Вы тут

Лукашэнка — Чалябінскаму губернатару: Трэба збалансаваць нашы адносіны так, каб мы маглі падставіць плячо адзін аднаму ў любы момант


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з губернатарам Чалябінскай вобласці Аляксеем Тэкслерам. Гэты расійскі рэгіён — адзін з найважнейшых партнёраў нашай краіны. Таваразварот імкліва расце: у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, ён павялічыўся на 21%. Двухбаковае супрацоўніцтва будзе толькі ўзмацняцца. Аб гэтым сведчыць і шырокі спектр пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы: імпартазамяшчэнне, супрацьдзеянне санкцыям, харчовая бяспека, развіццё гандлю і іншае. 


«Ёсць над чым працаваць» 

Вітаючы расійскую дэлегацыю на чале з губернатарам,Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з’явілася ўнікальная магчымасць падвесці папярэднія вынікі адыходзячага года і пагаварыць аб планах на наступны — вельмі няпросты, па словах беларускага лідара, год. 

«Ведаючы Чалябінск і Чалябінскую вобласць, я здзівіўся той магутнасці, якой вы валодаеце, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Мы прыкладна на паўмільярда долараў у мінулым годзе гандлявалі з вобласцю. Я думаю, у гэтым годзе будзе болей, павінна быць болей». Па словах Прэзідэнта, улічваючы значную ўдзельную вагу Чалябінскай вобласці ў развіцці самой Расійскай Федэрацыі, для Беларусі вельмі важна выбудаваць ёй доўгатэрміновыя і эфектыўныя адносіны».

Гэты расійскі рэгіён, па словах Прэзідэнта, пацвярджае эфектыўнасць прынятай дзвюма краінамі стратэгіі саюзнага будаўніцтва. «У 2021 годзе Беларусь і Чалябінская вобласць дадалі ў гандлі, — заўважыў беларускі лідар. — Але ёсць над чым працаваць.» 

Як інфармаваны Аляксандр Лукашэнка, у Чалябінскай вобласці вельмі паспяхова праводзяцца рэформы, якія патрабуюць тэхнічнага пераабсталявання. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь з’яўляецца не толькі машынабудаўнічай краінай. У нас шырока развіта і станкабудаванне. «Тут мы можам разам з вамі папрацаваць, штосьці мы можам вам паставіць ужо з таго, што ўмеем рабіць, — паведаміў Прэзідэнт. — Прапаноўваем увесь спектр прадукцыі, якая выпускаецца ў Беларусі: ад харчовых тавараў да самай сучаснай тэхнікі, абсталявання. Паглядзіце, магчыма, вы знойдзеце нешта цікавае для сябе». 

Беларускі лідар заўважыў, што па рэфармаванні, калі не браць за ўвагу прыватызацыю, жыхары Чалябінскай вобласці ідуць прыкладна тым жа шляхам, што і беларусы. «Галоўнае, што ёсць эфект ад гэтага, прыбаўка вельмі грунтоўная, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму тут нам трэба скаардынавацца, збалансаваць так нашы адносіны, каб мы маглі падставіць плячо адзін аднаму ў любы момант». 

«Нашы магчымасці нічым не абмежаваныя»

Па словах Прэзідэнта, беларускія прамысловыя брэнды гэтаму расійскаму рэгіёну добра вядомыя. «Мы сваю дзейнасць на вялізным рынку Расіі будзем пашыраць, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Сёння на першы план выйшла тэма імпартазамяшчэння. Гэта добра разумеюць і на самым высокім узроўні: і ў вас, і ў нас. Задача складаная, але ад вынікаў яе вырашэння будзе шмат у чым залежыць будучыня нашых краін. Але мы ўжо сёння бачым, інтэнсіўна працуючы на працягу года па імпартазамяшчэнні, што вырашым гэтую праблему. Мы абавязкова справімся з вырашэннем гэтай задачы, і перадумоў у нас дастаткова».

Пацверджаннем гэтаму з’яўляецца і той факт, што ўсё часцей беларускія кампаніі цалкам пераходзяць на расійскую і айчынную сыравіну і камплектуючыя. Датычыцца гэта і расійскага рынку. Толькі экспарт рухавікоў Мінскага маторнага завода ў Чалябінскую вобласць за дзевяць месяцаў у гэтым годзе вырас у 4,5 раза.

