Вы тут

Мінадукацыі і «Белтэлекам» будуць развіваць лічбавую экасістэму


Бакі заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Дакумент падпісалі міністр адукацыі Андрэй Іванец і генеральны дырэктар прадпрыемства Юрый Петручэня.


Фота edu.gov.by

Як паведамілі ў прэс-службе міністэрства, супрацоўніцтва вядучага тэлекамунікацыйнага аператара з установамі адукацыі працягваецца ўжо шмат год. Пагадненне надасць рабоце сістэмны характар: бакі пацвердзілі зацікаўленасць сумесна развіваць лічбавыя тэхналогіі і інавацыйныя падыходы ў сферы адукацыі.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў важны складнік узаемавыгаднага супрацоўніцтва: «Нас цікавяць вельмі сур’ёзныя пытанні, якія сёння стаяць перад сістэмай адукацыі, і, у першую чаргу — забеспячэнне бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. Гэта пытанне выходзіць на пярэдні план, становіцца актуальным для ўсіх узроўняў адукацыі».

Прыкладам паспяховага супрацоўніцтва «Белтэлекама» з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі стаў запуск мабільнага дадатку «Мой універсітэт» у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. З яго дапамогай абітурыенты могуць сачыць за ходам уступнай кампаніі, студэнты — вывучаць расклад заняткаў, атрымліваць апавяшчэнні аб зменах у ім, адпраўляць запыты ў дэканат. Для выкладчыкаў даступная опцыя апытання і рэалізацыя больш эфектыўнай камунікацыі са студэнтамі.

У распрацоўцы — «Разумны расклад» і інтэрактыўная карта ўніверсітэта. Мабільная праграма працуе менш за два месяцы, а колькасць запамповак ужо перавысіла 5,5 тысячы і працягвае расці.

У красавіку адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве «Белтэлекама» з БНТУ, у якім ключавым пунктам стаіць стварэнне і развіццё лічбавай экасістэмы ў сферы адукацыі на прыкладзе мабільнага дадатку «Мой універсітэт». Як заўважыў міністр адукацыі, дадзеную практыку трэба маштабіраваць на ўсе ўніверсітэты краіны.

Перспектыўнымі напрамкамі супрацоўніцтва таксама з’яўляюцца выкарыстанне платформы ZALA для аддаленага доступу да мультымедыйнага адукацыйнага кантэнту, рэсурса тэлеканала «ЯСНАе TV».

Спыніўся міністр і на важным напрамку па стварэнні электронна-адукацыйнай прасторы. З 1 верасня бягучага года Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі замацавана такая форма навучання, як дыстанцыйная адукацыя. Тут увага павінна быць нададзена стварэнню адукацыйнага дыстанцыйнага асяроддзя, якое дазволіць рэалізаваць як працэс навучання, так дыстанцыйны кантроль. 

Генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Юрый Петручэня падкрэсліў, што «Белтэлекам» з’яўляецца цэнтрам кампетэнцый у пытаннях стварэння тэлекамунікацыйнай інфраструктуры і рэалізацыі комплексных лічбавых праектаў: «Сёння мы аб’ядноўваем намаганні, каб разам вырашаць актуальныя задачы сучаснай адукацыі. Актыўна абмяркоўваем з партнёрамі розныя ініцыятывы, накіраваныя на павышэнне якасці і эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Упэўнены, што падпісанае пагадненне стане імпульсам для паспяховага ўвасаблення ўсіх намечаных планаў».

Увага партнёраў засяроджана на стварэнні «разумнай і бяспечнай установы адукацыі». Гэта комплексная экасістэма будучыні, якая дазволіць развіваць такія перспектыўныя праекты, як «Разумны клас», «Мая школа», «Мой універсітэт» і іншыя.

«Белтэлекам» стварыў надзейны фундамент для «электроннай адукацыі», лічбавых паслуг і сэрвісаў. 100 працэнтаў гарадскіх сярэдніх школ забяспечаны валаконна-аптычнымі лініямі сувязі, працягваецца будаўніцтва сучасных сетак да сельскіх устаноў адукацыі.

На базе оптавалакновых сетак у навучальных установах укараняюцца сістэмы відэакантролю, відэаканферэнцсувязі, вобланыя АТС, лакальна-вылічальныя сеткі і іншыя паслугі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.