Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт імя П. А. Сухога звязаны перш за ўсё з імем яго рэктара, доктара тэхнічных навук, прафесара Альберта Сямёнавіча Шагіняна. Вядомы вучоны, адзін са стваральнікаў тэорыі імпульсных і вібрацыйных крыніц сейсмічных сігналаў, якія прымяняюцца ў разведцы нафты і газу, рашэнні ваенна-прыкладных задач, ён 13 гадоў кіраваў Гомельскім заводам сейсмічнай тэхнікі.


Вывучыўшы ўсю структуру Міністэрства адукацыі, я са здзіўленнем знайшоў у сябе ў непасрэдным падпарадкаванні буйныя вытворчасці, якія не маюць да адукацыі ніякіх адносін, такія, напрыклад, як Пухавіцкі эксперыментальны завод, што адліваў велізарныя чыгунныя цюбінгі для будаўніцтва метро, усё той самы Гомельскі завод сейсмічнай тэхнікі і іншыя. Як яны трапілі ў распараджэнне Міністэрства адукацыі, я не ведаў, ды і разбірацца з гэтым не было часу. Вытворчасць і збыт прадукцыі, сыравіна, зваротныя сродкі, заробак рабочым — усе гэтыя няпростыя для рашэння пытанні трывожылі практычна штодзённа, і з многімі з іх разабрацца можна было толькі на месцы. Паехаў я і на Гомельскі завод сейсмічнай тэхнікі.

Цэхі завода мяне не проста здзівілі, ашаламілі сваім маштабам. Спярша склалася ўражанне, што я трапіў на нейкі касмадром з фантастычнымі машынамі і механізмамі. Яны былі на шырачэзных гусеніцах, велізарныя, з незразумелымі надбудовамі. Мне растлумачылі, што гэтыя ўстаноўкі сарыентаваны для зандзіравання ўльтрагукам земляных нетраў на глыбіні да 8 кіламетраў. Такім чынам можна знайсці залежы нафты, газу і іншых карысных выкапняў. Завод працаваў, ішла бесперапынная зборка гэтых машын, але былі цяжкасці з рынкамі збыту. Такі завод у Савецкім Саюзе быў адзіны, і запыт у спецыяльным абсталяванні застаўся. Але грошай на яго вытворчасць у заказчыкаў не было, разлічваліся яны за атрыманую прадукцыю дрэнна, сродкаў не хапала нават на заробак рабочым. Дырэктар прасіў у гэтым дапамогі, даказваў, што вытворчасць трэба захаваць, яна ўнікальная і будзе з часам запатрабаваная і прыбытковая. Ён быў пераканаўчы, і я прасіў гомельскіх рэктараў пазычыць яму грошай для выплаты зарплаты са сваіх пазабюджэтных сродкаў. Кіраўнікі ўніверсітэтаў — людзі, якія думаюць па-дзяржаўнаму, дырэктара завода выручылі. І ён іх не падвёў — даўгі аддаў, завод сапраўды стаў запатрабаваным, прычым ва ўсім свеце.

Прафесар Шагінян узначаліў тэхнічны ўніверсітэт у 1986 годзе. Вопыт яго працы як вучонага-практыка, таленавітага інжынера-канструктара, кіраўніка вялікай вытворчасці відавочна садзейнічаў станаўленню ўніверсітэта як аўтарытэтнай тэхнічнай школы краіны. Усе тэхнічныя ВНУ, як і іх рэктары, вызначаюцца нейкай грунтоўнасцю, спакоем, вызначанай сціпласцю. На жаль, мне не давялося асабіста пазнаёміцца з прафесарам Шагінянам, ён памёр у 2000 годзе, але я працаваў з яго наступнікамі — кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам Станіславам Баляслававічам Сарэлам і доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам Сяргеем Іванавічам Цімошыным. Бываў у іх ва ўніверсітэце, сустракаўся са студэнтамі і выкладчыкамі, захапляўся архітэктурай і разумным уладкаваннем вучэбнага корпуса.

