Вы тут

Алег Сяшко атрымаў прэмію «Залатое пяро Русі» за верш пра трагедыю ў гады ВАВ


Кіраўнік віцебскага народнага літаратурнага клуба «ЛітКафейнік» Алег Сяшко атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію Міжнароднага конкурсу «Залатое пяро Русі» за верш пра сямейную трагедыю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы пагаварылі з паэтам пра творчы лёс і генетычную памяць.


Ён называе сябе карэнным віцебчанінам, хаця нарадзіўся ў Ленінградзе. З Віцебску родам яго маці, бацька жыў у Расіі. Пасля нараджэння сына сям’я пераехала ў Віцебск, тут будучы паэт скончыў 25-ю школу, але лёс неаднойчы зводзіў яго з шэрымі разлівамі Нявы. Адразу з выпускнога вечара Алег Вітальевіч паехаў паступаць у вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча імя Ф. Дзяржынскага, якое ў 1936 годзе скончыў яго дзядуля па бацькавай лініі. Паэт называе свайго дзеда галоўным жыццёвам арыентырам, які выхаваў хлапчука сапраўдным мужчынам і прывіў яму любоў да літаратуры. Дзед Сяшко прайшоў усю вайну, вызваляў Балтыку, быў галоўным інжынерам карабелебудаўнічага завода ў Балтыйску, бабуля служыла ў метэаслужбе Кранштадта, перажыла блакаду.

Па слядах свайго жыццёвага прыклада пайшоў і Алег, пасля заканчэння ваенна-марскога вучылішча атрымаў спецыяльнасць інжынера-электрыка і адправіўся служыць на поўнач: 10 гадоў у Архангельскай вобласці, 10 — у Мурманскай, з іх шэсць з паловай гадоў на караблі, астатні час — у сухапутным войску. Пасля дзесяць гадоў служыў бліз Кольскага паўвострава, скончыў ваенную службу ў званні капітана 2-га ранга і вярнуўся ў Віцебск. «Я заўсёды сумаваў па майму гораду, не толькі таму, што гэта мястэчка на поўначы Беларусі — мая радзіма. Людзі кажуць, што Віцебск і Санкт-Пецярбург — два гарады, якія застаюцца ў сэрцы назаўсёды, да іх хочацца вяртацца. А ў маёй душы яны перапляліся, але ўсё ж такі больш я люблю горад на Дзвіне, я з ім размаўляю і ён, як мне здаецца, адказвае вершаванымі радкамі», — расказвае паэт.

Пісаць, — спачатку вершы, — Алег Вітальевіч пачаў яшчэ ў школе, тады юнак адпраўляў свае творчыя нарысы ў газеты, некаторыя з іх былі апублікаваныя, што давала яшчэ большы штуршок для натхнення. Захапленне горадам, простыя чалавечыя радасці і, вядома, першае каханне — усе гэтыя эмоцыі лажыліся на паперу сінімі чарнільнымі радкамі. Падчас службы ў арміі пісаць асабліва не было калі, але на салдацкія віншаванні сябрам і сям’і часу хапала.

Пасля паэт знайшоў творчых аднадумцаў у інтэрнэце, разам стварылі сайт казак і гэта стала першым крокам у новым, асабістым напрамку паэзіі Сяшко — казкі ў вершах. Дзверы ў гэты дзівосны нязведаны свет яму адкрыў дзядуля: там, у Ленінградзе, вакол хлопчыка заўсёды былі каляровыя кнігі казак. Пасля вяртання ў Віцебск Алег Вітальевіч збіраўся разам з аднадумцамі проста ў кавярні: чыталі вершы, дзяліліся энергіяй, што ў рэшце рэшт вылілася ў народны літаратурны клуб «ЛітКафейнік», які дзейнічае з 2016 года і сёння з’яўляецца творчай пляцоўкай афіцыйна амаль для 30 віцебскіх пісьменнікаў і паэтаў, але кола сяброў і прыхільнікаў аб’яднання значна шырэй.

Твор «Прыцемкі», які прынёс паэту адно з сямі «Залатых пер’яў Русі», быў напісаны ў верасні 2020 года. У яго аснове — сямейны боль часоў Вялікай Айчыннай вайны, звязаны з дваюраднай бабуляй паэта Зінай. Яе муж быў партызанам на Віцебшчыне, па даносе мясцовых здраднікаў у хату прыйшлі немцы. Малога брата Зіны — дзядулю Алега Вітальевіча — маці выкінула ў акно, каб выратаваць. Ён дзіцячымі вачыма, поўнымі жаху і незразумеласці, з-пад куста парэчак сачыў за жорсткай расправай фашыстаў. Яны выстраілі ўсю сям’ю ў шарэнгу, здавалася, што зараз кожны ўпадзе на зямлю замертва, але карнікі выбралі толькі Зіну з маленькім дзіцём на руках. Вырылі яму, жывых маці з сынам закапалі, пераехаўшы танкам зверху... Потым дзед расказваў Алегу, што доўгая каса прабабулі, якая бачыла, як дачку з малым унукам закідваюць зямлёй, у адначассе пасівела.

