Вы тут

Качанава: Наша работа патрэбна і павінна прыносіць вынікі


Падчас сустрэчы Наталлі Качанавай з прэзідыумам Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе была абмеркавана дзейнасць савета, а таксама вызначаныя шляхі далейшай работы са школьнікамі і студэнтамі. Сярод асноўных тэм — функцыянаванне савета, работа з моладдзю ў рэгіёнах, а таксама папулярызацыя здаровага ладу жыцця. Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Наталля Качанава адзначыла, што сустрэча накіравана на абмеркаванне задач, аб якіх члены дамовіліся на першым пасяджэнні Маладзёжнага савета другога склікання:


— Вы шмат удзельнічаеце ў розных мерапрыемствах, якія праводзіць Савет Рэспублікі, у тым ліку ў выязных прэзідыумах і прыёмах па асабістых пытаннях грамадзян. Я бачу, што вы актыўна ўключыліся ў работу. Гэта вельмі важна. Я бы хацела пачуць ад вас прапановы, у тым ліку ідэі па нашай асноўнай рабоце над законапраектамі.

Папярэдняе скліканне Маладзёжнага савета налічвала 70 членаў. У склад новага саставу ўвайшлі 138 чалавек з розных рэгіёнаў краіны.

— Трэба, каб ваша работа была відаць, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Вы павінны даносіць інфармацыю да моладзі з вашых гарадоў і раёнаў, ваша дзейнасць павінна даваць вынікі. Сярод вас ёсць тыя, хто працуе ў сферах адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму, таму гэтыя пытанні вы павінны адсочваць і адпрацоўваць.

У сваю чаргу члены Маладзёжнага савета расказалі аб выніках сваёй дзейнасці. Сярод праектаў — лідарская платформа «Каманда будучыні», інтэлектуальны квіз, Беларуская маладзёжная парламенцкая ліга дэбатаў. Аб гэтым расказаў старшыня Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі Мікіта Рачылоўскі:

— Мы стартанулі паспяхова: скліканне павялічылася ў два разы, гэта значыць, што нашы магчымасці павялічыліся. Асноўная мэта ў тым, каб нашы дэлегаты, якія прадстаўлены ў кожным раёне і вобласці краіны, працавалі з таленавітай моладдзю на месцах, стваралі ўмовы для развіцця маладзёжнага парламентарызму. Сярод нашых традыцыйных мерапрыемстваў можна адзначыць лідарскую платформу «Каманда будучыні», Scіence Quіz — інтэлектуальны квіз рэспубліканскага ўзроўню сярод медыцынскіх універсітэтаў. Таксама намі быў прэзентаваны праект пад назвай «Адзіны парламенцкі дзень», у рамках якога мы наведваем школы, каледжы, праводзім для навучэнцаў і школьнікаў прэзентацыйныя сустрэчы, дзе расказваем пра Маладзёжны парламент, чым ён жыве, як можна ў яго ўступіць, як можна сачыць за яго дзейнасцю ў сацыяльных сетках і даведвацца аб самых актуальных мерапрыемствах.

У планах Маладзёжнага савета — «Беларуская маладзёжная парламенцкая ліга дэбатаў», падчас якой маладыя людзі змогуць далучыцца да парламенцкай дзейнасці, вядзення дэбатаў, а таксама авалодаць майстэрствам публічнага выступлення.

— Нашы мерапрыемствы накіраваны на фарміраванне лідараў, пошук і стварэнне ўмоў для іх далейшага развіцця, — адзначыў Мікіта Рачылоўскі.

Старшыня Маладзёжнага савета звярнуў увагу на тое, што савет праводзіць актыўную работу ў інтэрнэт-прасторы. Так, у сацыяльных сетках аператыўна з'яўляецца інфармацыя аб дзейнасці членаў Маладзёжнага савета. А адноўленая версія сайта дазваляе кожнаму наведвальніку не толькі атрымаць хуткі адказ на пытанне, але і звязацца з членам савета.

Аб узаемадзеянні актыўнай моладзі з розных рэгіёнаў расказаў старшыня камісіі па рэгіянальнай палітыцы і ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання Маладзёжнага савета Станіслаў Сямёнаў:

— На базе Гомельскага раённага савета дэпутатаў прайшла маладзёжная міжрэгіянальная сустрэча. Да нас прыехаў Маладзёжны савет Дзяржынскага раёна, а таксама студэнты з Гродна і Мінскай вобласці. Гасцям мы распавялі, чым жыве працоўная моладзь у сельскім раёне. Адзначу, што дзякуючы такім сустрэчам у нас ёсць магчымасць дзяліцца вопытам, вучыцца парламенцкай дзейнасці і даведвацца, што цікавага ёсць у студэнцкім самакіраванні.

Азнаёміўшыся з прэзентацыяй Маладзёжнага савета, Наталля Качанава адзначыла, што ёсць кірункі, якія патрабуюць актыўнай работы. Сярод іх — традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, моцныя рэгіёны і папулярызацыя здаровага ладу жыцця ў моладзі:

— Спектр пытанняў, з якімі трэба працаваць, у вас даволі шырокі. Гэта і маладзёжная палітыка, і адукацыя, і рэалізацыя дзяржаўных праграм. Таму сітуацыю трэба вывучаць, асабліва на месцах. А для вырашэння праблемы шукаць правільнае, рацыянальнае зерне, — рэзюмавала Наталля Качанава.

Арына КАРПОВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?