Вы тут

І ў плюс 32, і па глыбокім снезе…


У любога школьнага музея ёсць свая ідэя, гісторыя і натхняльнікі. Нядаўна і ў Сар'янскай базавай школе Верхнядзвінскага раёна з'явіўся музейны пакой. Яго экспазіцыя прысвечана гісторыі малой радзімы — ахоплівае перыяд ад старажытных часоў да сучаснасці.


Настаўнік з вучнямі побач з помнікам на месцы спаленай карнікамі ў 1943 годзе вёскі Верхняе Стунжава

«Калі мы з кіраўніцтвам школы прымалі рашэнне аб яго адкрыцці, яшчэ не ведалі, што ўсім установам адукацыі будзе рэкамендавана стварыць свае музеі або музейныя пакоі. Атрымліваецца, што спрацавалі на апярэджанне», — усміхаецца настаўнік гісторыі Дзяніс Казлоў, расказваючы пра тое, як разам з дзецьмі ўдалося рэалізаваць сумесную задумку.

Без сумнення, брэндам Сар'янскай школы стаў клуб «Вандроўкі аматараў гісторыі», які стварыў малады педагог, каб, з аднаго боку, матываваць дзяцей да вывучэння гісторыі на школьных уроках (стымулам былі сумесныя паходы), а з іншага — каб вывучаць гісторыю непасрэдна на месцы тых ці іншых падзей. Турыстычныя паходы з вучнямі сталі рэгулярныя. Зіма, восень, вясна, лета... Ніякае надвор'е не можа спыніць апантаных вандроўнікаў. Падчас такіх экспедыцый запісваюцца інтэрв'ю з удзельнікамі розных падзей, якія маюць каштоўнасць для гісторыі. Дзецям цікава рабіць відэаролікі — як справаздачу пасля чарговай вандроўкі.

— Напрыканцы чэрвеня мы з вучнямі здзейснілі пешаходку па маршруце Сар'я — Вознава — Пустэльнікі — Мотужы — Асвея. У неверагодную спёку (тэмпература паветра была плюс 32 градусы) за два дні прайшлі па перасечанай мясцовасці 35 кіламетраў. Там нават інтэрнэту амаль не было, бо недалёка — дзяржаўная граніца. Пабывалі на месцы зліцця дзвюх рэк: Асуніцы і Сар'янкі. Пераканаліся, што вада ў Сар'янцы нашмат халаднейшая. Потым ацанілі ваду ў Асвейскім возеры. Шчыра кажу, што я не перастаю захапляцца дзецьмі, якія асмельваюцца на такія вандроўкі, цягаюць цяжкія заплечнікі і пагаджаюцца на любыя авантуры ў пошуках прыгод. А бацькам я ўдзячны за тое, што маюць мужнасць «выганяць» з зоны ўтульнасці сваіх дзетак.

Перш чым накіравацца ў паход, мы складаем маршруты, каб максімальна ахапіць цікавыя мясціны і грунтоўна іх даследаваць. Вельмі дапамагае нам у гэтым мясцовы краязнаўца Антон Бубала, які ў свае 80 гадоў суправаджае нас у самых цікавых вандроўках. Ён проста шыкоўны апавядальнік і вельмі вопытны турыст — дзеці за ім ледзьве паспяваюць.

У студзені мы накіраваліся ў бок вёскі Пушалат, спаленай карнікамі ў 1943 годзе, па старым шляху на Расіцу ў былы ўмацавальны раён. Знайшлі ўсе абарончыя кропкі на левым баку ад закінутага шляху. Далей абышлі замёрзлае балота і, рухаючыся на поўнач, выйшлі праз лес на доўгатэрміновыя агнявыя кропкі каля новага шляху на Расіцу. У іншы час года нам гэта зрабіць не ўдавалася. І восенню, і вясной балоты і глухі лес надзейна хавалі мэту нашай вандроўкі. Прайшлі амаль 20 кіламетраў па глыбокім снезе. Мяркую, такое не забываецца...

А падчас вясенніх канікул сёлета мы разам прайшлі «вогненную дугу» спаленых фашыстамі вёсак, якая ахоплівае Сар'ю з захаду. Наведалі помнік ахвярам вёскі Верхняе Стунжава. Яе жыхары былі спаленыя ў будыніне, якая стаяла крыху наўзбоч вёскі. Магчыма, там была кузня, бо на ўзараным полі побач з помнікам вучні пазнаходзілі шмат каваных вырабаў. Але сапраўднай удачай былі знойдзеныя кавалкі цэглы з пячаткай адной з цагельняў Станіслава Лапацінскага. Справа ў тым, што ў школе раней была толькі адна такая цагліна з ініцыяламі Лапацінскага на лацініцы. Яе знайшла пад сваім домам і прынесла ў школу вучаніца. Мяркуем, што гэты прадмет датуецца канцом XІX — пачаткам XX стагоддзяў. Нават у мясцовым краязнаўчым музеі такога рарытэту не было і нам неаднойчы прапаноўвалі ім падзяліцца (усміхаецца. — Аўт.) І тут раптам у Верхнім Стунжаве маё вока зачапілася за прадмет на раллі. Аказалася, што гэта рэдкая цагліна з тымі самымі ініцыяламі ўласніка маёнтка Сар'я. Дзеці пачалі шукаць і знайшлі шмат такіх рарытэтаў, цяпер мы ўжо можам іх нават дарыць нашым гасцям.

