Вы тут

Каравай Гомельшчыны пацяжэў на 50 тыс. тон. У Добрушы прайшлі Дажынкі


Каравай аграрыяў Гомельшчыны сёлета пацяжэў на 50 тысяч тон у параўнанні з леташнім: з улікам кукурузы намалочана 1,1 мільёна тон. Практычна поўнасцю ўбраны ўраджай з палёў. Вынікі сельскагаспадарчага сезона паўднёвага ўсходу Беларусі падвялі на рэгіянальным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2022» у горадзе на Іпуці — Добрушы.


Падарункі да свята

Па традыцыі адным з галоўных атрыбутаў свята стала маштабная выстаўка сельгастэхнікі. Размясціліся на ёй і рарытэты, якія выходзілі на раллю паўстагоддзя таму, і суперсучасныя волаты палёў. Тут можна было ўбачыць і падарункі да «Дажынак» гаспадаркам вобласці ад «Гомсельмаша». Сертыфікаты на новы збожжаўборачны камбайн перададзены КСУП «Цяплічнае» Гомельскага раёна, а на касілку-плюшчылку — КСУП «Беразнянскі» Калінкавіцкага раёна.

На выставе бляскам салонаў захапляла і шарэнга новенькіх «пазадарожнікаў». Легкавыя машыны — падарункі раёнам да «Дажынак» і выпускнікам губернатарскай «Школы маладога кіраўніка».

Вынікі і новыя планы

Адпрацавала больш чым тысяча экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў, звыш 290 экіпажаў сталі «тысячнікамі», на рахунку 18 тандэмаў — больш за дзве тысячы тон намалочанага збожжа новага ўраджаю. Словы шчырай падзякі героям сёлетняй уборачнай кампаніі на Гомельшчыне са сцэны рэгіянальнага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2022» адрасаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

Кіраўнік рэгіёна таксама даў самую высокую ацэнку прафесіяналізму механізатараў, жывёлаводаў, прадстаўнікоў усіх аграрных прафесій, праца якіх прынесла поспехі сёлета на Гомельшчыне.

— Мы выраслі па ўзроўні прыбытку, рэнтабельнасць мае станоўчую дынаміку, вырасла выручка на аднаго працаўніка. Атрымалася пераарыентаваць рынкі збыту з Еўропы, Украіны на Расійскую Федэрацыю і Кітай. Эканамічныя паказчыкі аграпрамысловага комплексу на высокім узроўні. Сёння ў рэгіёне ў рамках структуры пасяўных плошчаў, развіцця жывёлагадоўлі выпрацавана дарожная карта, і вектар развіцця рухаецца сваім ходам, таму вынікі будуць радаваць. Хацелася б падзякаваць Прэзідэнту, ураду за падтрымку аграрыяў. Сёлета ў рэгіёне пабудавана пяць новых сельскагаспадарчых комплексаў. Па даручэнні Прэзідэнта, пры падтрымцы ўрада закладзена 11 новых малочнатаварных комплексаў, якія будуць уведзены ў наступным годзе. Цяпер прыступаем да будаўніцтва свінакомплексу, — падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама.

На станоўчыя вынікі сёлетняга сельскагаспадарчага года на Гомельшчыне звярнуў увагу ганаровы госць фестывалю — намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Леанід Заяц. Па словах віцэ-прэм'ера, рэгіён у гэтым сезоне вызначыўся экспартам сельгаспрадукцыі — 130 % да ўзроўню мінулага года.

— Геаграфія паставак шырокая, якасць прадукцыі палепшылася, асартыментны пералік дастаткова разнастайны, — звярнуў увагу Леанід Заяц. — Так, няпростыя гаспадарчыя ўмовы, чарнобыльская аварыя. Але, да гонару кадраў Гомельскай вобласці, яны выйшлі на дастаткова нядрэнныя паказчыкі ў галіне земляробства. Упэўнены, што ў Гомельскай вобласці мабілізуюць усе рэзервы, і ў наступным годзе вынікі будуць яшчэ вышэйшыя, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрый Назараў падкрэсліў, што ў Гомельшчыны ёсць усё неабходнае, каб і надалей сельская гаспадарка рэгіёна толькі мацнела і развівалася. Ён зачытаў традыцыйны прывітальны адрас ад кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з нагоды завяршэння ўборачнай кампаніі на Гомельшчыне.

Найлепшыя на жніве

Ганаровыя граматы, сертыфікаты і каштоўныя падарункі на святочнай сцэне ў Добрушы атрымалі пераможцы абласнога спаборніцтва за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў у сельскай гаспадарцы.

Чэмпіёнам па вытворчасці збожжа на Гомельшчыне сярод сельскагаспадарчых арганізацый прызнаны «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна. Званне лідара сярод старшых камбайнераў заваяваў супрацоўнік гаспадаркі «Маложынскі» Брагінскага раёна Андрэй Гуд. Сярод маладзёжных экіпажаў першае месца ў Міхаіла Бабарыкі з «Тураўшчыны» Жыткавіцкага раёна. Сярод кіроўцаў на перавозцы збожжа першы Дзмітрый Жмурко з «Калінінскага», што на Добрушчыне. Сярод маладых кіроўцаў дыплом пераможцы для сваёй гаспадаркі «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна заваяваў Аляксандр Карпенка.

А ў мясцовым Доме культуры ўзнагароды аграрыям уручаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

Найлепшымі вынікамі ў нарыхтоўцы травяных кармоў сёлета вызначаны Мазырскі раён. Гэты ж рэгіён абсалютны лідар у дасягненні найвышэйшых паказчыкаў па вытворчасці малака, свініны, ялавічыны, а таксама па ўзнаўленні статка сельскагаспадарчых жывёл.

Новая традыцыя

На абласным фестывалі-кірмашы была закладзена новая традыцыя «Дажынак» на Гомельшчыне. Адбылася ўрачыстая перадача тытула «Сталіца «Дажынак» ад Добруша — Акцябрскаму. Менавіта гэтаму раённаму цэнтру выпаў гонар у 2023 годзе стаць галоўнай святочнай пляцоўкай ушанавання аграрыяў рэгіёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».