Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з кіраўніком Удмурцкай Рэспублікі Аляксандрам Брэчалавым. У Палацы Незалежнасці абмеркавалі пашырэнне прамысловай кааперацыі, імпартазамяшчэнне, абмен тэхналогіямі, экспарт паслуг, супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Беларускі лідар закрануў і тэмы глабальнага раскладу.
Прывітаўшы дэлегацыю гэтага расійскага рэгіёна, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўважліва вывучыў гісторыю нашых узаемаадносін, узровень, на які выйшлі. Радавацца, па словах беларускага лідара, асабліва няма чаму. «Нягледзячы на невялікі прырост у мінулыя гады, і ў гэтым годзе не дацягваем, а патэнцыял добры: і ва Удмуртыі, і ў Беларусі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму ёсць над чым працаваць. Эканоміка і гандлёва-эканамічныя адносіны — аснова, таму будзем будаваць свае планы такім чынам, каб тут дабаўляць. Усе астатнія кірункі і нашы адносіны — дай Бог, каб яны былі ў іншых дзяржаў на такім узроўні, як у нас сёння з Расіяй і, у прыватнасці, з канкрэтным расійскім рэгіёнам».
Па словах кіраўніка дзяржавы, Белдарусь вельмі зацікаўлена ў супрацоўніцтве з прадпрыемствамі Удмуртыі. «Спадзяюся, што тыя кірункі, якія нам патрэбна развіваць, мы ў працэсе вашага візіту знойдзем, хаця ўпэўнены, што такія планы выбудаваны, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Вы ведаеце нашы магчымасці: у сферы высокіх тэхналогій, у аўтамабілебудаванні, нават у абароннай прамысловасці, што вельмі важна на сённяшні дзень. Ведаю, што вы шмат увагі надаеце чысціні вашага рэгіёна. Таму нашы аўтобусы, тралейбусы ў тым ліку — у гэтым кірунку мы можам сур’ёзна папрацаваць. Гэта што датычыцца жыцця людзей».
Звярнуў увагу Прэзідэнт і на запатрабаванасць у Расійскай Федэрацыі беларускіх ліфтоў. Беларускі лідар адзначыў, што ў гэтым годзе, калі нашы так званыя партнёры сышлі ад нас, мы пераарыентавалі свае магчымасці на рынак Расійскай Федэрацыі, у тым ліку і па ліфтах, хаця гэта прадпрыемства было моцна перагружана. «Аднак Расія для нас у гэтых адносінах з’яўляецца прыярытэтам, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І Прэзідэнт Пуцін акурат прасіў аб гэтым, каб мы звярнулі ўвагу на замяшчэнне імпартных ліфтоў Расіі беларускімі. Сваё абяцанне мы выконваем».
Гатовы беларускі бок дапамагаць сваім расійскім партнёрам і ў мадэрнізацыі рухомага саставу: у прыватнасці, аўтобусаў, тралейбусаў. Што датычыцца аграпрамысловага комплексу, ва Удмуртыі, як і ў нашай краіне, ён на дастаткова высокім узроўні. «Калі вам нешта спадабаецца ў Беларусі — калі ласка. Не — значыць мы будзем у вас вучыцца», — абазначыў сваю пазіцыю ў пытанні ўзаемадзеяння ў АПК беларускі лідар.
Навука, культурнае супрацоўніцтва, ахова здароўя, адукацыя — тыя напрамкі, узаемадзеянне ў якіх, па словах Прэзідэнта, нават не абмяркоўваецца.
«Мы цяпер зразумелі, што нам трэба рабіць, у якім кірунку рухацца, — заўважыў беларускі лідар. — А самае галоўнае, не забываць тое, што было назапашана да нас. А стаяць усё-такі на плячах тых гігантаў, якія стварылі калісьці нашу агульную краіну». Аляксандр Лукашэнка вылучыў пяць кірункаў, якія падымаюць нацыю на абсалютна іншы ўзровень развіцця: біятэхналогіі, атамная энергетыка, космас, ВПК, Парк высокіх тэхналогій. «Мы дадалі да таго, што было, але тое не страцілі, — падкрэсліў беларускі лідар. — У прынцыпе, мы многае можам. Магчыма, не так хутка, хаця час ад нас патрабуе павелічэння хуткасці».
Прэзідэнт перакананы: гэты год паказаў, што мы цалкам здольныя вырашыць тыя праблемы, якія трэба тэрмінова вырашыць. «І ваш візіт у гэтым плане вельмі важны, — звярнуўся ён да кіраўніка Удмурцкай Рэспублікі. — Вы ўсё-такі — сэрца Расіі. Ваша невялікае па тэрыторыі, вялізнае па сваім патэнцыяле насельніцтва, людзі, якія ў вас жывуць, могуць пасадзейнічаць вырашэнню тых праблем, што востра стаяць перад намі. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы выстаім перад гэтым націскам з боку так званага калектыўнага Захаду і іншымі нашымі ворагамі не толькі ў ваенных адносінах, а і перш за ўсё, у эканамічных».
