Вы тут

Анколагі і нарколагі далі парады па барацьбе з тытунёвай залежнасцю


Паводле звестак аўстралійскіх медыкаў, курцы паміраюць на дзесяць гадоў раней, чым людзі, незалежныя ад шкоднай звычкі. Працяглае курэнне звязана з 17-разовым павелічэннем рызыкі развіцця хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх. Курэнне ў восем разоў павышае рызыку з'яўлення атэрасклерозу, таксама ўзрастае верагоднасць узнікнення раку лёгкіх. А паводле даных навукоўцаў з універсітэцкага каледжа Лондана, сярод асноўных прычын узнікнення дэменцыі ёсць і курэнне.

Тым часам беларускія анколагі пачалі праводзіць скрынінгавае абследаванне на рак лёгкага сярод курцоў. Яго прайшлі ўжо 1,5 тысячы беларускіх мужчын, якія не мелі скаргаў на стан здароўя, і рак лёгкага выяўлены ў 1% з іх. Якія яшчэ віды злаякасных пухлін выклікае курэнне? Ці ёсць шкода ад электронных цыгарэт і ці дапамагаюць яны кінуць курыць? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты.


Фота: pixabay.com

Падчас скрынінгу ў 75 % пацыентаў рак выяўляецца на 1-й-2-й стадыі

Як адзначае вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі таракальнай паталогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Аляксей Курчанкоў, уздзеянне курэння на арганізм сістэмнае: паражаюцца не толькі лёгкія і слізістыя, а ўсе органы і сістэмы. Яно выклікае не толькі фізічную, але і псіхічную залежнасць, адбіваецца на сэрцы і сасудах, прыводзіць да мультыфакальнага атэрасклерозу, сур'ёзнага пашкоджання слізістых поласці рота. З-за курэння развіваюцца розныя віды пухлін, пачынаючы ад раку губы, слізістых поласці рота, гартані да раку лёгкага (курэнне — адна з асноўных прычын яго развіцця), раку нырак і мачавога пузыра.

— Нярэдка да нас паступаюць пацыенты з дыягназам «рак лёгкага», якія маюць і спадарожныя захворванні: хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх, сістэмны атэрасклероз, кардыясклероз. Такі пацыент мае патрэбу ў дапамозе не толькі анколага, але і сасудзістага хірурга, кардыяхірурга. У гэтых выпадках праводзяць сімультантныя аперацыі — не толькі на лёгкіх, але і на сасудах сэрца, — расказвае Аляксей Курчанкоў.

Сёння ў Беларусі праводзіцца скрынінгавая праграма па дыягностыцы раку лёгкага. У яе ўключаны мужчыны ва ўзросце ад 50 да 70 гадоў са стажам курэння не менш за 20 гадоў па пачку цыгарэт у дзень. Скрынінг пакуль робіцца ў Мінскім, Салігорскім і Гродзенскім раёнах. Праведзена больш за 1,5 тысячы нізкадозавых камп'ютарных тамаграм у пацыентаў з высокай рызыкай развіцця раку лёгкага.

— Мы маем першыя вынікі скрынінгавай праграмы. Выяўлена 16 пацыентаў з дыягназам «рак лёгкага», гэта 1 % ад абследаваных. Па літаратурных звестках, выяўляльнасць падчас скрынінгавага абследавання складае ад 1 да 4 %.

Гэтыя пацыенты прааперыраваны. У 75 % з іх — 1-я-2-я стадыя, пры тым што ў стандартнай рэнтгенаграфіі выяўляльнасць у 1-й-2-й стадыі ніжэйшая за 40 %. Таму варта працягваць як скрынінгавыя даследаванні, так і і нацыянальную барацьбу з курэннем, — падкрэслівае анколаг.

Колькасць раку ротавай поласці і гартані расце

Загадчык кафедры анкалогіі БелМАПА Аляксандр Жукавец працягвае, што на 1-й-2-й стадыі захворванне лечыцца паспяхова. На жаль, звычайна выяўляецца яно, як правіла, калі ёсць нейкія скаргі, а гэта ўжо больш познія стадыі. І тут гаворка ідзе толькі аб падаўжэнні жыцця, а не вылечванні.

— Калі праранжыраваць вядомыя канцэрагенныя фактары, то курэнне займае адно з лідзіруючых месцаў, як і ўжыванне алкаголю, лішняя вага, ультрафіялетавае выпраменьванне. Прычым ва ўсіх краінах тытунь — значны фактар. І калі сёння ў жанчын у свеце па распаўсюджанасці на першым месцы рак малочнай залозы, які амаль не звязаны з курэннем, то ў структуры смяротнасці на першым месцы стаіць рак лёгкага. Гэтак жа, як і ў мужчын, — прыводзіць статыстыку Аляксандр Жукавец.

Вядома, што не ва ўсіх, хто курыць, развіваецца рак, але ёсць і рызыка іншых захворванняў з не менш трагічнымі наступствамі. Прычым чым старэйшым становіцца чалавек, тым больш складана яму даецца адмова ад курэння.

— Дарослага цяжка пераканаць, толькі калі ён бачыць, што з'явілася пагроза смерці, то і курыць кідае, і спортам пачынае займацца. Пазбаўляцца шкоднай звычкі лепш як мага раней. Калі казаць пра рызыку развіцця таго ж раку лёгкага, каб яна знізіліся да сярэднепапуляцыйнага ўзроўню ў таго, хто адмовіўся ад цыгарэт, патрэбна да 10—15 гадоў, — адзначае анколаг.

