Вы тут

Лукашэнка: Дабрабыт дзяржавы, наша харчовая бяспека знаходзяцца ў руках працаўнікоў АПК


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання перадавікоў АПК і ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды.


Звяртаючыся да найлепшых прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, якія сабраліся на цырымоніі ў Палацы Незалежнасці і глядзелі прамую трансляцыю па тэлебачанні, кіраўнік дзяржавы перш за ўсё павіншаваў іх з прафесійным святам, назваўшы яго ўсенародным, святам працавітых і самаахвярных — сапраўдных гаспадароў нашай шчодрай і хлебасольнай беларускай зямлі.

Пра вынікі ўраджаю і асабістыя рэкорды

«Вы — захавальнікі традыцый, якія нарадзіліся на гэтай зямлі тысячы і тысячы гадоў таму, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І мы, беларусы, добра ведаем, што перш за ўсё сялянскай працай стваралася ўся наша шматвяковая гісторыя: з маёнткамі і палацамі, найбагацейшымі радамі. Развіццё роднага краю заўсёды трымалася на плячах тых, хто апрацоўваў зямлю, сеяў, араў, збіраў ураджай і выпякаў хлеб. Сёння ў гэтым сэнсе нічога не змянілася. Так, свет знаходзіцца на піку тэхналагічнага, лічбавага прагрэсу і няма мяжы інавацыйнаму развіццю. Але толькі пры адной умове — калі людзі будуць сытыя і апранутыя».

Па словах Прэзідэнта, кожны беларус разумее, што дабрабыт дзяржавы, наша харчовая бяспека знаходзяцца ў руках працаўнікоў аграпрамысловага комплексу — механізатараў, аграномаў, жывёлаводаў, ветэрынараў, хлебапёкаў, сыраробаў, навукоўцаў. Ад імя беларускага народа і сябе асабіста кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку і тым, хто прыходзіць сялу на дапамогу: машынабудаўнікам, хімікам, транспартнікам, біятэхнолагам, будаўнікам, ваеннаслужачым, супрацоўнікам МНС і праваахоўных органаў.

«Вялікі дзякуй за працу, перш за ўсё, за рэкордны ўраджай, які сабралі ў гэтым годзе, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Намалочана больш за дзесяць з паловай мільёнаў тон збожжа. Гэта амаль на паўтара мільёна больш за леташні ўзровень». 

Асобна Прэзідэнт павіншаваў тых, хто больш за ўсё сёлета сабраў хлеба: Мінскую, Гродзенскую і Брэсцкую вобласці. З ураджаем больш за 100 тысяч тон заканчвае сезон 21 раён Беларусі. Сярод сельгаспрадпрыемстваў наперадзе ўсіх — «Гастэлаўскае» Мінскага раёна, філіял «Праўда-Агра» агракамбіната «Дзяржынскі», кааператывы «Гродзенскі» і імя У. І. Крамко Гродзенскага раёна.

«Усе вобласці істотна дадалі ў вытворчасці азімага ячменю, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Дзякуючы выкарыстанню айчыннага сорту павялічылі плошчы сяўбы. Вынік — намалочана больш як 300 тысяч тон, што ў два разы больш, чым летась. Яшчэ ў два разы павялічыць намалот азімага ячменя» — такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў на будучы год. 

Сёлета атрыманы і добры ўраджай алейнага семя — каля мільёна тон. Гэтага аб’ёму дастаткова для забеспячэння ўнутранага рынку алеем. Захоўваецца высокі ўзровень у вытворчасці бульбы, агародніны, пладова-ягаднай прадукцыі. «Сады, закладзеныя па інтэнсіўных тэхналогіях у сельскагаспадарчым прадпрыемстве імя Сянько Гродзенскага раёна, далі нам звыш тысячы тон садавіны з плошчы ўсяго 26 гектараў, — прывёў канкрэтны прыклад Прэзідэнт. — Фермеры Брэсцкай вобласці змаглі атрымаць ураджай больш за 50 тон з гектара. Такіх прыкладаў па рэспубліцы дастаткова».

