксама выкарыстаць свой значны патэнцыял у сектары вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі для павелічэння экспарту ў Бразілію. Наш рынак вельмі вялікі, але ў той жа час надзвычай канкурэнтны. Таму важна арганізоўваць гандлёвыя прадстаўніцтвы і ўдзельнічаць у спецыялізаваных кірмашах у Бразіліі, каб належным чынам прадставіць гэтыя машыны патэнцыяльным пакупнікам.

— Якія напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння можна вызначыць як стратэгічныя?

— Гістарычна паміж нашымі краінамі склалася добрае супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і культурнай галінах. Але я лічу, што існуе мноства магчымасцяў для паглыблення супрацоўніцтва ў галінах, пра якія я ўжо сказаў, а таксама ў іншых — такіх, як спорт, адукацыя і тэхналагічны сектар.

«Ёсць агульная зацікаўленасць у сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў»

— Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні Лулу да Сілва з перавыбраннем Прэзідэнтам Бразіліі запрасіў яго наведаць Беларусь у зручны час з візітам. «Нам ёсць пра што пагаварыць як старым добрым сябрам, што абмеркаваць з улікам змен, якія адбыліся за апошнія дванаццаць гадоў», — адзначыў беларускі лідар. Калі магчымы такі візіт?

— Візіты на найвышэйшым узроўні заўжды вельмі жаданыя і эфектыўныя, яны заўсёды надаюць заўважны імпульс развіццю двухбаковых адносін, дазваляюць вывесці іх на новы ўзровень. Працяг дыялогу на ўзроўні першых асоб дзяржаў быў бы вельмі важным для паглыблення, пашырэння сувязяў. Для гэтага створаны ўсе перадумовы і, паверце, існуе агульная зацікаўленасць у такой сустрэчы. Пакуль цяжка нешта казаць наконт канкрэтных тэрмінаў, спадзяюся, што гэта найбліжэйшая перспектыва.

Перакананы, што для Бразіліі будзе дабратворным вяртанне Лулы да Сілва на пасаду кіраўніка дзяржавы. Гэта ўжо трэці яго прэзідэнцкі тэрмін. Гэта той палітык, які ў свой час атрымаў максімальную колькасць мандатаў у Бразіліі. Прэзідэнт Лула — сімвал барацьбы простых бразільцаў за свае правы. Думаю, ім ёсць пра што пагаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам. У абодвух — каласальны палітычны вопыт.

— Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на сустрэчы на палях сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку з міністрам замежных спраў Бразіліі Карлусам Альберту Франку Франса абмеркавалі ў тым ліку пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях. Як развіваецца супрацоўніцтва ў згаданай сферы, у тым ліку, як магчымая перспектыва, на пляцоўцы БРІКС?

— Нашы краіны маюць станоўчы досвед сумеснай работы ў міжнародных арганізацыях. Беларусь падтрымлівае заяўку Бразіліі на атрыманне месца пастаяннага члена ў пашыраным Савеце Бяспекі ААН. Таксама ваша краіна часта падтрымлівае бразільскіх кандыдатаў на пасады ў міжнародных арганізацыях. Бразілія вельмі ўдзячная за падтрымку, якая была нам аказана.

БРІКС з'яўляецца важным аб'яднаннем для нашай краіны. У яго рамках створаны механізм пашыранага дыялогу з іншымі дзяржавамі, якія развіваюцца. Мы лічым пазітыўным удзел Беларусі ў гэтым механізме.

«У вашай краіне я знайшоў сапраўдны скарб»

— Пасольства актыўна падтрымлівае і прасоўвае праекты, звязаныя з традыцыйнай бразільскай культурай, партугальскай мовай. Як яны ўспрымаюцца беларусамі, наколькі паспяхова праходзіць культурны абмен паміж нашымі народамі?

— Калі я прыехаў, я сустрэў на вуліцах Мінска бразільскую прысутнасць у стрыт-арце, работах нашых мастакоў, прадстаўленых па ўсім горадзе, асабліва ў раёне вуліцы Кастрычніцкай. Многія з іх былі створаны ў рамках фестывалю Vulіса Brаsіl.

У Беларусі праваднікамі ў бразільскую культуру першапачаткова былі музыка і літаратура — творы такіх пісьменнікаў, як Жоржы Амаду, Паўла Каэлья, а пасля тэлесерыялы, такія як «Рабыня Ізаўра», якія паказвалі яшчэ ў савецкі перыяд. Пазней сталі папулярнымі іншыя серыялы, такія як «Клон». Гэтая прысутнасць дае нам упэўненасць у тым, што ёсць дабратворная глеба для працягу сумеснай работы.