Аляксандр Жукавец звярнуў увагу, што калі па раку лёгкага ў нашай краіне ў апошнія гады назіраецца пэўная стабілізацыя, то па раку слізістай ротавай поласці і гартані маецца рост захворванняў сярод працаздольнага насельніцтва. Кожная 10-я смерць ад злаякаснай пухліны — гэта смерць ад раку ротавай поласці, ратаглоткі і гартані. Прытым, што пухліна адносіцца да візуальнай лакалізацыі — каб яе выявіць, не трэба выконваць камп'ютарную тамаграфію, дастаткова агляду ўрача.

— Уся праблема анкалагічных захворванняў у тым, што іх сімптомы праяўляюцца, калі яны ўжо дастаткова распаўсюджаны. Таму лепш максімальна абараніць сябе, — рэзюмуе Аляксандр Жукавец.

Кінуць курыць, замяніўшы цыгарэты на вэйп, атрымаецца не ў кожнага

Загадчыца амбулаторнага наркалагічнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага цэнтра Вольга Каласоўская расказала, што шкодную звычку курыць мае прыкладна трэць беларусаў, з іх большая частка — мужчыны. Аднак гэта датычыцца класічных цыгарэт.

— Цяпер краіну захапілі вэйпы, і колькасць людзей, якія кураць, значна павялічваецца. Большая частка школьнікаў атрымлівае гэту дрэнную звычку ў раннім узросце. Калі пра шкоду класічных цыгарэт усе ведаюць, то вэйпы пазіцыянуюцца як абсалютна бясшкодныя, быццам бы яны не выклікаюць залежнасці і дапамагаюць кінуць курыць. Пры гэтым шкода вялікая. У іх выкарыстоўваецца солевы нікацін. А ён хутчэй трапляе ў кроў і выклікае больш хуткае прывыканне. Таксама там выкарыстоўваюцца розныя дымячыя дабаўкі. З-за іх пры параванні шкодныя рэчывы застаюцца суспензіяй і кроплямі асядаюць у лёгкіх, — расказала ўрач.

Яна дадала, што кінуць курыць шляхам замены звычайных цыгарэт на вэйпы атрымліваецца не ў кожнага. Амаль трэць курцоў, якія ўжываюць вэйпы, праз год вяртаецца
да выкарыстання класічных цыгарэт. А калі вы пачынаеце карыстацца вэйпамі, то рызыка перайсці на класічныя цыгарэты вышэйшая, чым у таго, хто не курыць.

— Залежнасць — гэта не толькі фізічнае, але і псіхалагічнае паняцце, таму тут патрэбна не замена цыгарэт на вэйпы, а работа з псіхолагам, псіхатэрапеўтам, каб сфарміраваць устаноўку «Жыццё без цыгарэт», — падкрэсліла Вольга Каласоўская.

Урач па медыцынскай прафілактыцы, загадчык аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганна Родзіч расказала, што каля 19 % беларусаў у хатніх умовах адчуваюць уздзеянне другаснага тытунёвага дыму (або пераносяць пасіўнае курэнне), у тым ліку дзеці. Яна нагадала, што пералік месцаў, дзе курэнне забаронена, пастаянна пашыраецца. У прыватнасці, яно забаронена ў аўтамабілі, калі там ёсць непаўналетняе дзіця. Прымаюцца меры па абмежаванні курэння на працоўных месцах. Ёсць установы, напрыклад медыцынскія, дзе курэнне цалкам забаронена.

Кіраўнік гарадскога Цэнтра здароўя Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сняжана Каўрыга прывяла вынікі апытання аб прычынах курэння. Фактарамі, якія найбольш спрыяюць распаўсюджванню курэння, 31 % беларусаў лічыць нізкі інтэлектуальны і культурны ўзровень, 20 % — негатыўныя прыклады і ўзоры паводзін у сям'і, а таксама незанятасць і лішак вольнага часу, 13 % адзначылі няўменне спраўляцца з псіхалагічным напружаннем і меркаванне, што курэнне — адзін са спосабаў развеяцца. Прычыны, па якіх апытаныя хочуць кінуць курыць, — пагаршэнне стану здароўя (у 65 %), усведамленне, што курэнне — шкодная звычка (17 %), уплыў навакольных (4 %).

— У групе мужчын ад 30 да 50 гадоў больш за палову мужчын курыць інтэнсіўна — на дзень больш за 15 цыгарэт, — прыводзіць лічбы галоўны ўрач Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя — наркалогія» Аляксей Аляксандраў. — Інтарэс медыкаў у тым, каб гэтыя людзі кінулі курыць, бо ў бліжэйшыя гады яны будуць станавіцца пацыентамі анколагаў і кардыёлагаў, паколькі менавіта інтэнсіўнае курэнне прыводзіць да інфарктаў, інсультаў, абструктыўнай хваробы лёгкіх і іншых. На жаль, гэтыя людзі не могуць кінуць курыць без фармакалагічных, псіхалагічных умяшанняў, карэкцыі паводзін. А многія з тых, хто кінуў, вяртаюцца.

Таму калі не ўдаецца адмовіцца ад курэння самастойна, медыкі заклікаюць звяртацца да спецыялістаў. Псіхатэрапеўты, урачы-псіхіятры-нарколагі дапамагаюць справіцца з гэтай шкоднай звычкай з выкарыстаннем усіх сучасных метадаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​