Вы тут

Несалодкая хвароба


У 2021 годзе колькасць пацыентаў з цукровым дыябетам у свеце перавысіла 463 мільёны, пры гэтым мяркуецца, што кожны другі пацыент не выяўлены. У Беларусі на пачатак бягучага года знаходзілася пад назіраннем больш за 360 тысяч пацыентаў з цукровым дыябетам. З іх больш за 18,5 тысячы — 1 тыпу, 338 тысяч — 2 тыпу. Штогадовы прырост колькасці пацыентаў з цукровым дыябетам у нашай краіне складае 5-8 %. За апошнія 20 гадоў колькасць пацыентаў з цукровым дыябетам павялічылася ў тры разы.


Фота: pixabay.com

Навучыцца жыць з дыябетам

Адным з важных кампанентаў жыцця з гэтай цяжкай хваробай з'яўляецца ўменне яе кантраляваць. Для гэтага пацыенты праходзяць навучанне. У Беларусі сістэма школ здароўя для пацыентаў з цукровым дыябетам пачала фарміравацца ў 90-х гадах мінулага стагоддзя.

— Школа дыябету была першай школай здароўя ў краіне. Пасля яе арганізацыі многія службы пачалі браць з нас прыклад, з'явіліся школы здароўя для пацыентаў з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, астмай і іншым, — згадвае галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольга Салко.

Сёння ў Беларусі працуе 216 школ дыябету. Нядаўна працэс навучання быў удасканалены. У прыватнасці, усе праграмы ўпершыню падзелены ў залежнасці ад катэгорыі пацыентаў.

— Навучыць пацыента з 2 тыпам дыябету таму, як правільна харчавацца і якая мусіць быць фізічная нагрузка, — гэта адно. І зусім іншая справа — пацыенты з 1 тыпам, якім варта цалкам жыць з гэтым захворваннем, а гэта значыць карыстацца інсулінам, падлічваць яго дозы, мяняць іх у розных сітуацыях.

Гэта рознае навучанне. Асобная катэгорыя — навучанне дзяцей і іх бацькоў. Дарэчы, на сайтах медустаноў ёсць спасылкі, па якіх анлайн можна праслухаць праграму навучання для пацыентаў з цукровым дыябетам 1 тыпу, — расказала Вольга Салко.

Для выкладання ў школах дыябету быў падрыхтаваны метадычны дапаможнік «Школа пацыентаў з цукровым дыябетам. Асновы самакантролю і кіраванне захворваннем». У 2021 годзе складзена спецыяльная праграма навучання медыцынскіх сясцёр, якія выкладаюць у школах здароўя. На базе сталічнага медыцынскага каледжа яе прайшлі 65 спецыялістаў з усёй краіны.

Не хвароба, а спосаб жыцця

Тэрапеўтычнае навучанне стала неад'емнай часткай дапамогі пацыентам з цукровым дыябетам 1 тыпу, адзначае галоўны пазаштатны спецыяліст па эндакрыналогіі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага эндакрыналагічнага цэнтра Алена Юрэня. Яна нагадала, што першая школа дыябету ў Мінску была адкрыта ў 1992 годзе на базе 3-й дзіцячай бальніцы. Высветлілася, што ў дзяцей, якія прайшлі там навучанне, нашмат радзей здараюцца ўскладненні. Вырашана было ствараць амбулаторныя школы для пацыентаў з цукровым дыябтам 2 тыпу. У 1997 годзе на базе эндакрыналагічнага цэнтра з'явілася першая ў краіне школа цукровага дыябету 2 тыпу.

— Захаванне рэжыму пры цукровым дыябеце складанае для пацыентаў, бо літаральна кожную хвіліну прыходзіцца прымаць рашэнне: ці можна сесці за руль, колькі можна з'есці, якая фізічная нагрузка магчымая і нават якія эмоцыі пацыент можа сабе дазволіць. І гэта пажыццёва. За поспех у лячэнні і кантролі за хваробай на 80 % адказвае пацыент, — тлумачыць Алена Юрэня.

Эндакрынолаг падзялілася назіраннем, што ўсіх пацыентаў і слухачоў школ дыябету можна падзяліць на тры катэгорыі. Першая — тыя, хто хоча трымаць сваю хваробу пад кантролем і жыве пад дэвізам «Мой дыябет — не хвароба, а мой спосаб жыцця». Такія пацыенты кантралююць глюкозу не менш за чатыры разы на суткі, усё ведаюць пра сваю хваробу і сваімі пытаннямі могуць паставіць у тупік нават медыкаў. У такіх людзей ёсць усе шанцы пражыць доўгае жыццё без ускладненняў. Але такіх пацыентаў няшмат.

Другая, самая шматлікая катэгорыя, — пацыенты, якія маюць вельмі павярхоўнае ўяўленне пра сваю хваробу.