Цагліны з ініцыяламі ўласніка маёнтка Сар'я Станіслава Лапацінскага

Увогуле, дзякуючы сумесным вандроўкам было сабрана шмат рэчаў, якія сталі музейнымі экспанатамі. Як расказвае Дзяніс Казлоў, у населеных пунктах вакол Сар'і ёсць шмат закінутых дамоў. І калі іх гаспадары не адгукаюцца, такія дамы ідуць пад знос. Але да зносу туды зазіраюць вучні са сваім настаўнікам і знаходзяць цікавыя прадметы: пасведчанне аб нараджэнні 40-х гадоў, пашпарт, выдадзены ў 1945 годзе, пахавальную на салдата, які загінуў ва Усходняй Прусіі 14 студзеня 1945 года і пасведчанне аб прызначэнні сям'і пенсіі па прычыне страты карміцеля, старыя фатаграфіі, граматы савецкіх часоў, партбілет, выдадзены ў 1968 годзе.

— Да жніўня 1991 года яго ўладальнік пералічваў партыйныя ўзносы. І па іх памерах можна скласці ўяўленне аб заробку гэтага чалавека, — каментуе Дзяніс Казлоў. — Шмат знаходзім школьных дзённікаў і сшыткаў. Як кажуць мае вучні, там «каліграфія ўзроўню Бог». Ну хіба можна так пісаць? Цікава, што вокладкі на сшытках аформлены на латвійскай мове. Паколькі побач з намі Латвія, то ў савецкія часы бацькам было прасцей з'ездзіць перад навучальным годам у Даўгаўпілс, чым у Полацк, і там набыць усё, што патрабуецца для школы. Дзецям цікава даведвацца са школьных дзённікаў, якія прадметы вывучаліся ў савецкай школе, якія дамашнія заданні задаваліся вучням.

Неяк вучні збіралі металалом і знайшлі цяжкую чыгунную шыльду, якая іх зацікавіла. Перад імі паўстала дылема: паказаць сваю знаходку настаўніку або здаць яе ў якасці маталалому і атрымаць грошы? Але яны ўсё ж такі скінулі мне яе фота са штампам завода. Кажуць, «адчуваем, што знайшлі штосьці гістарычнае». Я прапанаваў ім пашукаць інфармацыю ў інтэрнэце. Там яны даведаліся, што знойдзены прадмет быў выпушчаны на Растокінскім матора-рамонтным заводзе, які ў часы Вялікай Айчыннай вайны спецыялізаваўся на рамонце тэхнікі для фронту, а ў мірны час яго перапрафілявалі пад рамонт рухавікоў для трактароў. Праўда, дзе і з якой мэтай гэта шыльда ўсталёўвалася ці прымянялася, а яна, між іншым, важыць 15 кілаграмаў, мы пакуль зразумець не можам. Будзем шукаць далей...

Шмат рэчаў, якія сталі музейнымі экспанатамі, знойдзены ў закінутых дамах, якія ідуць пад знос

У мяне ўвогуле ёсць правіла. Калі вучні прыносяць штосьці ў музейную экспазіцыю (старыя манеты, ваенныя ці бытавыя рэчы), яны самі шукаюць інфармацыю аб знойдзеным прадмеце, дзе, пры якіх абставінах і ў якія часы ён мог выкарыстоўвацца. Канешне, я потым пераправяраю яе, але першапачаткова скіроўваю іх на самастойныя пошукі. Так, адзін хлопец знайшоў малітоўнік на польскай мове, які датуецца прыкладна сярэдзінай XІX стагоддзя. Дзеці прыносяць старажытныя кованыя цвікі. Калегі і мясцовыя жыхары таксама прыносяць свае знаходкі і рарытэты. Усё гэта назапашвалася і захацелася нейкага лагічнага афармлення...

Між іншым, гісторык Дзяніс Казлоў з'яўляецца ўдзельнікам праграмы «Настаўнік для Беларусі». Па яе ўмовах, кожны педагог павінен прыдумаць і рэалізаваць праект, які ўпішацца ў мясцовы кантэкст і зробіць школу цэнтрам лакальнай супольнасці. На яго рэалізацыю выдзяляецца пэўная сума спонсарскіх грошай. У Сар'янскай школе вырашылі, што гэта будзе музейны пакой.