У гэтай барацьбе за ўраджай ёсць і асабістыя рэкорды. Іх — нямала. Найбольш паказальны прагучаў з вуснаў кіраўніка дзяржавы. «Экіпаж у складзе Сяргея Максімца з акцыянернага таварыства «Крутагор’е-Петкавічы» Дзяржынскага раёна і Васіля Зура, работніка «Гомсельмаша», на айчынным серыйным камбайне «Палессе» намалаціў больш за шэсць тысяч тон збожжа, пакінуўшы далёка ззаду хвалёныя «Клаасы» і «Джондзіры». Удумайцеся: гэта два эшалоны хлеба! Гэта той вынік, да якога мы павінны імкнуцца».

«Трэба абараняць сваё»

Кожны каласок — на вагу золата, асабліва ў наш час, — такая пазіцыя кіраўніка дзяржавы. «Паглядзіце, якая складваецца сітуацыя ў свеце, — акцэнтаваў увагу ён. — У мінулым годзе 828 мільёнаў чалавек (прыкладна дзясятая частка насельніцтва планеты) галадалі. Колькасць людзей, якія не маюць фінансавай магчымасці забяспечыць сабе паўнацэннае харчаванне, перавысіла тры мільярды. Не апошнюю ролю ў гэтым сэнсе адыграў рост спажывецкіх цэн на прадукты харчавання. Свет знаходзіцца за крок ад глабальнай харчовай катастрофы. Па розных прычынах. Не толькі па кліматычных і геаграфічных. Ёсць краіны, якія ў свой час адмовіліся ад уласнай аграрнай вытворчасці, ператварыліся ў рынкі збыту імпартнай прадукцыі. У вачах заходніх куратараў цяпер яны выглядаюць больш дэмакратычнымі нас з вамі».

Затое Беларусь, па словах Прэзідэнта, апярэдзіла ў мінулым годзе ўсе краіны СНД у Глабальным рэйтынгу харчовай бяспекі і ў стане сябе накарміць. І не толькі сябе. А былі розныя часы. Не ўсе пра гэта памятаюць, але Аляксандр Лукашэнка нагадаў, калі разваліўся Савецкі Саюз, была жорсткая праблема з забеспячэннем Мінска хлебам, дзе мукі заставалася ўсяго на тры дні. А ўжо праз няпоўныя тры дзесяцігоддзі звыш ста краін набываюць беларускія прадукты. Экспартная выручка сёлета дасягне рэкордных паказчыкаў — больш за 20 мільярдаў рублёў.

«Як бы ні душылі айчынных вытворцаў санкцыямі, мы традыцыйна займаем дастойныя пазіцыі ў сусветных рэйтынгах, — падкрэсліў беларускі лідар. — Уваходзім у пяцёрку найбуйнейшых экспарцёраў малочнай прадукцыі, якую сёння можна знайсці на прылаўках супермаркетаў амаль 50 краін свету. Беларусь прыйшла на рынак Кітая. Не проста прыйшла, але і паспяхова канкурыруе з Новай Зеландыяй --- прызнаным лідарам у малочным свеце. Я кажу аб Кітаі, бо зайсці на кітайскі рынак, нават сяброўскім краінам, — вялікая праблема. А мы ў свой час раскрыліся: прыходзьце, стварайце, што хочаце. Нарэшце, зразумелі, што трэба абараняць сваё: сваіх вытворцаў, сваіх спажыўцоў, свой рынак». 

І беларусам сапраўды ёсць што прапанаваць. Толькі адной малочнай прадукцыі ствараем больш за 1800 найменняў. Вырабляем сыры, якія нічым не саступаюць па смакавых характарыстыках і якасці вядомым сусветным брэндам. Шэраг арганізацый рэспублікі дасягнулі вынікаў сусветнага ўзроўню па вытворчасці малака. Можна прывесці ў прыклад прадпрыемства «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна, дзе гадавая прадуктыўнасць кароў малочнага статка складае больш за 12 тысяч кілаграмаў і гэтая лічба працягвае павялічвацца.

