Вы тут

2 млн доз кітайскай вакцыны супраць COVІD-19 паступяць у медустановы


У Беларусь прыбыў гуманітарны груз ад урада КНР, які ўключае два мільёны доз вакцыны Vero Cell ад COVІD-19 і два мільёны аднаразовых шпрыцаў. Падчас падпісання дакументаў прыёму гуманітарнай партыі вакцыны міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў барацьбе супраць каранавіруса можна назваць узорным. Акрамя яго, ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се Сяаюн, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў КНР Юрый Сянько, намеснік старшыні Дзяржаўнага агенцтва міжнароднага развіцця і супрацоўніцтва Дэн Боцін, а таксама іншыя ганаровыя госці.


Як адзначыў Дзмітрый Піневіч, Кітай застаецца найважнейшым стратэгічным партнёрам Беларусі ў рэалізацыі праектаў па мностве напрамкаў.

— Важна, што дамоўленасць аб перадачы беларускаму боку вакцыны была дасягнута ў ходзе сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Самаркандзе ў рамках мерапрыемстваў пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС, — сказаў міністр. — Як паказваюць апошнія 30 гадоў, узаемадзеянне паміж нашымі краінамі ўмацавалася і стала больш цесным, а сяброўства паміж двума народамі стала яшчэ больш трывалым.

Мы бачым, што Кітай актыўна рухаецца наперад і дэманструе поспехі ў эканамічным і сацыяльным развіцці. З задавальненнем адзначаю, што Кітай застаецца найважнейшым стратэгічным партнёрам Беларусі.

Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем міністр назваў узорным.

— Гуманітарныя сувязі займаюць ва ўзаемадзеянні асаблівае месца. Яны збліжаюць народы, умацоўваюць давер, фарміруюць добрую аснову міждзяржаўных адносін. Сябры спазнаюцца ў бядзе. Калі Кітай, першым з усіх краін, паведаміў аб пачатку пандэміі, гэта быў моцны і мужны крок кіраўніка Кітая ў адносінах да сусветнай супольнасці. Мы назіралі і пераймалі досвед таго, як пад асабістым кіраўніцтвам старшыні КНР Сі Цзіньпіна была мабілізаваная ўся краіна. Як Кітай прыклаў вялікія намаганні і, у рэшце рэшт, дабіўся значных стратэгічных вынікаў у барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй, — падкрэсліў Дзмітрый Піневіч.

Ён нагадаў, што па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі наша краіна першая ў свеце накіравала ў Кітай самалёт з гуманітарнай дапамогай. Пазней быў адпраўлены другі самалёт. У адказ, калі пандэмія прыйшла ў нашу краіну, Кітай перадаў нам вялікі аб'ём гуманітарнай дапамогі.

Дарэчы, усяго ў 2021—2022 гадах, з улікам гэтай партыі, Кітай перадаў Беларусі ў якасці гуманітарнай дапамогі каля 5 мільёнаў доз вакцыны. Яшчэ больш за 4,6 мільёна
доз беларускі бок закупіў самастойна. За перыяд з красавіка 2020-га да цяперашняга часу КНР аказала бязвыплатная дапамогі на 25 мільёнаў долараў. У Беларусь былі пастаўлены сродкі індывідуальнай абароны, лячэбнае і дыягнастычнае абсталяванне.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се Сяаюн адзначыў, што кітайска-беларускае супрацоўніцтва мае шырокія перспектывы і вялізны патэнцыял.

— Пандэмія, якая пачалася яшчэ ў 2020 годзе, цягнецца ўжо тры гады, ствараючы пагрозу бяспецы людзей і эканамічнаму развіццю ва ўсім свеце. З моманту яе пачатку Кітай і Беларусь ажыццяўляе цеснае супрацоўніцтва ў сумеснай барацьбе з ковідам. Беларусь і Кітай абменьваліся гуманітарнымі грузамі са сродкамі індывідуальнай абароны, вакцынамі і іншымі медыцынскімі вырабамі. Акрамя таго, у Беларусі адным з рэзідэнтаў парка «Вялікі камень» пачаты выпуск прэпарату традыцыйнай кітайскай медыцыны.

Ён дадаў, што сам стаў сведкам таго, што ў многіх бальніцах і пунктах вакцынацыі выкарыстоўваецца кітайская вакцына. Гэта сведчыць аб даверы беларусаў да гэтага прэпарату.

Эпідсітуацыя стабільная, запасаў лекаў, кіслароду і ложкаў звышдастаткова

Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што эпідсітуацыя ў краіне стабільная, запасаў лекаў, кіслароду і ложкаў звышдастаткова. Пры гэтым адзначыў, што, якая б не была эпідсітуацыя, важна працягваць вакцынацыю. Цяпер захваральнасць знаходзіцца на ўзроўні некалькіх працэнтаў ад пікавых значэнняў.

— Каля 70 % беларусаў прайшлі поўны курс вакцынацыі супраць COVІD-19 — гэта добрае дасягненне. І ў тым ліку яно дазволіла забяспечыць стабільную эпідабстаноўку. Цяжкіх змен мы не прагназуем. Так, у пачатку восені мы бачылі некаторае павышэнне захваральнасці, але ўздым завяршыўся. У той жа час мы павінны быць гатовы да любога развіцця падзей. Хоць, паўтаруся, не прагназуем цяжкіх змен, але гатовыя да іх, — дадаў міністр.

Дзмітрый Піневіч паведаміў, што ўжо 30 % насельніцтва прышчэплены супраць грыпу. Мяркуецца, што да 1 снежня ахоп складзе больш за 40 %.

Пракаментаваў міністр і нядаўнія чуткі аб недахопе ложкаў у адной з абласцей краіны:

— Апошнім часам на нашых нарадах я стаўлю пытанні нашым спецыялістам пра тое, што наш ложкавы фонд выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. У нас пустуюць ложкі ва ўсіх рэгіёнах. Гэта сведчыць аб тым, што эпідсітуацыя стабільная і нават аб тым, што нам неабходна аптымізацыя. Цяпер у нас ёсць свабодныя рэсурсы, якія датычацца запасаў медыкаментаў, кіслароду, ложкаў. Да выклікаў мы гатовыя, рэсурсаў звышдастаткова.

Алена КРАВЕЦ

Фота: ТГ-канал Міністэрства аховы здароўя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».