— Я папрасіў мясцовых мэбельшчыкаў падтрымаць наш сацыяльны праект, каб упісацца ў выдзеленыя грошы. Расказаў ім пра клуб «Вандроўкі аматараў гісторыі» і нашы паходы. Яны пранікліся, зрабілі максімальныя скідкі і выканалі ўсе мае пажаданні, — з задавальненнем канстатуе педагог. — Шуфляды пад вітрынамі таксама з'яўляюцца працягам музейнай экспазіцыі. Увогуле, уся экспазіцыя падзелена на чатыры перыяды: старажытныя часы на землях Верхнядзвінскага раёна (там ёсць археалагічны раздзел, у шуфлядах насыпаны пясок і я вучу дзяцей, як працаваць на раскопках з пэндзлямі), Сярэднявечча — пачатак ХХ стагоддзя, часы Вялікай Айчыннай вайны і найноўшы час. Музейная экспазіцыя вельмі дапамагае ў засваенні розных тэм у школьным курсе гісторыі. Тут табе і старажытныя пахаванні, і курганы на тэрыторыі нашай мясцовасці, і падзеі 1812 года, якія не абышлі нашых землякоў, і народныя рамёствы. У нас сабрана вельмі шмат прадметаў побыту беларусаў. Напрыклад, ёсць вертыкальнае верацяно. Гарызантальнае верацяно было распаўсюджаным, а вертыкальнае сустракалася толькі ў заможных дамах.

Трэба заўважыць, што планаў у вясковага настаўніка гісторыі багата.

— Сар'я — гэта музей пад адкрытым небам, — кажа ён. — Яна ўваходзіць у ТОП-10 месцаў, якія раяць наведаць у Беларусі. Дарэчы, дзеці, якія тут нарадзіліся, былі вельмі ўражаны гэтым фактам. Тут праходзіць мяжа, дзе сутыкаюцца дзве культуры: Захад і Усход, каталіцтва і праваслаўе. У нас ёсць неверагоднай прыгажосці храм, пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Ігнаціем Лапацінскім у гонар памерлай жонкі Марыі, адзін з самых выразных неагатычных храмаў у Беларусі з цікавай гісторыяй, ландшафтны парк. Ёсць
і трагічная гісторыя, звязаная з карнай аперацыяй «Зімовае чараўніцтва», якую праводзілі на тэрыторыі нашага і суседніх раёнаў у лютым — сакавіку 1943 года нацысты. Дык вось мы хацелі б на ўсіх гістарычных аб'ектах устанавіць QR-коды, якія будуць накіроўваць вандроўнікаў да патрэбнай інфармацыі і расказваць пра падзеі, якія тут адбываліся.

Наступным летам настаўнік плануе здзейсніць з дзецьмі вялікі велапаход праз Мёрскі раён на Браслаўшчыну, у Друю.

— Яшчэ я шукаю апантаных людзей, якія маглі б спансіраваць паездку на Байкал і таго, хто пагадзіўся б стаць маім правадніком, — кажа суразмоўца. — Наш славуты зямляк Ян Чэрскі апынуўся ў Сібіры пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, удзельнікам якога ён з'яўляўся. Але за свае заслугі ў даследаванні Усходняй Сібіры, і ў прыватнасці Байкала, ён быў амніставаны, стаў членам Рускага геаграфічнага таварыства, атрымаў шмат высокіх узнагарод як даследчык, яго запрасілі ў Пецярбургскую акадэмію навук. У Сібіры і на Байкале ёсць шмат геаграфічных аб'ектаў, названых у яго гонар. Калі такая экспедыцыя здарыцца, то можна будзе пашырыць і экспазіцыю нашага музея.

У Сар’янскай школе сабрана шмат прадметаў побыту беларусаў

Педагог заўважыў, што дзяцей цікавіць не нейкая абстрактная гісторыя, а гісторыя роднага краю: людзі, якія тут жылі, іх лёсы, падзеі, якія паўплывалі на жыццё іх землякоў.

— Я сам родам з Лёзна, — кажа Дзяніс Казлоў. — Калі трапіў у Сар'ю, стаў вывучаць гэтыя мясціны, і калі мяне папросяць, то магу і экскурсію правесці на вельмі годным узроўні. Кажу дзецям: «Вывучайце гісторыю сваёй малой радзімы і дзяліцеся ёй з турыстамі». Даў ім тэкст. Ведаю, што яны ўжо спрабуюць сябе ў ролі экскурсаводаў (смяецца. — Аўт.).


Ад «Родных пуцявін» да «Скарбонак часу»

Рэспубліканскі конкурс юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі абвешчаны Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства.

Яго ўдзельнікамі могуць стаць навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў дзвюх узроставых катэгорыях: да 14 гадоў (уключна) і ад 15 гадоў і старэйшыя.

На конкурс падаецца відэаролік-экскурсія (да 10 хвілін) па музеі ўстановы адукацыі ў адпаведнасці з абранай намінацыяй: «Роднымі пуцявінамі» ці «Скарбонка часу». Падчас экскурсіі могуць выкарыстоўвацца розныя мастацкія сродкі эмацыянальнага ўздзеяння (касцюмы, музычнае суправаджэнне і інш.). Колькасць аб'ектаў экскурсіі не абмяжоўваецца.

У намінацыі «Скарбонка часу» ўдзельнікі конкурсу ствараюць экскурсію-рэкламу, якая будзе знаёміць з адметнасцямі і ўнікальнасцю музея ўстановы адукацыі.

Пераможцы і прызёры конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі і дыпломамі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Падрабязнасці ўдзелу ў конкурсе можна знайсці на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?