«Вы ведаеце, што мы заўсёды рады вашым спецыялістам, вашай дэлегацыі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Вы можаце азнаёміцца, будучы тут, з навацыямі нашага машынабудавання, абмеркаваць умовы паставак грузавой, дарожнай, іншай тэхнікі і абсталявання. Нашы магчымасці нічым не абмежаваныя. Заўсёды гатовы падзяліцца назапашаным вопытам у АПК, будаўніцтве, навуцы, медыцыне, гуманітарнай сферы. Упэўнены, што ў выніку вашага візіту ў Беларусь мы знойдзем дадатковыя рэзервы развіцця двухбаковых адносін з вашай вобласцю. І хачу запэўніць, што ўсё, аб чым дамовімся, будзе жалезна выконвацца. Вы на нас можаце разлічваць, у гэтым не можа быць ніякіх сумненняў». 

Губернатар Чалябінскай вобласці Аляксей Тэкслер, у сваю чаргу, падзякаваў за добры прыём дэлегацыі. «Нягледзячы на тое, што нашы сувязі заўсёды былі шчыльныя і Беларусь — адзін з самых актыўных нашых партнёраў па розных кірунках, у першую чаргу, у гандлёва-эканамічным, у нас вялізны задзел, — адзначыў ён. — Перспектыва нашага супрацоўніцтва, асабліва ўлічваючы выклікі цяперашняга часу, вельмі вялікая, і я ўпэўнены, што мы зможам нарасціць нашы гандлёвыя, эканамічныя сувязі дзякуючы той рабоце, якую мы сёння вядзём». 

Дэлегацыя гэтага расійскага рэгіёна наведвае нашу краіну з 13 па 16 лістапада. Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам губернатар Чалябінскай вобласці правёў перагаворы з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам. Акрамя таго, адбылася сустрэча кіраўніцтва расійскага рэгіёна з кіруючым складам Міністэрства прамысловасці, наведала дэлегацыя і Мінскі аўтамабільны завод. 

У тэму

Крокі, якія ўмацоўваюць традыцыйныя сувязі

У размове з журналістамі губернатар Чалябінскай вобласці Аляксей Тэкслер распавёў, што паміж Беларуссю і гэтым расійскім рэгіёнам наладжаны традыцыйныя сувязі. Аднак ёсць моманты, дзе яшчэ можна нарасціць. «Тым больш, у нас адны выклікі, адны задачы, — перакананы ён. — У першую чаргу, гэта імпартазамяшчэнне. І нашы ўзаемныя кампетэнцыі дапаўняюць адзін аднаго».

Аляксей Тэкслер расказаў, што падчас рабочай сустрэчы з Прэзідэнтам нашай краіны яны, у прыватнасці, гаварылі аб машынабудаванні, аб дадатковай пастаўцы шматлікага абсталявання, у тым ліку станкоў. Закраналася і тэма развіцця сельскай гаспадаркі. «У нас ёсць прапанова пабудаваць у Чалябінскай вобласці жывёлагадоўчы комплекс па праекце і з абсталяваннем, створаным у Беларусі, — падзяліўся губернатар Чалябінскай вобласці. — Толькі ў межах работы дэлегацыі заключаны шэраг кантрактаў на пастаўку трактароў для патрэб сельскай гаспадаркі — 150 адзінак. Яшчэ столькі ж — для патрэб жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Падпісана пагадненне на пастаўку 90 ліфтаў. Гэта крокі, якія ўмацоўваюць тыя традыцыйныя сувязі, што ў нас ёсць».

Гаворачы аб узаемадзеянні ў сферы машынабудавання, Аляксей Тэкслер звярнуў увагу, што гэтая галіна развіта як у Беларусі, так і ў Чалябінскай вобласці. «Але так атрымалася, што мы практычна адзін з адным не канкурыруем, — удакладніў ён. — Калі кажам аб трактарах, то наша спецыялізацыя — гэта гусенічныя трактары. Калі аб аўтабамілях „Урал“, яны таксама практычна не канкурыруюць з „МАЗам“, бо працуюць па розных кірунках. У нас ёсць прапанова па лакалізацыі невялікага трактара „Беларус“ на пляцоўцы ЧТЗ (Чалябінскага трактарнага завода. — „Зв.“). Пры гэтым Аляксандр Рыгоравіч паставіў задачу — укараніць у Беларусі кампетэнцыі гусенічных трактароў, якія ў нас развіты, для таго, каб вырашаць вялікія інфраструктурныя задачы». 

Акрамя эканомікі, падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні ў сістэме адукацыі, навуковай сферы, культуры. Ёсць зацікаўленасць у супрацоўніцтве і бізнес-супольнасці двух бакоў. «У нас атрымаліся вельмі насычаныя некалькі дзён, — рэзюмаваў вынікі візіту ў нашу краіну губернатар Чалябінскай вобласці. — Прэзідэнтам Беларусі было дадзена даручэнне па ўзмацненні нашых кантактаў. Безумоўна, мы таксама ў гэтым вельмі зацікаўлены. Такога роду ўзаемадзеянне будзе насіць пастаянны, рэгулярны характар». 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.