Вы тут

Кампазіцыю «Бульба-дэнс» прэзентавалі днямі на тэлеканале АНТ


Калі спалучыць у адным відэа вядомых людзей, музыку і прыправіць жывымі ідэямі на тэму «як любіць сваё і расказваць пра галоўнае проста», то можа атрымацца гучная прэм'ера. Што і адбылося з кампазіцыяй «Бульба-дэнс» у выкананні юнай спявачкі Ангеліны Волкавай, якую прэзентавалі днямі на тэлеканале АНТ.


— Пасля выхаду кліпа вельмі хвалююся, бо цікава, як прыме яго аўдыторыя, ці спадабаецца. Але разам з тым адчуваю таксама гонар ад таго, што сам наш Прэзідэнт прыняў удзел у кліпе, паказаўшы прыклад любові да роднай зямлі. Усім і кожнаму, хто ўдзельнічаў у здымках нашай відэаработы, я бязмерна ўдзячная, — кажа выканаўца песні Ангеліна Волкава. — Я сама атрымала вялікае задавальненне ад здымачнага працэсу, хоць і працавалі мы ў спякотнае надвор'е. Было весела і цікава. Там я нават знайшла новых сяброў, з кім мы дагэтуль падтрымліваем сувязь. Таму здымкі кліпа сталі для мяне адной з самых яркіх падзей лета.

Сама песня, словы да якой напісала паэтэса Ганна Сялук (яе аўтарству належаць многія вядомыя кампазіцыі ў рэпертуары нашых беларускіх артыстаў Руслана Аляхно, Вікторыі Алешкі, Алены Ланской і іншых), здаецца на першы погляд даволі простай, але яна запамінальная. А яе запальны рытм настройвае з першых нот на жаданне рухацца, танцаваць у такт. Музыку да кампазіцыі напісаў вядомы беларускі кампазітар Яўген Алейнік. Іх творчы тандэм з Ганнай таксама можна адсачыць па хітах вядомых артыстаў.

— Адпраўным пунктам напісання песні сталі менавіта словы «Бульба-дэнс» і ідэя стварыць кампазіцыю з беларускім каларытам. А што датычыцца тых пасылаў, якія ўжо з'явіліся ў фінальным відэакліпе, то першапачатковай ідэяй было стварэнне новага танцавальнага трэнду. Свайго, беларускага. І харэографы-пастаноўшчыкі Таццяна Трафімава і Дзяніс Кашавы прапанавалі рухі, якія лёгка зможа паўтарыць кожны, нават той. хто не мае нейкіх харэаграфічных здольнасцяў, — дзеліцца Ганна Сялук. — Дарэчы, усе рухі спачатку «тэсціраваліся» на ўдзельніках здымачнай групы і складаныя варыянты тады адразу адпадалі. І менавіта такім чынам прыйшлі да танца, які на працягу ўсяго кліпа суправаджае прыпеў. У працэсе пошуку варыянтаў візуальнага ўвасаблення таксама шмат абмяркоўвалі ідэй, але ў выніку спыніліся на «гарачай бульбе», якая чароўна ўздзейнічае на чалавека, апынуўшыся ў яго руках: ён не можа стрымацца і пачынае танцаваць. Атрымалася такая добрая і вясёлая вандроўка беларускай бульбы ад агарода кіраўніка дзяржавы да стала кожнага беларуса. Вельмі хочацца, каб песня спадабалася слухачам розных пакаленняў, асабліва моладзі.

Прадзюсарам і рэжысёрам кліпа «Бульба-дэнс» выступіла Алена Лобач, якая даўно вядомая аўдыторыі па праектах тэлеканала АНТ (зараз, дарэчы, адзін з такіх — «Зорны шлях» ідзе ў эфіры па суботах). Як зазначыла яна ў адным інтэрв'ю, стваральнікам кліпа хацелася сказаць пра важныя рэчы, але так, каб гэта было проста і зразумела кожнаму.

Сярод удзельнікаў відэакліпа можна заўважыць самых розных асоб — ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі (у кадр трапілі кадры яго працы падчас збору ўраджаю бульбы) да супрацоўнікаў заводаў, тэлевядучых, спартсменаў, кухараў, шэсць харэаграфічных калектываў, а таксама шэраг таленавітых дзяцей. І хоць у песні яе героі, здавалася б, проста танчаць у такт вясёлай кампазіцыі, але за знешняй прастатой можна прасачыць і больш глыбокія сэнсы, якія аб'ядноўваюць. Яны ў тым, што беларусы заўсёды ўмелі як працаваць на сваёй зямлі, так і радавацца жыццю, рэалізоўваючы сябе ў тым ліку і творча, аб'ядноўваючыся, каб памнажаць, зберагаць і падтрымліваць па-сапраўднаму добрыя і жыццясцвярджальныя ідэі.

У цэлым у здымках кліпа прыняло ўдзел 4000 чалавек, прычым рэальных прафесій, узросту і сацыяльнай прыналежнасці. Акцёр быў толькі адзін — Андрэй Дубешка, кіроўца грузавіка. А вось, напрыклад, у ролі інспектара ДАІ мы бачым вядомага інспектара Сяргея Зараніка, які сёння працуе ўжо нават на больш адказнай пасадзе. Тут і кухары сталовай завода «Керамін», і футбалісты БАТЭ, і нават вядучыя праграмы «Наша раніца на АНТ» Таццяна Рудакоўская і Сяргей Церахаў.

— Мой бацька, калі ўпершыню пабачыў гэты кліп, сказаў: такое класнае відэа і такая цудоўная бульбіна, што прымушае людзей танцаваць і ўсміхацца. Гэта якраз тое, чаго нам не хапае і з улікам абстаноўкі ў свеце, і асабліва восенню, калі ўсе мы адчуваем хандру. Таму кліп у мяне як у гледача выклікаў толькі станоўчыя эмоцыі, — дзеліцца Таццяна Рудакоўская. — І калі да нас у студыю завітала яго здымачная група, патлумачыла ідэю, то мы адразу ж пагадзіліся ўдзельнічаць, таму што зразумелі: гэтая песня больш глыбокая, чым тое, што заўважаеш адразу на паверхні. У яе мелодыі — запал і гарэзлівасць, і тэкст быццам бы просты, а за ім глыбокі сэнс пра тое, што нас аб'ядноўваюць культура, традыцыі і нацыянальная кухня, дзе, як вядома, галоўная ў нас бульба, якая з дзяцінства вядома кожнаму як другі хлеб... Што да працэсу здымак, то, шчыра кажучы, я нават не чакала, што магу так энергічна рухацца. Прызнаюся, не адразу ў нам удалося выканаць танцавальныя рухі, але ў выніку ўсё атрымалася. І мы радыя што сталі часткай такой вялікай і дружнай каманды, якая стварыла «Бульба-дэнс».

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Ангеліны Волкавай

Загаловак у газеце: «Бульба-дэнс» made іn Belarus...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.