«Вяртанне да гэтай гісторыі ў 2020-м было абумоўлена сітуацыяй, якая склалася вакол. Страшныя пакуты, якія перанеслі нашы прадзеды ў мінулым — гэта наша генетычная памяць і боль, аснова захавання спакою і згоды зараз. Здаецца, што сітуацыя, якая складаецца ў свеце цяпер, абумоўлена забыццём той цаны, якую палажылі некалі на алтар міру», — падкрэсліў аўтар.

Ёсць у творчай біяграфіі Сяшко і п’есы, якія знаходзяць сваё ўвасабленне на віцебскай сцэне: народны маладзёжны тэатр «КОЛА» ажывіў твор аўтара «13 дзён да Раства». А пра аб’яднальную сілу слова кіраўнік «ЛітКафейніка» ведае па асабістым вопыце: сёлета ў Віцебску ён разам з музеем Марка Шагала і бібліятэкай правёў конкурс літаратурных перакладаў, прысвечаны 90-годдзю Давіда Сімановіча: знакамітыя вершы віцебскага аўтара загучалі на карэйскай, кітайскай, італьянскай, беларускай, украінскай, французскай, англійскай, татарскай і латышскай мовах.

Зараз на стадыі рэалізацыі знаходзіцца новы буйны праект — фестываль літаратурнай казкі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Касцюм для героя», якому папярэднічае літаратурны конкурс імя Лазара Лагіна — аўтара казкі «Старык Хатабыч». У ім бяруць удзел 57 аўтараў казак для дзяцей, у пачатку снежня журы вызначыць 10 фіналістаў, а пасля па іх творах у Дамах творчасці, аб’яднаннях па інтарэсах і гуртках вобласці дзеці будуць «ажыўляць» персанажаў казачных гісторый у розных формах: разьбе па дрэве, саломапляценні, шыцці і маляванні. «Зараз нашы дзеці ўсё далей адыходзяць ад казак, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай формулы шчаслівага дзяцінства, таму мы імкнуліся стварыць сапраўднае свята для аўтараў і маладога пакалення, аб’яднаць фантазію дарослых з дзіцячым мастацтвам», — адзначыў арганізатар праекта Алег Сяшко.

Паэзію на фестывалі аўтарскай песні і візуальных мастацтваў «Віцебскі лістапад» увёў таксама «ЛітКафейнік», у гэтым годзе ўпершыню ў межах свята прайшлі чатыры паэтычных майстар-класы. Добрай традыцыяй у творчым асяроддзі горада на Дзвіне з 2011 года стала правядзенне паэтычнага батла, які сёлета сабраў майстраў вершаванага слова з Беларусі і Расіі і музыкантаў. На адным з вятроў — ветры паэзіі — ліпеньскага фестываля вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», які праходзіць у межах Славянскага базару, сярод замежных гасцей выступаюць і члены літаратурнага клуба.

Поруч з паэтам не толькі па жыцці, але і па творчым шляху, ідзе жонка Алена, доктар філалагічных навук. Яны чэрпаюць натхненне адзін у адным і ў маленькім сыне Віктары, разам рэалізуюць цікавыя літаратурныя праекты. «Алена — мой галоўны крытык і сямейны рэдактар, я гэта вельмі цаню і прыслухоўваюся да яе парад. Мне пашчасціла, што мы ўдваіх творчыя людзі і лёгка разумеем адзін аднаго», — дзеліцца паэт.

Апошнім часам Сяшко перайшоў на прозу, але гэта, як і раней, казкі. Апошняя кніга з назвай «Снуць вашлебная» выйшла некалькі тыдняў таму — яна стала чацвёртым самастойным выданнем у літаратурнай спадчыне Алега Вітальевіча. Гэта гісторыя пра дзяўчынку, якая ноччу ў снах з дапамогай мяккай цацкі пераносіцца ў акупаваны Віцебск 1940-х гадоў і сустракаецца з яўрэйскім хлопчыкам Лёвай, які зведаў жахі віцебскага гета. Гэта таксама наша генетычная памяць, толькі для дзяцей.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?