Вы тут

Калектыў «Жыццё працягваецца» — прыклад актыўнага старэння


«Жыццё працягваецца» — такую назву зусім нядаўна абраў вакальны калектыў Вымнянскага аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, што ў Віцебскім раёне. Акрамя песень, наведвальніцы ўстановы займаюцца харэаграфіяй і скандынаўскай хадзьбой — на заслужаным адпачынку на захапленні часу багата. Многія з жанчын аддалі шмат гадоў рабоце ў галіне сельскай гаспадаркі, з чым іх напярэдадні свята прыехалі павіншаваць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Палякова і прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Таццяна Дзіканава.


Аддзяленне Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна ў аграгарадку Вымна адкрылася ў 2018 годзе і стала для тутэйшых пенсіянераў сапраўдным падарункам. Нарэшце, знаходзячыся на адпачынку, яны змаглі асвоіць захапленні, на якія ў маладыя гады проста не ставала часу: трэба было і дзяцей выхоўваць, і працаваць, і займацца асабістай гаспадаркай. Цяпер вясковае адзяленне пад кіраўніцтвам Святланы Кузняцовай наведваюць 37 чалавек, шасцёра з іх — людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якіх спецыялісты абслугоўваюць дома. Як на свята, тройчы на тыдзень жанчыны спяшаюцца на спорт-, арт-, танц-тэрапіі. Для аматараў здаровага спосабу жыцця — велатрэнажор, бегавая дарожка, стэпы; для майстрых — швейная машынка, пруткі і шыдэлкі. А яшчэ ў Вымне ёсць свой вакальны калектыў з людзей пажылога ўзросту, які з канцэртамі наведвае населеныя пункты Падзвіння. Сёння аб'яднанне з натхнёнай назвай «Жыццё працягваецца» рыхтуецца да візіту ў аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі ў Янавічах. Акрамя таго, «вымнянскія дзяўчаты» не раз станавіліся пераможцамі раённай спартакіяды «Крэатыўны ўзрост», ёсць у скарбонцы агульных перамог і дыпломы з конкурсу МНС «За бяспеку разам».

Адна з актывістак аддзялення — Святлана Багачова, цяпер ёй 71 год, але пашпартны ўзрост у яе зусім не адпавядае душэўнаму. Святлана Мікалаеўна родам з Украіны, пасля пераезду на радзіму маці Вымна стала для яе другім домам. Жанчына шмат гадоў адпрацавала ў жывёлагадоўлі: даіла кароў, пасля працавала на свінаферме — выйшла на пенсію з 38-гадовым стажам у галіне сельскай гаспадаркі. Ніна Праментасаўна Конашава працавала загадчыцай склада запчастак для сельгастэхнікі ў мясцовым калгасе, а вяскоўцы ласкава называюць яе «уладаркай трактара». Конашава і сапраўды працавала на трактары, толькі на асабістым падворку — у яе працоўнай кніжцы такой пасады няма, Ніна Праментасаўна і сёння садзіцца за жалезнага каня — мотаблок — і апрацоўвае свае «соткі».

Па словах выконваючага абавязкі старшыні Вымнянскага сельскага Савета Уладзіміра Касцюковіча, аддзяленне — у літаральным сэнсе глыток свежага паветра, бо месцаў, дзе б маглі сабрацца пенсіянеры, акрамя бібліятэкі, раней не было. Адметна, што высокія дасягненні вымнянскага аддзялення ў раённых конкурсах абумоўленыя асабістым жаданнем кожнага наведвальніка паказаць, што «залаты ўзрост» — гэта яшчэ адзін этап узлёту.

Разам наведвальніцы аддзялення адзначаюць юбілеі, дзяржаўныя святы і проста падтрымліваюць адна адну, бо некаторыя з жанчын жывуць зусім адны — дзеці і ўнукі з'ехалі ў горад, блізкіх родзічаў у вёсцы няма. Часта на «пасядзелкі» — так называюць яны свае сходы, — прыязджаюць з найбліжэйшых вёсак, сябруюць паміж сабой і суседнія аддзяленні. Кіраўнік вымнянскай установы сацыяльнай рэабілітацыі арганізоўвае экскурсійныя паездкі па Беларусі, якія з радасцю падтрымліваюць. Жадаючым у аддзяленні аказваюцца пральныя паслугі, робіцца дробны рамонт адзення, для аматараў пары маюцца паслугі лазні ў Янавічах. Адным словам, усебаковыя падтрымка і клопат аб пажылых людзях на высокім узроўні.

На сустрэчы з гарбатай старшыня Віцебскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава расказала пра высокія дасягненні віцебскіх аграрыяў у бягучым сезоне і павіншавала заслужаных людзей з іх прафесійным святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Гарадоцкай выбарчай акрузе Ірына Палякова распавяла наведвальнікам аддзялення пра работу ніжняй палаты беларускага парламента; законапраекты, якія знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі; курс знешняй палітыкі нашай краіны ў складанай сітуацыі навокал. «Наша дзяржава аказвае ўсебаковую падтрымку пажылым людзям: для гэтага ствараюцца аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, працоўныя майстэрні — месцы, дзе знаходзяць не толькі занятак даспадобы, але і аднадумцаў, новых сяброў. Шчыры дзякуй за вашу шматгадовую працу на карысць краіны ў розных сферах, і вельмі радасна, што вы ў паважным узросце і сёння актыўна ўдзельнічаеце ў жыцці не толькі свайго аграгарадка, але і раёна», — падкрэсліла Ірына Міхайлаўна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».