Прафесар Цімошын — вядомы вучоны ў галіне фізікі высокіх энергій, але знешне гэта ніяк не праяўлялася. Наадварот, яго вытрымцы і маўклівасці я часам нават здзіўляўся. Але як рэктара яго ў калектыве паважалі. Назіраючы за яго стылем, я яшчэ раз пераканаўся, што павышаць голас, крычаць на падначаленых — значыць праяўляць сваё бяссілле як кіраўніка. Што цікава, Сяргей Іванавіч — выпускнік Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Ён працаваў рэктарам тэхнічнага ўніверсітэта з 2007 да 2021 года. На змену яму прыйшоў доктар тэхнічных навук, прафесар Артур Уладзіміравіч Пуцята, які ў свой час закончыў... БелДУТ! Фармацыя гомельскіх універсітэтаў умее вырошчваць для сябе рэктараў.

Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі з 2002 да 2012 года ўзначальвала кандыдат эканамічных навук, дацэнт Ала Аляксандраўна Навумчык. Яна закончыла гэты ж універсітэт і пасля аспірантуры працавала там, паслядоўна засвойваючы ўсе прыступкі прафесійнага росту: выкладчык, дацэнт, загадчык кафедры, прарэктар па навуковай рабоце, першы прарэктар, рэктар. Вучэбны працэс і сама абстаноўка ў яе ўніверсітэце былі размеранымі, грунтоўнымі, я нават сказаў бы, утульнымі. Мяркую, гэта вынік жаночага падыходу ва ўладкаванні жыцця ва ўсім. І я часта гэта па жыцці заўважаў. Калі, напрыклад, мая жонка ад’язджала ў доўгатэрміновую камандзіроўку, то я, ідучы следам за яе ўстаноўкамі і даручэннямі, рэгулярна дома наводзіў парадак, мыў посуд, прыбіраў за дзецьмі, паліваў кветкі, але ўсё адно кватэра няўхільна ператваралася ў казарму. І ў многіх універсітэтах, асабліва тэхнічных, знешне назіраліся дагледжанасць і парадак, але ўтульнасці не адчувалася. А вось рэктар Навумчык у сваім універсітэце яе забяспечыла.

Ала Аляксандраўна як кіраўнік сярод сваіх калег была знешне прыкметная, але на ўсіх нарадах, калегіях і форумах вяла сябе даволі сціпла — на трыбуну не прасілася, рэплікі з месца не адпускала, начальства не дапякала. І разам з тым была камунікабельнай, даручэнні выконвала спраўна, універсітэтам кіравала ўпэўнена. Ад яе сыходзіла нейкая ўнутраная сіла, уменне пераконваць у сваёй праваце, арганізоўваць людзей, якія акружалі, на выкананне пастаўленых задач. Таму ніхто з нас не здзівіўся, калі Гомельская абласная арганізацыя «Белай Русі» абрала яе сваёй старшынёю. Пасля гэтага мы з ёй сталі бачыцца часцей — і ў міністэрстве, і ў рэспубліканскім штабе гэтай грамадскай арганізацыі. У выніку палітычны складнік перамог акадэмічны — рэктара Навумчык абралі дэпутатам Нацыянальнага сходу.

Пасля Алы Аляксандраўны ўніверсітэт узначаліла доктар эканамічных навук, прафесар Святлана Мікалаеўна Лебедзева. Там па-ранейшаму ўтульна.

Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт быў адкрыты ў 1990 годзе з мэтай забеспячэння дактарамі раёнаў, якія найболей пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Першым рэктарам там быў доктар медыцынскіх навук Юрый Іванавіч Бандажэўскі. Думаю, яго прызначэнне на гэтую пасаду было абумоўлена перш за ўсё тым, што ён спецыялізаваўся як урач і вучоны ў галіне радыяцыйнай медыцыны. На жаль, іржа карупцыі ў гэтым універсітэце закранула нават рэктара. Супраць яго і некаторых яго калег была ўзбуджана крымінальная справа, і яны былі асуджаны да немалых турэмных тэрмінаў.

