Вы тут

Малая радзіма аўтара «Тараса на Парнасе»


Не паспелі адгучаць паэтычныя акорды Дня беларускага пісьменства ў Добрушы, як ужо абвешчана новая сталіца літаратурнага свята. Пляцоўкай для правядзення юбілейнага ХХХ фестывалю стане Гарадок, што ў Віцебскай вобласці, які непарыўна звязаны з аўтарам самай вядомай нацыянальнай прыгодніцкай паэмы XІX стагоддзя Канстанцінам Вераніцыным.


Штогод пісьменніцкую эстафету пераймаюць розныя беларускія гарады, якія з'яўляюцца цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У аснове свята, якое ў наступным годзе адзначае юбілей, закладзены паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай нашага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства ў Беларусі. За некалькі насычаных фестывальных дзён удзельнікі знаёмяцца не толькі з сусветна вядомымі беларускімі літаратурнымі дзеячамі, але і з рэгіянальнымі прадстаўнікамі пісьменніцкага асяроддзя.

У будучым верасні ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства запросяць у госці да Тараса на Парнас. Менавіта ў Гарадку, што на Віцебшчыне, нарадзіўся і вучыўся аўтар прыгодніцкай паэмы пра звычайнага палясоўшчыка, які служыў у пана, і быў знаёмы з антычнымі багамі на гары Парнас. Шмат гадоў пасля з'яўлення на свет фантастычнай паэмы вяліся дыскусіі на тэму аўтарства, толькі ў 1970-я гады літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў адкрыў імя Канстанціна Вераніцына і дату напісання твора — 1855 год.

Паэт нарадзіўся ў вёсцы Астраўляны Віцебскага павета (сёння Гарадоцкі раён), паходзіў з сям'і прыгонных і спачатку насіў прозвішча Васільеў, што супадала з імем па бацьку. Пасля атрымаў ад памешчыка Бондырава вольную і абраў прозвішча Вераніцын. Пасля мясцовай прыходскай школы і гарадской гімназіі вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, быў выключаны і адразу паступіў на трэці курс Горацкага земляробчага інстытута, які скончыў бліскуча, абараніўшы дысертацыю «Аб беларускай гаспадарцы». Служыў у розных пецярбургскіх ведамствах, быў настаўнікам геаграфіі ў настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне. Сур'ёзныя праблемы са здароўем — тыф і запаленне лёгкіх — вымусілі вярнуцца зноў у горад на Няве, Канстанцін Васільевіч трапіў на службу ў Міністэрства шляхоў паведамлення ў канцылярыю міністра. Ажаніўся з Лізаветай Поль, памёр у 1904 годзе, але канкрэтная дата смерці, як і месца пахавання, сёння застаюцца невядомымі.

Менавіта ў Пецярбургу, як сведчаць рукапісныя нататкі, ён у 21-гадовым узросце напісаў «Тараса на Парнасе», які выйшаў у друк толькі ў 1889 годзе ў газеце «Мінскі лісток». Пасля паэма была надрукавана ў Віцебску ў выглядзе брашуры на 15 старонак, але з вялікім тыражом — тысячу экзэмпляраў. Твор, наскрозь прасякнуты вальнадумствам і сатырай, стаў занадта папулярным, аб гэтым сведчыць перавыданне паэмы ў Гродне, два разы — у Магілёве, у 1904 годзе — зноў у Віцебску і трэці раз — у 1910-м. Дагэтуль прыгоды Тараса называюць жамчужынай беларускай паэзіі, адным з самых жыццярадасных і камічных твораў нацыянальнай літаратуры ХІХ стагоддзя, а вершаваныя радкі на жывой беларускай мове хутка разнесліся на цытаты і сталі народнымі прымаўкамі: «Як тараканы каля хлеба, багі паселі ўкруг стала» і іншыя. У 2008 годзе паэма выйшла ў свет на васьмі еўрапейскіх мовах.

У 2001 годзе на радзіме паэта ў Астраўлянах і Гарадку былі ўсталяваны камяні з мемарыяльнымі дошкамі ў гонар аўтара і твора, а ў 2014-м у цэнтры Гарадка з'явілася новая скульптура: выява таго самага палясоўшчыка ў поўны рост, каля ног якога на пні сядзіць вавёрка, а за спінай Тараса — старонкі кнігі, на якіх адлюстравана, як ахвотнікі імкнуцца трапіць на Парнас.