У краіне ствараецца больш за 1000 найменняў мясной прадукцыі. Геаграфія яе экспарту — больш за 30 дзяржаў свету. Найлепшы вынік у жывёлагадоўлі традыцыйна дэманструюць сельскагаспадарчыя арганізацыі Гродзенскага, Нясвіжскага, Дзяржынскага, Смалявіцкага, Бераставіцкага і Іванаўскага раёнаў.

«Сёння Беларусь пазнаюць не толькі па знакамітых трактары МТЗ і аўтамабілі БелАЗ, але і па такіх марках, як «Савушкин продукт» і «Бабушкина крынка», — заўважыў Прэзідэнт. — Усе, хто цэніць натуральнасць, бяспеку і смак прадукта, выбіраюць беларускіх вытворцаў. Нават, як мяне інфармуюць, пабываўшы ў нас, прасунутыя грамадзяне калектыўнага Захаду, з’язджаюць адсюль з вялізнымі мяхамі. Яна затарваюцца ўсім, што ёсць на нашым рынку, але перш за ўсё харчаваннем». 

«Вёска — найлепшая школа жыцця»

Як паведаміў Аляксандр Лукашэнка, укараняючы сучасныя тэхналогіі, мы здолелі захаваць нашы традыцыі. «І тое, што сёння мы можам прапанаваць тавар і для самага патрабавальнага гурмана, і для людзей, якія маюць патрэбу ў спецыяльным і лячэбным харчаванні, таксама з’яўляецца нашым вялікім дасягненнем, — звярнуў увагу ён. — Я заўсёды вас заклікаю : харчуйцеся сваім, не кідайцеся на заморскае». 

Узровень самазабеспячэння Беларусі па асноўных відах харчовых тавараў перавышае 100 %. Пры гэтым усе яны высокай якасці і даступныя па кошце. «І гэта перш за ўсё вынік вашай працы, паважаныя работнікі, дарагія сяляне, — падкрэсліў беларускі лідар. — Я дзякую тым, хто знаходзіцца ў гэтай зале, і тысячам працаўнікоў, якія засталіся на сваіх працоўных месцах, працягваючы выконваць прафесійныя абавязкі, нават не задумваючыся аб маштабнасці сваёй ролі ў гісторыі дзяржавы, захаванні яе суверэнітэту і незалежнасці. Вы самыя сціплыя, але самыя надзейныя, самыя працавітыя з усіх нас. Усё вытрымалі — і пандэмію, і санкцыі, і спробы ўцягнуць вас у палітычныя гульні пад выглядам мецяжу. Прайшлі выпрабаванні з гонарам і годнасцю, бо заўсёды занятыя справай, ведаеце цану працы, мудра і рэалістычна глядзіце на наша часам шалёнае жыццё. А жыццё паказвае, самыя эфектыўныя і руплівыя кіраўнікі, вядомыя вучоныя, урачы і педагогі, вынаходнікі нараджаюцца і вырастаюць у звычайнай вёсцы».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, вёска — найлепшая школа жыцця. «Там з ранніх гадоў кожны ўцягнуты ў гаспадарчыя клопаты, — удакладніў ён. — Кожны ведае, што такое штодзённая фізічная праца і адказнасць за гаспадарку, за сям’ю. Гэта пачуццё адказнасці, навыкі планавання і мабілізацыі сродкаў для дасягнення выніку прывіваюцца раз і назаўжды, а досвед перадаецца з пакалення ў пакаленне. Радуе, што сёння на сяле працуе і моладзь, у тым ліку на кіруючых пасадах. Будучыня не толькі сельскай гаспадаркі, але і краіны, у цэлым за імі — маладымі, якія ўмеюць фарміраваць каманду, эфектыўна арганізаваць працоўны працэс, забяспечыць дысцыпліну, беражлівыя адносіны да рэсурсаў і, галоўнае, дыктатуру тэхналогій пры правядзенні сельскагаспадарчых работ».