Праявы карупцыі на ўступных экзаменах у гомельскіх універсітэтах, якія паўтараліся, і не толькі ў іх, прывялі кіраўніцтва краіны, Міністэрства адукацыі і рэктарскі корпус да неабходнага выкаранення прычын, якія выклікалі карупцыю. У гэты час у нашай краіне ўжо з’явіліся людзі, якія маюць вялікія прыбыткі, і ўсе яны былі ўпэўнены ў тым, што з дапамогай грошай можна вырашаць любыя пытанні. Заработная плата выкладчыкаў ВНУ у параўнанні з прыбыткамі прадпрымальнікаў пакідала жадаць лепшага. Вось некаторыя з іх і спакушаліся на прапанаваны хабар за пратэкцыю на ўступных экзаменах. Строгія папярэджванні пра недапушчальнасць такіх учынкаў, за якія пагражаюць турэмныя тэрміны, праблему не вырашалі. Крымінальныя справы пасля ўступнай кампаніі ўзбуджаліся штогод па ўсёй краіне, але ў гомельскіх ВНУ яны аказваліся самымі гучнымі. На ўступных экзаменах трэба было зніжаць ступень чалавечага ўдзелу. Сусветны вопыт паказваў, што ў гэтым выпадку можна выкарыстоўваць тэхналогіі тэсціравання, і пачынаючы з 2007 года мы на іх перайшлі. Хабары на ўступных экзаменах спыніліся.

Доктар медыцынскіх навук, прафесар Сяргей Уладзіміравіч Жаваронак узначаліў медыцынскі ўніверсітэт у 1999 годзе. З ім я ўжо быў знаёмы асабіста — разумны, інтэлігентны кіраўнік. Дарэчы, ён адзін з самых вядомых у нашай краіне вучоных-вірусолагаў і сваім прыкладам пацвярджае, што рэктар універсітэта павінен быць перш за ўсё прафесійным даследчыкам.

З 2007 да 2020 года рэктарам Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта працаваў доктар медыцынскіх навук, прафесар Анатоль Мікалаевіч Лазікаў. Звёў нас мой родны брат Міхаіл. Ён заканчваў Віцебскі медыцынскі інстытут і спецыялізаваўся па кафедры акушэрства і гінекалогіі доктара медыцынскіх навук, прафесара Мікалая Фёдаравіча Лызікава, бацькі Анатоля Мікалаевіча. Нам было пра што пагаварыць: і пра медыцынскую адукацыю, і пра сістэму аховы здароўя ў краіне, і пра хірургію, у якой спецыялізаваўся Анатоль Мікалаевіч, і пра яго бацьку, якога мой брат абагаўляў.

Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт адбыўся. Кіраўніцтва краіны і вобласці здолела зацікавіць спецыялістаў умовамі жыцця і працы ў якасці выкладчыкаў гэтай ВНУ, у рэктара Лызікава быў наладжаны якасны вучэбны працэс, але цалкам задаволіць запатрабаванні рэгіёна ў дактарах яны таксама не змаглі. І гэты факт я выкарыстаў як аргумент супраць адкрыцця ў Жыткавічах на базе мясцовага ПТВ філіяла Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. На гэтым настойвалі губернатар Гомельскай вобласці Аляксандр Серафімавіч Якабсон і віцэ-прэм’ер Уладзімір Ільіч Сямашка, ураджэнец гэтага раёна, патлумачваючы вострым недахопам аграномаў і інжынераў па сельгастэхніцы. Я казаў:

— У Жыткавічах няма выкладчыкаў-вучоных, база ПТВ слабая для ВНУ, Горкі, дзе размешчана акадэмія, непадалёку ад Гомельскай вобласці. Нам трэба падумаць, як замацоўваць выпускнікоў ВНУ на працоўных месцах, а не павялічваць іх падрыхтоўку. Мы немалымі намаганнямі адкрылі ў вас медыцынскі ўніверсітэт, а дактароў усё адно не хапае.

Пры гэтым у галаве ў мяне яшчэ было пытанне, якое мне Прэзідэнт задаў пры заснаванні Баранавіцкага ўніверсітэта:

— Дык ты што, у кожнай вёсцы збіраешся адкрываць універсітэт?

Зараз Гомельскім медыцынскім універсітэтам кіруе доктар медыцынскіх навук, прафесар Ігар Алегавіч Стома. Цяпер ужо ён са сваім калектывам вырашае задачу забеспячэння гэтага рэгіёна дактарамі.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 26 лістапада.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.