Сталіца Дня беларускага пісьменства — 2023 паступова пачынае бурліць перадсвяточным жыццём. На працягу года ў раёне будуць адрамантаваны знакавыя сацыяльныя аб'екты, установы адукацыі і культуры. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама Святланы Мазжаравай, пераўтварэнні закрануць гарадскую інфраструктуру: з'явяцца новыя архітэктурныя формы і муралы з сюжэтнымі сцэнамі з паэмы «Тарас на Парнасе».

У планах кіраўніцтва горада — узвесці помнік самаму Канстанціну Вераніцыну, аднак з'явілася праблема ў адсутнасці сапраўднага партрэта пісьменніка. Раённы краязнаўчы музей зараз вядзе актыўную пошукавую работу, супрацоўнічае з замежнымі музейнымі ўстановамі і Нацыянальным гістарычным архівам, з якім, дарэчы, наступным летам плануецца арганізаваць віртуальную выставу, прысвечаную творчасці паэта-земляка. Цяпер у музеі вядуцца работы па абнаўленні ваеннай залы, да верасня пачне работу экспазіцыя, прысвечаная славутым людзям Гарадоччыны. Яшчэ на базе музея будзе арганізаваны Цэнтр патрыятычнага выхавання насельніцтва.

Як расказаў старшыня райвыканкама Пётр Карабач, у аснове канцэпцыі свята ў Гарадку — сінтэз брэндавых мерапрыемстваў, якімі славіцца раён, з літаратурнай спадчынай паўночнага рэгіёна. Напрыклад, з 1998 года ў горадзе традыцыйна ў першых датах чэрвеня ладзяць свята народнай творчасці і фальклору «Гарадоцкі Парнас», прысвечанае Дню нараджэння Вераніцына. У межах мерапрыемства праводзіцца паэтычны конкурс сярод дарослых аўтараў і дзяцей «Вераніцынская зорка», а яшчэ штогод уручаецца прэмія «Зямляк года» выдатным дзеячам літаратуры, культуры і мастацтва, якія жывуць тут або звязаны з Гарадоцкім краем. У будучым годзе гэты літаратурны фэст плануюць прымеркаваць да Дня беларускага пісьменства, як і традыцыйны конкурс «Уладар лесу», у якім прымаюць удзел аматары і прафесіяналы разьбы па дрэве. Асаблівай разынкай Гарадка з'яўляецца кулінарны фестываль «Мара гурмана», які традыцыйна праходзіць ва ўрочышчы Вераб'ёвы горы і збірае кулінараў не толькі з вобласці, але і з іншых краін. На працягу трох гадзін прафесійныя кухары на адкрытым агні гатуюць стравы з ласяціны, хатнія кулінары — адметныя стравы з бульбы, а яшчэ ў мінулым годзе ў межах фестывалю была прыгатавана самая вялікая яечня ў Беларусі, на якую спатрэбілася 2000 яек.

Сімбіёзам гэтых рознабаковых мерапрыемстваў і будзе здзіўляць гасцінная Гарадоччына, акрамя гэтага, удзельнікаў свята запросяць на вялікую пляцоўку Гарадоцкага раёна, дзе прадставяць народныя рамёствы, прамысловыя і аграрныя дасягненні, літаратурныя і мастацкія «жамчужыны» раёна.

Цікавы факт

«Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,

Што палясоўшчыкам служыў?

На Пуцявішчы, у Панаса

Ён там ля лазьні блізка жыў...»

З гэтых радкоў пачынаецца падарожжа галоўнага героя паэмы на Парнас. Цікава, што Пуцявішча, у якім «прапісаў» Тараса аўтар, — гэта рэальнае мястэчка каля вёскі Міхалі Віцебскага раёна, што мяжуе з Гарадоцкім, дзе калісьці бурліла жыццё. Мясцовыя краязнаўцы плануюць у перспектыве ўсталяваць на месцы былога Пуцявішча камень з мемарыяльнай таблічкай, як на радзіме паэта.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».