Такія кіраўнікі, па словах Прэзідэнта, — гэта кадравы рэзерв дзяржавы на вялікую перспектыву. Але пры ўмове, што яны будуць акружаць сябе прафесіяналамі, рыхтаваць дастойных пераемнікаў — патрыётаў сваёй краіны. «Старшыні, спецыялісты — гэта сэрца, матор нашага АПК, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І шлях да вынікаў, якія сёння былі агучаны, пачынаецца са школьнай, затым студэнцкай парты, у сістэме павышэння кваліфікацыі кадраў рабочых прафесій і спецыялістаў. Вы, паважаныя сельскія працаўнікі, самі бачыце, што развіццё тэхналогій патрабуе найвышэйшага ўзроўню ведаў. Адзін толькі сучасны збожжаўборачны камбайн па колькасці вузлоў кіравання можна параўнаць з самалётам. Тэхналогіі асобных аб’ектаў нашага АПК па складанасці амаль касмічныя. Напрыклад, вытворчасць незаменных амінакіслот Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі».

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў падумаць, якімі высокімі кампетэнцыямі павінен валодаць ветэрынар. «Жывёла не раскажа, дзе баліць, а яе здароўе — залог паспяховасці і дабрабыту ўсёй гаспадаркі і краіны ў цэлым», — лічыць Прэзідэнт. Ён без перабольшання заўважае, што ў агульным караваі — і праца настаўніка, і выкладчыка каледжа. Асобна беларускі лідар падзякаваў за працу прафесарска-выкладчыцкі склад ВНУ, якія рыхтуюць спецыялістаў для АПК, у тым ліку найстарэйшай на тэрыторыі былога СССР — Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Удзячнасць — і вучоным Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, усім распрацоўшчыкам і вытворцам сучаснай тэхнікі, абсталявання, а таксама ўгнаенняў і кармоў, якія робяць працу аграрыяў больш эфектыўнай.

«Родная зямля — у надзейных руках»

«Без напружанай карпатлівай працы, укаранення інавацый, узаемадапамогі, талакі немагчыма дамагчыся высокага выніку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Дабрабыт даецца толькі стваральнай працай. З вамі мы зрабілі шмат. Коштам напружання сіл народа, у кааперацыі з нашымі блізкімі і сяброўскімі краінамі. Будзе яшчэ больш». 

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў, што задача па выраўноўванні даходаў на вёсцы і ў горадзе ўсё яшчэ актуальная. Яна застаецца на кантролі. «Але грошы трэба зарабляць, — заявіў Прэзідэнт. — Складнікі вядомыя — інвестыцыі, тэхналогіі, дысцыпліна. Дзяржава працягне аказваць падтрымку сялу, мадэрнізацыі вытворчай базы. Перш за ўсё, у будаўніцтве малочна-таварных комплексаў, набыцці дарагой тэхнікі, меліярацыі і іншым. Эфектыўная вытворчасць — аснова нашай «вёскі будучыні». І мы робім усё, каб якасць жыцця ў сяле паляпшалася».

Пры гэтым беларускі лідар нагадаў — у гэтым плане выканана каласальная работа. «Наш першы праект «аграгарадкі» рэалізаваны, — удакладніў ён. — Гэта амаль 1500 населеных пунктаў, у якіх створаны самыя сучасныя ўмовы жыцця. Трэба і далей якасць жыцця ў гэтых аграгарадках паляпшаць. Із 1500, але ўсе з іх абсалютна розныя. Але ўжо сённяшнія аграгарадкі — прыгожыя дамы, дагледжаныя падворкі, водазабеспячэнне, газ, заасфальтаваныя вуліцы, школы, абсталяваныя пляцоўкі для адпачынку і спорту, іншая неабходная інфраструктура».