Прэзідэнт пракаментаваў адзін з апошніх інцыдэнтаў, звязаны з падзеннем ракеты на тэрыторыі Польшчы, які набыў шырокі рэзананс ў медыйным полі. Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанні, на якія пакуль няма адказу: «Чаго ж гэтая шалёная ракета, пушчаная ўкраінскімі ваеннымі (а стралялі на ўсход — адтуль жа ракеты ляцелі расійскія, збівалі іх у кірунку ўсходу), што ж яна так развярнулася і пайшла ў адваротны бок? Няхай прафесіяналы адкажуць на гэтае пытанне. Такіх выпадковасцяў не бывае. Паўстае пытанне: чаго вы, украінцы, стралялі ў бок натаўскай дзяржавы? І галоўнае пытанне, на якое ніхто не адказвае, і амерыканцы маўчаць: у дадзены момант, калі пуск ракеты С-300 украінцы ажыццяўлялі, па чым яны білі, па якіх аб’ектах? У гэты час не было ракет у паветры. Маўчаць. І амерыканцы маўчаць. Разумеюць, што і мы кантралюем гэтую тэрыторыю, і нешта мы бачым тут».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, патрэбна на гэтыя элементарныя пытанні адказаць. «Чаму менавіта падчас саміта дваццаткі раптам атакавалі натаўскую дзяржаву, як гэта было першапачаткова прадстаўлена? — заўважае ён. — Я баюся рабіць высновы, але падобна на такі дагаварняк, што далей няма куды. Але крыху не разлічылі — людзі загінулі. І палякам трэба адказаць свайму насельніцтву. Кіраўніцтву Польшчы патрэбна адказаць перад палякамі: як магло так адбыцца, чаму білі па тэрыторыі Польшчы, хто дамовіўся, чаму ракета раптам з усходу на захад завярнула і паляцела, і чаму ў той момант стралялі, калі ў паветры не было расійскіх ракет?» Толькі пасля адказу на гэтыя пытанні, перакананы беларускі лідар, усё стане зразумелым. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што трэба аддаць належнае прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, які шчыра сказаў, што ракета, якая ўпала на тэрыторыю Польшчы, не расійская.
«Супраць нас ідзе бязлітасная вайна, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Ім трэба нас справакаваць. Трэба эскалацыя. Таму нам трэба глядзець на нашых людзей, на нашу эканоміку. Эканоміка — аснова ўсяго. Будзе эканоміка — нам не страшныя ніякія войны».
Звяртаючыся да кіраўніка Удмурцкай Рэспублікі, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што мы — надзейныя людзі і ніколі сваім братам не здраджвалі. «Гэтым шляхам не хадзілі і хадзіць не збіраемся, — падкрэсліў ён. — Будзем разам — хутчэй вырашым нашы праблемы. Спадзяюся, што будзе вельмі добры вынік ад вашага візіту ў Беларусь».
У размове з журналістамі кіраўнік Удмурцкай Рэспублікі Аляксандр Брэчалаў адзначыў, што за час яго знаходжання на пасадзе гэта ўжо пятая бізнес-місія ў Беларусь. «Для Удмуртыі Беларусь — стратэгічны партнёр, які па аб’ёму таваразвароту ўваходзіць у тройку лідараў для рэспублікі, — падкрэсліў ён. — Кожны год мы істотна прырастаем. Яшчэ больш радуе тое, што мы знаходзім сумесныя пункты перасячэння і ўзнікаюць сумесныя прадпрыемствы як на тэрыторыі Беларусі, так і ва Удмуртыі. Добрыя лічбы, хоць, напэўна, Аляксандр Рыгоравіч справядліва заўважыў, што радавацца няма чаго з пункту гледжання таго, што трэба яшчэ больш амбіцыйныя планы рабіць, і цяпер — час магчымасцяў для нашых эканомік».
Кампетэнцыі ў прадпрыемстваў Беларусі і Удмуртыі, як заўважыў кіраўнік гэтага расійскага рэгіёна, падобныя. «Мы бачым вялізны заказ па вельмі многіх пазіцыяй, — удакладніў ён. — І гэта не толькі абаронна-прамысловы комплекс. Гэта і сельгастэхніка, і тэхніка, звязаная з дрэваапрацоўкай. Ёсць што нам пераняць у калег з Беларусі, і ў нас ёсць цікавыя рашэнні і знаходкі. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што ў бліжэйшыя два-тры гады рост будзе кратны з пункту гледжання эканомікі».
Журналісты пацікавіліся меркаваннем Аляксандра Брэчалава наконт магчымасці адраджэння вядомай у Савецкім Саюзе маркі матацыклу «Іж» сучаснага ўзору з выкарыстаннем патэнцыялу ў тым ліку беларускіх прадпрыемстваў. Ён лічыць, што запыт на падобнага роду прадукцыю будзе вялікі, улічваючы сыход з рынку шматлікіх замежных кампаній. «Іж» — гэта брэнд, — падкрэсліў ён. — Мы адкрыты да любой формы кааперацыі і будзем прыкладаць максімум намаганняў, каб гэты праект адбыўся, калі будзе зацікаўленасць у нашых прадпрыемстваў».
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.