— Як правіла, гэта маладыя людзі, якія, здавалася б, павінны ведаць і кантраляваць асноўныя паказчыкі пры сваёй хваробе. Але высвятляецца, што яны не валодаюць тэхнікай выканання ін'екцый інсуліну, не ведаюць месцы ўвядзення, не ўлічваюць вугляводы пры ўвядзенні інсуліну, як правіла, робяць тое па самаадчуванні. Такія пацыенты ўжо маюць ускладненні, звязаныя з дэкампенсацыяй вугляводнага абмену. І калі першая катэгорыя прыходзіць на навучанне па ўласным жаданні, то другую прыходзіцца накіроўваць прымусова, — дзеліцца Алена Юрэня. — Трэцяя катэгорыя — блізкія пацыентаў з дыябетам. Іх прыемна бачыць на занятках, і значыць, можна разлічваць, што ў крытычнай сітуа-
цыі яны акажуць дапамогу свайму блізкаму чалавеку.

Не толькі «дарослая» праблема

Цукровы дыябет выяўляюць і ў дзяцей, прычым усё больш ранняга ўзросту.

— На пачатак 2022 года ў Беларусі ва ўрачоў назіраецца больш за 2,8 тысячы дзяцей з дыябетам 1 тыпу, гэта той тып, які з'яўляецца дамінуючым у нашай краіне. Штогод лічба павялічваецца прыкладна на 200 упершыню выяўленых юных пацыентаў. І такая тэндэнцыя характэрная для большасці краін свету, дзе штогадова выяўляецца прыкладна 3-4 % дзяцей з дыябетам, — расказвае галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Анжаліка Сонцава.

Цяпер назіраецца тэндэнцыя амалоджвання выпадкаў цукровага дыябету 1 тыпу.

— Калі раней мы казалі пра пік маніфестацыі ў падлеткавым узросце, то летась у Беларусі колькасць упершыню выяўленых дзяцей з дыябетам 1 тыпу ва ўзросце 5-9 гадоў амаль супала з лічбай падлеткаў, якія ўпершыню захварэлі. Мяркуецца, што да 2025 года колькасць дашкольнікаў з дыябетам 1 тыпу ў свеце падвоіцца, — дадае ўрач.

Каб своечасова прафілактаваць дыябет 1 тыпу, важна разумець прычыны яго развіцця.

— Большасць выпадкаў дзіцячага дыябету мае аўтаімунны генез. Па-першае, гэта хранічнае захворванне. Па-другое, яно шматфактарнае. Фактары навакольнага асяроддзя і генетычная схільнасць узаемадзейнічаюць, што садзейнічае запуску аўтаімуннага адказу супраць клетак падстраўнікавай залозы, — тлумачыць Анжаліка Сонцава.

Нягледзячы на тое што на сёння падзеі, якія вядуць да запуску дыябету ў дзяцей, цалкам не вывучаны, вядомая роля генетычных і следавых фактараў, якія з'яўляюцца фактарамі рызыкі развіцця дыябету 1 тыпу.

— Найперш гэта генетыка, і яе не выправіш. Дыябет 1 тыпу ў дзяцей мае ярка выражаны спадчынны кампанент. Але ніякая генетычная схільнасць не можа рэалізавацца без уплыву фактараў вонкавага асяроддзя. І гэта фактары, на якія можна ўплываць. Найперш прэнатальныя: атлусценне маці, хуткі набор масы цела падчас цяжарнасці, высокая маса цела дзіцяці пры нараджэнні, нізкі ўзровень вітаміну D у маці, кесарава сячэнне, штучнае кармленне немаўляці, узрост маці, — пералічвае дзіцячы эндакрынолаг.

Пасля нараджэння дзіцяці маюць значэнне такія фактары, як змяненне кішэчнай мікрафлоры, ранняе ўвядзенне прыкорму, які ўтрымлівае злакавыя, глютэн, недахоп вітаміну D у дзіцяці, сустрэча з рэспіраторнымі інфекцыямі. Зусім нядаўна было даказана, што дзіцячае атлусценне з'яўляецца фактарам развіцця дыябету не толькі 2, але і 1 тыпу і больш ранняй яго маніфестацыі. На многія з пералічных фактараў можна ўплываць.

Анжаліка Сонцава адзначае, што за тры апошнія гады ўсе дзеці ў Беларусі, якія маюць дыябет, пераведзены на аналагі інсуліну, што мае вялікае значэнне.

— Але які б від інсулінатэрапіі мы ні прапаноўвалі, без навучання ў школах дыябету мы б не дасягнулі добрых вынікаў. У 2019 годзе добры паказчык вугляводнага абмену мелі толькі 34,6 % дзяцей з дыябетам 1 тыпу. А сёння такая лічба складае больш за 40 %. Адначасова нездавальняючыя паказчыкі знізіліся з 35 да 27 %. Паверце, гэтыя некалькі працэнтаў поспеху прывялі да таго, што за апошнія тры гады ў нас адбылася стабілізацыя, а па некаторых хранічных ускладненнях — і зніжэнне іх колькасці. Мы бачым непасрэдны вынік нашых намаганняў, — рэзюмавала дзіцячы эндакрынолаг.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?