Прэзідэнт запэўнівае: развіццё аграгарадкоў будзе працягвацца. І ўзоры стварэння «вёсак будучыні» ёсць у кожнай вобласці. У прыватнасці, гэта Копысь Аршанскага раёна, з якой усё гэта пачалося. Галоўная мэта праекта «вёска будучыні» — спалучэнне традыцыйнага ладу з даступнасцю дасягненняў цывілізацыі. 

«Мы працягнем рабіць усё, каб наша вёска была прыцягальным і зручным месцам для працы, жыцця і адпачынку беларусаў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Бо там, як я не раз казаў, — нашы карані. І няважна, у якім пакаленні гэта было, але ўсе мы адтуль — з вёскі. Усім нам — і гараджанам, і вяскоўцам — вельмі блізкі і дарагі каларыт сельскага жыцця, які мы імкнемся захаваць і ўдасканальваць. Яшчэ раз паўтараю: цяпер час такі, калі вы, усе беларусы, можаце мець кавалак сваёй зямлі. Не страцьце, не ўпусціце гэты час». 

Прэзідэнт адзначыў, што, магчыма, мы сёння зараджаем яшчэ адну новую традыцыю, заснаваную на старых прынцыпах. «Ва ўсіх раёнах і абласцях адбыліся святы — Дажынкі, — канкрэтызаваў ён. — Усім мы падзякавалі. Калі кагосьці забыліся, няхай яны нас прабачаць: паспяховых людзей усё больш і больш, іх тысячы і тысячы. Сёння ў гэтай асноўнай зале нашай краіны — прадстаўнікі працоўных калектываў, сельскагаспадарчай вытворчасці». 

У межах гэтай новай традыцыі кіраўнік дзяржавы прыступіў да цырымоніі ўзнагароджання найлепшых работнікаў аграпрамысловага комплексу па выніках года. Аднак перш чым уручыць дзяржаўныя ўзнагароды, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта адзінкі з многіх. Тысячы ўзнагарод яшчэ знойдуць сваіх герояў, якія паказалі сябе сёлета. «Мы ўпершыню ў гісторыі сабралі хлеба, збожжа больш чым тону на кожнага чалавека, — падкрэсліў беларускі лідар. — Гэта поспех, якога, я ўпэўнены, не дасягнулі нават найбуйнейшыя дзяржавы нашай планеты. Нам нельга спыняцца. Бо надзвычайнага мы нічога не здзейснілі. Жорсткая дысцыпліна, але ёсць вынік. Мы зрабілі гэты крок і мы павінны, абавязаны ўтрымацца на гэтым узроўні». 

Па працы — і пашана

Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды. 

Адпаведны Указ быў падпісаны 14 лістапада. Дзяржаўных узнагарод удастоены 78 прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і профільных адукацыйных устаноў аграпрамысловага комплексу. Ордэны, медалі і ганаровыя званні ім прысуджаны за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё АПК, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. 

У прыватнасці, начальніку цэха ўзнаўлення свінагадоўчага комплексу ААТ «Белавежскі» (Камянецкі раён) Ларысе Хіміч прысуджана ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». На прадпрыемствае жанчына працуе ўсё жыццё: пачынала ветэрынарным супрацоўнікам, цяпер узначальвае цэх — 31 год працоўнага стажу. «Іншага месца працы і не трэба», — прызнаецца яна. Ларыса Хіміч не чакала, што яе дзейнасць будзе ацэнена на такім высокім узроўні. «У 2015 годзе мне ўручылі медаль «За працоўныя заслугі», я лічыла, што гэтага дастаткова — і так высокае прызнанне», — сціпла кажа начальнік цэха. 