Калі вы вывучаеце новую мову, вы адчыняеце дзверы ў новы свет з пункту гледжання сяброўства, культуры і бізнесу. Партугальская — адна з самых распаўсюджаных моў у свеце. Я быў рады даведацца, што ва ўніверсітэтах Беларусі ёсць студэнты, якія вывучаюць партугальскую мову. Ідэя заключаецца ў тым, каб у найбліжэйшыя гады павялічыць колькасць студэнтаў, якія вывучаюць партугальскую ў Беларусі, і бразільцаў, якія вывучаюць рускую і, магчыма, беларускую мовы ў Бразіліі.

— Як развіваецца ўзаемадзеянне ў сферах адукацыі, турызму?

— З 2019 года дзейнічае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі паміж Бразіліяй і Беларуссю. Дагавор з'яўляецца важным крокам, бо дазваляе паглыбіць супрацоўніцтва паміж урадамі і ўніверсітэтамі. Ідэя ў тым, каб заахвочваць абмен ведамі, а таксама студэнтамі і выкладчыкамі праз дагаворы, стыпендыі і даследаванні.

У сферы турызму важнай вяхой стала прыняцце нашымі краінамі ў 2016 годзе рашэння аб бязвізавым рэжыме. Так што на практыцы любы беларус можа паехаць у Бразілію без візы і аплаты якіх-небудзь збораў.

— Якія вашы ўражанні ад Беларусі, дзе ўдалося пабываць у нашай краіне, што паспыталі з нацыянальных страў?

— Уражанні самыя лепшыя. Дагэтуль я, на жаль, не быў у вашай цудоўнай краіне, і для мяне вялікае задавальненне прадстаўляць Бразілію ў Беларусі, дзе я сустрэў вельмі гасцінных людзей і станоўчы вобраз Бразіліі. Гэта дае мне вялікі прастор для работы. Я бачу, што Беларусь за апошнія 30 гадоў дасягнула вельмі шмат у розных галінах, забяспечыўшы высокую якасць жыцця для свайго насельніцтва. Не стамляюся паўтараць, што ў вашай краіне я знайшоў сапраўдны скарб. Мінск — арганізаваны горад, зялёны, чысты, бяспечны, прыгожы. Самае галоўнае — тут жывуць цудоўныя людзі, якія з радасцю дапамагаюць іншаземцам. Тут адчуваеш сябе доўгачаканым і жаданым госцем. Я магу параўноўваць, паколькі працаваў у пасольствах шэрагу краін у розных кутках планеты. Тое, як паводзяць сябе беларусы, гэта нешта вельмі незвычайнае ў цяперашнім рацыя-
нальным і даволі жорсткім свеце. Здзіўляюць шчырасць, дабрыня, адкрытасць беларусаў. Я атрымліваю вялікую радасць ад зносін і спадзяюся з такім жа пачуццём працаваць надалей. Самае важнае — пазітыўнае ўспрыманне, разуменне ўзаемнасці, блізкасці. Гэта як гаручае для таго, каб усё рухалася, каб быў поспех ва ўзаемадзеянні. Асабліва тое важна для народаў, якія геаграфічна такія далёкія адзін ад аднаго. Я бачу, што Бразілія выклікае станоўчыя эмоцыі ў вашай краіне. І гэта натхняе.

Спадзяюся і надалей адкрываць для сябе Беларусь. З традыцыйных страў я ўжо паспытаў дранікі і цудоўныя беларускія сыры. А яшчэ я стаў пастаянным наведвальнікам Камароўскага рынку ў Мінску.

— На адкрыцці першага Фестывалю лацінаамерыканскай культуры вы казалі пра агульныя рысы беларускага і бразільскага народаў. У чым яны выяўляюцца?

— Перш за ўсё, нягледзячы на адлегласць, у нас узнікае пачуццё ўзаемнай сімпатыі. Калі я прыехаў у Мінск, я ўбачыў станоўчы вобраз Бразіліі. Гэта вынік таго, што трансліруецца праз сродкі масавай інфармацыі і кінафільмы. Беларускі народ не саступае бразільскаму ў сваёй міралюбнасці і шчырасці. Беларусы цэняць жыццё, сяброўства і смачную ежу. Я захапляюся высокім узроўнем культуры, ветлівым і гасцінным характарам беларускага народа.

— Сёння ў Бразіліі вялікае свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі. Падчас святкавання згадваюць і знакавую дату — 200-годдзе незалежнасці, якое сёлета адзначыла найбуйнейшая лацінаамерыканская краіна. Ад усяго сэрца віншуем і зычым міру, радасці і працвітання!

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.