Усе ўзнагароджаныя — людзі сціплыя. Яны не прывыклі да такіх урачыстасцяў. Больш звыкла для іх — быць у полі, у цэху — адным словам, на сваім працоўным месцы, дзе яны робяць звычайную для сябе справу і не заўсёды падазраюць, што іх штодзённы клопат мае вялікае значэнне ў маштабе краіны. 

Усё жыццё сельскай гаспадарцы адданы і дырэктар ААТ «Агра-Абярэг» (Пухавіцкі раён) Пётр Казак. Указам кіраўніка дзяржавы ён удастоены звання «Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Пётр Казак называе цырымонію ўручэння ўзнагароды адной з найлепшых падзей у сваім жыцці. Прызнаецца, вельмі хваляваўся. «Наша прадпрыемства працуе стабільна, — расказвае дырэктар ААТ «Агра-Абярэг». — Улічваючы падыходы і палітыку нашай дзяржавы і асабіста Прэзідэнта, сёння ўсё атрымліваецца — для гэтага патрэбна проста працаваць». 

Сярод перадавікоў гаспадаркі, якія ўшаноўвалі ў Палацы Незалежнасці, — самыя розныя людзі. Аднак усіх іх аб’ядноўвае любоў да зямлі. Памочнік брыгадзіра КСУП «Гудагай» (Астравецкі раён) Леанард Мікліс працуе ў сферы АПК 47 гадоў. Ён ужо на пенсіі, але гэта не перашкаджае яму працаваць на карысць краіны. «Пакуль магу, буду працаваць, — адзначае ён. — Калі я пачынаў працу ў 1975 годзе, вельмі цяжка было. Тэхніка была слабая. Працавалі ад цямна да цямна. Цяпер і выхадныя ёсць, і сучасная тэхніка нам аблегчыла нашы абавязкі, і заробкі сталі значна вышэйшымі». 

Як адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Савушкин продукт» Аляксандр Саўчыц, нягледзячы на санкцыі, гэты год, напэўна, будзе самым паспяховым у гісторыі прадпрыемства. «Людзі вельмі хутка перастроіліся, — заўважыў ён. — Упершыню ў гэтым годзе абарот складзе звыш мільярда долараў». 

Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Кіраўскі райаграпрамтэхбаз» Уладзімір Комар атрымаў з рук кіраўніка дзяржавы ордэн Пашаны. На пінжаку ўжо ззяе медаль «За працоўныя заслугі», уручаны некалькі гадоў таму. Аб тым, што падпісаны Указ і сярод прадстаўленых да ўзнагароды ёсць і ён, трактарыст-машыніст даведаўся ў полі. Сказаць, што быў задаволены, — нічога не сказаць. «Ніколі не думаў пра ўзнагароды, проста сумленна працаваў», — прызнаўся ён. 

Пасля цырымоніі ўзнагароджання Прэзідэнт адзначыў, што сельскагаспадарчы год завершаны. Аднак расслабляцца не варта. Ёсць яшчэ над чым папрацаваць. Цяпер, па яго словах, галоўнае — добра прадаць сваю прадукцыю. «Напэўна, ужо толькі лянівы са мной не згодны, што гэтыя так званыя санкцыі для нас — час каласальных магчымасцяў, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Абяцаю, дакладна такога ж часу ў вас больш не будзе. Даражыце кожнай капейкай, укладзіце яе туды, куды трэба, каб атрымаць яшчэ большую аддачу сельскагаспадарчай вытворчасці».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, патрэбна скарыстаць гэты час і для таго, каб сельскія жыхары годна жылі. «Каб іх дзеці мелі магчымасць, як і ўсе, у найлепшых гарадах, у тым ліку і ў Мінску, атрымаць добрую адукацыю, скончыць ВНУ і, як руплівыя гаспадары, будучыя рэзервы нашых кадраў, заняць годнае месца ў нашым грамадстве, — удакладніў беларускі лідар. — Сяляне, работнікі АПК гэтага заслужылі. Давайце зробім усё дзеля нашых дзяцей». 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.